21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Турызм — шанц для развiцця тэрыторый

25.08.2009 21:34 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Галоўнае — пераадолець iнерцыю i пачаць працаваць

У Нацыянальнай праграме па развiццю турызму прадугледжваецца павялiчыць да 2010 года прыём замежных турыстаў больш чым у пяць разоў. А аб’ёмы платных турысцка-экскурсiйных паслуг павiнны вырасцi аж у 14 разоў! Толькi сёлета намечана павялiчыць на 30 працэнтаў колькасць турыстаў у нашу краiну. У выкананнi пастаўленых задач важная роля адводзiцца органам мясцовай улады. Наш карэспандэнт гутарыць на гэту тэму з начальнiкам упраўлення турызму Мiнiстэрства спорту i турызму Віктарам ЯНКАВЕНКАМ.

— Вiктар Архiпавiч, некалькi слоў аб вынiках дзейнасцi турыстычнай галiны краiны за мiнулы год.

— Яны абнадзейваюць. Летась план па аказанню турысцка-экскурсiйных паслуг выкананы на 137,5 працэнта. Хоць рост быў закладзены на 20 працэнтаў. Упершыню ў гiсторыi айчыннага турызму ўсе, падкрэслю, усе тэрыторыi выканалi даведзеныя паказчыкi. У вынiку 90,5 тысячы замежных турыстаў наведалi летась Беларусь. А ў 2004 годзе, нагадаю, iх было 67,5 тысячы.

— Чым вы тлумачыце гэты калi не прарыў, то, безумоўна, iстотны крок наперад?

— У першую чаргу тым, што ў нас нарэшце зразумелi адну важную рэч: якiя б нi прымалiся на ўзроўнi нашага мiнiстэрства, iншых ведамстваў рашэннi аб мерах па развiццю турызму, працаваць трэба з рэгiёнамi.

I мiнулы год — лепшае таму пацвярджэнне.

— Якiя магчымасцi перад мясцовай уладай адкрыла прыняцце Нацыянальнай праграмы па турызму?

— Даволi шырокiя. Турызм — шанц для развiцця тэрыторый, асаблiва тых, якiя не маюць карысных выкапняў, горадастваральных прадпрыемстваў i г.д.

Не будзем далёка хадзiць за прыкладамi. Сёння ў нас усе ведаюць пра рэканструкцыю Аўгустоўскага канала. Дык вось, Аўгустоў, невялiкi горад у Польшчы з 30-тысячным насельнiцтвам, да 1991 года iснаваў бедна: беспрацоўе, нiякiх перспектыў для моладзi, сапраўдны «мядзведжы вугал». Але пачалося засваенне аднайменнага воднага канала, i сiтуацыя карэным чынам перамянiлася. Аўгустоў сёлета мяркуе прыняць 80 тысяч турыстаў-байдарачнiкаў, у горадзе i ўздоўж канала пабудаваны гасцiнiцы на адначасовае размяшчэнне 4 тысяч турыстаў. Для параўнання, ва ўсёй Гродзенскай вобласцi гасцiнiцы могуць прыняць 2300 чалавек.

Чаму Турцыя можа ставiць задачу да 2015 года патроiць колькасць прыёму турыстаў, а мы, еўрапейская транзiтная краiна ў цэнтры кантынента з багатай культурна-гiстарычнай спадчынай, павiнны быць убаку ад падзелу велiзарных даходаў ад сусветнага турызму?

Так, у нас няма цёплага мора, затое ёсць шмат таго, што адсутнiчае ў iншых краiнах. Галоўнае, пераадолець iнерцыю i пачаць працаваць. Як робяць гэта ў Пастаўскiм раёне. Летась там было праведзена цiкавае фальклорнае свята «Заборскi фэст» (ад назвы вёскi Забор’е), iншыя мерапрыемствы па прыцягненню турыстаў. I яны прынеслi плён. Турысты паехалi на Пастаўшчыну. Калi ў першым паўгоддзi наш турагент прыняў там 30 чалавек, то са жнiўня i да канца года — ужо больш за тысячу!

Вялiкi ўклад могуць унесцi мясцовыя ўлады ў развiццё прыдарожнага сэрвiсу на сваёй тэрыторыi, якi па шматлiкiх водгуках замежных турыстаў пакiдае жадаць лепшага. Дарогi ў вас выдатныя, а вось спынiцца на кароткi адпачынак амаль няма дзе, кажуць яны.

Таксама ёсць мэтазгоднасць мясцовым уладам далучыцца да засваення вялiкага патэнцыялу воднага турызму. У чэрвенi плануецца адкрыццё беларускай часткi Аўгустоўскага канала i можна будзе няблага зарабляць на абслугоўваннi iншаземцаў. У развiццi айчыннай iндустрыi турызму, асаблiва ўязнога, шмат рэзерваў. Возьмем агратурызм. Не так ужо шмат трэба грошай, каб вясковае падвор’е ў маляўнiчай мясцовасцi з дапамогай мясцовай улады ператварыць у рэнтабельны этнаграфiчны пастаялы двор. Ужо нямала такiх прыкладаў.

— Але ўзняць турызм на еўрапейскi ўзровень без сур’ёзных iнвестыцый у галiну наўрад цi атрымаецца. Што могуць зрабiць раённыя i сельскiя саветы з iх больш чым сцiплымi фiнансавымi магчымасцямi?

— Ведаеце, тут вельмi многае залежыць ад адносiнаў мясцовай улады. У Заслаўi, напрыклад, здолелi апошнiм часам шмат зрабiць для развiцця турызму. Там толькi летась з’явiўся новы цiкавы экскурсiйны маршрут, адкрылiся гiсторыка-культурны комплекс «Лiнiя Сталiна», музей мiфалогii i лесу. Здавалася, больш чым дастаткова для населенага пункта, якi не з’яўляецца райцэнтрам. Але ў Заслаўi, наколькi я ведаю, выношваюць iншыя амбiцыйныя планы: збiраюцца прывесцi ў парадак грабны канал, пабудаваць гасцiнiцу, адкрыць аб’екты для актыўнага вячэрняга адпачынку.

Так, згодны, раённыя i сельскiя саветы вельмi абмежаваныя ў сродках, калi не сказаць больш. Але ў iх ёсць свае магчымасцi прыцягваць грошы iнвестараў, у тым лiку замежных. Так, па вынiках трэцяга рэспублiканскага турысцкага конкурсу «Пазнай Беларусь», у якiм удзельнiчалi 68 намiнантаў, лепшым аб’ектам адпачынку прызнана сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства «Надзея XXI стагоддзя», што ў Вiлейскiм раёне.

На мой погляд, задача мясцовай улады ў тым, каб усяляк дапамагаць iнвестару. Каб ён быў упэўнены ў тым, што побач з турысцкiм аб’ектам са згоды Савета праз год-другi не ўзвядуць свiнарнiк, не захочуць узараць суседнi луг, не адвядуць зямлю пад будаўнiцтва завода амiяка...

Для мясцовай улады поле дзейнасцi па стварэнню турысцкай iнфраструктуры з удзелам iнвестараў, паверце, сёння вельмi шырокае. Возьмем славуты Мiрскi замак, якi занесены ЮНЕСКО ў спiс Сусветнай спадчыны. Замак, безумоўна, цудоўны, аднак яго наведвальнiкам... няма дзе пасля экскурсii паабедаць. Напэўна, iм хацелася б наведаць экзатычны, стылiзаваны пад даўнiну рэстаран цi кафэ, дзе прапаноўваюць стравы старажытнай беларускай кухнi, адпачыць у летнiм бары за куфлем беларускага пiва. Няма там сучасных кропак па продажы разнастайных сувенiраў мясцовых рамеснiкаў, турысцкiх мапаў, даведнiкаў i г.д.

А ў Еўропе наяўнасць падобнай сучаснай iнфраструктуры вакол аб’екта, аналагiчнага Мiрскаму замку, рэч даўно звыклая i, мiж iншым, даволi рэнтабельная. Думаю, прыбытковай справай для iнвестараў стала б гасцiнiца побач з замкам. Каб турыст не толькi на экскурсiю прыехаў у Мiр, але i пакiнуў тут грошы, частка якiх пайшла б у мясцовы бюджэт.

Праўда, ёсць надзея, што сiтуацыя з часам зменiцца ў лепшы бок. Нядаўна Белiнтурыст i Мiрскi пасялковы Савет дамовiлiся стварыць iнфармацыйна-забаўляльны цэнтр для наведвалькаў замка. Савет у якасцi ўзносу перадаў будынак, Белiнтурыст укладзе грошы ў рамонт i абсталяванне.

— Скептыкi кажуць, што ў нас у рэгiёнах мала вартых увагi аб’ектаў i маршрутаў. Iснуючыя можна на пальцах пералiчыць: той жа Мiр, Нясвiж, Полацк, Белавежская пушча i яшчэ некалькi. Няўжо мы такiя бедныя?

— Не згодны. Беднымi мы нярэдка лiчым сабе ад элементарнага няведання гiсторыi, геаграфii нашай дзяржавы. У нас вялiкая колькасць найцiкавейшых аб’ектаў для наведвання турыстамi. Не адна тысяча, згодна з данымi Мiнiстэрства культуры. Сярод iх — аб’екты на любы густ. Перспектыўнай, на мой погляд, з’яўляецца тэматыка вайны 1812-га з французамi на тэрыторыi нашай краiны. Цiкавасць да постацi Напалеона i ўсяго, што звязана з iм, у Еўропе застаецца высокай. А ў нас толькi на Беразiне стаiць пяць помнiкаў салдатам той вайны. З iх два помнiкi французам, па аднаму — рускiм, аўстрыйцам i швейцарцам.

Iншая справа, што далёка не ўсе аб’екты знаходзяцца ў належным стане, маюць прывабны выгляд. А так нам ёсць чым пахвалiцца перад турыстамi. Упэўнены, у кожным раёне ёсць нешта сваё, адметнае i вартае для дэманстрацыi гасцям. I не абавязкова замежным. Летась упершыню больш за 50 тысяч нашых суайчыннiкаў для адпачынку выбралi паездкi з начлегам па ўнутраных маршрутах. Ну чым не стымул для мясцовай улады?

— Часта бывае так: ёсць у раёне i дастойны аб’ект для паказу замежным гасцям, i нават больш-менш адпаведная iнфраструктура, i вакол цудоўны ландшафт, а прыняць турыстаў як след не ўмеем, каб яны больш грошай пакiнулi на дадзенай тэрыторыi. Чаму?

— Вельмi многае залежыць ад квалiфiкацыi мясцовых кадраў, якiя займаюцца турызмам. У нас ёсць структуры кiравання галiной i вопытныя спецыялiсты на ўзроўнi рэспублiкi i вобласцi, а вось працаваць у невялiкiх гарадах i раёнах з яшчэ «нераскручаным» турыстычным патэнцыялам часта няма каму, за выключэннем Мiра, Нясвiжа, Полацка i яшчэ некалькiх цэнтраў актыўнага наведвання. Хоць у краiне кадры для галiны рыхтуюць 15 ВНУ, спецыялiстаў па прыёму турыстаў на месцах востра не хапае. Разам з Мiнадукацыi плануем пэўныя захады па выпраўленню становiшча.

Летась у краiне былi створаны 11 турыстычных зон. Iм адводзiцца значная роля ў развiццi ўязнога турызму. Усяго ў краiне на працягу двух гадоў з’явiцца 27 турыстычных зон. Кожная будзе ахоплiваць 3—4 раёны, мець сваю адмiнiстрацыю, iнфармацыйны цэнтр. Мяркуецца, што гэта дазволiць пашырыць геаграфiю стварэння турысцкага прадукту, якi раней фармiраваўся пераважна ў сталiцы i абласных цэнтрах, дасць стымул мясцовай уладзе больш актыўна далучацца да гэтай работы. I такiм чынам садзейнiчаць развiццю турыстычнай iндустрыi на ўзроўнi сусветных стандартаў.

Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галоўнае — пераадолець iнерцыю i пачаць працаваць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика