Запозненая «валянцiнка»
Нiна РЫБIК
Лiнii жыцця У сённяшнiм календары гэтыя два Днi — святога Валянцiна i памяцi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў — амаль сышлiся. Адзiн рознакаляровымi сэрцайкамi запаланяе краiну 14 лютага, другi — вянкамi i слязамi — 15-га.Тады, у самым пачатку васьмiдзесятых, гэтых свят не было. Дзень закаханых, параджэнне загнiваючага капiталiзму (i ёсць думка, вытворцаў вiншавальных паштовак), быў па сутнасцi сваёй чужы нашай сацыялiстычнай iдэалогii. А пра «чорныя цюльпаны» ведалi хiба несуцешныя мацяркi ды блiзкiя. Гэта потым ужо iх сыноў, пасмяротна, назвалi героямi, пачалi ставiць помнiкi, называць у iх гонар пiянерскiя дружыны, пiсаць вершы i песнi. А тады — не дазвалялi нават пахаваць з адпаведнай пашанай... У Юлii Друнiнай ёсць верш, лейтматывам у якiм гучыць радок: «Не сустракайцеся з першым каханнем». Таццяне ён падабаецца, яна ведае яго на памяць. I ўсё роўна марыць сустрэцца. ...Яны пазнаёмiлiся звычайна — на танцах, калi яна пасля першага курса прыехала дамоў на летнiя канiкулы. Памiж iмi не было нiчога агульнага: яна — разумнiца, з добрай, паважанай сям’i, з залатым медалём закончыла школу, лёгка паступiла ў iнстытут, пiсала вершы, любiла класiчную музыку. Ён, перабiваючыся з «двойкi» на «тройку», ледзь закончыў васьмiгодку, потым — ПТВ, атрымаўшы правы трактарыста, стаў працаваць у калгасе. Кнiгi адкрываў, калi здаваў экзамены, ды i то, каб адразу ж закрыць. Наўрад цi ён ведаў, чым адрознiваюцца творы Гётэ ад Штрауса, а Рэмарка ад Пiкасо. Але iснавала нешта, што аб’ядноўвала iх, такiх непадобных: абое — былi «белымi варонамi» ў асяродку модных, «прасунутых», разняволеных. Сяргей быў непрыгожы, да таго ж нясмелы, негаваркi. Затое хлопцы, з якiмi працаваў, казалi, што мужык — сапраўдны, любога выручыць — i свайго, i чужога, апошнiм падзелiцца. (Але ж нашто маладым дзяўчатам верныя ды надзейныя? Iм падавай прыгожых, вясёлых — каб сяброўкi зайздросцiлi!) Таццяне таксама цяжка было. Яна заўсёды лiчыла сябе «брыдкiм качанём», саромелася сваiх акуляраў, высокага росту — з-за гэтага ўвесь час сутулiлася, каб здавацца меншай. I ўсё роўна нiхто яе не запрашаў на танцы, не праводзiў дахаты i не трымаў за руку ля веснiчак — чаго ёй, як i кожнай дзяўчыне ў семнаццаць, неадольна хацелася... Сяргей стаў першым, хто заўважыў яе, падпiраўшую сцяну ў вясковым клубе, i, страшэнна саромеючыся i таму... крыху развязна, запрасiў танцаваць. Яна, нягледзячы на тую яго хамаватасць, працягнула руку... I раптам аказалася, на дзiва ўсiм прысутным, што танцуюць яны проста цудоўна. Ён пяшчотна i клапатлiва вядзе яе ў танцы, а ёй вельмi да твару чырвань на шчоках i бляск у вачах, што не маглi схаваць нават акуляры. У той вечар ён праводзiў яе дахаты, а на наступны дзень падарыў першыя ў яе жыццi кветкi — белыя, з лёгкай крэмавай жаўцiзной рачныя лiлеi. Яна ўяўляла, як ён плыве за iмi на сярэдзiну глыбокага возера, як дае нырца, каб сарваць як мага большае сцябло, як потым, саромеючыся i хаваючы ад усiх — але ж так, каб не памяць, не пашкодзiць далiкатныя пялёсткi — нясе iх за сем кiламетраў... Для яе не было рознiцы, якiя адзнакi стаялi ў яго атэстаце — яна закахалася! I ўзаемна — Сяргея таксама не спынялi перасцярогi сяброў: маўляў, «надта разумная». Яны сустракалiся штовечар. Бывала, iшлi на дыскатэку, а часцей проста гулялi за вёскай: слухалi ашалеўшых салаўёў, лiчылi зоры, што сыпалiся з неба бясконцым дажджом, загадвалi жаданнi — кожны сваё, а ўвогуле аднолькавыя, гаварылi пра ўсё на свеце, i цалавалiся... Лета прамiльгнула як знiчка. Таццяне трэба было ехаць на вучобу... У горадзе яна пакутавала: жыццё, быццам, спынiлася там, за акном цягнiка — пасля таго, як праплылi i знiклi яго сумныя-сумныя вочы. Нi лекцыi, нi семiнары, нi вясёлы шчэбет аднакурснiц не выводзiлi яе з трансу, у якiм адной-адзiнай жывой нiткай бiлася надзея: «Сёння! Так, менавiта сёння павiнна прыйсцi пiсьмо — я ж паслала ўжо некалькi, не можа быць, каб ён не атрымаў». Але скрынка з лiтарай «М» у iнтэрнацкiм вестыбюлi была альбо абсалютна пустой, альбо там ляжалi зусiм не тыя канверты. Яна прыдумвала ўсялякiя страсцi — ён захварэў, трапiў у аварыю, разлюбiў, яе пiсьмы перахоплiвае i знiшчае нейкая зламыснiца... Але сяброўкi пiсалi, што час ад часу сустракаюць Сяргея, што ён атрымлiвае яе пiсьмы, што працуе i сумуе па ёй, чакае прыезду... Яна злавалася i чакала, чакала лiста... Урэшце, праз некалькi месяцаў, калi яна ўжо амаль паверыла, што ён не напiша, той лiст усё-ткi з’явiўся, i яна зразумела, чаму iх не было. У нейкiм дзесятку сказаў на аркушыку са школьнага сшытка (яна тут жа вывучыла iх на памяць, у кожным слове шукаючы i знаходзячы патаемны сэнс) было мо сто арфаграфiчных памылак — з iмi быў напiсаны нават адрас, нават яе прозвiшча! Пiсьмо яна (шчаслiвая тым, што ён усё ж напiсаў, што любiць — i адначасова згараючы з сораму ад яго неадукаванасцi) парвала адразу ж — каб нiхто не ўгледзеў, не пасмяяўся з яе каханага. Але тады ўпершыню ў галаве ўзнiкла думка: як жа мы будзем разам, такiя розныя? Пра што мы будзем гаварыць? Пiсьмаў больш не было. Сустрэч — таксама: яна вучылася далёка ад роднага дома i час, якi лечыць любыя раны, паступова зацягваў гэту. Спрыяла таму крамольная думка, якая, аднойчы з’явiўшыся, больш не пакiдала... Калi зноў зацвiла чаромха i звар’яцелi салаўi, яна ўсiмi праўдамi i няпраўдамi вырвалася дахаты. Каб сустрэцца з iм i сказаць, што наступнага лета ў iх не будзе. Што яна едзе ў студэнцкi атрад i ўвогуле больш не кахае... Ён прасiў не спяшацца, падумаць, не кiдаць, абяцаў пiсаць... Кожны дзень — калi ў гэтым уся прычына. Раззлаваны, пагражаў, абражаў i... спрабаваў ударыць, чым забiў апошнi цвiк у труну iх былога кахання. ...Дамоў яна прыехала ў канцы жнiўня на пару дзён — загарэлая, вясёлая, з агеньчыкам у вачах i новым каханнем у сэрцы. Тое першае салаўiнае лета зрабiла сваю справу: з «брыдкага качаняцi» Таццяна ператваралася ў цудоўнага лебедзя. I сустрэла яго: схуднелага, учарнелага, панiкшага... Яна не адчувала сябе вiнаватай: не падманвала ж, не юлiла. А сэрцу не загадаеш: палюбiла, разлюбiла... I нельга заставацца з чалавекам з жалю... Так яна пераконвала сябе. I гэта амаль удалося. Але калi сяброўкi напiсалi, што Сяргея забралi ў армiю i што служыць ён у Афганiстане, сэрца зайшлося ад няяснай трывогi i амаль забытай тугi... Яна гнала ад сябе дрэнныя думкi — вучылася, сустракалася з хлопцамi, хадзiла на танцы. I раптам, як каменяпад у гарах, аглушальным — да забыцця, да страты прытомнасцi — болем ударыла вестка: ён загiнуў. Месяц не дацягнуў да «дэмбелю». Яго БТР падарваўся на душманскай мiне. Пахавалi тыдзень назад... У першы ж свой прыезд, ледзь пераступiўшы парог i змянiўшы прапыленыя далiкатныя басаножкi на растаптаныя кеды, Таццяна рушыла ў суседнюю вёску. На гэты раз ужо яна, як некалi ён, несла кветкi. На вясковых могiлках сустрэла яго мацi. — Асiрацелi мы, дзiцятка, — абняўшы яе за плечы, заплакала гэта амаль незнаёмая ёй кабета. I дадала: — Каб жа ты яго чакала, каб пiсала яму — можа б гэтага i не здарылася... I не было як казаць гэтай ссiвелай, горам прыгнутай жанчыне, што развiталiся яны задоўга да прызыву ў армiю, што сэрцу — не загадаеш. ...Сёння Таццяна — паспяховая жанчына: у яе — цiкавая i, што самае галоўнае, любiмая работа, добрая сям’я — прыгожыя дзецi, каханы муж, на якога зайздросцяць суседкi i якому яна на навамоднае свята дорыць наiўна-кранальныя сэрцайкi. Але кожны год назаўтра яна рвецца ў вёску. I — калi па снезе i марозу, калi праз завiруху цi слату — за сем кiламетраў iдзе да суседнiх могiлак. Каб убачыць такiя сумныя-сумныя (як тады, за акном цягнiка) родныя вочы i палажыць на чорны мармур некалькi чырвоных гваздзiкоў. Сваю запозненую «валянцiнку»... г.п. Астравец.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сённяшнiм календары гэтыя два Днi — святога Валянцiна i памяцi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў — амаль сышлiся. Адзiн рознакаляровымi сэрцайкамi запаланяе
|
|