Палітыка — справа не сумная
Барыс ПРАКОПЧЫК
ДЭПУТАЦКАЯ ПРЫЁМНАЯ Лiдары маладзёжных арганiзацый ужо сёння рыхтуюцца да грамадска-палiтычнай дзейнасцiДзесяць дзён у месяц дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Лiлiя Кашанкова, як i iншыя парламентарыi, працуе ў сваёй выбарчай акрузе — у Гродзенскiм раёне. Яе дэпутацкая прыёмная размешчана ў будынку Гродзенскага райвыканкама i, акрамя таго, сустрэчы з выбаршчыкамi рэгулярна праводзяцца ў сельскiх населеных пунктах. Праўда, нядаўна ў Путрышкаўскай сярэдняй школе (дзе, дарэчы, да выбрання ў парламент Лiлiя Васiльеўна доўгi час працавала дырэктарам) «дэпутацкую прыёмную» наладзiлi ... школьнiкi. — Iдэя праекта «Дэпутацкая прыёмная», у якiм возьмуць удзел дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусi i мясцовых Саветаў, належыць упраўленню адукацыi Гродзенскага аблвыканкама, — расказвае Лiлiя Кашанкова. — Наша задача — рыхтаваць лiдараў маладзёжных арганiзацый да грамадска-палiтычнай дзейнасцi, наладжваць механiзм узаемадзеяння памiж дэпутацкiм корпусам i дзiцячымi iнiцыятывамi, каб сумесна вырашаць iснуючыя праблемы. Гэты праект будзе ажыццяўляцца ў некалькi этапаў. Першы з iх нядаўна прайшоў у Путрышкаўскай школе, дзе сабралiся каля шасцiдзесяцi лiдараў маладзёжных арганiзацый з усяго раёна. Я расказала iм аб асновах дэпутацкай дзейнасцi, сiстэме заканадаўства, на прыкладах канкрэтных законапраектаў патлумачыла, як яны рыхтуюцца пры першым чытаннi, як — пры другiм. — Дзецi ад гэтай тэматыкi не засумавалi? — Я нават не чакала, што будзе так многа пытанняў. Прычым, спадзяюся, гэта толькi пачатак, бо дзецi запiсалi нумар тэлефона майго памочнiка. А потым яны падзялiлiся на каманды, каб паспаборнiчаць у распрацоўцы праектаў новых маладзёжных акцый, iдэй на блiжэйшую перспектыву. Неўзабаве планую арганiзаваць паездку лiдараў маладзёжных арганiзацый у парламент, каб яны пабачылі, як «творацца» законы, а магчыма, i папрысутнiчалi непасрэдна падчас работы над законапраектамi. Упэўнена, што i тут яны не засумуюць, бо сёння ў парламенце выказваюцца розныя, нават рэзка процiлеглыя пункты погляду, i ўсе яны выслухваюцца. Наогул абстаноўка вельмi дэмакратычная: кожны дэпутат, незалежна ад таго, у якую камiсiю ён уваходзiць, мае права падаць папраўку да любога законапраекта, прысутнiчаць на пасяджэннi любой камiсii. Я, да прыкладу, працую ў камiсii па адукацыi, культуры i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу, але нядаўна ўдзельнiчала ў рабоце «чужой» камiсii пры абмеркаваннi законапраекта аб рэкламе, прапанавала i адстойвала падчас дыскусii дзве папраўкi. У нашым парламенце сёння пераважаюць розум i вопыт. Дэпутаты не гуляюць у палiтычныя дыскусii, а дыскуціруюць па сацыяльных праблемах, прычым, вельмi прынцыпова. Абмяркоўвалася, напрыклад, невялiкае дапаўненне да пенсiйнага заканадаўства. Паступiла прапанова ад Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны залiчваць жанчыне ў працоўны стаж толькi дзевяць гадоў па догляду за дзецьмi. А калi яна нарадзiла чацвёртае дзiця? Нам тлумачаць, што грошай не хапае ў дзяржаве. Але як жа мы падымем нараджальнасць, калi наступныя пасля дзевяцi тры гады не будуць iсцi ў стаж шматдзетнай мамы? Мы сказалi, што супраць гэтай папраўкi. Аднак вернемся да праекта «Дэпутацкая прыёмная». Я папрасiла, каб кожны з маладзёжных лiдараў падрыхтаваў пытаннi, якiя сёння цiкавяць моладзь i тое асяроддзе, у якiм яна жыве. Мяркую, што пасля наведвання Палаты прадстаўнiкоў мы зноў сустрэнемся i абмяркуем гэтыя пытаннi. Некаторыя з iх, магчыма, будуць падставай для пэўных заканадаўчых рашэнняў. Яшчэ адным этапам гэтага праекта могуць стаць, дапусцiм, валанцёрскiя зборы. — Над якiмi законапраектамi ў адукацыйнай сферы цяпер працуе парламент? — Мы iдзём да прыняцця Кодэкса аб адукацыi. На сённяшнi дзень у Палаце прадстаўнiкоў i Савеце Рэспублiкi Нацыянальнага сходу ўжо прыняты шэраг заканадаўчых дакументаў па адукацыйных пытаннях — гэта асноўны, фундаментальны закон аб адукацыi, а таксама законы аб прафесiйна-тэхнiчнай i спецыяльнай адукацыi. Цяпер у нашай камiсii знаходзяцца яшчэ тры законапраекты, якiя рыхтуюцца да другога чытання на чацвёртай сесii — аб агульнай сярэдняй адукацыi, вышэйшай адукацыi i размеркаваннi выпускнiкоў ВНУ, сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў i прафесiйна-тэхнiчных вучылiшчаў. У блiжэйшай перспектыве таксама законы аб дашкольнай адукацыi i кнiгавыданнi для школ. I вось калi будуць яшчэ i гэтыя два законы, тады мы зможам гаварыць аб прыняццi Кодэкса аб адукацыi. — Якiя пытаннi асабiста вам уяўляюцца найбольш важнымi ў гэтых законапраектах? — Калi казаць аб агульнай сярэдняй адукацыi, то да цяперашняга часу яна не мела прававой базы. Таму ў гэтым законапраекце закладзены асновы, прынцыпы, накiрункi дзейнасцi агульнаадукацыйнай школы. Дакладна прапiсана яе структура, вызначаны не толькi адукацыйныя, але i выхаваўчыя задачы. Гэта — першае. Другое — «правiлы гульнi» ў адносiнах да розных формаў навучання, у тым лiку на даму, санаторнага. Наступны аспект — абавязкi кiраўнiка адукацыйнай установы i педагагiчнага савета, якi з’яўляецца там вышэйшым органам. Таксама дакладна прапiсаны адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей, iх функцыi i правы ў адносiнах да школы. Што ў гэтым законе будзе асаблiва прыемна для нашых настаўнiкаў? Па-першае, захавана працягласць водпуску — 48 i з выхаднымi — 56 дзён. Па-другое, напаўняльнасць пачатковых класаў не павiнна перавышаць 20 вучняў. У законапраекце аб вышэйшай адукацыi прадугледжваюцца дзве ступенi — класiчная вышэйшая плюс магiстратура. Пры гэтым у магiстратуру, а затым у аспiрантуру павiнна iсцi таленавiтая моладзь. Што датычыцца законапраекта аб размеркаваннi выпускнiкоў, то ён ставiць кропкi над усiмi размовамi. Мяркуецца, што пры паступленнi ў ВНУ са студэнтам будзе заключацца дагавор, згодна з якiм пасля завяршэння вучобы ён абавязуецца ехаць на два гады працаваць па размеркаванню. Гэта — як дагавор памiж дзяржавай i маладым чалавекам, якi вучыцца за бюджэтныя сродкi. У гэтым жа дагаворы, дарэчы, будуць прапiсаны i выпадкi, калi выпускнiк мае права не ехаць па размеркаванню. Важна i тое, што ўпершыню на заканадаўчым узроўнi дзяржава бярэ на сябе забеспячэнне першым рабочым месцам выпускнiкоў прафесiйна-тэхнiчных вучылiшчаў i сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. У iншых краiнах, лiчу, аб гэтым могуць толькi марыць. — У Путрышкаўскай сярэдняй школе яшчэ ў вашу бытнасць дырэктарам стварылi музей Мацi, аднак вiдавочна, што мацярынства, сям’я патрабуюць не толькi ўшанавання, але i вырашэння надзённых праблем... — 2006-ы ў Беларусi аб’яўлены годам Мацi, i нам сапраўды трэба шмат зрабiць па паляпшэнню дэмаграфiчнай сiтуацыi ў нашай краiне, падтрымцы шматдзетных сем’яў. Апошнiя рашэннi прэзiдэнта краiны ў гэтым напрамку — не спантанныя крокi, не данiна модзе, а працяг яго сацыяльна арыентаванай палiтыкi. Парламент таксама ўнёс сваю лепту ў пад-трымку сям’i i дзяцей: у першым i другiм чытаннях прыняты два вельмi важныя законы — аб дзяржаўных дапамогах сем’ям i дзяржаўных гарантыях дзецям-сiротам i дзецям, якiя засталiся без апекi бацькоў. Раней, аказваецца, дзецi-сiроты жылi па даўняй iнструкцыi... Да другога чытання падрыхтаваны яшчэ два законапраекты, якiя датычацца сям’i i дзяцей. У прыватнасцi, па iнiцыятыве жанчын (а нас у Палаце прадстаўнiкоў 32 чалавекi) у Кодэкс аб шлюбе i сям’i ўносiцца папраўка, што бацькi павiнны будуць выплачваць алiменты не да 18-гадовага ўзросту сваiх дзяцей, а, калi яны вучацца ў ВНУ, да 23 гадоў. Другая папраўка скiравана на тое, каб пры падзеле маёмасцi ў вынiку скасавання шлюбу былi максiмальна абаронены iнтарэсы дзяцей. Цяпер у парламенце iдзе работа над законапраектам аб адказнасцi бацькоў, чые дзецi знаходзяцца ў школах-iнтэрнатах i дзiцячых дамах. Цяжкi законапраект... Усе згодны, што бацькi павiнны плацiць за ўтрыманне iх дзяцей у гэтых установах. Але як гэта ажыццявiць? Тут патрэбны дэталёвы механiзм рэалiзацыi. Але гэта трэба рабiць абавязкова. Або такая праблема, якая датычыцца шматдзетных сем’яў. Сёння ў iх ёсць права купiць кватэру з дапамогай iльготнага крэдыту. Аднак цi заўсёды гэтым правам можна скарыстацца на практыцы? Нядаўна на сустрэчы з выбаршчыкамi мне расказалi пра наступную сiтуацыю. Шматдзетная сям’я прыгледзела на другасным рынку жылля ў Гродне кватэру. Службай па дзяржаўнай рэгiстрацыi яна ацэньваецца ў адну суму (пад яе i можна атрымаць ільготны крэдыт), а гаспадар кватэры просiць значна больш. Нестыкоўка атрымлiваецца. I не заўсёды ў шматдзетнай сям’i ёсць сродкi, каб набыць жыллё на такiх умовах. Праблемы ёсць, але факт i ў тым, што многае робiцца па iх вырашэнню: за мiнулы год дзякуючы сацыяльнай палiтыцы дзяржавы каля дваццацi шматдзетных сем’яў у Гродзенскiм раёне палепшылi свае жыллёвыя ўмовы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лiдары маладзёжных арганiзацый ужо сёння рыхтуюцца да грамадска-палiтычнай дзейнасцi
|
|