Хакеiсты з Салтанаўкi не баяцца маразоўЗа здаровы лад жыцця У вёсцы Салтанаўка Магiлёўскага раёна з дарогi бачны транспарант: «Мы — за здаровы лад жыцця!» Ён упрыгожвае хакейную каробку мясцовага спартыўнага клуба «Солтан». Яго стварылi самi дзецi з дапамогай мясцовага жыхара i энтузiяста Сяргея Лявонава. Нягледзячы на тое, што Сяргей — iнвалiд першай групы i рухаецца на iнвалiднай калясцы, клуб пад яго кiраўнiцтвам iснуе трэцi год.Сяргей Лявонаў — ураджэнец Магiлёўскага раёна, працаваў у сельскай гаспадарцы i шмат займаўся з дзецьмi. Ён тлумачыць, што з дзяцiнства любiў хакей. У пачатку 80-х стварыў i трэнiраваў каманду ў прафесiйна-тэхнiчным вучылiшчы ў Буйнiчах. А потым, калi пайшоў на працу ў сельскую гаспадарку, вырашыў на пустцы ў Салтанаўцы пабудаваць хакейную каробку для сельскiх дзяцей. Калi Сяргея накiравалi на працу ў iншы раён, без прыгляду тая першая хакейная каробка развалiлася — расцягнулi ўсё. Але жыццё так склалася, што Лявонаву давялося вярнуцца ў Салтанаўку, у вынiку няшчаснага выпадку ён стаў iнвалiдам. Але тры гады таму да яго звярнулiся вясковыя дзецi. — Я ў той час стаў мабiльны, у мяне з’явiлася электрычная iнвалiдная каляска i можна было нарэшце рухацца, — узгадвае Сяргей. — Прыйшлi: «Давайма, дзядзька, пабудуем хакейную каробку». Я вырашыў дапамагчы. Дзецi ўсё рабiлi самi. Пабудавалi каробку i будку. Са старых электрычных слупоў, спiсаных лiнiй усталявалi асвятленне. I ўжо трэцi год запар на катку залiваюць лёд на радасць дзятве. Спартыўны клуб у вёсцы назвалi «Солтан», у гонар князя, якi нiбыта ў ХVI стагоддзi жыў i кiраваў гэтым краем i ад iмя якога паходзiць назва вёскi. Найбольш актыўным удзельнiкам клуба ад 10 да 17 гадоў: гэта браты Баяравы, Аляксеенкi, Каршаковы, Арцём Паўлаў, Сяргей Хадорскi, Андрэй Зайцаў. Таксама i дзяўчынкi прыходзяць у клуб i дапамагаюць, чым могуць: Марына Iванова, Таццяна Чаркасава, Iрына Губанкова, Алена Ярошчанка, Даша Лявонава, Надзея Сабольская. Цяпер клубу аддалi яшчэ i будынак старой лазнi, дзе дзецi робяць рамонт. У адным з пакояў установяць стол, якi даў Магiлёўскi райвыканкам, для малога тэнiса. Сяргей i дзецi хочуць таксама зрабiць там трэнажорную залу. — Калi нам аддалi гэтую лазню, то хлопцыы ўзялiся i пачалi рабiць. Рабiлi дзецi, якiя ў сваiм жыццi ў руках яшчэ малатка цi кельмы не трымалi, але яны ўсяму навучылiся. Я iм толькi парадамi дапамагаю. I зрабiлi няблага! — ганарыцца сваiмi выхаванцамi Сяргей. Праўда, рамонт, якi рабiўся амаль што на ўласныя сродкi i на энтузiязме, пакуль прыпынiўся. Жаданне ёсць, а вось будматэрыялаў — няма. Увогуле самадзейнаму спартыўнаму аб’яднанню, каб яно жыло i развiвалася, сёння патрэбна дапамога. На думку Сяргея, улада i журналiсты мала цiкавяцца цяжкасцямi, якiя даводзiцца пераадольваць энтузiястам кампанii «За здаровы лад жыцця вяскоўцаў». Напрыклад, нiхто не ведае, як заплацiць за электрычнасць, спажытую на асвятленне хакейнай каробкi за тры гады. У дзяцей i Лявонава грошай на гэта няма, а на просьбы аб дапамозе нiхто не адгукаецца. — Крыўдна бывае ад таго, што гэта каробка насамрэч нiкому не патрэбная, акрамя мяне, — уздыхае Сяргей. — Да каго толькi не звярталiся з пытаннем па аплаце за святло — нiхто плацiць не хоча. Ды i сама каробка нiдзе не аформлена на баланс — яна ў мяне на балансе! Я заўсёды прашу ў мясцовых кiраўнiкоў грошы i матэрыялы — часам даюць, часам набываю матэрыялы за свае ўласныя грошы. Але каб кiраўнiцтва прыехала ды пацiкавiлася, што трэба зрабiць, каб дзецям было добра, — гэтага, на жаль, так i не здарылася. Дзецi робяць самi, Сяргей Лявонаў таксама не патрабуе грошай за сваю працу, але грашовыя знакi клубу патрэбны — хоць бы на хакейную амунiцыю i канькi. Таму ўлетку дзецi збiралi ў акрузе металалом: абышлi ўсе абочыны i яры, разабралi сметнiкi. З дапамогай кiраўнiцтва эксперыментальнай базы «Дашкаўка» здалi металалом i атрымалi ў сваё распараджэнне некаторую суму грошай. Цяпер салтанаўскiм хакеiстам патрэбны сродкi на клюшкi, бо наперадзе турнiр «Залатая шайба». Ды i ўвогуле, хакей — вельмi дарагi вiд спорту. Клюшка можа каштаваць долараў сто, а варатарскi строй — да тысячы еўра. Гэта непад’ёмныя грошы для салтанаўскiх аматараў лядовых вiдаў спорту, таму яны апранаюць спiсаную з Магiлёўскага Лядовага палаца старую хакейную вопратку i радуюцца патрыманым канькам. Яны прызвычаiлiся самастойна рамантаваць спортiнвентар. Адзiн пакой у спортклубе аддадзены пад майстэрню, каб кожны мог прывесцi сваю амунiцыю ў парадак. Клюшкi рамантуюць i заматваюць у iзастужку, заклёпкi вырабляюць з жасцянак — калi грошай няма, у справу iдзе кемлiвасць. Хакейная каробка вымагае працы — i не толькi ўзiмку, калi трэба залiваць лёд (дарэчы, залiваюць самi, з дапамогай пажарных рукавоў), але i ўлетку, калi трэба раўняць грунт, сеяць траву, касiць яе i выконваць яшчэ шмат работ. Аднак не ўсе дзецi працуюць аднолькава, гаворыць Сяргей. Гэта не азначае, што тых, хто не працуе, выганяюць з катка, але самыя працалюбiвыя маюць прывiлеi — лепшыя амунiцыю i канькi. Iншыя на гэта, здараецца, крыўдзяцца, спрачаюцца, але гэта на карысць, лiчыць Сяргей, ведаць, што ўсё ў гэтым жыццi даецца працай, а не падае з неба. — Я ўсiм сваiм тлумачу, што ў нас няма персаналу, якi будзе нас абслугоўваць, — гаворыць Лявонаў. — Не будзем працаваць — не будзем гуляць. Можна паехаць у Лядовы палац, але там трэба заплацiць грошы. А тут у нас вясковая каробка, зробленая свамi рукамi, — затое бясплатна. Таму трэба працаваць. У Салтанаўцы жыве сёння каля чатырох соцень чалавек, з iх 60 дзяцей. Карацей, калi ўключаецца святло на катку, то народу там збiраецца шмат. На бартах катка напiсаны назвы ўсiх прадпрыемстваў, якiя дапамагаюць спартыўнаму клубу. Гэта не толькi дзяржаўныя ўстановы, але i прыватныя фiрмы i прадпрымальнiкi. Сяргей Лявонаў дзякуе безадмоўнаму кiраўнiцтву дрэваапрацоўчага завода, мясцовай фiрме, якая вырабляе кручкi, прамгазу, iндывiдуальнаму прадпрымальнiку Любовi Марчанка, ДРБУ-128 i iншым. Хацелася б салтанаўскiм аматарам спорту i большай увагi з боку раённага кiраўнiцтва. Напрыклад, яны хочуць звярнуцца да райвыканкама з пытаннем аб набыццi музычнага цэнтра i калонак, каб можна было катацца i гуляць пад музыку. Для заахвочвання Сяргей набыў пяць пар патрыманых канькоў i дае iмi карыстацца малым. Як толькi заканчваюцца заняткi ў школе — дзверы яго дома проста не зачыняюцца, на парозе стаяць аматары катання на лёдзе. У самыя марозныя днi маладыя хакеiсты вырашылi на трэнiроўкi не збiрацца. Але як толькi стала «ўсяго» мiнус 20, у нядзелю выйшлi на лёд. Прыязджаюць у Салтанаўку з навакольных вёсак i з Магiлёва — на таварысцкiя сустрэчы з хакейнай камандай «Солтан». Тады ў вёсцы — свята, балельшчыкi стаяць ля бартоў i радасна падтрымлiваюць сваiх. Сяргей Лявонаў часта ў сэрцах называе сябе дурнем, якi ўзвалiў на свае хворыя плечы вялiкую адказнасць за дзiцячую справу, а цяпер не хапае сумлення яе кiнуць. Аднак, канешне, ён атрымлiвае ад спартыўнага клуба не толькi праблемы i клопаты, але i вялiкае задавальненне: «Гэта вялiкая справа для дзяцей. У iх блiшчаць вочы! Асаблiва актыўныя 10—12-гадовыя. Iм толькi скажы, што трэба снег на катку пачысцiць, — да ночы будуць працаваць!» Каб фiзкультура i спорт развiвалiся ў вёсках, на гэта трэба жаданне ўладаў, упэўнены Сяргей Лявонаў. — Трэба выдаткоўваць на гэта сродкi i падтрымлiваць энтузiястаў, якiя ўсё аддаюць сваёй справе, — гаворыць ён. — Памятайце, што зборную СССР па хакею, якая дзесяць разоў стала чэмпiёнам свету, таксама стварыў энтузiяст Тарасаў. Менавiта зiмовыя вiды спорту будуць мець поспех на вёсцы, лiчыць Лявонаў. Улетку вяскоўцы шмат працуюць на гаспадарцы, вырошчваюць ураджай, а ўзiмку рабiць няма чаго. Вось дзецi ды падлеткi i ляжаць на печы, а маглi б займацца спортам. «Калi яны будуць занятыя добрай справай, то тады на нядобрыя iх не пацягне», — зазначае Сяргей. Мара Сяргея Лявонава i яго выхаванцаў — аднаўленне хакейных турнiраў. Мясцовых: памiж вёскамi, навучальнымi ўстановамi i прадпрыемствамi, як гэта калiсьцi было. — Вялiкi хакей — гэта, канешне, добра, — кажа Сяргей. — Але хакейных «зорак» мы не можам набываць за мяжой, трэба сваiх выхоўваць. Я гляджу, у нас ёсць сапраўды таленавiтыя хлопцы, але хто заўважыць iх талент, калi няма спаборнiцтваў для вясковых каманд? Старшыня Дашкаўскага сельскага Савета Генадзь Кураленка гаворыць, што можа дапамагчы спартыўнаму клубу бадай што толькi словам: грошы, на жаль, распiсаны да капейкi на ўтрыманне бюджэтнай сферы. Лявонаву з сельсавета аддаюць толькi зэканомленыя матэрыялы, але гэта, канешне, кропля ў моры. Генадзь Кураленка настойвае на тым, каб у эксперыментальнай базе «Дашкаўка» з’явiлася стаўка iнструктара па спорту, якi б займаўся клубам. — Мы ў маладосцi самi арганiзоўвалi спартыўныя спаборнiцтвы, — узгадвае ён. — Але неяк кiнулi фiзкультуру ў цяжкiя 90-я гады, калi трэба было ў краме на набыццё шкарпэтак загадзя запiсвацца. Нiбыта не да спорту нам было. Таму, падаецца, i дзецям сваiм не здолелi прывiць звычку займацца спортам. А цяпер сiтуацыю трэба выпраўляць. Вясковай моладзi патрэбен спорт i такiя iнiцыятывы, як клуб Сяргея Лявонава ў Салтанаўцы. Iлона IВАНОВА, Магiлёўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Салтанаўка Магiлёўскага раёна з дарогi бачны транспарант: «Мы — за здаровы лад жыцця!» Ён упрыгожвае хакейную каробку мясцовага спартыўнага кл |
|