Транспарт, аргтэхнiка i пашырэнне паўнамоцтваў...ПЫТАННЕ З НАГОДЫ гэтага чакаюць сельскiя Саветы дэпутатаўНапярэдаднi Усебеларускага сходу мы правялi не вялiкае апытанне сярод прадстаўнiкоў пярвiчнага звяна мясцовага самакiравання наконт таго, з якiм настроем рыхтуюцца старшынi сельскiх саветаў дэпутатаў да азначанай падзеi, чаго чакаюць ад сходу i якую праблему яны хацелi б вынесцi на ўсенароднае абмеркаванне. Аляксандр КАЦЕНЯ, старшыня Свiслацкага пасялковага Савета дэпутатаў Пухавiцкага раёна: — Як грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь, я чакаю, што Усебеларускi сход дасць новы iмпульс да далейшага развiцця нашай эканомiкi i росту дабрабыту насельнiцтва. Як дэпутат, спадзяюся, што на сходзе знойдуць адлюстраванне пытаннi павелiчэння паўнамоцтваў пярвiчнага ўзроўню саветаў, агавораныя ў законе аб мясцовым самакiраваннi. У свой час яны скарачалiся i абмяжоўвалiся, зараз, у сувязi з аднаўленнем вертыкалi ўлады, наспела аб’ектыўная неабходнасць iх аднавiць i пашырыць. Вiктар КАРНЕЕЎ, старшыня Стрэшынскага сельскага Савета Жлобiнскага раёна: — У гэтым годзе ў населеным пункце Стрэшын плануецца будаўнiцтва аграгарадка. У сувязi з гэтым у нас зараз вядуцца актыўныя работы па рамонту мясцовага Дома культуры, школы, дарогi, вырашаюцца пытаннi тэлефанiзацыi i шмат iншых. Самай сур’ёзнай пакуль застаецца праблема будаўнiцтва жылля ў Стрэшыне. Пры мясцовым выканкаме ў чарзе на атрыманне жылля зараз стаiць больш за 30 сем’яў. А ў планах на гэты год — рэканструкцыя толькi аднаго 12-кватэрнага дома. Пытанне ўзвядзення жылля ў Стрэшыне мы ўзнiмалi неаднаразова, як i пытанне аб далейшай газiфiкацыi населенага пункта. У мiнулым годзе было газiфiкавана 120 дамоў, сёлета хацелася б прадоўжыць гэтыя работы, зрабiць «разводку». Што датычыцца Усебеларускага сходу, упэўнены, што ён пройдзе на адпаведным узроўнi. Яго дэлегатам я хачу пажадаць поспехаў i аб’ектыўнасцi ў абмеркаваннi агульнанародных пытанняў. Таццяна ШЫЯН, старшыня Амговiцкага сельскага Савета дэпутатаў Слуцкага раёна: — Калi гаварыць аб праблемах нашага сельскага Савета, то самымi сур’ёзнымi з’яўляюцца недахоп сродкаў для добраўпарадкавання, а таксама адсутнасць у нас свайго транспарту. Як мы можам займацца навядзеннем парадку на зямлi згодна з адпаведнымi ўказамi, калi пад гэта не выдзяляецца дастатковых матэрыяльных сродкаў? Задарма ж нiхто працаваць не будзе. Прадугледжаных на год 5—6 мiльёнаў рублёў не хопiць нават на тое, каб выкасiць што трэба ў нашых пустуючых вёсачках. Канкрэтную суму, патрэбную на навядзенне парадку на зямлi на тэрыторыi сельсавета, пакуль назваць цяжка — вясной будзем абыходзiць кожнае домаўладанне i разбiрацца ў сiтуацыi iндывiдуальна, аднак ужо сёння можна смела казаць, што фiнансаванне гэтага аспекта ў нас недастатковае. На тэрыторыi сельсавета знаходзiцца 21 населены пункт. Жыхароў мала, многа пустуючых дамоў, многа дачнiкаў i спадчыннiкаў, з якiмi цяжка вырашаць нейкiя пытаннi — у тым лiку i па добраўпарадкаванню, бо яны тут не жывуць. Ды i дабiрацца да кожнага пры адсутнасцi ў Савета свайго транспарту нязручна. Наконт пашырэння паўнамоцтваў мясцовых саветаў дэпутатаў скажу, што асабiста я не бачу ў гэтым асаблiвай неабходнасцi. Нас у сельскiм Савеце ўсяго двое — старшыня i сакратар, а працуем мы з усiм насельнiцтвам сельсавета. Чаго я чакаю ад Усебеларускага сходу? Паляпшэння жыцця нашага насельнiцтва, а таксама падтрымкi ад вышэйшых органаў. Святаслаў ДУДАРЧЫК, старшыня Ракаўскага сельскага Савета Валожынскага раёна: — Як бы патэтычна нi гучала (аднак iнакш не скажаш), ад Усебеларускага сходу я чакаю змяненняў да лепшага. Павiнен быць рух наперад. У дачыненнi ж да мясцовых саветаў хацелася б, каб працаваў закон аб мясцовым самакiраваннi, дакладней, каб сельскiм саветам пакiдалiся хоць нейкiя рэальныя грошы. Нам на месцах лепш бачна, куды iх патрацiць, якiя бягучыя пытаннi вырашаць у першую чаргу. Яшчэ заўважу, што сёння саветы павiнны быць укамплектаваны добрай сучаснай аргтэхнiкай — камп’ютарам, факсам, капiравальнай тэхнiкай, а не пiшучай машынкай 1949 года выпуску. Нам i запыты даводзiцца адпраўляць, i адказы ў пiсьмовай форме прымаць. Наяўнасць сучаснай аргтэхнiкi значна аблегчыць працу Савета, павысiць аператыўнасць, дапаможа ўкаранiць прынцып «аднаго акна». I яшчэ — Савету неабходна быць мабiльным, а значыць, без транспарту не абысцiся, асаблiва калi на тэрыторыi сельсавета 30—40 населеных пунктаў. Даўно пара кожнаму Савету выдзелiць па машыне. Запiсала Iнга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
гэтага чакаюць сельскiя Саветы дэпутатаў |
|