Пасля Чарнобыля. Пытаннi i адказы
Мікалай ЛІТВІНАЎ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Рыгоравiч ЦАЛКО
(Працяг. Пачатак у нумары за 21 і 22 лютага.) Мiхаiл Аляксандравiч Анiскавец, г. Брагiн: — На працягу мая ў 1986 годзе працаваў у 30-кiламетровай зоне, ёсць дакументальнае пасведчанне гэтага. Аднак пасведчанне лiквiдатара не атрымаў. Нiяк не магу атрымаць адказу на пытанне наконт таго, чаму так са мной абышлiся? — Устанаўленне статуса ўдзельнiка лiквiдацыi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ажыццяўляюць спецыяльна створаныя камiсii рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, аблвыканкамаў, ваенкаматаў, органаў сацыяльнай абароны. Робiцца гэта на падставе першасных дакументаў, якiя пацвярджаюць месца (канкрэтны населены пункт), час i вiды работ, што выконвалiся. Мiхаiл Аляксандравiч, для ўстанаўлення статуса ўдзельнiка лiквiдацыi наступстваў аварыi на ЧАЭС вам неабходна прадставiць патрэбныя дакументы ў камiтэт па працы i сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама. Дарэчы, я ў блiжэйшы час буду ў Брагiне, так што з усiмi акалiчнасцямi вашай справы на месцы асабiста разбяруся. Марыя Максiмаўна Ярэц, Хойнiцкi раён: — Мы жывём у зоне з правам на адсяленне. Дачка скончыла медыцынскае вучылiшча i зараз працуе ў Гродне медсястрой. Ёй выплацiлi «пад’ёмныя» i пасялiлi ў iнтэрнаце, дзе яна мела часовую прапiску. Цяпер яе з гэтага iнтэрната высяляюць. Наколькi гэта правамоцна? Куды ёй звяртацца за вырашэннем жыллёвай праблемы, цi можа дачка ўзяць iльготны крэдыт на набыццё жылля? — У адпаведнасцi з заканадаўствам, якое дзейнiчае зараз, iнтэрнаты прызначаны для пражывання грамадзян на перыяд iх работы або вучобы. Сезонныя, часовыя работнiкi, грамадзяне, якiя працавалi па тэрмiноваму дагавору, а таксама тыя, хто скончыў навучанне, падлягаюць высяленню без прадстаўлення iншага жылога памяшкання. Вашай дачцэ можна параiць стаць на ўлiк маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Гэта робiцца па месцы пастаяннага пражывання (па рашэнню выканаўчых, распарадчых устаноў) i па месцы працы (па рашэнню адмiнiстрацыi адпаведнай арганiзацыi на падставе пiсьмовай заявы). Як вынiкае з Закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», прадастаўленне льготнага крэдыту на будаўнiцтва цi набыццё жылля грамадзянам, што выехалi з зоны з правам на адсяленне, не прадугледжана. Фёдар Паўлавiч Пятрэнка, г. Магiлёў: — Калi плануецца завяршыць перасяленне жыхароў на Магiлёўшчыне? Колькi ўсяго было пераселена з 1986 года ўвогуле па вобласцi i, у прыватнасцi, па Чэрыкаўскаму раёну? — Па-першае, хачу заўважыць, што адсяленне людзей з зон першачарговага i наступнага адсялення ў Магiлёўскай вобласцi поўнасцю завершана. У вынiку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыi рэгiёна знiклi 138 населеных пунктаў. На экалагiчна чыстыя пераселена 25 285 чалавек, у тым лiку з зоны забруджвання больш чым 15 Кюры на кв. кiламетр — 12 615. У Чэрыкаўскiм раёне абавязковаму адсяленню падлягалi 25 населеных пунктаў, дзе пражывала 1764 сям’i. Усе яны пераселены. Увогуле з 1986 года за межы Чэрыкаўшчыны выехала 6130 чалавек, яшчэ 800 — адсялiлiся ў межах раёна. Анатоль Iванавiч Дашкевiч, в. Кублiца Слуцкага раёна: — Цi будуць сёлета ўдзельнiкам лiквiдацыi наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС, якiя карыстаюцца льготамi па артыкуле 20, выдзяляцца бясплатныя пуцёўкi на аздараўленне? — Людзi, якiя карыстаюцца льготамi ў адпаведнасцi з артыкулам 20 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», маюць права на першачарговае забеспячэнне пуцёўкамi для санаторна-курортнага лячэння i адпачынку. Бясплатныя пуцёўкi гэтай катэгорыi насельнiцтва не прадастаўляюцца. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Бела |
|