Жыхары старажытнай Берынгii
Аляксандр АЧАРЭТНI
ПЛАНЕТА ЖЫВЁЛ З самага «пачатку гiсторыi» чалавек з вялiкай цяжкасцю дзялiў сваю жыццёвую прастору з адной з самых старажытных, але iснуючых i сёння рэптылiй — кракадзiлам.Стаўленне да кракадзiлаў заўсёды было адно — яны прымушалi чалавека замiраць. Часам гэта замiранне было падобна на рэлiгiйнае пачуццё — тады кракадзiлаў абагаўлялi, часам — проста на страх, тады кракадзiлаў знiшчалi. Старажытнаегiпецкi бог Себек (Сабек цi ж Сухас), уладар водаў i водных стварэнняў, добра вядомы сучасным егiптолагам, яго зямная iпастась — кракадзiл, калi дакладней — нiльскi кракадзiл. Кожны год, каб задобрыць Себека, на разарванне кракадзiлам у горадзе Амбосе аддавалi самых прыгожых дзяўчынак. Падобны культ характэрны не толькi для старажытнага Егiпта. Абагаўляюць кракадзiлаў i плямёны, якiя жывуць на берагах Вялiкiх афрыканскiх азёраў. У Iндыi да гэтай пары ўшаноўваюць адзiн з вiдаў кракадзiлаў — гавiяла. Яго лiчаць зямным увасабленнем бога Вiшну i скормлiваюць яму трупы памёршых людзей. А ў Пакiстане, недалёка ад Карачы, многiх паломнiкаў прыцягвае свяшчэнная сажалка, дзе жывуць балотныя кракадзiлы высокага рэлiгiйнага рангу. Аднак з росквiтам Рымскай iмперыi стаўленне да кракадзiлаў змянiлася. Немалую ролю ў пагалоўным знiшчэннi кракадзiлаў адыграла мода на крывавыя вiдовiшчы. Акрамя гладыятараў на арэнах Рыма спаборнiчала i мноства жывёлiн, кракадзiлы тут былi ў асобым фаворы. Напрыклад, пры асвячэннi чарговага храма, прысвечанага богу вайны Марсу, у баях з гладыятарамi на працягу аднаго дня загiнулi 36 нiльскiх кракадзiлаў. Аднак гiбель на арэнах не iдзе нi ў якое параўнанне з бiццём гэтых рэптылiй, якое пачалося са з’яўленнем агнястрэльнай зброi. У абарону людзей трэба сказаць, што ў некаторых мясцовасцях да гэтай пары людзей ад кракадзiлаў гiне значна больш, чым ад ядавiтых змей i драпежнiкаў разам узятых. Самыя небяспечныя з кракадзiлаў — нiльскi i грабнiсты — не адрознiваюць чалавека i антылопу, першаму яны ў некаторых мясцiнах нават аддаюць перавагу — не такi спрытны. Пасля агульнага знiшчэння раптам высветлiлася, што ў прыродзе кракадзiл проста жыццёва неабходны. У афрыканскiх правiнцыях, дзе гiганцкiя рэптылii былi практычна знiшчаны, раптам рэзка скарацiлiся ўловы рыбы. Высветлiлася, што кракадзiлы з’ядалi вялiкую колькасць аслабленай паразiтамi рыбы, змяншаючы пры гэтым рызыку заражэння здаровай рыбы. Акрамя таго, у адсутнасць кракадзiлаў моцна распладзiлiся драпежныя самы. Тая ж карцiна назiралася i ў краiнах Паўднёвай Амерыкi. Спачатку ўвялi законы, якiя забаранялi паляванне на кракадзiлаў, аднак неўзабаве высветлiлася, што аднавiцца папуляцыi кракадзiлаў самастойна ўжо не могуць. Людзi прыходзяць на дапамогу Першым сярод тых, хто спрабаваў разгадаваць кракадзiлаў штучна, трэба назваць Эмiлiуса Скарыуса. Гэта быў рымскi патрыцый, якi жыў у 58 годзе да н.э. На тэрыторыi яго памесця была выкапана глыбокая сажалка, дзе ўтрымлiвалiся каля дзесятка нiльскiх кракадзiлаў, якiх ён прывёз з ваеннага паходу ў Паўночную Афрыку. З той пары аб развядзеннi кракадзiлаў у няволi забылiся на добрую тысячу гадоў. Спачатку задуму прадпрымальнiка Нiлу Шумкi з бразiльскага штата Рыу-Грандзi-ду-Сул успрынялi як дзiвацтва. «А вы б, чытач, маючы на банкаўскiм рахунку 60 тысяч долараў, патрацiлi iх на набыццё 110 юных кракадзiльчыкаў, iмпартуемых з Зiмбабве? — не без сарказму пыталiся мясцовыя газеты. — У нас у бразiльскiх тропiках i сваiх кракадзiлаў дастаткова». Неўзабаве, аднак, высветлiлася, што Шункi — чалавек больш чым разважны. Высокая каштоўнасць кракадзiлавай скуры на мiжнародным галантарэйным рынку агульнавядома. Так што з фiнансавага боку Шункi не пацярпеў. Праз чатыры гады яго кракадзiлавыя фермы сталi рэнтабельнымi. Аднак эколагi занепакоiлiся. Дзеяннi Шункi яўна супярэчаць мiжнароднай канвенцыi аб гандлi жывёламi СIТЭС. Згодна з адным з яе пунктаў, забараняецца завозiць экзатычных жывёлiн туды, дзе ўжо ёсць блiзкiя iм сваякi. Гэта робiцца таму, што, па-першае, перасяленцы здольныя занесцi бактэрыi i вiрусы, якiя могуць быць небяспечнымi для мясцовых вiдаў. Да таго ж, як лiчаць бразiльскiя бiёлагi У. Магнусан i Д. Рэбелу з Нацыянальнага iнстытута даследаванняў Амазонii, «калi нiльцы ўцякуць з гадавальнiка i распладзяцца, то з-за таго, што яны больш буйныя i лютыя, яны наладзяць сапраўдную разню карэнным насельнiкам». Спрабуючы адвесцi пагрозу «дэпартацыi нежаданых iншаземцаў», Шумкi запэўнiвае, што прымае самыя жорсткiя меры бяспекi. Аднак спецыялiсты да падобных запэўнiванняў ставяцца скептычна. Сумны вопыт ужо маецца. Найбольш вядомы выпадак з уцёкамi — i, здавалася б, з «герметычна закрытай» лабараторыi — амаль трох дзесяткаў пчалiных матак, завезеных з Афрыкi. Скрыжаваўшыся з мясцовымi вiдамi, яны далi патомства праславутых «пчолаў-забойцаў», якiя цяпер наводзяць страх на Паўднёвую i Цэнтральную Амерыку, а нядаўна дабралiся да Тэхаса. Звярнулi ўвагу на паўсюднае знiкненне кракадзiлаў i ў Iндыi, прычым там пытаннем захавання гэтых жывёлiн займаюцца не прыватнiкi, а дзяржава. Гавiялы, якiх мы ўжо згадвалi, уцалелi ў цяперашнi час толькi ў маладаступных месцах вярхоўяў Ганга i некаторых iншых рэк Iндыi i Непала. У стаячай вадзе яны не водзяцца, жывуць толькi ў глыбокiх затоках з павольным цячэннем. Гэта найбольш «водныя» сярод усiх кракадзiлаў. Акрамя прамога знiшчэння, змяншэнне колькасцi гавiялаў выклiкана мелiярацыйнымi работамi, прымяненнем нейлонавых рыбалоўных сетак, якiя гавiялам разарваць не пад сiлу, i, канешне ж, развiццём турызму. Iндыйская грамадскасць забiла трывогу, была аб’яўлена поўная забарона на здабычу ўсiх вiдаў кракадзiлаў. Падобная гiсторыя i яшчэ ў аднаго вельмi рэдкага вiду гэтых паўзуноў — кубiнскага кракадзiла. Калiсьцi ён быў даволi шматлiкiм на Кубе i суседнiм востраве Пiносе, аднак у вынiку драпежнiцкага знiшчэння i асушэння балот кракадзiл практычна знiк. Гэта падштурхнула ўрад Кубы напрыканцы 50-х гадоў мiнулага стагоддзя стварыць два запаведнiкi для кракадзiлаў: Сьенага-дэ-Сапата i Сьенага-дэ-Лан’ер. У першым запаведнiку была абсталявана дзяржаўная кракадзiлавая ферма. За 10 гадоў яе iснавання пагалоўе кракадзiлаў павялiчылася ў 15 разоў. У цяперашнi час кубiнскiя кракадзiлы знаходзяцца ў бяспецы. Яшчэ адзiн надзвычай рэдкi прадстаўнiк — кiтайскi алiгатар. Гэта не больш чым паўтараметровае стварэнне, зусiм бяскрыўднае, як не дзiўна, ва ўсякiм разе, так думаюць вучоныя, i стала правобразам знакамiтага кiтайскага дракона. Раней кiтайскiя алiгатары сустракалiся на забалочаных раўнiнах, у неглыбокiх сажалках i азярцах. У цяперашнi час чалавек адцяснiў гэтых жывёлiн у верхняе цячэнне прытокаў Янцзы — Цзышуй i Санцзян. Кiтайцы здаўна выкарыстоўвалi практычна ўсе часткi алiгатараў — ад зубоў i яечнай шкарлупiны да мяса, якое ўжывалася ў ежу. У традыцыйнай кiтайскай медыцыне з кракадзiлаў атрымлiвалi прэпараты для лячэння пераломаў i захворванняў касцей, экзэм, а таксама лекi для падаўжэння жыцця i павышэння патэнцыi. У 1977 годзе ў КНР быў арганiзаваны алiгатарны гадавальнiк Уху, але спачатку па прычыне таго, што тэхналогiя iнкубацыi яек была адпрацавана недастаткова добра, большасць iх гiнулi. Аднак у далейшым гэта тэхналогiя была наладжана i справа пайшла. Яшчэ адзiн гадавальнiк кiтайскiх алiгатараў быў заснаваны ў ЗША ў штаце Луiзiяна: клiмат тут практычна такi ж, як i на гiстарычнай радзiме гэтых кракадзiлаў. Тое, што прадстаўнiкi аднаго роду жывуць у розных кропках планеты, не выпадкова. Памiж жывым светам Паўночнай Амерыкi i Кiтая вельмi шмат агульнага: магнолii, панды (яны вельмi блiзкiя да амерыканскiх янотаў), гiганцкiя саламандры, ямкагаловыя змеi (шчытаморднiкi i грымучыя змеi) i нарэшце — алiгатары. Усё гэта пацвярджае тое, што Далёкi Усход калiсьцi складаў адно цэлае з Дзiкiм Захадам. Гэты вялiзны кавалак старажытнай сушы вучоныя называюць Берынгiя. Зараз над Берынгiяй плёскаюцца воды Цiхага акiяна. Як бачыце, жывое значна больш жывучае, чым нежывое. Зямля знiкла, а кракадзiлы засталiся.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З самага «пачатку гiсторыi» чалавек з вялiкай цяжкасцю дзялiў сваю жыццёвую прастору з адной з самых старажытных, але iснуючых i сёння рэптылiй — крак |
|