Тыя, што нас берагуць
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК
Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў
(Працяг. Пачатак у нумарах за 18, 20, 24 і 25 студзеня.) Акрамя гэтага, i любую iншую ваду, якая суправаджала абрад пахавання, лiчылi небяспечнай. • Напрыклад, сiмвалам нязгаснасцi жыцця быў пастаянны агонь у печы, яшчэ палаючы жар загортвалi у спецыяльнае заглыбленне, дзе ён захоўваўся да наступнага дня. Аднак як толькi ў хаце памiраў чалавек, агонь у печы тут жа залiвалi вадой. • Менавiта таму стравы для памiнальнага стала (а прыгатаванне ежы нiколi не абыдзецца без вады), гатавалi ў суседзяў цi родзiчаў, а не там, дзе знаходзiўся нябожчык. • Калi нябожчыка павязуць хаваць, то трэба было хуценька вымыць хату. Ваду для гэтага старалiся браць з святой крынiчкi, каб «ажывiць» жыллё, быццам бы стварыўшы яго нанава. Адна абавязковая ўмова: ваду, якой мылi падлогу за нябожчыкам, вылiвалi на скрыжаванне дарог толькi тады, калi пахавальная працэсiя вернецца з могiлак. • Калi людзi вярталiся з могiлак, дзе яны, развiтваючыся з памёршым, кiдалi ў магiлу тры жменькi пяску — зямлi трыдзевятага царства, то павiнны былi памыць рукi, каб вада забрала на сябе гэтую адмоўную iнфармацыю. Пераступаць парог ужо рытуальна «ажыўленай» хаты яны не мелi права, таму i трэба было абавязкова памыць рукi перад парогам хаты. Самае галоўнае правiла, якое трэба бездакорна выконваць у дачыненнi да «мёртвай» вады, наступнае: яна не павiнна трапiць у рукi злыдняў, якiя, могуць з яе дапамогай тварыць свае «чорныя» справы. Калi ў выпадку купання дзiцяцi ваду трэба было захоўваць на працягу ночы i вылiваць толькi з першымi промнямi ўзыходзячага сонца, то «мёртвую» ваду знiшчалi адразу ж. А.К. Сержпутоўскi расказваў, што сярод палешукоў iснавала павер’е: «Е такая жывая вада, што яна мажэ ажывiць нават змерлага. Е й такая вада, што яна гоiць усялякiя раны, i лечыць усялякiя хваробы, толькi жывую воду або тую, што гоiць, няможна дастаць, бо яна дзесцi на краю света, а каб туды дайсцi, то трэ доўга йцi тою дарогаю, на якой засела нячыстая сiла, засела дзеля таго, каб не дапусцiць чалавека да таго цуду». Iначай i быць не можа: выключная па статусу вада павiнна быць за сямю замкамi i доступ да яе можа мець толькi выключны чалавек. Памятаеце, як у тых самых казках — смерць Кашчэя знаходзiцца на кончыку iголкi, якая знаходзiцца ў яйку, яйка ў качцы i г.д., карацей — просты смяротны чалавек нiколi не знойдзе тое зачараванае яйка. «Добры дзень, вадзiцы-крынiцы!» або Цудадзейная вада ў традыцыйных уяўленнях беларусаў Уяўленнi аб цудадзейнасцi вады ўзнiклi ў свядомасцi нашых продкаў хутчэй за ўсё дзякуючы яе прыродным якасцям: свежасцi, празрыстасцi, здольнасцi ачышчаць чалавека як у фiзiчным, так i энергетычным планах. У паданнях i легендах, асаблiва ў казачным эпасе iснуе вялiкая колькасць твораў пра «жывую» i «мёртвую» ваду. Адна з iх дапамагае чалавеку набрацца моцы i лёгка перамагчы свайго працiўнiка, другая здольная пазбавiць яго геройскiх якасцяў: «Як напiўся валшэбнай вады, Кацiгарошка паслышаў у сабе яшчэ болей сiлы i за хiтрасць хацеў было змея забiць. Падашлi iзнову к мерцвяцам, перва брызнулi на iх жывой вадой — яны сталi, слоўна як жывыя, толькi дыхання ў iх нетуцi. Як брызнулi на мерцвяцоў iз другой бутылi — брацця ажылi». Месца «выхаду» вады на паверхню зямлi Неабходна адзначыць, што стаўленне да вады цалкам абапiралася на цэласную карцiну свету, на ўсю складаную сiстэму светапоглядных уяўленняў. Статус вады, яе характарыстыкi i, адпаведна, адносiны чалавека да яе прадвызначалiся месцам яе знаходжання i той славай (?!) або зняслаўем, якiя за iм замацавалiся. Шматлiкiя помнiкi пiсьменнасцi сведчаць, што старажытныя славяне з асаблiвай пачцiвасцю адносiлiся да крынiц — месца самастойнага выхаду вады на паверхню зямлi. Тое месца, дзе пачынала «звiнець» вада, ачышчалi ад смецця i буралому, ставiлi невялiчкiя агароджы, маркiравалi апазнавальнымi знакамi, пазней гэтым знакам стаў крыж, на якi павязвалi ручнiк, i яно станавiлася месцам маленняў, сустрэч, выканання рытуальных дзеянняў. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў |
|