21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Лекi гаючыя, святло залатое

25.08.2009 21:32 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яўген ПЯСЕЦКI




Калi вярнуўся з камандзiроўкi i праз дзень перагарнуў лiсткi блакнота, падумалася: цi варта пераказваць усё, што пачуў там, у лесе пад Брэстам, у размовах пра жыццё пчол? Цi варта ў чарговы раз, як гэта часам робяць, пераказваць факты, якiмi поўняцца газеты, часопiсы, радыё i тэлеперадачы. Магчыма, лепш напiсаць пра тое, як ставiцца да такiх фактаў герой гэтага фотарэпартажу — мужчына сярэдняга ўзросту, жыхар Брэста, навуковы супрацоўнiк Палескага аграрна-экалагiчнага iнстытута, чалавек праваслаўны, сямейны...

Вось, напрыклад, некаторыя фразы, пачутыя ад Мiкалая Лясковiча:

«Пчолы для мяне — гэта i навуковы пошук, i фiзiчная праца, i занятак для душы... У зiмнiя месяцы я iх амаль не бачу. Можна сказаць, сумую па iх. Вясной нават сам руку падсоўваю, каб куснулi, во як сумую...»

«Ёсць у мяне сябар. Пасля Чарнобыля яго паралiзавала. Я для яго з вулея колькi пчол збяру, перадам — кожны раз пасля iх укусаў сябру лягчэе...»

«Пчолка можа адбiцца ад сям’i, калi нечакана абрыне навальнiца, залева, ураган. Без сям’i пчолка доўга не жыве. Памiрае. Быццам бы чалавек, толькi ён не зусiм памiрае, а працягвае жыць у пакутах...»

«Тых людзей, якiя не маюць супраць пчол дрэнных думак, якiя да iх з дабром — тых пчолкi не кусаюць. Яны ж разумныя...»

«Здараецца, паставiць гаспадар пчальнiк побач з высакавольтнай лiнiяй, маўляў, там трава багатая — а вуллi раптам становяцца нiякiмi. Трэба памятаць, што ўсялякiя праявы тэхнiчнага прагрэсу пчолкi прымаюць адмоўна, яны ж значна старэйшыя за чалавецтва i, магчыма, разумнейшыя...»

«Семдзесят працэнтаў мёду, якi ёсць у Беларусi, збiраюць такiя ж прыватнiкi, як я. А куды ж «дзяржаўныя» пчаляры глядзяць — за iмi ж i навука, i фiнансы, i вытворчыя магутнасцi... Мёд не толькi за колер завуць залатым, ён для здароўя нашага залатыя лекi нясе...»

«Пчолка кусае тады, калi адчувае пагрозу для сваёй сям’i, яна абараняе вулей ад ворагаў. Так закладзена прыродай: пасля ўкусу пчолка памiрае — джала выдзiраецца з яе маленькага цельца разам з кавалачкам жывата. Яна абараняе свой дом лепей за iншых людзей, якiя павучаюць змагацца «не шкадуючы жывата свайго...»

«Я, калi вяртаюся дахаты i гляджу на шматпавярховы дом, дзе жыве мая сям’я, параўноўваю гмах з сотнямi вокан i пчалiныя соты. Быццам бы i людзi жывуць, як у вуллi, але ўзаемаадносiны памiж насельнiкамi зусiм розныя...»

«У прыродзе ёсць нечаканыя ворагi пчол. У зiмовыя халады на вулей садзiцца сiнiца i стукае дзюбай аб дошкi. Пчолка непакоiцца, вылазiць на святло божае, а сiнiца яе — хап у дзюбу!»

«Я нарадзiўся на зiмняга Мiколу, iмя мне далi ў гонар святога Мiкалая, у Брэсце заўжды хаджу ў Свята-Мiкольскую царкву...»

«Як гаворыцца ў паданнях, адна з першых ахвяр, якiя чалавек прынёс у царкву, былi мёд i воск...»

«Да веснавых работ на пчальнiку рыхтуюся зiмой. Акрамя ўсяго iншага абавязкова перачытваю леташнiя запiсы, каб усё прыкмечанае ўзгадаць i рацыянальна прымянiць...»

Вось такiя моўныя штрыхi да фотапартрэта Мiкалая Лясковiча — чалавека разважлiвага, захопленага, неабыякавага. А сам фотапартрэт зроблены на пчальнiку ў вёсцы Багдзюкi, дзе сярод аснежанага старога саду, па- суседску з вуллямi пастаўлены праваслаўны крыж з маленькiм абразком. Я фатаграфаваў Мiкалая яшчэ i ў горадзе, дзе ён у куточку магазiна «Бульбачка» выстаўляе свой тавар — лекавы мёд i духмяныя васковыя фiгуркi анёлаў, херувiмаў... Пабачыў я i сам працэс лiцця такiх фiгурак: у металiчным коўшыку на газавай плiце расплаўляецца воск i зiхатлiвым цёмным струменьчыкам пералiваецца ў формачкi. Цвярдзее не хутка, а калi астыне, то з расчыненых паловак формы з’яўляецца ўсё, што задумаў майстар.

Калi Мiкалай гэтым займаецца, у пакойчыку пануе цiшыня. Фiгуркi з воску ставяцца побач з празрыста-бурштынавымi слоiкамi мёду. А на палiчцы побач нячутным i роўным язычком полымя гарыць свечка з такога ж самага пчалiнага воску.

Свечка асвятляе абраз святых Зосiма i Савацiя — апекуноў i заступнiкаў усiх пчаляроў.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi вярнуўся з камандзiроўкi i праз дзень перагарнуў лiсткi блакнота, падумалася: цi варта пераказваць усё, што пачуў там, у лесе пад Брэстам, у разм
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика