Сноўская акадэмiя гаспадарання
Так усё пачыналася... Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Агракамбiнат «Сноў», якi добра ведаюць у Беларусi i далёка за яе межамi як сучаснае i высокаэфектыўнае шматгалiновае прадпрыемства, пачаў сваю бiяграфiю амаль 55 гадоў таму. Сюды часта прыязджаюць за вопытам з iншых рэгiёнаў рэспублiкi, наведваюць «Сноў» замежныя дэлегацыi, на базе гаспадаркi праходзяць абласныя семiнары i г.д. Сёння нават цяжка паверыць у тое, што некалi замест квiтнеючага, падобнага больш на раённы цэнтр, чым на галоўную сядзiбу вялiкай гаспадаркi, Сноў уяўляў сабой звычайную вёску. Вакол былi раскiданы дзесяткi хутароў, якiя пасля вайны сталi паступова аб’ядноўвацца ў дробныя гаспадаркi. Iх неэфектыўнасць была настолькi вiдавочнай, што ўрэшце вырашылi пайсцi па шляху ўзбуйнення калгасаў. Такiм чынам, у вынiку аб’яднання шасцi гаспадарак з гучнымi i прэтэнцыёзнымi назвамi, якiя цяпер мiжволi выклiкаюць усмешку («Барацьбiт», «Асiлак», «Прамень камунiзму», «Чырвоны агароднiк» i г.д.), у сярэдзiне 1951 года ў Нясвiжскiм раёне ўзнiк папярэднiк агракамбiната — калгас iмя Калiнiна. Яго матэрыяльную базу нават пасля ўзбуйнення складана было назваць магутнай. Уявiце сабе статак буйной рагатай жывёлы колькасцю 36 галоў (з iх 12 кароў), 40 свiней i 37 авечак. Ураджайнасць у першы год заснавання новай гаспадаркi складала 6,5 цэнтнера з гектара, у год даiлi 816 кiлаграмаў малака на карову. Бадай галоўным багаццем была зямля (агульная плошча землекарыстання складала 3650 га, у тым лiку пашы — 2670 га) ды працавiтыя рукi людзей. Нагадаем, у склад новага калгаса ўвайшлi сотнi хутарскiх пасяленняў. КРЫХУ СТАТЫСТЫКI Сёння СВК «Агракамбiнат «Сноў» уяўляе сабой сучаснае высокаэфектыўнае шматгалiновае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Яно займае 5597 гектараў зямлi, з iх у выкарыстаннi знаходзiцца 5260 гектараў, у тым лiку пашы — 4360 гектараў. Бальнасць земляў — 44. Бальнасць пашы — 45. На тэрыторыi гаспадаркi размешчана дзесяць населеных пунктаў, у якiх пражывае амаль чатыры тысячы чалавек. З iх 1336 з’яўляюцца членамi СПК. У раслiнаводстве гаспадарка спецыялiзуецца на вырошчваннi цукровых буракоў. Астатнiя землi поўнасцю падпарадкаваныя кормавытворчасцi. Структура пасяўных плошчаў вызначаецца спецыялiзацыяй гаспадаркi. Найбольшую ўдзельную вагу займае збожжавая група — 57,3 працэнта, цукровыя буракi — 11,5, кукуруза — 13,1, шматгадовыя травы — 17, бульба — 1,1 працэнта. У жывёлагадоўлi гаспадарка спецыялiзуецца на вытворчасцi малака, мяса свiнiны, птушкi, буйной рагатай жывёлы. Агракамбiнат — самы вялiкi пастаўшчык у Нясвiжскiм раёне мясной i малочнай прадукцыi вышэйшай якасцi. Гэта — заканамерны вынiк мэтанакiраванага ўкаранення перадавых тэхналогiй. Ключавое слова — «канкурэнтаздольнасць» Быць канкурэнтаздольным — значыць адпавядаць патрабаванням часу. Мы паступова i няўхiльна пераходзiм на рынкавыя рэйкi гаспадарання з ўсiмi яе плюсамi, мiнусамi i праблемамi для ўсiх нас, працаваўшых дзесяцiгоддзямi ва ўмовах сацыялiстычнай планавай эканомiкi. Але часы змянiлiся. Сёння кожная гаспадарка вымушана зыходзячы са свайго патэнцыялу, аб’ектыўных i суб’ектыўных умоў iснавання выпрацоўваць уласную стратэгiю i тактыку развiцця, а дзе-нiдзе i выжывання. Iнакш кажучы, займацца той справай, якая мае надзейную эканамiчную перспектыву, хутка прынясе адчувальную карысць. Некалi ў нашай гаспадарцы была вялiкая цяплiца, але мы адмовiлiся ад яе ўтрымання. Каб мець немалую выгаду ад вырошчвання гародiны, трэба было паставiць справу на прамысловую аснову. Для гэтага прыйшлося б пераасэнсаваць канцэпцыю гаспадарання, прыцягнуць прафесiяналаў, укласцi велiзарныя сродкi, правесцi адпаведныя маркетынгавыя даследаваннi, зрабiць многае iншае. Мы былi не гатовыя да гэтага шляху. Таму вырашылi засяродзiцца на тым, што ў нас лепш атрымлiваецца, у чым ёсць немалы вопыт, кадры, вытворчыя традыцыi. Зрабiлi стаўку на ўтрыманне высокапрадуктыўных малочных кароў, свiнагадоўлю i птушкагадоўлю. Заўважце, не проста займацца гадоўляй буйной рагатай жывёлы, як некалi нас арыентавала Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi. Тады было вельмi пажадана, каб карова давала i малако, i мяса, i зусiм цудоўна, калi б яшчэ i воўну. А яшчэ каб мала ела, пiла, не хварэла i доўга жыла. Але так на практыцы не бывае. Таму мы дакладна вызначылi сваю спецыялiзацыю. I не памылiлiся. КРЫХУ СТАТЫСТЫКI На эканамiчную эфектыўнасць вытворчасцi, значыць, i фiнансавую стабiльнасць гаспадаркi, у многiм уплывае своечасовае i якаснае выкананне тэхналагiчных аперацый. А гэтага немагчыма дасягнуць без выкарыстання энерганасычанай i высокавытворчай тэхнiкi. Сёння парк агракамбiната налiчвае 118 трактароў i 74 грузавыя аўтамабiлi, 12 збожжаўборачных камбайнаў, у тым лiку тры «Лексiкон-480», два «Лексiкон-580», два «Мега-218», два «СF-80», адзiн «СF-525» (Лiда), два «Дон-1500», восем кормаўборачных камбайнаў, сярод якiх тры — вытворчасцi вядомай фiрмы «Ягуар». Сёння можна зрабiць неблагiя паказчыкi, казырнуць гучнай лiчбай, тым самым атрымаць пахвалу начальства i адначасова не мець грошай у касе. Чаго вартыя гэтыя паказчыкi, калi яны не прыносяць адчувальнага прыбытку? А калi ў гаспадаркi няма трывалага рахунку i ўстойлiвых крынiц яго папаўнення, то, прабачце мяне за катэгарычнасць, няма i будучынi. Адкуль яна, калi няма грошай на дастойную зарплату, развiццё вытворчасцi, аднаўленне матэрыяльнай базы, сацыяльнай сферы, будаўнiцтва жылля? Сёння моладзь вельмi прагматычная, вiдаць, такi подых часу. Зацiкавiць яе застацца цi прыехаць працаваць у сельскую гаспадарку можна толькi канкрэтнымi рэчамi, а не абяцаннямi светлай будучынi. Моладзь павiнна бачыць, што вытворчасць развiваецца не дзеля вытворчасцi, а менавiта для больш шырокага задавальнення патрэб людзей, каб жыццё было не горш, а лепш, чым у горадзе. Два бакi ашчаднасцi Быць канкурэнтаздольным — значыць ашчадна весцi гаспадарку. Як кожная з’ява ашчаднасць мае два бакi медаля. Разбазарыць маёмасць, матэрыяльныя цi фiнансавыя рэсурсы вялiкага розуму мець не трэба. Куды складаней захаваць i памножыць агульнае багацце. А таму ашчаднасць ва ўмовах росту цэнаў на энерганосьбiты, сыравiну, будаўнiчыя матэрыялы, транспартныя i iншыя паслугi набывае першачарговае значэнне. Невыпадкова ў нас прынцып ашчаднасцi ўзведзены ў абсалют i датычыцца кожнага члена СВК, незалежна ад яго месца i становiшча. Дворнiк ведае, што яму трэба берагчы кожную мятлу, каваль — кожны кiлаграм вугалю, зваршчык — кожны электрод, механiк — кожны болт цi гайку, механiзатар — кожны лiтр палiва i г.д. Усе гэтыя на першы погляд нязначныя дробязi ў канчатковым вынiку даволi iстотна ўплываюць на сабекошт адзiнкi прадукцыi. Шчыра кажучы, я сплю i думаю над тым, дзе i як бы яшчэ зэканомiць грошай. Напрыклад, дзе танней набыць новую тэхнiку, насенны матэрыял, палiва для пасяўной. Нават пры немалых фiнансавых магчымасцях СВК «Агракамбiнат «Сноў» я не абыякавы да таго, цi ёсць эканомiя нават на лiтры бензiна, саляркi. Думаць над гэтымi пытаннямi варта. Я, напрыклад, пастаянна аналiзую справаздачы ўсiх падраздзяленняў, у тым лiку фiрменнага гандлю, падсобных гаспадарак, машынна-трактарнага парка, пiларамы i г.д. Так, я нядаўна заўважыў, што ў снежнi мiнулага года павялiчылiся выдаткi на кармы. Гэта быў сiгнал для ўважлiвага вывучэння ўзнiкшай сiтуацыi, падстава разам са спецыялiстамi яшчэ раз абмеркаваць шляхi паляпшэння кармавой базы для жывёлы без росту выдаткаў. Нядаўна мы правялi перамовы з прадстаўнiкамi французскай фiрмы, у якой мяркуем набыць шасцiметровую сеялку i сёлета ў парадку эксперымента засеяць прыкладна 300 гектараў траў па новай тэхналогii. Па папярэднiх падлiках, нам удасца атрымаць больш якасныя кармы i з меншымi затратамi. На жаль, у сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца яшчэ шмат энергазатратных тэхналогiй i абсталявання. Толькi замена звычайных айчынных электралямпаў на нямецкiя энергазберагаючыя дала эканомiю на асвятленнi асобных аб’ектаў амаль у 20 разоў! Калi раней адзiн птушнiк спажываў 16 кiлават, то цяпер 750 ват. У вынiку мы ў месяц «спальваем» у птушкагадоўлi на 50 тысяч кiлават менш, чым раней. Бачыце, якiя яшчэ ёсць рэзервы. Тут ёсць над чым працаваць айчыннай прамысловасцi. Другi бок ашчаднасцi — не шкадаваць грошай на тое, што ў недалёкай перспектыве пры разумным падыходзе прынясе карысць. Летась мы як нiколi шмат набылi новай тэхнiкi i абсталявання па яе абслугоўванню. Тэхнiчна ўзброены — значыць, канкурэнтаздольны. Нельга шкадаваць грошай, вядома, пры iх наяўнасцi, i на новае абсталяванне. Для дакладнага вызначэння тэрмiнаў цяжарнасцi кароў мы набылi, прама скажу, нятанны прыбор — сканер. Аддалi за яго 16 мiльёнаў рублёў. Быццам бы шмат. Але калi палiчыць з калькулятарам тыя страты на кармах, якiя панесла б гаспадарка ў выпадку спазнення на тры тыдні вызначэння тэрмiнаў цяжарнасцi нашых двух тысяч высокапрадуктыўных кароў, то яны пераўзыдуць выдаткi на сканер. I такiх прыкладаў можна прывесцi шмат. КРЫХУ СТАТЫСТЫКI Мiнулы год быў выключна спрыяльным i ўдалым для гаспадаркi. Яшчэ нiколi яе калектыў не дасягаў настолькi ўнушальных паказчыкаў. Вось толькi некаторыя. Летась ураджайнасць збожжавых культур дасягнула 94,9 цэнтнера з гектара, а валавы збор збожжа склаў 21 159 тон, што ў 2,3 раза вышэй узроўню 1990 года. Акрамя гэтага, сабрана 3 361 тона кукурузы. Дзяржаве летась прададзена 10 861 тона мяса. У многiм дзякуючы рэканструкцыi i зменам у свiнагадоўлi здолелi да ўзроўню 2004 года даць дататкова 917 тон мяса! Гэта — заканамерны вынiк сумеснай зладжанай i творчай працы ўсiх работнiкаў агракамбiната, а таксама кiраўнiкоў i спецыялiстаў раёна i вобласцi. Аб залатым правiле сем разоў адмераць... Быць канкурэнтаздольным — значыць пазбягаць вялiкiх кiраўнiцкiх памылак. Хоць, як правiльна кажуць, не памыляецца той, хто нiчога не робiць. Так, сёння многiя гаспадаркi Беларусi хацелi б паўтарыць шлях СВК «Агракамбiнат «Сноў». Калi ласка i, як гаворыцца, на здароўе. Чым больш у краiне высокарэнтабельных гаспадарак, тым магутней будзе наша дзяржава. Але як практык са шматгадовым стажам я настойлiва раiў бы перш чым iсцi па нашаму цi чыiмсьцi iншаму шляху, старанна падрыхтавацца, дакладна ўзважыць усе «за» i «супраць». Згодны, паказчыкi агракамбiната часам зачароўваюць. У нас асобныя каровы венгерскай селекцыi даюць па 11 тысяч лiтраў малака за 305 дзён. Аднак за гэтымi дасягненнямi стаiць напружаная, не заўсёды бачная шырокай публiцы праца многiх спецыялiстаў. I калi ў вашай гаспадарцы няма ў дастатковай колькасцi, скажам, квалiфiкаваных ветэрынараў, то лепш не пачынаць капiраваць чужы вопыт. Бо вялiкая верагоднасць не зберагчы дарагi статак i замест чакаемых вялiкiх прыбыткаў атрымаць велiзарныя страты i горкае расчараванне. У нас, напрыклад, створана даволi моцная ветэрынарная служба, якая няспынна сочыць за станам кароў, iмгненна рэагуе на розныя змяненнi ў iх паводзiнах. Многiя фермы абсталяваны камп’ютарнай тэхнiкай. Зноў жа на гэтай ферме зможа працаваць даярка са спецыяльнай падрыхтоўкай. На мой погляд, каб быць канкурэнтаздольным, таксама не варта кiдацца бяздумна ўкараняць новыя тэхналогii. Трэба ўсё ўзважыць. А цi здолее калектыў забяспечыць iх бездакорнае выкананне, бо iнакш фiяска цяжка будзе пазбегнуць. Не дзеля пахвальбы скажу, што нашы тры даiльныя залы абслугоўваюць iнжынер-КIПавец i два электрыкi шостага разраду. А ёсць гаспадаркi, дзе ўсяго адзiн электрык, ды i той не заўсёды цвярозы. Кадры па-ранейшаму вырашаюць усё Быць канкурэнтаздольным — значыць пазбягаць кадравых памылак. «Сноў» хоць i сельскагаспадарчы камбiнат, але вытворчасць у нас пастаўлена на прамысловую аснову. Таму, зразумела, зладжаная работа ўсяго гаспадарчага механiзму залежыць напрамую ад квалiфiкацыi i добрасумленных адносiнаў да сваiх абавязкаў кожнага члена калектыву. Возьмем жывёлагадоўлю. Нашы фермы, iншыя падраздзяленнi гэтай галiны абсталяваны камп’ютарнай тэхнiкай. Штодзень iдзе напружаны, складаны i адказны вытворчы працэс, у якiм нават дробны (магчыма, не варты вялiкай увагi ва ўмовах традыцыйнай фермы) збой пагражае значнымi стратамi i доўгатэрмiновымi негатыўнымi наступствамi. Таксама прафесiяналы павiнны быць задзейнiчаны i ў перапрацоўцы. Недастаткова вырабiць якасную сыравiну, у дадзеным выпадку мяса. Трэба з яго зрабiць прадукт, якi быў бы цiкавы спажыўцу. Ведаеце, гэта як у жыццi. Адна гаспадыня з добрага кавалка мяса зробiць нешта вельмi звычайнае, годнае ў ежу. А iншая створыць сапраўдны ўзор кулiнарнага майстэрства, калi госцi пальчыкi аблiзваюць i просяць рэцэпт. Сёння да нас на работу просяцца шмат выпускнiкоў ветэрынарных сярэднiх i вышэйшых устаноў. Вабiць i высокая зарплата, i амаль гарадскiя ўмовы жыцця ў Снове. Прызнаюся, я ўважлiва прыглядаюся да кожнага з прэтэндэнтаў. Лiтаральна прасейваю iх як праз сiта. Баюся памылiцца. I пасля прыняцця ў штат працягваю сачыць за кар’ерай кожнага маладога спецыялiста. Каб яго станаўленне праходзiла хутчэй i пажадана без сур’ёзных памылак, замацоўваем на пэўны тэрмiн учарашняга выпускнiка за вопытнымi ветэрынарамi. I максiмум праз тры-чатыры месяцы бачна, што будзе далей з маладым спецыялiстам: цi ён пяройдзе ў ветлабараторыю, цi застанецца адданым нялёгкай, але цiкавай i ў многiм творчай працы, не пабаюся гэтага слова, на перадавой у сельскай гаспадарцы. Большасць маладых спецыялiстаў, юнакоў i дзяўчат, якiя атрымлiваюць адукацыю па накiраванню нашага камбiната, а таксама выпускнiкоў школы застаецца ў гаспадарцы. Невыпадкова 40 працэнтаў работнiкаў СВК «Агракамбiнат «Сноў» — ва ўзросце да 30 гадоў. Працоўныя дынастыi для нас з’ява звычайная. Мы iх заахвочваем, iмкнёмся ствараць працоўныя месцы менавiта для дзяцей нашых работнiкаў. Упэўнены, чалавеку лепш жывецца i ахвотней працуецца там, дзе ён нарадзiўся i вырас, дзе жывуць яго бацькi, сваякi i сябры. Бо людзi звонку, прыезджыя, як правiла, горш замацоўваюцца ў гаспадарцы. Сёлета чацвёра выпускнiкоў нашых школ заканчваюць ветэрынарную акадэмiю ў Вiцебску i вяртаюцца працаваць дамоў. Чарговую партыю выпускнiкоў сельскагаспадарчых устаноў рыхтуемся прыняць у наступным годзе. Клопат не на словах Быць канкурэнтаздольным — значыць паляпшаць якасць i ўзровень жыцця тых, хто працуе побач. Дзякуючы нястомнай i, кажу без перабольшвання, самаадданай працы маiх папярэднiкаў на пасадзе кiраўнiка гаспадаркi Героя Сацыялiстычнай Працы Якава Васiльевiча Аляксанкiна i Героя Беларусi Мiхаiла Аляксандравiча Карчмiта яшчэ ў 80—90-я гады мiнулага стагоддзя былi створаны па тым часе вельмi неблагiя ўмовы жыцця ў Снове i навакольных вёсках. Iх аднымi з першых у рэспублiцы газiфiкавалi. Да паслуг калгаснiкаў былi Дом быту, лазнева-пральны камбiнат, сярэдняя школа i нават зiмовы плавальны басейн. Карацей кажучы, ужо тады iснавалi, як цяпер прынята казаць, сацыяльныя стандарты. Але пасля развалу Савецкага Саюза пачалiся негатныўныя працэсы ў эканомiцы, i наша «сацыялка» паступова прыйшла ў заняпад. Былi закрыты Дом быту, знiклi iншыя сацыяльныя перавагi той сiстэмы. З часам мы здолелi шмат чаго аднавiць i нават выйсцi на новы больш якасны ўзровень бытавога абслугоўвання насельнiцтва. Так, нядаўна ў многiм дзякуючы падтрымцы старшынi абласнога выканаўчага камiтэта М. Дамашкевiча ў Снове з’явiлася надзвычай эфектыўная iтальянская хiмiчная чыстка адзення i iншых рэчаў. Зноў жа з дапамогай аблвыканкама мы збiраемся адрадзiць на сучасным узроўнi работу лазнева-пральнага камбiната, неабходныя распараджэннi на гэты конт дадзены Мiкалаем Фёдаравiчам. А патрэба ў камбiнаце вялiкая. Паслугамi сучаснай пральнi будуць карыстацца жыхары Снова i iншых вёсак. Адкрыю невялiкi сакрэт — плануем аднавiць работу камбiната да свята жанчын — 8 Сакавiка. Гэта будзе наш агульны падарунак. Што спрыяе росту нараджальнасцi? Быць канкурэнтаздольным — значыць iсцi насустрач людзям у вырашэннi iх злабадзённых праблем. Самая вострая з iх, бадай, кватэрнае пытанне, якое, заўважана даўно, часам моцна псуе характар. Мы ўсяк iмкнёмся дапамагаць у яго вырашэннi. Згодна з вядомай прэзiдэнцкай праграмай будуем дамы для спецыялiстаў, набываем кватэры, кiнутыя, але яшчэ моцныя дамы, якiя пасля грунтоўнай рэканструкцыi, выдзяляем маючым патрэбу ў жыллi. Маладым сем’ям звычайна прадастаўляем двухпакаёўку з усiмi выгодамi ў шматкватэрным доме. Свая кватэра ў такiм узросце, пагадзiцеся, неблагi старт самастойнага жыцця. Далей усё залежыць ад маладых людзей. Калi яны будуць праяўляць сябе ў рабоце, прыстойна паводзiць, не цурацца ўдзельнiчаць у грамадскiм жыццi калектыву, то ў iх з’явiцца перспектыва праз пэўны час пераехаць у асобны катэдж. Не за прыгожыя, як гаворыцца, вочы атрымлiваюць жыллё i iншыя немалыя сацыяльныя выгоды ў Снове. Магчыма, гэта таксама спрыяе росту нараджальнасцi. Так, у дзiцячым садку, разлiчаным на 160 маленькiх выхаванцаў, ужо не хапае месцаў. Сярэдняя школа ў Снове разлiчана на 500 вучняў, а фактычна ў яе ходзяць 560. Праца ў сельскай гаспадарцы заўсёды была нялёгкай, асаблiва ў жывёлагадоўлi. Таму ў даярак i свiнарак па графiку кожны шосты дзень выхадны, зiмой кожнаму механiзатару, вадзiцелю па iх жаданню прадастаўляецца два тыднi дадатковага адпачынку без аплаты. Да слова, i чарговы адпачынак для гэтай катэгорыi працаўнiкоў павялiчаны да 35 каляндарных дзён. Праверка справай Быць канкурэнтаздольным — значыць быць адказным за даручаны ўчастак. Так, высокая зарплата, «сацыялка» вабяць да нас новых людзей, у тым лiку i так званых «летуноў». Ведаеце, на першым часе ўсе навiчкi iмкнуцца працаваць не горш за iншых, выконваць свае абавязкi. Але потым, асаблiва пасля атрымання жылля, у таго-сяго прачынаюцца былыя дрэнныя звычкi, якiя да таго старанна хавалiся. Заўважаеш, што чалавек нярэдка злоўжывае алкаголем, на гэтай глебе ўсё часцей узнiкаюць парушэннi працоўнай i тэхналагiчнай дысцыплiны, п’яныя сваркi i нават бойкi ў сям’i. Зразумела, нам з такiм «пярэваратнем» не па дарозе. Звальняем. Але кватэру ён не спяшаецца пакiнуць, усякiмi праўдамi i няпраўдамi iмкнецца застацца ў ёй. Падобныя кадравыя памылкi нам потым дорага каштуюць. Каб звесцi iх да мiнiмуму, мы навiчкоў на працягу пяцi гадоў не прымаем у члены СВК. За гэты тэрмiн чалавек i да нас прыгледзiцца, i прыме важнае для сябе рашэнне — заставацца ў гаспадарцы цi не. Ды i мы ў сваю чаргу ўсебакова вывучым яго дзелавыя якасцi i рысы характару. Лепшыя застаюцца. Быў, памятаю, час, калi мы пазбягалi выдаваць зарплату па суботах, каб асобныя не загулялi моцна на выхадныя. Цяпер дзень выдачы заробку не ўплывае на маральны стан у нашых населеных пунктах. Знiклi выпадкi выпiвак у працоўны час, вельмi рэдкiя факты нявыхаду на работу без сур’ёзнай прычыны. Я разумею, што п’янства як зло цяжка выкараняецца. Але пры наяўнасцi сацыяльнай i кар’ернай перспектывы ў чалавека з’яўляюцца моцныя стымулы жыць i працаваць па агульнапрынятых у калектыве i асяроддзi нормах i правiлах. I самае галоўнае, людзi дакладна ўсведамляюць, што разлад працоўнай дысцыплiны ў такой гаспадарцы, як наша, можа прывесцi да цяжкiх, а ў асобных падраздзяленнях да незваротных наступстваў. Можна i самiм якасна будаваць Быць канкурэнтаздольным — значыць актыўна будавацца. Будуешся — iдзеш наперад. Няма будаўнiцтва — няма руху. Гэта аксiёма. Але i агульнавядома, наколькi гэта дарагое задавальненне. У гаспадарцы пастаянна растуць патрабаваннi да якасцi будаўнiцтва, якое мы вядзём гаспадарчым спосабам. Дарэчы, iм займаецца наша брыгада колькасцю каля 100 чалавек. У яе складзе тры iнжынеры, прараб, чатыры майстры, нармiроўшчык, вопытныя рабочыя. Хоць брыгада па паходжанню вясковая, калгасная, тым не менш у нас заведзена строгае правiла: усе здаваемыя ў эксплуатацыю аб’екты павiнны быць па магчымасцi на ўзроўнi еўрапейскiх стандартаў. Няўхiльна растуць аб’ёмы будаўнiцтва, а таму недаравальнай раскошай становяцца ўсякiя пераробкi, устараненнi агрэхаў, хiбаў на ўжо здадзеных аб’ектах. Пры сённяшнiх цэнах на будаўнiчыя матэрыялы, росце транспартных расходаў нельга заплюшчваць вочы на брак. Прызнаюся, я калi ўбачу крывую кладку, то загадваю перарабiць тую сцяну. I нiякiх пярэчанняў тут не можа быць. У будаўнiцтве, як i ўсюды, многае залежыць ад канкрэтных выканаўцаў, iх квалiфiкацыi. Два пасланцы агракамбiната за яго кошт зараз вучацца ў Беларускiм нацыянальным тэхнiчным унiверсiтэце, таксама некалькi чалавек авалодваюць неабходнымi ў будаўнiцтве спецыяльнасцямi ў iншых ВНУ сталiцы. Сёлета будаўнiчая праграма гаспадаркi разлiчана на асваенне 12 мiльярдаў рублёў. У першую чаргу ўзвядзём два новыя цялятнiкi па ўтрыманню рамонтнага маладняку. Мяркуем i надалей развiваць птушкагадоўлю, а таму думаем пашырыць базу гэтай галiны. Школа — падраздзяленне №1 Быць канкурэнтаздольным — значыць памятаць, што мы ўсе родам з дзяцiнства. У прынцыпе не павiнна быць сiтуацыi: школа iснуе асобна, гаспадарка — таксама. Яны нiбы дзве часткi цэлага. Калi недзе iнакш, то шкада мне тых школьнiкаў, iх настаўнiкаў, а яшчэ больш прыкра за кiраўнiцтва гаспадаркi. Аб нашых сувязях з мясцовымi школамi можна доўга гаварыць. Я, мае намеснiкi, галоўныя спецыялiсты, кiраўнiкi вытворчых i невытворчых падраздзяленняў часта бываем у iх сценах. З нiмi актыўна супрацоўнiчаем па розных накiрунках. Яны дапамагаюць нам у гарачую пару, напрыклад, вучнi старэйшых класаў летам працуюць памочнiкамi камбайнераў i г.д. Для хлопцаў першы самастойны заробак з’яўляецца важным у псiхалагiчным сэнсе момантам станаўлення асобы. Пры сноўскай школе iснуе свая невялiчкая гаспадарка, дзе вучнi працуюць i адначасова знаёмяцца з азамi вядзення спраў на зямлi. Мы час ад часу дзелiмся з юнымi аграрнiкамi кармамi, парай пар-сючкоў, гноем. А як жа? Гэтыя вучнi заўтра ў сваёй большасцi стануць асноўнай крынiцай кадраў для камбiната. Вядома, дапамагаем школам з рамонтам класаў i абсталяваннем кабiнетаў, нядаўна набылi некалькi камп’ютараў. За кошт агракамбiната вучнi даволi часта выязджаюць на экскурсii ў Мiнск, наведваюць тэатры, цырк, заапарк. Не забываем таксама i настаўнiкаў. Хоць яны не члены СВК, тым не менш мы праяўляем клопат i аб iх. Кожнай сям’i настаўнiка (зразумела, па iх згодзе) выдзяляем па 25 сотак зямлi. У асноўным пад бульбу. Наша гаспадарка бярэ на сябе за прымальную плату пастаўку насення, догляд пасеваў i ўборку. Застаецца толькi ўраджай дамоў завезцi. Расцэнкi за ўвесь комплекс паслуг — як i для членаў СВК. Ну хiба не зручна? Аб шкодзе залiшнiх iльгот Быць канкурэнтаздольным — значыць даваць магчымасць зарабляць. Чалавек павiнен увесь працоўны тыдзень выкладвацца на сваiм працоўным месцы. За гэта мы яму выплачваем неблагiя грошы. I ўсё. Лiчу, усякiя натуральныя разлiкi, напрыклад, кавалкам мяса за паўцаны толькi шкодзяць справе, заблытваюць сутнасць адносiнаў памiж работнiкам i наймальнiкам. Памятаю, гадоў дзесяць назад кожнаму работнiку па льготнай цане прадавалi ў месяц, скажам, пяць цi дзесяць кiлаграмаў мяса, дзве курыцы i г.д. Думалi, вялiкую ласку робiм. I што атрымалася. 60 працэнтаў работнiкаў неслi гэтыя прадукты харчавання ў сям’ю, 40 працэнтаў прадавалi талоны знаёмым у Нясвiжы, Баранавiчах, а грошы прапiвалi. У вынiку моцна цярпелi сем’i выпiвох. Больш мы падобнай дабрачыннасцю не займаемся. Людзi ў нас няблага зарабляюць, а таму здольныя ўсе патрэбныя свежыя прадукты набываць у нашых фiрменных магазiнах у Снове. Усё зразумела i празрыста. Яшчэ адна важная дэталь — празмерныя льготы для насельнiцтва аб’ектыўна ствараюць глебу для злоўжыванняў. Праўда, для тых, хто трымае хатнюю жывёлу, выдзяляем па 660 кiлаграмаў збожжа бясплатна, таксама ўчасткi для сенакосу. Салому выдзяляем без абмежаванняў па патрэбнасцi. Праўда, нават гэтыя льготы не спрыяюць росту пагалоўя ўласнага статка. Калi два гады назад карову трымалi 280 двароў, то цяпер ужо 110. Маладыя сем’i не хочуць звязваць сабе рукi доглядам хатняй жывёлы, а ў вольны час iмкнуцца культурна адпачываць. Нашы людзi могуць сабе гэта дазволiць. За добрасумленную працу атрымлiваюць неблагiя грошы. У параўнаннi з 2004 годам зарплата павялiчылася ў 1,45 раза. Зрабiлi мы гэта без анiякага напружання цi ўразання iншых артыкулаў расходаў. Грошы ў гаспадарцы «не праядаюцца». Сёння на зарплату прыходзiцца 16,8 працэнта ад агульнай выручкi. Астатнiх сродкаў хапае i на мэтанакiраванае развiццё вытворчасцi, i на вырашэнне сацыяльных пытанняў. Заданне на заўтра Быць канкурэнтаздольным — значыць дакладна ведаць, што будзеш рабiць заўтра. Я, напрыклад, ведаю, чым можна будзе заняць гэтым летам не менш за сотню нашых людзей пры ўмове вызвалення працоўных рук. Хачу падкрэслiць, што наша гаспадарка ўжо амаль выйшла, так бы мовiць, на пiк сваiх вытворчых магчымасцяў. Цяпер кожны, нават невялiкi крок наперад, будзе нялёгка давацца. Бо пераўзысцi, напрыклад паказчык ураджайнасцi збожжавых без малога ў 100 цэнтнераў з гектара, пагадзiцеся, справа вельмi няпростая. Аналагiчная сiтуацыя i ў жывёлагадоўлi i птушкагадоўлi. Так, сёння рэальны нязначны рост паказчыкаў дзейнасцi свiнакомплексу. Прычым дасягнуць гэтага можна толькi за кошт паляпшэння прадуктыўнасцi жывёлы. Iншыя рэзервы вычарпаны. Застаецца разлiчваць на паляпшэнне генетыкi статка, якасных параметраў кармоў, узмацненне тэхналагiчнай дысцыплiны, строгае падтрыманне мiкраклiмату ў вытворчых памяшканнях. Спалучэнне гэтых фактараў можа дазволiць нам дасягнуць пэўнай прыбаўкi сутачнай прывагi свiней. Сёння расход кармоў на адзiн цэнтнер свiнiны складае 3,52 кармавой адзiнкi. Гэта, мiж iншым, на ўзроўнi лепшых сусветных паказчыкаў. Такi расход кармоў, напрыклад, у фермераў Данii, вядомай сваiмi поспехамi ў галiне сельскай гаспадаркi. На такiм працуюць немцы, канадцы, iншыя лiдары свiнагадоўлi. Мясныя прадукты з нашай свiнiны адрознiваюцца якасцю i смакам, што ў значнай ступенi з’яўляецца вынiкам мэтанакiраванай работы па ўдасканаленню пароды. Мы ўкаранiлi так званае трохпароднае скрыжаванне нямецкiх i дацкiх свiней. А з якаснага мяса прасцей вырабiць прадукты харчавання, далiкатэсы, якiя карыстаюцца попытам у спажыўцоў, у тым лiку i мiнчан. У вытворчасцi малака мы таксама ўшчыльную падышлi да мяжы нашых магчымасцяў. Летась мы надаiлi 7471 лiтр ад каровы, у наступным годзе плануем 7600 лiтраў. Як бачыце, рост запланаваны нязначны. Чаму вызначаны менавiта гэты паказчык? Справа ў тым, што кожная новая прыступка пасля сямi тысяч дасягаецца куды складаней, чым папярэдняя. Тут, на мой погляд, будзе ўдалым параўнанне са скакуном у вышыню. Да двух метраў моцны i перспектыўны спартсмен скача адносна без праблем. А вось пасля гэтага рубяжа кожны новы сантыметр даецца яму потам i крывёй упартых пастаяных трэнiровак. I не факт, што месяцы, а то i гады цяжкай працы дадуць плён. Нешта падобнае назiраецца i ў жывёлагадоўлi. Але аб’ектыўныя прычыны знiжэння тэмпаў росту вытворчасцi малака не азначаюць, што мы збiраемся надалей жыць набытым капiталам i паглядаць на астатнiх з вышынi. Лiчу, што спыненне руху наперад — гэта пачатак дэградацыi гаспадаркi. Таму на блiжэйшую пяцiгодку мяркуем выйсцi на новыя якасныя параметры ва ўсiх галiнах. Напрыклад, мець статак буйной рагатай жывёлы, якi б адпавядаў самым высокiм сусветным стандартам прадуктыўнасцi кароў. У гэтым напрамку мы плённа супрацоўнiчаем з Iнстытутам жывёлагадоўлi ў Жодзiне, спецыялiстамi вобласцi i рэспублiкi ў племянной справе. Леанiд ЛАХМАНЕНКА.
Падмурак Так было наканавана лёсам, што гаспадарку ў Снове ўзначальвалi Героi. Напачатку Якаў Аляксанкiн, а затым Мiхаiл Карчмiт. Гэтыя людзi былi запатрабаваныя часам, з’яўлялiся неардынарнымi кiраўнiкамi, былi яркiмi прадстаўнiкамi сваёй эпохi. I менавiта яны заклалi падмурак будучага агракамбiната. Герой Сацыялiстычнай Працы Я. Аляксанкiн арганiзоўваў калгас — ствараў гаспадарку, актыўна ўдзельнiчаў у калектывiзацыi. Напрыклад, пры непасрэднам удзеле Якава Аляксанкiна на тэрыторыi калгаса было лiквiдавана 800 хутароў. А што гэта такое — могуць расказаць людзi немаладога веку, тыя, каму сёння пад семдзесят. Нехта пакiдаў хутар добраахвотна, а многiх гаспадароў прыходзiлася зганяць сiлай. Людзям было няўцям, што вiнаваты не старшыня калгаса, а калектывiзацыя. Аднолькавая сiтуацыя была пад Сновам, Клецкам, Навагрудкам... i асобны чалавек нiчога змянiць не мог. Але людзi не былi кiнуты сам-насам з праблемай. Аляксанкiн выдзяляў транспарт, будматэрыялы i грошы для тых, хто пераязджаў — дапамагаў асесцi на новым месцы. А ўвогуле тады адносiны памiж людзьмi былi iншымi. Старшыня калгаса з чыстым сумленнем мог выпiць чарку з калгаснiкам — усё было прасцей. Толькi заслуга Якава Васiльевiча не ў тым, што ён стварыў калгас, у той час яны ўзнiкалi тысячамi, а найперш у тым, што гаспадарка стала адной з лепшых у рэспублiцы. Аляксанкiн умеў выкарыстаць момант. Напрыклад, зрабiўшы стаўку на лён, калгасу ўдалося фiнансава акрэпнуць, а пасля таго, як Якаў Васiльевiч пакiнуў пасаду старшынi, на рахунку гаспадаркi было больш за 17 млн савецкiх рублёў. Па тым часе сума вялiкая. Што датычыцца Героя Беларусi Мiхаiла Карчмiта, то ён быў кiраўнiком новай фармацыi. З iм мне аднойчы давялося сустрэцца. Напачатку мы пагаварылi ў кабiнеце, а затым Мiхаiл Аляксандравiч прапанаваў праехацца па гаспадарцы. Ён вёў джып i расказваў. Спынiлiся каля камбiкормавага завода i паехалi далей полем, i тут «Форд» сапсаваўся — «паляцела» перадача. У такiх выпадках, як правiла, даецца воля нервам, а Карчмiт прыняў паломку спакойна — выклiкаў па рацыi машыну, i мы пайшлi да дарогi. Даводзiлася чуць, што Мiхаiл Карчмiт быў строгiм кiраўнiком i спуску падначаленым не даваў, асаблiва спецыялiстам, калi тыя дапускалi промах. Пазней, калi часта даводзiлася бываць у Снове, зрабiў выснову — пазiцыя старшынi была правiльнай. Праштрафiўся — адказвай, а таннага заiгрывання з падначаленымi ў Карчмiта не было. Так, строгi, але справядлiвы. Куды нi павернешся, усё звязана з Мiхаiлам Карчмiтам. I справа тут не ў жывёлагадоўчых комплексах i перапрацоўчай вытворчасцi, а ў тым, што Мiхаiл Аляксандравiч правiльна вызначыў стратэгiю развiцця гаспадаркi, паставiў яе на сучасныя эканамiчныя рэйкi. Iнтэнсiўныя тэхналогii, высокаэфектыўнае абсталяванне i тэхнiка, амаль поўнасцю iмпартныя, даюць магчымасць дабiвацца высокiх паказчыкаў. I зараз ужо нi ў кога няма сумнення, што выбраны М. Карчмiтам шлях развiцця агракамбiната адзiна правiльны i яму няма альтэрнатывы. * * * Сёння СВК «Агракамбiнат «Сноў» узначальвае Мiкалай Радаман — чалавек энергiчны i амбiцыйны, што нармальна. З аднаго боку, яму працаваць быццам бы лёгка, а з другога — складана. Усё ў гаспадарцы адладжана, механiзм упраўлення ва ўсiх падраздзяленнях працуе без збояў i гэта добра, але вытворчасць сельгаспрадукцыi дасягнула сусветнага ўзроўню яшчэ пры папярэднiм кiраўнiку i падымаць планку паказчыкаў вельмi няпроста. Гарантыя поспеху Кажучы пра дасягненнi гаспадаркi, прыходзiцца яшчэ раз падкрэслiць, што без перадавых тэхналогiй яны не былi б магчымымi. Вось, напрыклад, свiнакомплекс агракамбiната, на якiм знаходзiцца 22,5 тыс. свiней. У 2005 годзе тут правялi рэканструкцыю i на 500 тыс. еўра закупiлi, у асноўным, нямецкае i галандскае абсталяванне. Акрамя гэтага, падтрымлiваюцца кантакты з польскiмi i лiтоўскiмi сельгаспрадпрыемствамi. А чаму выбраны менавiта заходнi напрамак супрацоўнiцтва, а не расiйскi? Сiтуацыю растлумачыў начальнiк комплексу Iван Даўшко: «А ўсё проста. Добра мець справу з калегамi, у якiх можна нешта пераняць i навучыцца, а мы ўжо далёка абышлi расiян. Вось былi на свiнакомплексе ў Арлоўскай вобласцi, i нам стала сорамна за iх. Не толькi ва ўтрыманнi i кармленнi свiней мы апярэдзiлi расiян, але i ў генетыцы, i рэканструкцыi комплексу. У нас усё механiзавана, на 99,9 працэнта камп’ютарызавана, а ў iх усё, як некалi — прымiтыўна, хоць апошнiм часам i там пачалi ўкладваць грошы. I закупляем абсталяванне на Захадзе ўсё па той жа прычыне. Асяроддзе на фермах шкоднае — амiяк раз’ядае ўсё i далёка не кожны метал можа яго вытрымаць. Быў такi выпадак. Немцы прывезлi абсталяванне для ўтрымання парасят, але памылiлiся на 5 см з шырынёй паласы. Падумалi, што можна на месцы ўсё выправiць i пачалi шукаць метал, але высветлiлася, што патрэбнай якасцi метал ёсць толькi ў Расii, на ваенным заводзе за Уралам. Прасцей выйшла прывезцi паласу з Германii». Сёння прыходзiцца думаць не толькi пра аб’ёмы, але i якасць. Усё дыктуе рынак i канкурэнты. Адсюль i даводзiцца гадаваць свiней, на якiх сала ўсяго ў паўтара сантыметра таўшчынi, а астатняе — мяса. I тут многае залежыць не толькi ад кармлення, але i селекцыi. Дарэчы, ад змяшання парод «дзюрок» i «ландрас» атрымлiваецца моцнае i здаровае патомства. Парасяты менш хварэюць i лепш развiваюцца. Iнтэнсiўная вытворчасць прывяла да штучнага асемянення свiней, матэрыял для гэтага закупляюць у Лiтве, праўда, ужо наладжваецца здабыванне яго i на сваiм комплексе. У мiнулым годзе прыбытак тут быў амаль 3 млрд 200 млн рублёў. Свiнарка на матачнiку атрымлiвае зарплату 700 тыс. рублёў. Усе работнiкi, а iх 90 чалавек, трымаюцца за работу i з дысцыплiнай праблемы няма. Ды i начальнiк комплексу — фанат сваёй справы. У кабiнеце Iвана Iванавiча на сценах календары i плакаты са свiннямi, стаяць глiняныя свiнкi i ў серванце, i нават на пуловеры начальнiка аплiкацыя галоўкi з ружовым лычыкам. * * * Спыняцца на вытворчасцi малака не будзем, толькi звернем увагу на адну акалiчнасць, якая пераклiкаецца з сiтуацыяй на свiнакомплексе. У мiнулым годзе гаспадарка закупiла ў Венгрыi 512 цялушак канадскай селекцыi. За адну галаву плацiлi 1450 еўра. Дык вось, пасля першага ацёлу былыя цялушкi даюць па 32 лiтры малака, а ёсць i рэкардсменкi, ад якiх можна надаiць i 60 лiтраў у дзень. I справа тут не толькi ў кармленнi жывёлы, бо пры аднолькавых кармах нашы каровы трымаюцца на 18—20 лiтрах. Чыстапародная жывёла, пры беражлiвых да яе адносiнах, высокапрадуктыўная. I зноў жа, у в. Сычы ўзвялi новую ферму на 1000 галоў i для яе закупiлi суперсучаснае абсталяванне нямецкай фiрмы «Вестфалiя». Акрамя свiней i кароў у гаспадарцы яшчэ 12 фермаў з 32 тысячамi курэй на кожнай, а каб накармiць увесь гэты статак, неабходна збiраць рэкордныя ўраджаi. I яны сапраўды ўражваюць. Збожжа намалацiлi ў 2005 годзе амаль па 95 цэнтнераў з гектара. Мабiльнасць у сельскай гаспадарцы — важны фактар. Адзначу, што зямля ў кааператыва даволi высокай бальнасцi — 45. Князi Радзiвiлы на кепскай зямлi не асядалi. Свой завод у суткi выпускае 100—110 тон камбiкармоў для жывёлы, якая круглы год знаходзiцца на фермах. Фактычна на агракамбiнаце дзейнiчае замкнёны цыкл вытворчасцi сельгаспрадукцыi. А каб да канца пазнаёмiцца з iм, неабходна зазiрнуць на перапрацоўчую вытворчасць гаспадаркi. * * * I толькi ў цэхах перапрацоўкi малака стаiць яшчэ савецкае абсталяванне. — А мяняць яго на дарагое iмпартнае няма сэнсу, бо аб’ёмы ў нас малыя, i тут праблемы няма, — сказаў дырэктар вытворчасцi Вiктар Тамашэўскi. Сорак працэнтаў малака iдзе на расфасоўку, а яшчэ з яго вырабляюць смятану, тварог, кефiр, масла. Да 80 працэнтаў прадукцыi рэалiзуецца ў Мiнску. Рэнтабельнасць малака ўсяго 7,2 працэнта i прыбытак ад малочнай прадукцыi ў 2005 годзе склаў 374 млн рублёў. А што датычыцца мяса, то тут iншая сiтуацыя. Рэнтабельнасць — 15,5 працэнта, а прыбытак дастягнуў звыш 6,5 млрд рублёў, але ў гэтай прадукцыi i аб’ёмы iншыя. У мiнулым годзе было перапрацавана 15 332 тоны мяса ў жывой вазе. Але нягледзячы на такое вялiкае пагалоў’е жывёлы, свайго мяса не хапае. I здараецца, што жывёлу даводзiцца закупляць у радыусе 60—100 км. Толькi i гэта не адлегласць, бо прывезлi партыю мяса з Аўстрыi i кiлаграм яго выйшаў на тысячу рублёў танней, чым мясцовае. Нашым эканамiстам i гаспадарнiкам ёсць над чым падумаць. На вытворчасцi вырабляецца 180 назваў мясной прадукцыi, але 50 працэнтаў мяса iдзе на вараную каўбасу. У 2003—2005 гадах тут паставiлi высокатэхналагiчнае абсталяванне з Германii i Польшчы — вытворчасць вырасла ў тры разы. Аб’ёмы можна было б яшчэ значна павялiчыць, але забойны цэх у змену можа перапрацаваць толькi 25 тон мяса, а вытворчасць магла б асiлiць удвая большыя аб’ёмы. Абмяркоўваецца арганiзацыя новай вытворчасцi забойнага цэха. А ўвесь тэхналагiчны працэс павiнен адпавядаць стандартам Еўрасаюза — гэта патрабаванне нашага часу. Але вернемся на вытворчасць. Людзi, якiя прыходзяць на працу, а iх 350 чалавек, пераапранаюцца ў спецадзенне i ўжо ўсю змену не могуць пакiнуць памяшканне — яны iзаляваныя, нават сталовая знаходзiцца тут жа. За абед работнiкi плацяць 50 працэнтаў, а самая высокая зарплата ў забойным цэху — да мiльёна рублёў. Прадукцыя СВК «Агракамбiнат «Сноў» высокай якасцi, але i канкурэнты змагаюцца за месца пад сонцам. Вось i стараюцца вырабiць нешта новае, каб здзiвiць пакупнiка. У польскiх спецкамерах каўбасу вэндзяць 12 сутак, хоць гэта не рэкорд, некалi сервелат «Савецкi» вэндзiлi 60 сутак. Добра пахне каўбаса, паляндвiца, шынка, пры вэнджаннi якiх выкарыстоўваюцца «шыпы» лiсцевых дрэў, але, безумоўна, у хатнiх умовах, калi мяса акурваецца дымам ядлоўцу, прадукты набываюць непаўторны пах i смак, а ў прамысловасцi свая спецыфiка. Рэалiзуецца прадукцыя ў асноўным на Мiншчыне праз гандлёвую сетку, свае магазiны, ды i на Камароўскiм рынку ў сталiцы прадпрыемства мае 24 месцы. Гандаль дае да 1 млрд 400 млн рублёў у месяц, а грошай на рахунку гаспадаркi няма, бо па даходу i расход. Калi сярэдняя зарплата ў 2005 годзе была 515 тысяч рублёў, а калектыў кааператыва — 1335 чалавек, то можна ўбачыць, якая вялiкая сума iдзе на зарплату. А тое, што грошы не ляжаць «мёртвым грузам» на рахунку, то гэта сёння можна вiтаць. Вёска, мястэчка, аграгарадок На тэрыторыi гаспадаркi пяць брыгад, у якiх ёсць свой Сноў: Дольны Сноў, Новы Сноў, Горны Сноў i яшчэ дзесятак вёсак. У савецкi час узвялi эксперыментальны пасёлак у в. Слабада, пабудавалi шматкватэрныя дамы, i сюды пачалi прыязджаць з усяго Саюза. Але з цягам часу многае прыйшло ў заняпад, i цяпер прыходзiцца пасёлак адраджаць. Былы Дом быту перабудавалi ў дзевяцiкватэрны жылы дом для маладых сем’яў. Неабходна нешта рабiць з Домам культуры, пры якiм ёсць вялiкая спартыўная зала. Але каб вярнуць яго да жыцця, патрэбны грошы, а iх не хапае. Каб навесцi парадак у Снове, дзяржава выдзелiла 360 млн рублёў, але ж Сноў — гэта аграгарадок, адпаведна статусу патрэбныя i ўкладаннi. Безумоўна, цэнтральная сядзiба кааператыва ўжо не традыцыйная беларуская вёска, але яшчэ i не горад. Хоць цэнтр Снова забудаваны мураванымi дамамi ў некалькi паверхаў i тут пакладзены асфальт, тратуарная плiтка, ён акружаны звычайнымi хатамi i вулiцамi, на якiх не заўсёды разгонiшся. Але цiкавы другi момант. Пры зарплаце ў паўмiльёна, здавалася б, людзi ў СВК «Агракамбiнат «Сноў» павiнны жыць заможна. Толькi тут не ўсё адназначна. У некаторых раёнах Палесся людзi прыбытку ад кааператываў не маюць — былыя калгасы дыхаюць на ладан, а жывуць там не горш, чым у Снове. Напрыклад, на Столiншчыне народ больш прадпрымальны i дзелавы. Пры хатах цяплiцы, якiя даюць добры даход, праз аднаго ў двары свiнаматка, а конь у кожным двары, ды i ў iншых раёнах людзi трымаюць дзве-тры каровы, коней, свiней, здаюць малако дзяржаве... там, у гэтым плане для чалавека раздолле. У Снове зусiм iншая сiтуацыя. Тут пражывае 2619 чалавек (двароў 1098), а кароў толькi — 58, хоць працэнт пенсiянераў даволi нiзкi — 646 чалавек. Ды i ў iншых вёсках гаспадаркi такая ж сiтуацыя. У в. Грускава ўсяго 5 кароў на 131 двор, Хвоева — 21 карова на 145 двароў i г.д. А што датычыцца прыватных коней, то на ўвесь сельсавет iх мiзэр — 13 галоў. I малака тут закуплена ў насельнiцтва за 2005 год толькi 3424 цэнтнеры, у той час як жыхары бедных сельсаветаў (Казлоўскага, Юшавiцкага) здалi ўтрая больш. Як ужо ўпамiналася, кааператыўная жывёла стаiць у стойлах i амаль уся зямля пад сенакосам i ворывам. Гэта на Палессi выган да небасхiлу, а тут жывёле разгуляцца няма дзе — выдаткi iнтэнсiўнай вытворчасцi. У Снове многiя жывуць ужо на гарадскi лад. Чалавек атрымаў зарплату i за прадуктамi iдзе ў магазiн. Маладыя ўвогуле не хочуць трымаць гаспадарку, найперш карову, хоць кааператыў з кармамi дапамагае. Лягчэй чалавеку жывецца ў Снове, i дзеля гэтага працавалi пакаленнi iх землякоў. Сымон СВIСТУНОВIЧ. Сноўская мазаiка ПАПРАЦАВАЎ — АДПАЧНI! Далёка не кожны раённы цэнтр можа пахвалiцца зiмовым басейнам. А ў Снове ён працуе ўжо не адно дзесяцiгоддзе i цяжка падлiчыць, колькi людзей атрымалi задавальненне на яго блакiтных дарожках. Уваход сюды адкрыты ўсiм жыхарам Снова i навакольных вёсак. За якасцю вады, выкананнем санiтарных нормаў уважлiва сочыць спецыялiст, дырэктар басейна. Пад наглядам вопытных iнструктараў у басейне юнакi i дзяўчаты вучацца плаваць на ўроках фiзкультуры. Тут трэнiруюцца мясцовыя юныя спартсмены раёна. Сюды iх прывозяць у вызначаныя днi на аўтобусах. Плата за карыстанне басейнам у параўнаннi з Мiнскам, iншымi вялiкiмi гарадамi краiны — сiмвалiчная. Члены СВК увогуле карыстаюцца бясплатна. Не члены СВК плацяць: дарослыя — дзве тысячы рублёў за адно наведванне, падлеткi — тысячу, а маленькiя — пяцьсот рублёў. Такiм чынам, наведванне басейна ўсёй сям’ёй не надта адаб’ецца на яе бюджэце. З цягам часу басейн паступова выпрацоўвае свой рэсурс. Няўхiльна вiльгаць робiць сваю разбуральную работу. Таму ў блiжэйшых планах — рэканструкцыя басейна. Мяркуюць абсталяваць яго сучаснай вентыляцыйнай сiстэмай, адрамантаваць душавыя, раздзявальнi, а самае галоўнае, магчыма, прыбудаваць сваю невялiчкую кацельню. Каб можна было карыстацца басейнам круглы год, а не толькi ў перыяд ацяпляльнага сезона. Людзям трэба даць магчымасць весцi здаровы лад жыцця, а без заняткаў спортам, фiзiчнай культурай гэта праблематычна, лiчаць кiраўнiкi гаспадаркi. Штогод праводзiцца ўнутрыгаспадарчая спартакiяда па сямi вiдах спорту. У ёй удзельнiчаюць прадстаўнiкi ўсiх вытворчых падраздзяленняў i службаў агракамбiната. Моладзь i людзi сярэдняга ўзросту ахвотна спаборнiчаюць у плаваннi, настольным тэнiсе, лыжных гонках, мiнi-футболе. Праводзяцца спартыўныя турнiры сярод дзяцей. Здаровы лад жыцця таксама азначае магчымасць культурна i цiкава бавiць вольны час. З гэтай нагоды арганiзоўваюцца канцэрты вядомых беларускiх эстрадных артыстаў i калектываў. Хто толькi не выступаў са сцэны Дома культуры. Мясцовыя таленты ахвотна ўдзельнiчаюць у мастацкай самадзейнасцi. Прычым у яе гуртках i ансамблях можна сустрэць жывёлаводаў, настаўнiкаў, работнiкаў кацельнi, мясакамбiната i г.д. Вiзiтнай карткай Снова стаў ансамбль песнi i танца «Вяночак», якому прысвоена званне народнага. У яго складзе вакальная група i танцавальны ансамбль, усяго 38 чалавек. Самадзейныя артысты давалi шматлiкiя канцэрты ў вобласцi, рэспублiцы, у Маскве, двойчы выязджалi на гастролi ў Германiю. Паступова з ансамбля вылучылася мужчынская вакальная група, якая цяпер вядомая пад назвай «Акцэнт». Яе выступленнi атрымалi прызнанне. Нядаўна калектыву прысвоiлi званне народнага. У агракамбiнаце, нягледзячы на тое, што ёсць свая футбольная каманда, якая ўдзельнiчае ў раённых i абласных спаборнiцтвах, усё часцей задумваюцца над выхадам на больш сур’ёзны футбольны ўзровень. Дакладней, хочуць стварыць футбольную каманду, здольную выступаць у другой лiзе. Як зрабiла гэта, напрыклад, фiрма «Дарыда» з Мiнскага раёна, чыя аднайменная каманда гуляе ўжо ў вышэйшай лiзе. Чаму ж не быць камандзе «Сноў»? Спартыўная база агракамбiната дае неблагiя шанцы на прарыў у другую лiгу: ёсць стадыён, трыбуны на 500 месцаў i г.д. Калi ўсё гэта рэканструяваць i палепшыць, то з’явяцца ўмовы для iснавання сапраўднай футбольнай каманды ў адпаведнасцi з патрабаваннямi Федэрацыi футбола. Леанiд ТУГАРЫН.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Агракамбiнат «Сноў», якi добра ведаюць у Беларусi i далёка за яе межамi як сучаснае i высокаэфектыўнае шматгалi |
|