Цi грукнуць дзвярыма беларусы ў Швецыi?
Iрына ПРЫМАК
Гандбол У нацыянальнай зборнай iснуюць мiнiмальныя шанцы на выхад у плэй-офНевядома, чаго больш палохалiся аматары спорту, якiя дабiралiся ў сталiчны палац лёгкай атлетыкi ва Уруччы: вялiкага марозу цi пройгрышу нашай нацыянальнай гандбольнай зборнай, якой патрэбна было згуляць з высакакласнымi шведамi: у актыве скандынаваў па чатыры тытулы чэмпiёнаў Еўропы i свету i тры сярэбраныя ўзнагароды Алiмпiйскiх гульняў 1992, 1996 i 2000 гадоў. Ды i па адной размiнцы iгракоў перад матчам у пятай адборачнай групе першынства свету-2007 адчуваўся высокi ўзровень гасцей. Дагэтуль беларусы сустракалiся з камандай Швецыi толькi раз: у 1995-м на Чэмпiянаце свету ў Iсландыi ўступiлi з мiнiмальнай разніцай 29:28. Зразумела, што напярэдаднi чарговай гульнi фаварытамi былi скандынавы. Аднак першымi забілi гаспадары пляцоўкi. Пасля першага тайма адрыў шведаў састаўляў усяго адзiн мяч — 16:15. Аднак пасля перапынку госцi ўзмацнiлi свой нацiск i ў вынiку выйгралi з рознiцай у тры мячы — 29:32. Гэты пройгрыш амаль пазбавiў беларусаў шанцаў на выхад у плэй-оф: далей праходзiць толькi пераможца групы. Канешне, застаецца яшчэ адзiн матч (22 студзеня), але ў iм патрэбна выйграць з рознiцай у чатыры мячы. Пасля матча галоўны трэнер беларусаў Спартак Мiрановiч даў каментарый гульнi сваiх падначаленых: — Клас ёсць клас. Мы не можам процiпаставiць такiм iгракам, як Кiм Андэрсан, сваiх, хоць яны гуляюць дастаткова моцна. Хлусiць не стану: былi моманты, калi нашы гандбалiсты адчувалi сябе бездапаможна. У Швецыi нам прыйдзецца несалодка. Гэта дакладна. На маё пытанне «Наколькi цяжка псiхалагiчна было аба-раняць вароты ад кiдкоў шведаў?» галкiпер Андрэй Крайноў (гуляе за БГК) адказаў: «Ужо сустракаўся з «Кiлем», камандамi высокага ўзроўню — датчанамi, харватамi. Нiякiх псiхалагiчных цяжкасцяў у гэтым матчы я не меў. Проста вельмi хацелася дапамагчы камандзе. Аднак не заўсёды атрымлiвалася. На мой погляд, шведы не проста выйдуць у плэй-оф, але i стануць чэмпiёнамi свету». Выказаўся i яшчэ адзiн абаронца нашых варот, аднаклубнiк Крайнова Iгар Сакалоўскi: «У Швецыi нам прыйдзецца складана, але будзем iмкнуцца нарабiць шуму. Яны нас яшчэ запомняць!» Становiшча каманд: Швецыя — 10 ачкоў (5 матчаў), Беларусь — 8 (5), Бельгiя i Турцыя — 0 (4).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нацыянальнай зборнай iснуюць мiнiмальныя шанцы на выхад у плэй-оф |
|