Генеральны дырэктар КУП «Вiцебскаблдарбуд» Валерый ЛАПО:«За дарогамi мы бачым людзей» ДАВЕДКА «ЗВЯЗДЫ»: КУП «Вiцебскаблдарбуд» забяспечвае належны тэхнiка-эксплуатацыйны стан мясцовых аўтамабiльных дарог i iх развiццё, а таксама выконвае функцыi заказчыка па будаўнiцтву, рамонту i ўтрыманню мясцовай дарожнай сеткi. Агульная працягласць мясцовых аўтадарог вобласцi складае 14 312,4 км. У тым лiку: цэментабетонныя — 86,6 км, асфальтабетонныя — 4622,5 км, гравiйныя — 6447,5 км. На мясцовай дарожнай сетцы знаходзiцца 838 мастоў агульнай працягласцю 18 074 пагонныя метры i 13 849 водапрапускных труб. Сёння ў кожнай з шасцi абласцей рэспублiкi створана адна дарожная арганiзацыя, якая займаецца мясцовымi аўтамабiльнымi дарогамi — гэта абл-дарбуды. Кантроль за работамi, якiя выконваюцца ўласнымi сiламi прадпрыемстваў, за мэтавым выкарыстаннем сродкаў дарожнага фонду ажыццяўляе незалежны тэхнiчны нагляд. Гэтыя пераўтварэннi ўнеслi iстотныя змяненнi ў арганiзацыю кiравання дарожнай гаспадаркай. Пра тое, як рэарганiзацыя дарожнай галiны закранула непасрэдна «Вiцебскаблдарбуд», гутарым з генеральным дырэктарам прадпрыемства Валерыем Iванавiчам ЛАПО. — Вынiкам рэарганiзацыi нашага прадпрыемства стала далучэнне даччыных прадпрыемстваў, i на базе iх маёмасцi стварэнне фiлiялаў, — адзначыў кiраўнiк «Вiцебскаблдарбуда». — Iх у нас 25. Агульная колькасць працаўнiкоў складае 2498 чалавек. Фiлiялы не з’яўляюцца юрыдычнымi асобамi i, адпаведна, удзельнiкамi грамадзянска-прававых адносiнаў. Гэта стварыла на практыцы нямала цяжкасцяў. Зараз iдзе аптымiзацыя i ўдасканаленне дзейнасцi прадпрыемства i фiлiялаў. — Працягласць мясцовай дарожнай сеткi ў Вiцебскай вобласцi за апошнiя некалькi гадоў значна павялiчылася за кошт унутрыгаспадарчых дарог сельгаспрадпрыемстваў. Як спраўляецеся? — Сапраўды, пастаянны належны догляд за дарогамi такой працягласцi патрабуе адпаведнага забеспячэння як фiнансавымi, матэрыяльна-тэхнiчнымi, так i людскiмi рэсурсамi. На Вiцебшчыне аўтамабiльнымi дарогамi з цвёрдым пакрыццём забяспечаны транспартныя сувязi ўсiх гарадоў i гарадскiх пасёлкаў, усiх цэнтральных сядзiб калгасаў i саўгасаў i часткi сельскiх населеных пунктаў. З апошнiмi, дзе колькасць двароў 10 i больш (3530 пунктаў), наладжана рэгулярная аўтобусная сувязь. Наша вытворчая база, тэхнiчная падрыхтоўка рабочых i iнжынерна-тэхнiчных кадраў дазваляюць выконваць увесь комплекс дарожных работ з высокай якасцю. — Як ваша прадпрыемства спрацавала ў 2005 годзе? — Летась «Вiцебскаблдарбудам» выканана работ i аказана паслуг з усiх крынiц фiнансавання на 96,3 млрд рублёў. З агульнага аб’ёму сiламi фiлiялаў выканана работ на 78,8 млрд рублёў, што забяспечыла выкананне задання па росту аб’ёмаў работ да 2004 года, якi склаў 127,5 працэнта пры заданнi 109 працэнтаў. Прырост выручкi ад работ i паслуг забяспечылi ўсе фiлiялы. Пабудавана i адрамантавана 603,3 кiламетра аўтамабiльных дарог пры заданнi 483,4 кiламетра i 609 пагонных метраў мастоў пры заданнi 477,2, забяспечаны круглагадовы рух транспарту па 14 312,4 кiламетра мясцовых дарог. Уведзены ў эксплуатацыю ўчасткi аўтамабiльных дарог: пад’езд ад аўтадарогi Вiцебск—Полацк—мяжа Латвii да вёскi Кавалеўшчына працягласцю 4,8 кiламетра; пад’езд да вёскi Баяры ад аўтадарогi Вiцебск—мяжа Расiйскай Федэрацыi працягласцю 3,4 кiламетра; аўтадарога Гаране—Запожанкi працягласцю 3,5 кiламетра; пад’езд ад дарогi Бешанковiчы—Шумiлiна—Суроўнi да вёскi Соснiна працягласцю 4 кiламетры i iншыя. Адкрыты рух па мастах на аўтадарозе Сястронкi—Лукавiцы—Маставуха, на пад’ездзе да вёскi Храпавiчы праз вёску Буяны, праз раку Усвейка на дарозе Марыiнцы—Язба. Нам удалося забяспечыць стабiльнае функцыянаванне мясцовай дарожнай сеткi за кошт падтрымання яе тэхнiка-эксплуатацыйных параметраў i круглагадовы бесперабойны рух транспарту за кошт правядзення работ па бягучаму рамонту i ўтрыманню. У цэлым «Вiцебскаблдарбуд» выканаў зацверджаныя на 2005 год параметры сацыяльна-эканамiчнага развiцця. Уласнымi сiламi забяспечана выкананне заданняў па ўвядзенню аб’ектаў па ўсiх вiдах работ. — Як удзельнiчала ваша прадпрыемства ў выкананнi дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi? — Летась «Вiцебскаблдарбуд» узяў непасрэдны ўдзел ва ўладкаваннi 24 аграгарадкоў. У агульным аб’ёме работ гэта склала 54,4 млрд рублёў. Уладкавана 455,4 кiламетра дарог i праездаў па населеных пунктах, у тым лiку 212,5 кiламетра пад’ездаў ад райцэнтраў да аграгарадкоў, дзе размешчаны сельскiя Саветы. Адрамантаваны 75,1 кiламетра пад’ездаў ад аграгарадкоў да цэнтральных сядзiб сельгаспрадпрыемстваў, уладкавана 69,2 кiламетра вулiц у аграгарадках, адрамантавана 98,6 кiламетра пад’ездаў ад аграгарадкоў да сельскiх населеных пунктаў. — За апошнiя гады якасць беларускiх дарог значна палепшылася. Гэты факт з задавальненнем адзначаюць не толькi айчынныя карыстальнiкi, але i замежныя спецыялiсты. Праўда, застаюцца i праблемы. Якая работа праводзiцца прадпрыемствам для павышэння тэхнiчнага ўзроўню i эксплуатацыйных якасцяў мясцовых дарог Вiцебшчыны? — Мы пастаянна працуем у гэтым напрамку. Летась «Вiцебск-аблдарбудам» устаноўлена 58 аўтапавiльёнаў, пабудавана 85 пасадачных пляцовак, адрамантавана i ўстаноўлена 12 464 дарожныя знакi, зроблена 12 кiламетраў тратуараў i пешаходных дарожак, 2128 пагонных метраў металiчнай бар’ернай агароджы, 1101,7 кiламетра гарызантальнай разметкi праезнай часткi дарог i iншыя тэхнiчныя сродкi арганiзацыi дарожнага руху. Ямачным рамонтам адрамантавана 245,6 тысячы квадратных метраў асфальтабетоннага пакрыцця. Для забеспячэння круглагадовага i бесперашкоднага пад’езду да населеных пунктаў 832,1 кiламетра грунтавых дарог пераведзены ў дарогi з грунтава-палепшаным i цвёрдым тыпам пакрыцця. Забяспечана ўкараненне дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галiне жыллёва-камунальнай гаспадаркi па ўдзельнай вазе праездаў з удасканаленым пакрыццём у сельскiх населеных пунктах з колькасцю двароў 50 i больш. Аднак трэба прызнаць, што зроблены комплекс работ па ўтрыманню дарог не забяспечыў у поўнай ступенi iх функцыянаванне ў адпаведнасцi з патрабаваннямi. Не забяспечаны планавы ўзровень утрымання дарог: пры плане 3,73 фактычна склаў 3,7. Зменшылася працягласць аўтадарог з ацэнкай 4—5 балаў на 538,7 кiламетра i адпаведна павялiчылася колькасць дарог з балам 3 i менш. Асноўнымi дэфектамi з’яўляецца ямачнасць, сеткатрэшчыны, хмызняк на адкосах i ў паласе адводу, вал на броўцы землянога палатна, разбурэнне бардзюра i поручневай агароджы па мастах. Такi стан спраў стаў асноўнай прычынай павелiчэння дарожна-транспартных здарэнняў. Так, за мiнулы год на мясцовых дарогах адбылося 212 ДТЗ. Для павышэння тэхнiчнага ўзроўню абслугоўвання дарог, iх рамонту i ўтрымання, мы актыўна ўкараняем новыя тэхналогii. На прадпрыемстве распрацавана i рэалiзавана 14 навукова-тэхнiчных мерапрыемстваў i 18 рацыянальных прапаноў. Эканамiчны эфект склаў у вынiку 1085,7 млн рублёў. У распрацоўцы прапаноў узялi ўдзел 54 чалавекi. Сярод найбольш эфектыўных мерапрыемстваў, накiраваных на падтрыманне эксплуатацыйнага стану дарог — устройванне абарончых слаёў зносу павышанай устойлiвасцi i даўгавечнасцi, а менавiта ўстройванне паверхневай апрацоўкi асфальтабетонных пакрыццяў на бiтумнай эмульсii. З выкарыстаннем бiтумнай эмульсii зроблена 216,7 кiламетраў паверхневай апрацоўкi. Летась на дарогах ДРБУ-202 было выпрабавана ўстройванне слоя з халоднай эмульсiйна-мiнеральнай сумесi на аснове спецыяльнай эмульсii з паскораным тэрмiнам фармiравання, а таксама тэхналогiя рэабiлiтацыi асфальтабетонных пакрыццяў з выкарыстаннем нiзка канцэнтраванай бiтумнай эмульсii, якая марудна распадаецца. Гэта тэхналогiя з’яўляецца прафiлактычным мерапрыемствам i ўяўляе сабой падсiлкоўку верхняга слоя састарэлага, але яшчэ неразбуранага асфальтабетоннага пакрыцця. Тэхналогiя не патрабуе вялiкiх выдаткаў i мае добрую перспектыву для выкарыстання. — Наколькi дарожнiкi забяспечаны спецтэхнiкай? — Для выканання комплексу работ па ўтрыманню i рамонту мясцовых аўтадарог фiлiялы «Вiцебскаблдарбуда» маюць 610 адзiнак аўтамабiльнага транспарту i 598 адзiнак асноўных дарожна-будаўнiчых машын, 27 асфальта-змяшальных установак. Асноўнай задачай у 2005 годзе было падтрыманне тэхнiкi i абсталявання ў спраўным стане. Каэфiцыент тэхнiчнай гатоўнасцi за 2005 год па аўтатранспарту склаў 0,86, па асноўных дарожна-будаўнiчых машынах — 0,85. Летась за кошт усiх крынiц фiнансавання набыта машын i абсталявання на 12,1 млрд рублёў: два асфальтаўкладчыкi, два экскаватары, экскаватар-планiроўшчык на базе аўтамабiля КамАЗ, дзевяць франтальных пагрузчыкаў, сем маторных каткоў, 21 энерганасычаны трактар, 20 аўтагрэйдараў, 20 аўтамабiляў МАЗ i iншае. Таксама набыта i зманцiравана ўстаноўка па прыгатаванню асфальтабетону ў фiлiяле «Лёзненскае ДРБУ-107». Для сельскагаспадарчага фiлiяла «Кляўцы» набывалiся сельскагаспадарчая тэхнiка i абсталяванне. — Валерый Iванавiч, чэргi жадаючых уладкавацца на працу ў вашы ДРБУ апошнiм часам не рэдкасць. Найперш гэта сведчыць пра павышэнне прэстыжу працы дарожнiкаў. Не апошнюю ролю iграе, напэўна, i нядрэнны заробак... — Сапраўды так. Людзi трымаюцца за працу. У вынiку павысiўся ўзровень працоўнай дысцыплiны i значна знiзiлася колькасць правапарушэнняў. Колькасць прагулаў зменшылася за год з 50 да 19, а выпадкаў з’яўлення на працы ў стане алкагольнага ап’янення — з 37 да 14. Дарэчы, сярэднямесячная заработная плата за мiнулы год склала па прадпрыемству 603 тысячы рублёў. За снежань 2005 года — 707 тысяч рублёў. Заданне па росту заработнай платы выканана на 104 працэнты. Рост рэальнага заробку забяспечаны ўсiмi фiлiяламi. — Што можна сказаць пра эканамiчнае здароўе прадпрыемства ў цэлым? — Паспяховае выкананне вытворчых паказчыкаў спрыяла ўстойлiваму эканамiчнаму стану прадпрыемства. У 2005 годзе КУП «Вiцебскаблдарбуд» атрымаў прыбытак ад рэалiзацыi работ i паслуг у памеры 6020 млн рублёў, узровень рэнтабельнасцi дасягнуў 9 працэнтаў пры планавым заданнi 7,8. Найбольш высокая рэнтабельнасць — 18 працэнтаў — у Пастаўскага ДРБУ. Прыбытак ад iншых аперацыйных даходаў склаў 49 млн рублёў. Балансавы прыбытак роўны 3595 млн рублёў. — Паспяховая работа прадпрыемства поўнасцю залежыць ад работы людзей, iх квалiфiкацыi... — Намi пастаянна вядзецца работа па павышэнню квалiфiкацыi, падрыхтоўцы i перападрыхтоўцы работнiкаў. Летась прайшлi навучанне 146 чалавек, у тым лiку 80 рабочых. Вышэйшую i сярэдне-спецыяльную адукацыю атрымалi пяцёра нашых работнiкаў. Гэту работу мы будзем актывiзаваць, паколькi ад квалiфiкацыi персаналу ў вынiку залежаць усе эканамiчныя паказчыкi прадпрыемства. — Якiя асноўныя задачы стаяць перад «Вiцебскаблдарбудам» сёлета? — З гэтага года фiнансаванне дарожных работ мясцовай дарожнай сеткi будзе ажыццяўляцца з рэспублiканскага дарожнага фонду. Згодна з праектам указа кiраўнiка дзяржавы Вiцебскай вобласцi прадугледжваецца вылучыць 142 764 394 тысячы рублёў, у тым лiку на фiнансаванне аб’ектаў Мiнсельгасхарча, на рамонт вулiц населеных пунктаў, уладкаванне пад’ездаў да жылой будоўлi, на развiццё, рамонт i ўтрыманне мясцовай дарожнай сеткi, будаўнiцтва i рэканструкцыю аб’ектаў, абнаўленне асноўных фондаў, набыццё пэўнага абсталявання, капрамонт, бягучы рамонт, утрыманне дарожнай сеткi, кiраванне дарожнай гаспадаркай. Падчас вызначэння асноўных накiрункаў выкарыстання грошай вялiкая ўвага ўдзялялася падтрыманню тэхнiка-эксплуатацыйнага стану дарог i рэалiзацыi праграмы развiцця i адраджэння вёскi ў сэнсе мадэрнiзацыi аўтамабiльных дарог i паляпшэння транспартнага абслугоўвання насельнiцтва. Прадугледжваецца рэканструкцыя 8,8 кiламетры, капрамонт 30,1 кiламетра аўтадарог i капрамонт 141 пагоннага метра мастоў, бягучы рамонт 408 кiламетраў аўтамабiльных дарог i 31 пагоннага метра мастоў. Будуць рэканструяваны такiя ўчасткi аўтадарог, як Стасева—Кляўцы—Бычкова, Юнькi—Варапаева—Марэцкiя, будуць распачаты работы на ўчастку Дзiсна—Шаркаўшчына. Капiтальны рамонт будзем весцi ў асноўным на ўчастках дарог, якiя праходзяць па аграгарадках. У межах выканання Дзяржаўнай праграмы развiцця i адраджэння вёскi мяркуецца прывесцi ў парадак 157,2 км пад’ездаў ад райцэнтраў да аграгарадкоў, дзе размешчаны сельскiя саветы, 71,5 км пад’ездаў ад такiх аграгарадкоў да цэнтральных сядзiб сельгаспрадпрыемстваў, 39 км вулiц у аграгарадках, якiя з’яўляюцца транзiтнымi або працягваюць мясцовыя аўтадарогi, 58,5 км пад’ездаў ад аграгарадкоў да сельскiх населеных пунктаў. Такое размеркаванне сродкаў дазволiць па самых мiнiмальных патрабаваннях падтрымлiваць мясцовую дарожную сетку ў стане круглагадовага i бяспечнага праезду i выканаць заданнi па рэалiзацыi праграмы адраджэння вёскi. Варта адзначыць, што аб’ёмы фiнансавання на гэты год iстотна ўзраслi. Прырост у суадносных умовах складае 136 працэнтаў, па мясцовых дарогах — 125 працэнтаў. Гэта значыць, неабходна на 25—30 працэнтаў павялiчыць аб’ёмы работ, суадносна больш выпусцiць асфальтабетону, распрацаваць, перавезцi i выкарыстаць пяску, гравiю, шчэбеню. Для гэтага спатрэбiцца мабiлiзацыя ўсiх нашых рэсурсаў i зладжаная праца ўсiх звёнаў. Сёлета больш востра ставiцца пытанне ўтрымання аўтадарог, прывядзення дарожных умоў у адпаведнасць з сучаснымi патрабаваннямi. Неабходна актывiзаваць работу па скарачэнню затрат на вытворчасць i энергаёмiстасць вытворчасцi за кошт мадэрнiзацыi вытворчасцi, укараненне перадавых тэхналогiй, абнаўлення парка машын i абсталявання. Гэты год павiнен карэнным чынам змянiць стаўленне да абароны працы, тэхнiкi бяспекi, да належнага санiтарна-бытавога i лячэбна-прафiлактычнага абслугоўвання на вытворчасцi. Мяркую, што мы маем рэальныя магчымасцi для вырашэння ўсiх гэтых задач. *** Каб на свае вочы пераканацца ў справядлiвасцi такога сцвярджэння кiраўнiка прадпрыемства, наш невялiкi «звяздоўскi» дэсант у суправаджэннi намеснiка начальнiка вытворча-тэхнiчнага ўпраўлення Яны Яцэвiч наведаў два фiлiялы аблдарбуда: «Вiцебскае ДРБУ-144» i «Аршанскае ДРБУ-181». Западозрыць дарожнiкаў у прадузятасцi нельга: 144-е «прыдворнае» (як нехта можа падумаць) ДРБУ ў 2005 годзе спрацавала не лепшым чынам. — Наша прадпрыемства адно са старэйшых — сёлета ДРБУ споўнiлася 42 гады, — расказаў начальнiк фiлiяла Юрый ЖУРАЎСКI. — 110 нашых работнiкаў абслугоўваюць 900 кiламетраў дарог. Праца даволi напружаная. Прысутнiчае i фактар «прыдворнасцi». Вось толькi заключаецца ён не ў нейкiх iльготах цi лепшым забеспячэннi, а, як мiнiмум, у больш пiльнай увазе: кiраўнiцтва вобласцi, нават калi накiроўваецца ў аддаленыя раёны, усё адно па нашых дарогах праедзе. Расслабляцца не даводзiцца. Адставанне за мiнулы год, лiчу, звязана з тым, што мы не змаглi разлiчыць сваiх сiл. У сувязi з работамi па праграме адраджэння вёскi аб’ёмы работ значна ўзраслi. З-за пралiкаў мы аказалiся да гэтага не гатовымi. Думаю, мы здолеем зрабiць належныя высновы i сёлета, з узросшымi амаль ўдвая аб’ёмамi работ, справiмся. Значная частка нашай праграмы работ на гэты год пабудавана на аснове зваротаў грамадзян: дзесьцi ў мiжсезонне па дарозе праехаць немагчыма, дзесьцi трэба аўтапавiльён пабудаваць, кальцо для развароту аўтобуса, добраўладкаваць пад’езд да вёскi i г. д. Дарожнiкi да такiх просьбаў прыслухоўваюцца, i калi ёсць такая магчымасць, дапамагаюць. *** ДРБУ-181 летась з усiмi задачамi справiлася на цвёрдую «чацвёрку». Як вынiк — у конкурсе «Лепшае прадпрыемства 2005 года», якi рэгулярна праводзiцца па «Вiцебскаблдарбуду», заняло ганаровае 2-е месца. Акрамя граматы i павагi калег праца аршанскiх дарожнiкаў будзе адзначана i каштоўным прызам — аўтамабiлем ГАЗ-33023 «Газель-Фермер». — За мiнулы год выручка нашага ДРБУ склала больш за 5 мiльярдаў рублёў, — расказаў кiраўнiк прадпрыемства Уладзiмiр КУРЦЁНАК. — На ўтрыманнi дарог засвоена каля 1,5 млрд рублёў. На такую ж суму выканалi работ па дагаворах. Бралi ўдзел у добраўладкаваннi аграгарадка Зубава, дзе засвоiлi яшчэ больш за 800 мiльёнаў рублёў. Не дрэнна спрацаваў наш асфальтабетонны завод: за год выпусцiлi 33 тысячы тон асфальтабетоннай сумесi, якую выкарысталi на сваiх аб’ектах. На гэты год з-за ўзросшых аб’ёмаў сваiх работ, а таксама добраўпарадкавання двух аграгарадкоў, магутнасцi нашага завода ўжо можа аказацца не дастаткова. Выйсце знайшлi: асфальтабетон будзем дакупляць у суседняга ДБУ-7. Калi казаць пра тэхнiчную забяспечанасць прадпрыемства, трэба адзначыць вялiкi працэнт амартызацыi тэхнiкi — каля 80. Аднак абнадзейвае тэндэнцыя да абнаўлення. Так, летась мы атрымалi шэсць адзiнак новай тэхнiкi: пагрузчык, аўтагрэйдар, аўтамашыну МАЗ, энерганасычаны трактар... Калi i надалей справа пойдзе такiмi тэмпамi, гадоў за пяць маем усе шанцы абнавiць увесь парк. Павялiчылася на 20 працэнтаў i фiнансаванне нашых дарог, што таксама дадае аптымiзму. Будзем працаваць! А працу сваю дарожнiкi Вiцебшчыны любяць i ведаюць выдатна. У гэтым нам даводзiлася пераконвацца не раз: i ў зiмовыя завеi, калi вышыня гурбаў абапал дарог дасягала некалькiх метраў, i падчас вясеннiх паводак, i пасля ўраганаў людзi ў ярка-жоўтай форме незважаючы на пару года i час сутак забяспечвалi стабiльны рух транспарту па ўсёй сетцы мясцовых дарог. А гэта, у першую чаргу, дарогi, якiмi людзi карыстаюцца штодня: прывозяць хлеб, пошту, адпраўляюць дзяцей у школу — дарогi дадому. Алена ДАЎЖАНОК, Сяргей ПРОТАС, Марыя ЖЫЛIНСКАЯ (фота). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«За дарогамi мы бачым людзей» |
|