Сэрца не прымае ўтрыманства
Песiмiст «па веданню рэчаiснасцi» i аптымiст «па дзеяннях» Пётр Антонавiч нарадзiўся ў 1944-м, у прамым сэнсе на Заслаўскай зямлi — у полi. «Я з дзяцiнства прывык адказваць за сябе...», — кажа галоўны ўрач Смалявiцкага раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання, Заслужаны ўрач Рэспублiкi Беларусь Пётр МIЦЬКО. Здаецца, ён дасягнуў бы вышынь у любой справе, за якую б нi ўзяўся, бо адказна ставiцца як да ўласных, так i да чужых слоў i ўчынкаў.
-Я думаю, сёння наша моладзь мае цудоўную магчымасць спакойна «ўцягнуцца» ў новае жыццё, дзе кожны займаецца сваёй справай без усякiх iльгот, — разважае падчас нашай сустрэчы з нагоды маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу дэлегат Пётр Мiцько, чалавек, якi аб’ездзiў ледзь не ўвесь свет, нейкi час вучыўся i працаваў у Лiтве, але вярнуўся на радзiму, каб зрабiць для яе мноства карысных спраў. — Утрыманская псiхалогiя павiнна сысцi ў нябыт. Я, напрыклад, не разумею, чаму пенсiянеру цi iнвалiду абнаўляе агароджу раённая ўлада? А чым так занятыя дзецi, родныя, суседзi, нарэшце? Безлiч пытанняў можна вырашыць уласнымi сiламi, а не на ўзроўнi скаргаў i патрабаванняў... Пётр Мiцько сур’ёзна захапляўся радыётэхнiкай класа з пятага. Хлопцам вырабiў для бацькавага брата, якому на вайне мiнай выбiла абодва вокi, дэтэктарны прыёмнiк. Вучыўся ў Вiльнюскiм унiверсiтэце на аддзяленнi аўтаматыкi i тэлемеханiкi. Але як толькi захапiўся спалучэннем радыётэхнiкi з медыцынай, то за паўгода да атрымання дыплома кiнуў вучобу i паступiў у Мiнскi медiнстытут. Пасля выдатнага яго заканчэння ў 1973 годзе мог заняцца навукай, але, пакiнуўшы ў лабараторыi кiбернетыкi безлiч напрацовак, паехаў працаваць падлеткавым урачом у Смалявiчы. Лiтаральна праз паўтара года ўзначалiў раённую палiклiнiку, у 1977-м быў ужо намеснiкам галоўнага ўрача раёна. З 1980 года па сёння «з невялiкiмi адхiленнямi ў бiяграфii жыццё звязана з РТМА на пасадзе галоўнага ўрача», кажа сам Пётр Антонавiч. Жартоўна дадае, што «заслужанага» далi, вiдаць, за тое, што хлопец, якi прыехаў з iншай рэчаiснасцi — Лiтвы, якая нават па тым часе моцна адрознiвалася ад рэчаiснасцi савецкай, назаўжды затрымаўся на адным месцы. Калi ж гаварыць сур’ёзна, то званне далi за канкрэтную работу, зробленую разам з актыўнымi людзьмi па ўдасканаленню медыцынскай дапамогi ў раёне. -Практычна ўся матэрыяльна-тэхнiчная база створана з маiм удзелам, — тлумачыць Пётр Антонавiч. — Некалi быў адзiн корпус раённай бальнiцы i палiклiнiка ў два паверхi. А цяпер — выдатная палiклiнiка па iндывiдуальнаму праекту на 500 наведванняў. Усiм належным параметрам яна можа адпавядаць яшчэ гадоў пяцьдзесят. Ёсць раённая бальнiца на 315 ложкаў, восем амбулаторый. За шэсць з iх не сорамна. Пра дзве скажу так. Ведаеце, як бывае ў добрага чалавека, што жыве па сродках? Штаны хоць i старыя, але ж у акуратных латках. Так i ў нас: чыста, акуратна, але ў «латках». Я не згодны з тым азначэннем, якое далi мясцовыя жыхары Пятровiцкай амбулаторыi: маўляў, знаходзiцца ў аварыйным стане. Сучасным патрабаванням будынак ужо не адпавядае, але ж не ўсё ўдаецца зрабiць на вышэйшым узроўнi. Я думаў, дарэчы, будаваць там амбулаторыю на 40 наведванняў. Спраектавалi, нават будаўнiцтва распачалi, а пасля справа згасла. Цяпер прастойваюць дзве кватэры, аптэка... Дарэчы, будаўнiцтва амбулаторый Пётр Антонавiч плануе з абавязковай наяўнасцю кватэры. Як у Азярыцкай Слабадзе, скажам. Адразу з чатырма кватэрамi. Гэта проста прадуманы падыход, а не вырашэнне кадравага пытання, бо не толькi наяўнасць жылля прымушае сёння чалавека застацца на тым цi iншым месцы. Галоўны ўрач разумее, што маладому спецыялiсту патрэбны i даступны транспарт, i магчымасцi для духоўнага развiцця. А працоўныя нагрузкi? Паводле нарматываў, на пэўную колькасць гарадскiх жыхароў тых жа лор-урачоў прыпадае больш, чым на вясковых. Вёска i горад па-ранейшаму адрознiваюцца. Для сельскай мясцовасцi была i застаецца актуальнай праблема вузкiх спецыялістаў. Два гады пасля вучобы новаспечаныя медыкi займаюцца агульнай практыкай, а на раёне не стае тых жа хiрургаў, акушэраў-гiнеколагаў. Дарэчы, у штаце Смалявiцкай бальнiцы — 125 пасад урачоў. Занятыя з iх 112, а рэальных фiзiчных асоб — 87. — Мы гаворым, што фельчарска-акушэрскiя пункты — не сённяшнi дзень, а для вяскоўца гэты ФАП — неад’емная частка жыцця. Як лазня... — тлумачыць Пётр Антонавiч. — Канешне, патрэбна, як кажуць, аптымiзацыя, рэфармаванне, але не ва ўрон медыцынскай дапамозе. У нас было 20 ФАПаў, цяпер — 11, было тры бальнiцы, цяпер — адна. Я зачынiў участковыя бальнiцы, якiя выконвалi функцыi сацыяльнага прытулку. Зачынiў нават туберкулёзную бальнiцу, у якой працавала жонка. Адначасова колькасць ложкаў у раённай бальнiцы вырасла з 215 да 315. Мiцько — чалавек i кiраўнiк, якi заўсёды ўзважвае, i не рушыць наперад з дзеяннямi, пакуль не пераканаецца ў мэтазгоднасцi «хода»: — Я быў у свой час членам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета, узначальваў камiсiю, якая займалася пытаннямi жанчын i дзяцей. Сямейныя праблемы я ведаў знутры. Першае, што iнiцыiраваў, — неабходнасць налiчэння дапамог сем’ям, якiя выхоўваюць дзяцей. Па маёй iнiцыятыве былi прыняты дакументы аб выплаце аднаразовай дапамогi цяжарным, якiя своечасова сталi на ўлiк, дэкрэтным водпуску да трох гадоў, паколькi з двума сынамi на руках ведаў, што такое праблема дзiцячага садка, разумеў, што да трох гадоў фармiруецца iнтэлект. Сам некалi намучыўся. Нам з жонкай на работу да 8 гадзiн i садкi працуюць з 8. Сямейная моладзь павiнна мець магчымасць спакойна зарабiць капейку. Патрэбна было i прадаставiць сям’i магчымасць самой вырашыць, хто застанецца ў дэкрэтным водпуску... У 1977-м, калi адкрыўся Iнстытут кардыялогii, Мiцько запрашалi ў навуку. Зараз ён кажа, што менавiта такi расклад быў для яго самым жаданым, важным. Груба кажучы, калi б тады нехта «пракармiў» яго сям’ю, ён адназначна стаў бы навукоўцам. Калi ж зразумеў, што мара не здзейснiцца, вырашыў хоць бы тут, у Смалявiчах, зрабiць усё, што зможа. — Фармальна ў нас усё адпавядае нормам, — удакладняе галоўны ўрач. — Калi ж гаварыць пра культуру, дызайн, тут неабходна працаваць. Я разумею, што ў бальнiцы чалавек павiнен адчуваць сябе спакойна, камфортна. Гэта лёгка сказаць, але зусiм няпроста зрабiць. Часта калi прапануеш нашым людзям нешта новае, яны задаюцца пытаннем «а навошта гэта?». Не гатовыя да лепшага. Дадам, што першыя камп’ютары з’явiлiся ў Смалявiцкiм РТМА ў 1986-м. Паставiў iх у бухгалтэрыю, а там запанiкавалi. Але ж паступова вывучылi. Мы правялi кабельнае злучэнне па раённай бальнiцы. У гэту сiстэму будуць аб’яднаны 36 працоўных месцаў. Сёння вырашаецца пытанне аб закупцы 22 недастаючых камп’ютараў i сервера. Мой прынцып не «цяпер i зараз». Iдэя, якая паступова выспела, гэтак жа паступова рэалiзуецца. Напрыканцы лютага будзе ўведзены рэканструяваны iнфекцыйны корпус. Да канца года зможам ажыццяўляць гарманальныя даследаваннi, распачаць работу ў мiкрабiялагiчнай лабараторыi... Мiцько катэгарычна не прымае «ўтрыманства i спажывальнiцтва». Трэба рабiць, што можаш, у межах дзеючага заканадаўства i нiчога нi ад кога не чакаць, мяркуе ён. Праўда, шлях гэты — адзiн з самых цяжкiх. Пётр Антонавiч перанёс два iнфаркты. Трэцi, як ён адчуваў, мог быць апошнiм, таму пагадзiўся на аортакаранарнае шунцiраванне на працуючым сэрцы — стаў сорак першым, каго прааперыравалi падобным чынам. — Зараз я не займаюся спортам, хоць у 17 гадоў быў кандыдатам у майстры веласiпеднага спорту. Цяпер проста ўсведамляю, што неабходна знаходзiць час i сiлы на актыўны адпачынак, гiмнастыку. Шкодных звычак не маю. Нiколi не злоўжываў спiртнымi напоямi i чацвёрты год як не ўжываю спiртнога наогул. Курыць кiнуў пасля першага iнфаркту. Быў момант — пашкодзiў нагу, ляжаў у бальнiцы i набраў лiшнюю вагу. Важыў 114 кiлаграмаў. На аперацыю на сэрцы iшоў з вагой 105 кiлаграмаў. Гады два таму даў сабе ўстаноўку пахудзець. Зараз «балансую» на ўзроўнi 90 кiлаграмаў. Не ўжываю цукар, белы хлеб, мучное, малочныя прадукты. Толькi крыху хлеба, практычна не абмяжоўваю мяса труса, iндычкi, рыбу, морапрадукты... Доктар не павiнен сам сябе лячыць, мяркуе Пётр Антонавiч, якi кансультуецца ў спецыялiстаў так часта, як гэта трэба. Перыядычна на месцы праходзiць ультрагукавое даследаванне сэрца, а для больш дэталёвых аглядаў едзе ў Мiнск. На думку галоўнага ўрача РТМА, спецыфiчная, дарагая апаратура павiнна быць у спецыялiзаваных цэнтрах, а ўсё астатняе — на месцы. Святлана БАРЫСЕНКА. г. Смалявiчы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Песiмiст «па веданню рэчаiснасцi» i аптымiст «па дзеяннях» Пётр Антонавiч нарадзiўся ў 1944-м, у прамым сэнсе на Заслаўскай зямлi — у полi
|
|