Пасля Чарнобыля. Пытаннi i адказы
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Рыгоравiч ЦАЛКО
(Працяг. Пачатак у нумарах за 21, 22, 23 лютага.) Сяргей Мiхайлавiч КАРАЛЁЎ, г. Гомель: — У мiнулым годзе былi зацверджаны новыя карты радыяцыйнага забруджання. Чым быў абумоўлены такi крок? — Карты забруджання рэгiёнаў Беларусi, якiя пацярпелi ў вынiку аварыi на ЧАЭС, адлюстроўваюць сапраўдную карцiну радыяцыйнай абстаноўкi ў нашай дзяржаве. У адпаведнасцi з Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якiя падверглiся радыяцыйнаму забруджанню ў вынiку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», не радзей аднаго разу ў пяць гадоў урадам пераглядаецца пералiк населеных пунктаў i аб’ектаў, якiя знаходзяцца ў «зоне» з улiкам ступенi забруджання тэрыторый доўгажывучымi радыенуклiдамi i адпаведных змяненняў абстаноўкi. У сувязi з чым i ўдакладняюцца карты адпаведных зон i пералiк населеных пунктаў i аб’ектаў, якiя знаходзяцца ў iх. Леанiд Макаравiч БАРЫСАЎ, г. Жлобiн: — Хацелася б даведацца наконт таго, цi адбудуцца нейкiя змены ў парадку арганiзацыi аздараўлення чарнобыльцаў? Кошт пуцёвак будзе павялiчвацца? — Змяняць той парадак арганiзацыi аздараўлення, якi iснуе цяпер, немэтазгодна. Цяпер наконт кошту пуцёўкi. У адпаведнасцi з нарматыўнымi дакументамi, гэтая велiчыня разлiчваецца санаторна-курортнай арганiзацыяй — у разлiк прымаецца кошт прадуктаў харчавання, медыцынскiх прэпаратаў i матэрыялаў, транспартныя расходы, заработная плата персаналу i г.д. Таму на адным i тым жа ўзроўнi кошт пуцёўкi заставацца не можа. Аднак рост гэты заўсёды ўзважаны i суадносiцца з узроўнем даходаў людзей. Так што падстаў для хваляванняў няма. Кiрыл Сяргеевiч НАСАНОВIЧ, г. Гомель: — Зараз адбываецца пераспецыялiзацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Цi магчыма ўзяць у гэтым удзел i фермерам? — Пераспецыялiзацыя адбываецца ў гаспадарках, якiя размешчаны на забруджаных тэрыторыях, дзе маецца рызыка атрымання сельскагаспадарчай прадукцыi, утрыманне радыенуклiдаў у якой вышэй за дапушчальныя ўзроўнi. Тут мяркуецца перайсцi да вытворчасцi прадукцыi, якая не назапашвае ў небяспечных межах радыенуклiды i, як следства, не патрабуе дадатковых ахоўных мераў падчас яе выпуску (якiя i грошай вялiкiх каштуюць). Такi падыход эканамiчна абгрунтаваны. Калi фермер гаспадарыць у адпаведных умовах, то мясцовыя ўлады могуць вырашыць пытанне аб пераспецыялiзацыi яго дзейнасцi i аб аказаннi неабходнай дапамогi (у тым лiку i эканамiчнай) для правядзення неабходных мерапрыемстваў. Вольга Iванаўна IВАНОВА, г. Рагачоў: — Я лiквiдатар, маю пасведчанне па дваццатаму артыкулу. Якiя ў мяне ёсць iльготы? — Адной з асноўных iльгот для ўдзельнiкаў лiквiдацыi аварыi на Чарнобыльскай АЭС па артыкуле 20 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» з’яўляецца пераважнае права на атрыманне пуцёўкi для санаторна-курортнага лячэння i адпачынку. Акрамя таго, калi вы працавалi ў зоне першачарговага адсялення, то маеце права на атрыманне штогадовай грашовай дапамогi на аздараўленне. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Белару |
|