Майстар-клас Iны Афанасьевай
Марына КУЗЬМIЧ
ДЗIЦЯЧЫ СВЕТ Беларусь узрасцiла не адно пакаленне таленавiтых дачок i сыноў, iмёнамi якiх мы ганарымся. Але кожнаму таленту, каб раскрыцца поўна i ярка, на пачатку шляху важна адчуць падтрымку родных, сяброў, ведаць меркаваннi сваiх чытачоў, слухачоў, гледачоў...З мэтай падтрымаць таленавiтую моладзь нядаўна ў ДК МАЗ было арганiзавана шоу «З «Хвiлiнкай» да поспеху». Артысты тэатра дзiцячай эстраднай песнi «Хвiлiнка» дэманстравалi гледачам свае здольнасцi, а падтрымаць iх у такi адказны момант прыйшла спявачка Iна Афанасьева. Адкрылi мерапрыемства самыя маленькiя артысты. Дарослыя, гледзячы на iх, прыгадалi дзяцiнства, а хлопчыкi i дзяўчынкi не маглi ўседзець на месцы i танчылi ля бацькоў. Музычная праграма госцi дзiцячага тэатра Iны Афанасьевай сабрала аншлаг у зале, бо яе песнi любяць аднолькава i дарослыя, i дзецi. Кульмiнацыяй свята стаў майстар-клас Iны для маленькiх зорачак. Спявачка цярплiва адказвала на самыя розныя пытаннi. Дзецям было цiкава, што любiць есцi спявачка, цi ёсць у яе браты, сёстры, якi занятак у дзяцiнстве быў самым любiмым, якiя песнi любiла спяваць, калi была маленькай, з якiмi паэтамi i кампазiтарамi супрацоўнiчае зараз, аб чым марыць... Аказалася, што белакурая прыгажуня не любiць ласавацца цукеркамi i пiрожнымi — ёй падабаецца смажаная бульба з салам i агуркамi. З самага дзяцiнства Iна марыла стаць артысткай. Калi яе, маленькую, прынеслi ў царкву хрысцiць, бацюшка, пачуўшы Iнiна «падпяванне», сказаў: «Спявачкай будзеш!». А суседзi ў вёсцы, адкуль Iна родам, лiчылi чамусьцi, што яна абавязкова стане танцоркай. Госця свята прызналася, што ў дзяцiнстве марыла пакатацца на белым канi. I аднойчы, ужо стаўшы спявачкай, выйшла пасля дабрачыннага канцэрта ў Гомельскай вобласцi на ганак Дома культуры — а яе чакаў белы конь... Пачынаючым артыстам Iна Афанасьева пажадала цярпення, поспехаў у вучобе i многа радасцi. Узорны тэатр дзiцячай эстраднай песнi «Хвiлiнка» (мастацкi кiраўнiк — Таццяна Панова) на працягу дзесяцi гадоў радуе прыхiльнiкаў сваёй творчасцю. Тэтр з’яўляецца лаўрэатам тэлевiзiйнага конкурсу «Тэлебом», беларускага тэлефестывалю народнай творчасцi «Залатыя ключы», «Сузор’е», гарадскога фестывалю дзiцячай эстраднай песнi «Белая Русь», прымаў удзел у тэлевiзiйным конкурсе юных талентаў «Сузор’е надзей», а таксама ў XIII мiжнародным дзiцячым фестывалi ў Турцыi. «Хвiлiнка» — жаданы госць на юбiлейных вечарынах знакамiтых паэтаў, кампазiтараў, артыстаў. Ёсць у тэатра i маленькiя прыхiльнiкi, якiя часта сустракаюцца на дзiцячых дыскатэках «Юлька» i «Макс-шоу». У кожным эстрадным нумары «Хвiлiнкi» вакал сплятаецца з харэаграфiчнымi пастаноўкамi. З хлопцамi i дзяўчатамi працуе харэограф, выкладчык па вакалу, акампанiятар, рэжысёры, аранжыроўшчыкi. З сямiгадовага ўзросту прыходзяць дзецi ў «Хвiлiнку», але артыстамi становяцца не адразу: да запаветнага выхаду на сцэну некаторыя з iх рыхтуюцца амаль год. Выхаванцы тэатра выконваюць песнi, якiя сталi любiмымi для многiх пакаленняў («Песня Красной шапочки», «Чунга-Чанга», «Первые шаги»). Для «Хвiлiнкi» пiшуць новыя творы паэты i кампазiтары Валерый Iваноў, Алег Елiсеенкаў, Алена Атрашкевiч, Фёдар Баравы, а таксама Васiль Жуковiч, Аляксандр Балашоў, Уладзiмiр Курловiч. — Мы вырашылi арганiзаваць такое мерапрыемства для таго, каб даць магчымасць дзецям раскрыць свае здольнасцi, паказаць талент, — расказвае адмiнiстратар Яўген Фамбараў. — Акрамя таго, што дзецi змаглi задаць пытаннi сапраўднай «зорцы», сфатаграфавацца, атрымаць аўтограф, яны, выступаючы з Iнай Афанасьевай на адной сцэне, убачылi, як трэба працаваць i паводзiць сябе на сцэне. Юныя артысты працуюць не як дзецi. Яны не просяць, каб iх пашкадавалi, i гатовыя шмат трэнiравацца, выступаць... — Лёгкага хлеба не бывае. Калi чалавек хоча дасягнуць поспеху, стаць сапраўдным майстрам сваёй справы, ён павiнен працаваць з поўнай аддачай, натхненнем. Важна любiць сваю справу i рабiць гэта з павагай да людзей, — падзялiлася з дзецьмi сакрэтамi прафесii Iна Афанасьева. — Калi я выходжу на сцэну, мая задача — зрабiць гледачоў хоць на некаторы час шчаслiвымi, прымусiць забыцца на свае жыццёвыя праблемы. Артыст, спявак, музыкант нецiкавы людзям, калi не можа ўсхваляваць. Мой унутраны стрыжань — гэта каханне i самаадданасць прафесii. Не мае значэння, колькi чалавек прыйшло на мой канцэрт — я павiнна адкрыць iм сваё сэрца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь узрасцiла не адно пакаленне таленавiтых дачок i сыноў, iмёнамi якiх мы ганарымся. Але кожнаму таленту, каб раскрыцца поўна i ярка, на пачатку |
|