21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Стараста з Жукаўкі: «Звязваю народ наш Божы з уладай»

25.08.2009 21:34 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Юзуфоўскi сельскi Савет — самы нешматлiкi ў Мiнскiм раёне: 1300 жыхароў у 19 раскiданых сярод лесу i ўзгоркаў вёсачках. Ёсць такiя, дзе толькi дзве бабулькi на зiму застаюцца. Затое летам люднее ледзь не ўтрая. I тое сказаць, ад Мiнска 30 кiламетраў! Ды мясцiны — казачныя! Старшыня сельскага Савета Вера Iванаўна Мельнiкава ўсё лета i да глыбокай восенi возiць у багажнiку гумавыя боты i спартыўныя штаны: на 20 хвiлiн зойдзе ў лес, падчас абедзеннага перапынку, на шляху ад адной вёскi да iншай, i — пакет баравiкоў, альбо «курачак», цi там груздоў...

Але адсюль, з гэтай раскiданасцi i сезоннасцi жыцця ў наваколлi былога фальварка Юзуфова, свае асаблiвасцi. Па-першае, экалогiя. Людзi, якiя прыязджаюць сюды адпачыць, ставяцца да гэтых мясцiн хутчэй па-спажывецку, чым па-гаспадарску. Па-другое, старыя. Большасць тых, што жывуць тут круглы год, — людзi адзiнокiя i выпрацаваныя. Таму Вера Iванаўна вельмi спадзяецца на вясковых старэйшын. I лiчыць, што дзякуючы iм многае ўдаецца рабiць. Вось i ў гэту, чацвярговую ранiцу, пазванiў з Гатовiна стараста, паведамiў, што ваду ў вёсцы «прарвала». Выйшлi на ЖКГ, хутка пачалi лiквiдоўваць аварыю. Цi, напрыклад, у Садах перагарэлi лямпачкi, таксама даведалася пра гэта Вера Iванаўна праз старасту, а iнакш хто ведае, калi б яна туды даехала ды ўбачыла...

Пра Жукаўку размова асобная. «Люблю туды ездзiць, — прызнаецца старшыня, — там так хораша заўсёды, домiкi акуратненькiя, свежапафарбаваныя, сядзiбы дагледжаныя... Людзi добрыя, ласкавыя».

Ну i стараста ў Жукаўцы — адзiн з лепшых. Не бачыла, але ўяўляю, як Вера Iванаўна, аклiкнуўшы вялiкага i калматага сабаку Алмаза, асцярожна падымаецца па вузкiх прыступках высокага ганка, трымаецца за парэнчы з выразанымi крыжамi, уваходзiць у дом, аглядае халасцяцкi быт, уздыхае i дастае з сумкi слоiк марынаваных грыбкоў...

— Смачныя ў вас нарыхтоўкi, даўно хацеў сказаць! — раптам згадаў айцец Яўген Гарачка, калi Вера Iванаўна запрасiла яго разам з журналiстамi да чаю. Вось так i адкрылася прадстаўнiкам сродкаў масавай iнфармацыi, чым старшыня сельскага Савета стымулюе сваiх сувязных з народам Божым...

Iерэй Яўген Гарачка ўзначальвае Свята-Пятра-Паўлаўскi прыход у Жукаўцы шэсць гадоў, а старастам у гэтай жа вёсцы — чацвёртую зiму. Ён быў адным з першых, i пакуль адзiны сярод старастаў святар. Вера Iванаўна лiчыць, што унiкальнае гэта спалучэнне вельмi ўдалае.

Слова святара мае вялiкую вагу, асаблiва, калi яго шануюць i любяць. А айцец Яўген з тых, хто прапаведуе не толькi праз слова, але i праз справу. Ён належыць да праславутага пакалення «пепсi», дзяцiнства якiх прыйшлося на брэжнеўскiя 70-я, а сталенне — на 90-я (калi адраджэнне рэлiгii амаль супала з адраджэннем дзяржаўнасцi). Можа таму яго, прадстаўнiка «апошнiх рамантыкаў», нiколькi не бянтэжыць, што ў Жукаўцы ўсяго толькi 15 двароў, у якiх жыве тузiн адзiнокiх старых жанчын ды пара мужчын. Ён шэсць гадоў прысвяцiў рэстаўрацыi мясцовай царквы, пабудаваў званiцу i плануе абсталяваць купель...

— Ды калi ж вы апошнi раз хрысцiлi? — здзiўляюся я.

— Усяго толькi днi чатыры таму, — канчаткова ашаламляе айцец Яўген. I тут жа тлумачыць: — Дачнiкi. Яны прымушаюць працаваць. Iнакш бы заснуў ад сваёй ляноты.

Айцец Яўген не сумняваецца, што людзi ў вёску вернуцца. Можна сказаць, гэта пачалося ўжо: у Жукаўцы з’явiлася нядаўна маладая сям’я. Цяпер ёсць у вёсцы сваё дзiця. Адзiнае пакуль. Дзяўчынка ездзiць на аўтобусе ў Юзуфова ў школу. А бацькi — у Мiнск на працу. 30 кiламетраў — не так ужо i далёка. Дарогi добрыя, аўтобусная сувязь выдатная (дзякуючы ўсё тым жа дачнiкам)...

— У вёскi шмат пераваг перад горадам, — гаворыць жукаўскi стараста. — Хутка людзi гэта зразумеюць.

I прыедуць. А тут прыгажосць, цiшыня, «спакой на зямлi i ў нябёсах добрая воля»... Дарэчы, у Жукаўцы няма пiтушчых людзей.

I хоць Яўген Гарачка згодны, што першай умовай для сапраўднага вяртання павiнна быць рэч прыземленая — занятасць, месца працы, але сам ён пачынае з iншага боку, забяспечвае «нябёсы» — храм Божы. Адрэстаўраваў, абсталяваў яго разам з прыхаджанамi ў Жукаўцы, мiтрапалiт Фiларэт блаславiў на будаўнiцтва ў Юзуфова.... I вось дзiва, мясцовы храм падчас святаў поўны. I, дарэчы, працу ў Жукаўцы цяпер можна знайсцi менавiта ў царкве. У прыходзе ёсць свой трактар, аўтамабiль УАЗ, участак зямлi, майстэрня па вырабу дошак для абразоў...

— Мне 83 гады, — гаворыць Марыя Васiльеўна Лабко, — а я карову трымаю. Жыву адна, усё сама раблю. Сама кашу, кляплю... Бацюшка дапамагае. Даў мне маладых хлопцаў, дык пасеклi дровы, вунь яны ляжаць там... Сена прывозiлi на трактары. А раней жа пасцiлкай насiла!

— У двух кiламетрах адсюль ёсць вёска Лысая Гара, — тлумачыць дачка Марыi Васiльеўны, калi я пытаюся пра «маладых хлопцаў», — там манахi жывуць, а пад iх наглядам працуюць людзi, якiм прытулiцца няма дзе. Хто з турмы выйшаў, хто з бальнiцы... Некаторыя тут з’яўляюцца. Дык бацюшка дае iх нам на дапамогу.

У Лысай Гары знаходзiцца падвор’е Навiнкаўскага Свята-Елiсавецiнскага жаночага манастыра. Там па манастырскаму уставу жывуць i працуюць людзi, якiя iмкнуцца пазбавiцца ад алкагольнай i наркатычнай залежнасцi. Вось адтуль, з падвор’я, i прыходзяць хлопцы да айца Яўгена. Дапамагаюць яму i вясковым людзям. Добраўпарадкавалi, абгарадзiлi могiлкi, упрыгожылi кветнiкамi i дарожкамi храмавую тэрыторыю, падтрымлiваюць парадак у вёсцы i ў наваколлi... Людзi гэтыя мяняюцца. Нехта вяртаецца да сваякоў, нехта жэнiцца, нехта — зрываецца... Але ўвесь час некалькi чалавек у айца Яўгена ёсць.

— У першую чаргу я — святар, — гаворыць пра «падзел» сваiх абавязкаў Яўген Гарачка. — А тое, што раблю як стараста, супадае з сацыяльным служэннем царквы. Гэтым i раней займаўся, цяпер толькi ўсё больш акрэслена. Ды i лягчэй стала, бо маю спiс тэлефонаў, ведаю, па якiх пытаннях каму пазванiць. Першая задача мая як старасты — парадак у вёсцы, другая — адзiнокiя старыя. Ды людзi тут, дзякуй Богу, непатрабавальныя, працавiтыя, за дамамi сваiмi добра даглядаюць...

Зараз айцец Яўген як старэйшына дапамагае вырашыць канфлiкт, якi ўзнiк з-за падзелу тэрыторыi. Разам са старшынёй сельсавета i землямерам уваходзiў у камiсiю, якая складала акт агляду спрэчнага ўчастка. А як святар спрабаваў угаварыць людзей вырашыць пытанне мiрна, без суда, па-людску. Не ўдалося...

Яшчэ адна справа з лiку «старэйшынскiх» — тэлефанiзацыя. Пакуль у Жукаўцы толькi 2 нумары, але ёсць магчымасць правесцi тэлефон у кожную хату. Вось з гэтай мэтай айцец Яўген i абышоў усiх сваiх аднавяскоўцаў. Цяпер трэба ехаць у Мiнск, афармляць.

...За апошнiя некалькi гадоў у Жукаўцы адбылiся заўважныя перамены да лепшага. Акрамя таго што цэркаўка аднавiлася, у 2004-м цалкам замянiлi ўстарэлую, 60-х гадоў, электрасетку. Наладжаны вываз смецця, навакольны лес вычысцiлi ад турысцкага i дачнага бруду...

У 2004 годзе Жукаўка прызнаная лепшым населеным пунктам (па добраўпарадкаванню) у сельсавеце, а ў 2005-м Яўген Гарачка — лепшым старэйшынам. Тут дзве рэчы забяспечылi поспех. Адчуванне, што ўсё гэта патрэбна людзям, прычым не толькi тым, якiя жывуць сёння, але i тым, што прыйдуць жыць заўтра. I гатоўнасць уладаў дапамагчы. «Колькi б я i з якой нагоды нi звяртаўся, нiколi не чуў «не», — сказаў старэйшына Жукаўкi.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юзуфоўскi сельскi Савет — самы нешматлiкi ў Мiнскiм раёне: 1300 жыхароў у 19 раскiданых сярод лесу i ўзгоркаў вёсачках. Ёсць такiя, дзе толькi дзве
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика