Вёска мая родная Лiтвiчы...
Нашчадкi «вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь»
Газета «Звязда» i Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» праводзяць сумесную патрыятычную акцыю памяцi (падрабязнасцi ў «Звяздзе» за 12, 13 і 25 студзеня, 2 лютага г.г.). Мы просiм адгукнуцца жывых сведкаў — тых, каму пашчасцiла выжыць у пекле «вогненных вёсак»... Нямецкi фашызм вёў на нашай зямлi вайну на знiшчэнне: больш за 9200 спаленых беларускiх вёсак, з iх 628 загiнулi ў полымi разам са сваiмi жыхарамi... У чэрвенi (а ён будзе 65-м з пачатку Вялiкай Айчыннай вайны) мяркуем арганiзаваць сустрэчу людзей апаленага лёсу. У адной з залаў дакументальнай фотаэкспазiцыi мемарыяльнага комплексу «Хатынь» будзе створана спецыяльная экспазiцыя «Нашчадкi вогненных вёсак». У рэдакцыю прыходзяць пiсьмы сведкаў тых жудасных падзей, вельмi шмат тэлефонных званкоў. Адчуваецца, што распачатая акцыя за жывое закранула многiх i многiх. Сёння мы змяшчаем лiст у рэдакцыю Уладзiмiра Мацвеевiча Жаваранка, 1929 года нараджэння. Таццяна ПАДАЛЯК. Раненне, атрыманае ў час Вялiкай Айчыннай вайны, калi я быў падлеткам, даўно загаiлася, а вось душэўныя траўмы, звязаныя са стратай родных i блiзкiх мне людзей, пастаянным болем напамiнаюць i зараз. Здарылася гэта 24 мая 1943 года. У той далёкi ад нас дзень я страцiў бацьку, мацi, дзвюх сясцёр. А днём раней акупанты схапiлi i павезлi ў Германiю майго брата Вiктара, адкуль ён ужо не вярнуўся. У тыя днi гiтлераўцы праводзiлi буйнамаштабную аперацыю па лiквiдацыi партызан Барысаўска-Бягомльскай зоны. 21 мая ў мае родныя Лiтвiчы з боку Плешчанiц уварваўся карны батальён. У вёсцы якраз знаходзiлiся партызаны, якiя збiралi прадукты для свайго атрада, што знаходзiўся непадалёк у лесе. Завязалася перастрэлка. Партызаны змаглi пазбегнуць страт i схавацца ў лесе. На наступны дзень Лiтвiчы з ранiцы акружылi карнiкi i загадалi ўсiм жыхарам сабрацца ў цэнтры вёскi. Маладых дзяўчат i хлопцаў пасадзiлi на грузавiкi i павезлi ў бок Плешчанiц, а астатнiм сказалi, каб разыходзiлiся па хатах. Але неўзабаве каля вёскi пачалася стралянiна — гэта партызаны атакавалi карнiкаў. Бой зацягнуўся, у ходзе яго шмат фашыстаў загiнула. У час бою адзiн немец забег у крайнюю хату. Партызан, якi гнаўся за iм, шпурнуў гранату. Раздаўся выбух. У вынiку загарэўся дом, у якiм знаходзiлася сям’я каваля С. Астроўкi. Фашыста забiла, а з членаў сям’i, дзякуй Богу, нiхто не пацярпеў. Пасля гэтага заставацца ў вёсцы было небяспечна. Частка жыхароў Лiтвiчаў падалася ў лес. Наша сям’я накiравалася ў суседнюю вёску Засоўе. Акрамя нас, там знайшлi прытулак яшчэ некалькi сем’яў, усяго чалавек дваццаць. Так-сяк пераначавалi. А на наступны дзень вырашылi схадзiць у Лiтвiчы i забраць адзенне, гаспадарчы iнвентар. Людзi былi ўпэўнены, што за сваё паражэнне фашысты спаляць вёску. З мацi i сястрычкай Марыйкай мы спакавалi дамашнi скарб на калёсы i рушылi з Лiтвiчаў. На вулiцы ўбачылi сваiх суседзяў з дзецьмi, якiя сказалi, што вёску акружаюць немцы. Выехаўшы за вёску, я ўбачыў калону гiтлераўцаў. Мае суседзi за вёскай пайшлi ў бок вёскi Пушча, а я паехаў у бок вёскi Слабада. I тут пачалася стралянiна, кулi свiсталi зусiм побач. Я зразумеў, што фашысты страляюць па мне. Конь ад страху панёсся галопам. Я бег следам. Ногi падкошвалiся, унутры ўсё акамянела, але спыняцца было нельга. Нарэшце я павалiўся пад куст i пачаў прыслухоўвацца. Ачуняўшы, убачыў страшнае вiдовiшча: гарэлi мае родныя Лiтвiчы, родная бацькоўская хата. Дзе цяпер мацi i сястрычка, я не ведаў, бо яны адсталi, уцякаючы. Праз некаторы час я выбраўся на дарогу i пайшоў у бок Слабады. Яна была ачэплена карнiкамi. Мяне затрымалi i прывялi да нейкага начальнiка. Ён размаўляў на рускай мове i запытаў, што я тут раблю. Адказаў, што iду з вёскi Лiтвiчы, якую спалiлi. Мне дазволiлi прайсцi ў Слабаду. Адтуль я перабраўся ў Засоўе. Нарэшце, сустрэўся з бацькамi, якiх маё вяртанне надзвычай узрадавала. Дзiўна, але i конь, на якiм я ехаў, самастойна прыцягнуў падводу ў Засоўе. Надвячоркам я схадзiў у Лiтвiчы. Тое, што ўбачыў, моцна ўразiла. Паветра было напоўнена дымам, дагаралi будынкi — каля 60 хат. Сярод галавешак ляжалi трупы людзей, маiх аднавяскоўцаў. Загiнулi Лiтвiчы... Такая прыгожая вёска была, нiбы намаляваная на карцiнцы. Вярнуўшыся назад, пра ўбачанае расказаў бацькам. Уся сям’я вельмi перажывала. А назаўтра ў хату, дзе спынiлiся мы i яшчэ некалькi сем’яў, зайшлi два карнiкi. Сказалi, што будуць правяраць дакументы. Затым яны аб нечым пагаварылi, i адзiн з iх пайшоў. Але неўзабаве вярнуўся з ручным кулямётам. Зайшоўшы ў хату, ён адкрыў стралянiну па прысутных. Раздалiся крыкi, стогны, плач. Я адчуў востры боль у левым бядры i павалiўся. Побач з сабой разглядзеў бездыханнае цела сваёй сястрычкi Марыйкi. Тым часам карнiкi павыбiвалi вокны i падпалiлi дом. Разам з братамi Астроўкамi — Вiктарам i Адамам — мне ўдалося выбрацца праз акно, калi ўсё наўкол ужо было ахоплена полымем. Сцякаючы крывёю, пабег у лес. Там нас сустрэў партызанскi разведчык, якi перавязаў мне рану i параiў прабiрацца ў вёску Васiлькоўку. Iсцi далей я не мог, бо сiлы былi на зыходзе. Тады Адам узяў мяне на плечы i панёс. Так мы з горам папалам прыйшлi ў Васiлькоўку, у якой знаходзiўся партызанскi атрад «Народныя мсцiўцы» брыгады Варанянскага. Мяне акружылi клопатам i ўвагай, але з сабой не маглi ўзяць — я быў паранены. Заставаўся на волю лёсу. Але шчасце не пакiнула мяне. Да мяне падышла маладая жанчына Шапялевiч Зiнаiда Змiтраўна (зараз яна жыве ў вёсцы Засоўе Лагойскага раёна) з братам Андрэем. Яны завезлi мяне ў вялiкi лес, дзе самi хавалiся ад карнiкаў. У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусi, я аказаўся ў Плешчанiцкiм дзiцячым доме. Работнiкi яго замянiлi мне, як i iншым сiротам вайны, бацькоў, адносiлiся да нас ласкава, уважлiва. Вялiкi iм за гэта дзякуй. У кастрычнiку 1945 года дзяцей старэйшага ўзросту, у тым лiку i мяне, накiравалi ў Мiнск у рамеснае вучылiшча № 9. Там я набыў спецыяльнасць i пайшоў на Мiнскi аўтазавод, дзе атпрацаваў 45 гадоў свайго жыцця. Уладзiмiр ЖАВАРАНАК, ураджэнец вёскi Лiтвiчы Лагойскага раёна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашчадкi «вогненных вёсак»: сумесная акцыя газеты «Звязда» i мемарыяльнага комплексу «Хатынь» |
|