21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Гэта – мы

25.08.2009 21:33 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Простая мова

Найперш — рэзананс, так бы мовiць...

У папярэдняй падборачцы «Простай мовы» карацелька была пра тое, наколькi залежны чалавек у горадзе (ад суседзяў, машын, камунальнiкаў, магазiнаў...) i наколькi — у гэтым плане — лягчэй вяскоўцам. Ну сапраўды ж — чысцюткага паветра i цiшынi — хоць завалiся. Холадна — можна хату агледзець, лiшнi раз у печцы прапалiць.. А калi ў склепе бульба i карова ў хляве...

— Пра паветра гэта вы правiльна, — па тэлефону пацвердзiла адна з чытачак. — I цiшыня ў вёсцы была, пакуль падшыванцы матацыклаў не накуплялi (з глушыцелямi i без...). А правоў жа нi ў кога няма. Таму — па начах гойсаюць, як мiлiцыя спiць. I з цяплом бяда. Печку i праўда — можна лiшнi раз прапалiць. Але ж, калi хата старая, як яе нi ўцяпляй, як нi палi... Ды i з палiвам... Найперш — трэба ў сельсавеце даведку вырваць (яе раз у год даюць), што табе дровы трэба, потым — у ляснiцтва дабрацца, выпiсаць, заплацiць, прывезцi... Сёлета, праўда, на гатовыя пашанцавала, з чарнобыльскай зоны... I бульба сама ў склеп не сыплецца — вырасцiць трэба, жару ў маразы занесцi, каб не памерзла... А ўжо ля кароўкi — тупаць ды тупаць, калi сiлы ёсць...

Карацей — вельмi цяжка даецца тая вясковая незалежнасць. Вось яе i не хоча нiхто, — прызнала чытачка. Я — не спрачалася.

Каб зразумець...

Знаёмая траўнiца казала: «Кубачак кавы (а яшчэ, распушчальнай i ранiцай нашча...) для страўнiка тое ж, што жменька пяску».

Толькi хто яе слухаў, як здароўе было. Вiка да кубачка таго разоў дзесяць за дзень прыкладалася (мацнейшага, дарэчы, таксама выпiць любiла). I «соску» не выпускала — два пачкi цыгарэт у суткi iшло. «А без гэтага, — казала, — што за жыццё? I на халеру?».

...Быў час падумаць: 40 не мела, як iнсульт звалiў. Тры месяцы лежма ляжала. Панiчна хацела ўстаць (проста — падняцца на ногi...). Потым — дайсцi да акна... Выпiсацца з бальнiцы. Прыехаць дамоў. Вярнуцца да людзей, работы...

Бог пашкадаваў яе — жыве. Працуе. Як нi дзiўна для калег, — без «соскi», без кавы, без выпiўкi...

I ўсё адно шчаслiвая!

Бацькi i дзецi

У тралейбусе на пярэдняй пляцоўцы двое — маладзiчка гадоў 25 i сталы мужчына. Гавораць. Спачатку — у асноўным — яна. Пра тое, што на новым месцы, у гэтага (потым разумею — прадпрымальнiка. — Аўт.) працаваць трохi лягчэй. Але з заробкам — «бардак» ранейшы. Абяцаў плацiць кожны тыдзень. I па 90 тысяч. Грошы невялiкiя, але ж зараз i iх няма — плацiць калi 70, калi — 60. А сёння — наогул — толькi 40. За тыдзень. Вось i жывi...

— Дык ты скажы яму, — строга павучае мужчына (па ўсiм мяркуючы — бацька. — Аўт.), — скажы, што ты не нейкая там свiсцёлка, што ў цябе малы ўжо ё, што табе гадаваць яго трэба. Што помашчы анiякай — самой i апрануць, i пракармiць. За кватэру заплацiць, за садок... Ты так i скажы: «Раз абяцаў, плацi!»... А то — былi б дурнi, а паны — тут як тут... Развялося, бач, папрывыкалi! У сваю кiшэню, мо, па мiльёну ў тыдзень кладзе. А вы...

Маналог на тэму «Мы i яны» доўжыцца доўга — прыпынкi са тры. «Публiка» — моўчкi слухае. I, магчыма, хоць нехта з яе ды думае, як гэта крыўдна, балюча, калi бацька сваёй роднай дачцэ, унуку не можа дапамагчы нiчым, акрамя парады.

Госцю — добра?

Былi часы... У пятнiцу пасля работы мы садзiлiся ў машыны i ехалi... Хоць куды... У той жа Светлагорск, напрыклад. Не, не ў наш, хоць ён таксама гэтага варты, — у такi ж дагледжаны i ўтульны гарадок Прыбалтыкi. Жылi там два днi на беразе мора, а ў нядзелю вярталiся. Нi табе вiзаў, нi пашпартоў, нi нейкiх мытняў... Да таго ж па дарозе, у любым месцы, можна было смела звярнуць у лес, цi да рэчкi, спынiцца, паставiць палатку, развесцi касцёр, павячэраць, нават пераначаваць.

Адно — прыдарожны сэрвiс быў на нулi: ежу мы бралi з сабой, на зямлi (як дажджу не было) расцiлалi абрус, садзiлiся...

Зараз — iншая справа. Кавярнi ля дарог (хоць i «не густа»), буданкi — са стрэшкамi, са сталамi-лаўкамi, з дровамi для кастра, са скрынкамi для смецця, з туалетамi, а месцамi — нават з калонкамi для вады, з забаўкай для малечы...

Спыняемся неяк. У Божым куточку... Толькi стол накрываць, каб паснедаць, — гаспадар пад’язджае, ляснiк (глянуць, цi чыста?). Мы — выдаткi прафесii — тут жа ў роспыты. Кшталту, а хто гэтыя «карункi» з дошчак выразаў? А хто арэлi паставiць прыдумаў? А хто грыбоў «насадзiў»?.. I чыя, прынамсi, iдэя назву ляснiцтва ў беларускiм арнаменце напiсаць па-руску?

На вось гэта пытанне адказ спадабаўся:

— Дык элементарна ж, — не зразумеў нас гаспадар. — Будуць расiяне нейкiя ехаць — спыняцца, адпачнуць. Iм жа прыемна будзе, што надпiс па-руску?

...Паводле логiкi леснiка, каб прыемна было палякам — трэба надпiс зрабiць па-польску, немцам — па-нямецку, англiчанам — па-англiйску.

Як пры гэтым будзе тутэйшым — справа ж дзесятая, думкi да яе не дойдуць... Як, мiж iншым, i да таго, што госцi едуць да нас, каб убачыць, пачуць, паспытаць, зразумець нешта наша, а не сваё.

Папярэджаны. Цi пакрыўджаны?

За што купiў...

Мужык адзiн у лазню пайшоў, памыўся-папарыўся i толькi тут спахапiўся, што рушнiк не ўзяў. Стаiць, бедны, чухае мокрую патылiцу, думае, што рабiць? Бачыць «плакат» ля акна: «Выцiрацца занавескамi катэгарычна забараняецца». Пачытаў, ды кажа : «О, а гэта ж думка!».

... У нашых гарадах, лiчы, усе гасцiнiцы (у большасцi — з лiнялымi шпалерамi, дабiтай сантэхнiкай, мэбляй...) завешаны «плакатамi» кшталту «СПИД неизлечим!», «Остерегайтесь случайных связей!».

Думка адна (з нагоды) i зусiм не смешная: за каго там прымаюць прыезджых? За людзей?

Гэта — мы

...Хочаш канчаткова зразумець, чаму людзi (i як жа настойлiва!) жадаюць адзiн аднаму здароўя, тады — захварэй (лепш, канешне, лёгенька), памучайся, папакутуй, пакiнь-адлажы свае справы, зляж, даклiчся ўрача... I канешне ж, пахадзi ў палiклiнiку. Такое ўбачыш... Пакуль — драбяза.

Чарга пад дзвярыма — патрэбны кабiнет зачынены.

— Што?! На кварцаванне? — толькi прыклыпаўшы, пытае строгая бабця. — Ды кiньце! Знаю я iх! Якой толькi трасцы не выдумаюць! Абы людзей не прымаць. Сышлiся, нябось, ногi пазакручвалi ды каву там п’юць... Каб яны ўжо...

Захапiўшыся, бабка ледзь паспела папярэдзiць, што яна тут — першая, ледзь паспела заўважыць, што дзверы — ужо адчынiлiся.

— Заходзьце, — ветлiва запрасiла медсястра.

Бабуля жвава падхапiлася з месца i, расплыўшыся ў сустрэчнай усмешцы, расцяжна «запела»:

— Здра-стуй-це, дзяўчатачкi мае! Я, я... Да вас... Зноў. I цукерачак во зноў прынесла. Паседзiцё некалi, чайку...

Далей — я не чула. Дзверы зачынiлiся.

Няма роду без выроду...

Мiця — рэдкае дзiця, на дзiва паслухмянае. Скажа мацi сядзець — шчочкi надзьме i сядзiць. Скажа есцi? А што — толькi давай. Скажа спаць — сам распранецца, ляжа, вочкi закрые i толькi ўздыхае цяжанька.

Лёгка з iм, з... «крадзеным».

Мацi яго ў 36 нарадзiла. Замужам не была i ведала ўжо, што не пойдзе. За нялюбага — не магла, а любы — даўно жанатым быў. На Радаўнiцу да бацькоў прыязджаў (на магiлы). На два днi ў вёсцы спынiўся. Вось яна i...

— Шчаслiвая ты, змагла, — зайздросцiць ёй векавуха-суседка. — А мне вось... I Бог не даў, i сама не пастаралася.

Няма роду без выроду, няма леса без ваўка, а вёскi — без злодзея.

Валянцiна ДОЎНАР.

Ад яе ж... I яшчэ раз... Кнiгу з «Простай мовай» (называецца «Праз каханне») можна купiць (заказаць) на поштах. Калi ўзнiкнуць складанасцi, напiшыце — мы зможам Вам дапамагчы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У папярэдняй падборачцы «Простай мовы» карацелька была пра тое, наколькi залежны чалавек у горадзе (ад суседзяў, машын, камунальнiкаў, магазiнаў...)
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика