21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бэзавы – гаспадары Ульянава

25.08.2009 21:33 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

Глыбiнка

Ульянаў — гэта пасёлак у Быхаўскiм раёне. Раней у iм было больш за дваццаць двароў. А цяпер — толькi адзiн. Так атрымалася, што Таццяна Мiхайлаўна i Уладзiмiр Трафiмавiч Бэзавы з’яўляюцца адзiнымi гаспадарамi гэтага пасёлка.

Ульянаў нiбыта згубiўся ў лясах Новабыхаўскага сельскага Савета. Каб дабрацца да пасёлка, трэба збочыць з асфальтаванай дарогi i яшчэ кiламетры тры ехаць па лесе, i на шляху вам сустрэнуцца толькi руiны былой аўчарнi.

— Ульянаў — аддалены пасёлак, — расказвае па дарозе старшыня сельсавета Вячаслаў Сiдарэнка. — Людзi адсюль паступова выехалi. Усе бацькi хацелi ўладкаваць сваiх дзяцей блiжэй да цывiлiзацыi.

У пасёлку цяпер захаваўся толькi адзiн дом — Бэзавых. Ад астатнiх засталiся руiны, зараз схаваныя снегам, або толькi сады, якiя некалi раслi каля дамоў. Выгляд не самы аптымiстычны, але Таццяна Мiхайлаўна i Уладзiмiр Трафiмавiч гавораць, што ён iм не рэжа вока.




— Усе, хто прыязджае з горада, — вось як вы — адразу кажуць, што ў нас тут страшна, — усмiхаецца гаспадар. — А што ў нас тут страшнага? Я 40 з лiшкам гадоў пражыў тут, i нiколi дзверы не зачыняў!

Старыя жывуць на вулiцы Цiхай у доме № 1 — такi адрас намаляваны над ганкам. Пры ўваходзе на цвiках вiсяць іржавыя ад часу i ападкаў падковы — на шчасце. Сабакi брэшуць на нязваных гасцей, але такое ўражанне, што не столькi злуюцца, колькi радуюцца з’яўленню людзей.

У хаце цёпла. На рагах вiсяць дзедавы старыя капелюшы з заячай футры, а сам гаспадар адпачывае на печы. Кот, якi ўладкаваўся пасярод цёплых чугункоў, лянiва расчапiў вока i не крануўся з месца. Скрозь сон ён сочыць за бабуляй, якая робiць кругi.

Кругi — гэта палавiкi, ходнiкi, якiя робяцца з абрэзкаў тканiны.

— Ды гэта можа рабiць любая сялянская жанчына, — смяецца на просьбу распавесцi пра майстэрства Таццяна Мiхайлаўна. — Трэба ўзяць шкуцце — напрыклад, старое i непатрэбнае адзенне. Парэзаць на нешырокiя палоскi i звязаць iх, як нiткi для вязання. А потым вялiкiм кручком — мне яго дзед зрабiў з драўнiны — плесцi круг, падбiраючы колеры. Вось вам i палавiк — пад ногi паслаць! I мне весялей жыць за гэтай справай.

Гасцёўня чыста прыбраная. На покуцi — праваслаўныя абразы. Пакой традыцыйна ўпрыгожаны старымi фотаздымкамi i рушнiкамi, якiя вышывала Таццяна Мiхайлаўна. «А хто ж ня ўмее вышываць?» — здзiўляецца гаспадыня ў адказ на камплiмент пра яе залатыя рукi. Частку калекцыi рушнiкоў бабуля аддала дзецям i ўнукам, а некалькi пакiнула: «А як прыйдзецца памерцi, людзi прыйдуць з могiлак, памыюць рукi i вытруць iх маiмi рушнiкамi».

На шафе ляжыць гармонiк. Яго дзецi падаравалi Уладзiмiру Трафiмавiчу на 25-годдзе сумеснага жыцця з Таццянай Мiхайлаўнай. Гэта было даўно: цяпер яны разам больш за 50 гадоў. Дзед цяпер рэдка дастае гармонiк, бо пальцы ўжо не слухаюцца.

Ёсць у хаце тэлевiзар, але папулярнасцю ў старых не карыстаецца. Уладзiмiр Трафiмавiч лiчыць, што трэба мець моцнае здароўе, каб глядзець перадачы. Сам ён скардзiцца на пашкоджаныя хваробай нервы i сэрца, а таму не можа глядзець тэлевiзар, асаблiва калi там пачынаюць страляць.

Гэта, вiдаць, ад успамiнаў аб вайне. Гэтыя мясцiны ў Навабыхаўскiм сельсавеце, дарэчы, вядомыя больш за ўсё воiнскiмi пахаваннямi. Тут, непадалёк, вядомая Лудчыцкая вышыня, дзе некалькi месяцаў iшлi жорсткiя баi пры вызваленнi Быхаўшчыны ад фашысцкiх захопнiкаў.

А гаспадар пасёлка больш любiць паказваць старыя лiпы, якiя засталiся ад панскага маёнтка ў суседнiм пасёлку пад назвай Земляробства, якi ўжо знiк з карты Беларусi.

— Як нам тут жывецца? — перапытвае Уладзiмiр Трафiмавiч. — Па-старыкоўску, на лоне прыроды. Пакуль iншыя шукалi недзе шчасця, я тут пражыў усё жыццё. Мне 78 гадоў, а мая жонка маладзейшая на два гады.

З Ульянава людзi з’язджалi нават у Сiбiр да дзяцей, а Бэзавы засталiся. Яны распавядаюць, што прыслухалiся да меркавання настаўнiцы сваiх дзяцей, якая прыязджала да iх купляць парася. Ёй вельмi спадабалася, што хатнiя птушкi вольна ходзяць вакол двара, бо тут няма машын i трасы. Жанчына параiла Бэзавым не з’язджаць з гэтых цудоўных мясцiн. Гэтая размова адбылася гадоў 25 таму, i Уладзiмiр Трафiмавiч па сёння поўнасцю згодны з меркаваннем настаўнiцы.

Старшыня Навабыхаўскага сельскага Савета Вячаслаў Сiдарэнка запэўнiвае, што мясцовая ўлада старых з Ульянава не крыўдзiць. Штогод медыкi з раённай бальнiцы прыязджаюць да iх рабiць абследаванне здароўя — увогуле гэта датычыцца жыхароў усiх аддаленых населеных пунктаў раёна. А калi захварэлi, то старых забiраюць падлячыцца ў сельскую ўчастковую бальнiцу.

Аўталаўка прыязджае ў пасёлак два разы на тыдзень: прычым Бэзавы, якiя, як гаворыць старшыня сельсавета, ад выхавання старога ўзору маюць вялiкую сцiпласць, страшна хвалююцца за дастаўленыя клопаты i просяць аўталаўку прыязджаць толькi ў панядзелак: маўляў, назапасiм харчоў на тыдзень i нам хопiць — не турбуйцеся, добрыя людзi.

Адзiная праблема — гэта тэлефонная сувязь. Кабель да Ульянава быў пракладзены яшчэ за савецкiм часам, але з-за парыву не працуе. Пачынаць маштабныя рамонтныя работы дзеля аднаго нумара — гэта сапраўды неэфектыўна. Упэўненага прыёму любой сотавай сувязi менавiта ў гэтым месцы, на жаль, няма — мёртвая зона. А тэлефон патрэбен: цi мала што можа здарыцца.

— Таму мы i прапанавалi старым пераехаць у суседнюю вёску, блiжэй да людзей, — тлумачыць Вячаслаў Сiдарэнка. — Вызвалiўся добры дом, i мы хочам, каб Бэзавы ў iм пасялiлiся. Нiбыта пагадзiлiся пераехаць вясной.

Насамрэч яны яшчэ вагаюцца. Час ад часу старыя паўтараюць: «Мы тут нарадзiлiся, век пражылi i тут будзем памiраць!».

Горад Бэзавым не падабаецца катэгарычна. Жыць у вёсцы цяжка, пагаджаюцца яны, але так наканавана вясковаму працаўнiку. Уладзiмiр Трафiмавiч не выносiць пах выхлапных газаў каля аўтамабiльных трас. З райцэнтра, калi выпадае туды паехаць, ён вяртаецца дадому нiбыта п’яны, з моцным галаўным болем — сцвярджае, там зусiм няма чым дыхаць. Дзед лiчыць, што без свежага паветра яму не жыць. I калi пераязджаць, то толькi ў вёску.

— А можа, i сапраўды пераедзем, — сумняваецца Уладзiмiр Трафiмавiч. — Калi вясной усе свае запасы з’ядзiм — бульбу i гароднiну, а карова — сена. Начальства ўгаворвае, i мы ўдзячны ўсiм за клопат пра нас.

Вячаслаў Сiдарэнка ўпэўнены, што па-добраму ўсiх састарэлых людзей з аддаленых вёсак трэба перасяляць блiжэй да цэнтра гаспадаркi i сельсавета: па-першае, людзям будзе больш зручна жыць, а, па-другое, дзяржава зэканомiць грошы на абслугоўваннi малых вёсак, а каштуе яно сапраўды дорага.

Тым больш што вакол Ульянава немалы ўзровень радыяцыi. I землi тут з пункту гледжання сельскай гаспадаркi непрадукцыйныя, таму калгас адмаўляецца ад iх i аддае пад лес або пад выпас жывёлы.

— Аднак калi чалавек хоча жыць у такiм месцы, як, напрыклад, Ульянаў, — гэта яго права, — гаворыць старшыня сельсавета. — А наша справа — стварыць для яго нармальныя ўмовы жыцця. Бо гэтыя бабуля i дзядуля ўсё жыццё адпрацавалi ў калгасе, а цяпер трэба i ўладзе пра iх паклапацiцца.

Раз на месяц Бэзавых наведваюць з сельсавета i цiкавяцца iх патрэбамi. Дапамагаюць iм i з апрацоўкай прысядзiбнага ўчастка.

Бэзавы трымаюць немалую гаспадарку. У iх ёсць карова, конь, куры. Яны сеюць збожжа, вось толькi вялiкiя камбайны па лясной дарозе праехаць не могуць, таму летась калгас даваў трактар i людзей, каб вывезцi ўраджай Бэзавых у суседнюю вёску i там абмалацiць.

За Ульянавым ёсць нiзiна, дзе часта ў мiжсезонную непагадзь буксуюць аўтамабiлi. I што рабiць, калi тэлефон не працуе, а за трактарам трэба iсцi паўдня? Такiм гаротнiкам дапамагае са сваiм канём Уладзiмiр Трафiмавiч.

Затое i яму аднойчы дапамагла мiлiцыя. У дзеда скралi каня, i толькi своечасовае ачапленне мясцовасцi дапамагло вярнуць у гаспадарку любiмую i патрэбную жывёлiну.

У адпаведнасцi з сацыяльным стандартам у пасёлку зрабiлi асвятленне. Усталявалi лiхтар, ён спраўны, аднак дзед цяпер вырашыў яго не палiць. Ён лiчыць, што калi гарыць святло, то кожны ведае, што тут дом, i гэта можа прыцягнуць, не дай Божа, нядобрых людзей. Хоць разам з тым Бэзавы сцвярджаюць, што нiкога не баяцца: «У нас няма чаго красцi, калi толькi кругi!».

Пенсiю паштальён прывозiць спраўна. Грошы ёсць, каб у аўталаўцы набыць хлеб, макарону, муку, алей, цукар. Звыклае меню старых — малако, бульба, капуста, агурок. Звычайная вясковая ежа, а цяпер яшчэ i посная, без сала, у адпаведнасцi з узростам i здароўем.

Бабуля скардзiцца, што ўсё балiць i скрыпiць. Дзецi i ўнукi прывозяць лекi. Нядаўна Уладзiмiру Трафiмавiчу падаравалi кiтайскую гаючую настойку — гарэлка на жэньшэнi i змяi. Дзед пакуль не частаваўся, маральна рыхтуецца.

Дзецi Бэзавых жывуць непадалёк: дачка з сям’ёй у вёсцы Новы Быхаў, а сын — у старым Быхаве (так у гэтых мясцiнах называюць раённы цэнтр). У старых — сем унукаў i трое праўнукаў. Здараецца, што да iх прыязджае столькi сваякоў, што ў хаце месца нестае i выпадае ставiць два-тры сталы, каб разам паснедаць i павячэраць.

— Ды i адным нам не сумна, таму што тут наша жыццё, — усмiхаюцца Таццяна Мiхайлаўна i Уладзiмiр Трафiмавiч.

— Калi гавораць, што яны прызвычаiлiся, як чорт у балоце, — дык гэта пра нас, — распавядаюць гаспадары пасёлка Ульянаў.


Быхаўскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ульянаў — гэта пасёлак у Быхаўскiм раёне. Раней у iм было больш за дваццаць двароў. А цяпер — толькi адзiн. Так атрымалася, што Таццяна Мiхайлаўна i У
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика