Чым жыве «вясковы мэр»?
Iнга МIНДАЛЁВА
Старэйшыны, упаўнаважаныя, «мэры вёсак»... Iх называюць па-рознаму, аднак найбольш звыклым ва ўжываннi застаецца «стараста». Гэта самы аўтарытэтны, паважаны ў вёсцы чалавек, першы прадстаўнiк улады, да якога аднавяскоўцы звяртаюцца па дапамогу i параду. Iнстытут стараст актыўна дзейнiчае ўсяго другi год, аднак i за такi кароткi тэрмiн паспелi выявiцца станоўчыя зрухi ў арганiзацыi жыцця i добраўпарадкавання вёскi. Што гэта за людзi — старасты, з якiмi праблемамi яны сутыкаюцца, навошта ўвогуле iм такая клопатная неаплачваемая нагрузка?
Старэйшына вёскi Рыжыкi Хацежынскага сельсавета Мiнскага раёна Мiкалай Рыгоравiч Каткоў, нягледзячы на свой пенсiйны ўзрост, лiшняй нагрузкi не баiцца. Ён працягвае працаваць у службе аховы i кантролю на Мiнскiм аптовым рынку, з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета i да абавязкаў старасты ставiцца вельмi сур’ёзна. «З тымi, хто прапiсаны i пастаянна пражывае ў вёсцы (гэта 9 чалавек), нiякiх праблем у нас не бывае, усе пытаннi вырашаем сумеснымi намаганнямi, — гаворыць Мiкалай Рыгоравiч. — Найбольшыя клопаты ўзнiкаюць з «часовымi» пасяленцамi. Участкi набралi, а зямлю не апрацоўваюць, пустазелле не косяць». Дарога, якая праходзiць па галоўнай вулiцы вёскi, неасфальтаваная, хоць транспартны рух там даволi актыўны (яна «выводзiць» на Дзяржынскi накiрунак). «У гэтым годзе мы дамовiлiся з дарожнымi службамi — яны абяцалi пакласцi нам асфальт, — адзначыў стараста. — А яшчэ мы просiм мясцовае кiраўнiцтва, каб у вёсцы зрабiлi аўтобусны прыпынак па патрабаванню. Да блiжэйшага — больш чым паўкiламетра, для старога чалавека (а ў нас у асноўным жывуць пенсiянеры) дайсцi да яго, ды яшчэ з торбамi — цяжка. Некаторыя вадзiцелi i зараз спыняюцца, калi папросiш (асаблiва хто больш сталы), а маладыя толькi ўсмiхнуцца: «Дойдзеш, дзед, табе ж не на працу!» Ёсць пэўныя складанасцi з медыцынскiм абслугоўваннем. Раней аналiзы можна было здаваць паблiзу, у амбулаторыi, а цяпер неабходна ехаць дзеля гэтага за 30 кiламетраў у мiнскую палiклiнiку, да якой прымацаваны ўвесь сельсавет. Ехаць трэба на аўтобусе, а да прыпынку, як мы ўжо казалi, iсцi паўкiламетра... Свае абавязкi старэйшыны Мiкалай Рыгоравiч абцяжваючымi не лiчыць: «Вёска маленькая, усе адзiн аднаго ведаюць. Калi ставiцца да людзей добразычлiва i з павагай, тады i цябе паважаць будуць, заўсёды падтрымаюць i дапамогуць». Вёска Жукаўка ў мiнулым годзе была прызнана лепшым населеным пунктам Юзуфоўскага сельсавета. Яе старэйшына — асоба не зусiм звычайная на гэтай пасадзе — духоўная. Паводле слоў самога настаяцеля прыхода святых апосталаў Пятра i Паўла айца Яўгена, па сваёй iнiцыятыве падобную нагрузку на сябе ён бы не браў, аднак аднавяскоўцы папрасiлi. «Цяпер я абавязаны дапамагаць i як святар, i як стараста, i разглядаю гэта як асобы вiд служэння Богу i людзям». У вёсцы Хацежына аж 4 старэйшыны — што не дзiўна, улiчваючы, колькi там жыхароў (амаль тысяча). Нiна Мiхайлаўна Крабло — адна з гэтых чатырох. «Праца старасты бывае нервовай, як i любая iншая, звязаная з кантактаваннем, — празналася Нiна Мiхайлаўна, — аднак наша задача — знаходзiць падыход да кожнага чалавека, каб сумесна з iм вырашыць любое пытанне. Я без людзей, без кантактавання сябе не ўяўляю. Проста лiчыцца старастам, для «галачкi» немагчыма, трэба БЫЦЬ старастам, нешта рабiць для людзей, дапамагаць iм». За сваю работу «мэры вёсак» заробак не атрымлiваюць, а сiл — душэўных i фiзiчных — трацяць пры выкананнi сваiх абавязкаў многа. Каб неяк стымуляваць i заахвоцiць старастаў, Мiнскi раён на Савет дэпутатаў другi год запар ладзiць раённы злёт старэйшын, на якiм адзначаецца праца ўсiх «вясковых мэраў», а лепшыя за сваю дзейнасць атрымлiваюць падарункi. Сёлета такое мерапрыемства праводзiлася ў Сеннiцкiм Доме культуры. — Мы задаволены вынiкамi працы нашых старэйшын (а iх у раёне каля 350 чалавек), — адзначыла старшыня Мiнскага раённага Савета дэпутатаў Галiна Харытонава. — Калi першы мiнулагоднi злёт быў так званым авансам нашым «мэрам вёсак», то на гэтым мы можам падводзiць пэўныя вынiкi iх працы i рабiць высновы. Бачна, што за год старасты «падцягнулiся», узрасла iх актыўнасць. Нехта сышоў з дыстанцыi, яго замянiлi больш энергiчныя. Калi на першым злёце старэйшыны ў асноўным былi прадстаўлены пенсiянерамi, то сёння iх шэрагi значна амаладзiлiся. Сярод нашых старэйшын — дырэктары школ, загадчыкi дзiцячых садкоў, настаўнiкi, прадпрымальнiкi, фермеры, духоўныя асобы... Стала пачэсным трапiць на наш злёт. Усе запрошаныя старасты атрымалi метадычную лiтаратуру, памятныя сувенiры i лiсты ўдзячнасцi, падпiсаныя старшынямi райвыканкама i раённага Савета. Акрамя таго, перад афiцыйным узнагароджаннем мы правялi выставу, на якой кожны сельсавет прадставiў лепшыя кулiнарныя таленты. Спецыяльная камiсiя прысудзiла два першыя месцы (прыз — мiкрахвалевая печ), два другiя (электрапрас) i два трэцiя (электрачайнiк). Самае каштоўнае для старастаў — прызнанне iх заслуг i ўдзячнасць за добрую працу. Самi старэйшыны на вёсцы — незаменныя людзi, першыя дарадцы i памочнiкi. Акрамя таго, яны як нiхто спрыяюць зблiжэнню i ўзаемадзеянню заканадаўчай i выканаўчай улад.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старэйшыны, упаўнаважаныя, «мэры вёсак»... Iх называюць па-рознаму, аднак найбольш звыклым ва ўжываннi застаецца «стараста». Гэта самы аўтарытэтны, па |
|