Радыё для мазгоў
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Гаворыць i паказвае... Гэта праграма — аднагодка суверэннай Беларусi. Менавiта з яе на Беларускiм радыё пачалiся «жывыя» эфiры. I менавiта пад яе пазыўныя а сёмай гадзiне ранiцы многiя з нас i сёння прачынаюцца, збiраюцца ў школу, у iнстытут, на працу... 4 сакавiка «Радыёфакту» споўнiцца 15 гадоў. А напярэдаднi гэтай даты мы сустрэлiся са стваральнiкамi эфiру — тымi, хто дзень за днём забяспечвае нас самымi свежымi навiнамi. Радыё, як напаўжартаўлiва сцвярджае намеснiк галоўнага дырэктара — дырэктар iнфармацыйнага i грамадска-палiтычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон ВАСЮКЕВIЧ, мае вялiкую перавагу перад тэлевiзарам — яго глядзець не трэба. «Пакруцiў гучнасць — i слухай сабе. Я, напрыклад, слухаю практычна ўвесь час i паўсюдна — у дарозе, дома, на працы. Таксама, ведаю, у нас многа слухачоў сярод вадзiцеляў i пасажыраў аўтобусаў i маршрутак. Аднойчы я бачыў такую засяроджаную бабулю, якая, стоячы ля кабiны вадзiцеля, з вялiкай увагай услухоўвалася ў прагноз надвор’я...». Увогуле «Радыёфакт» разлiчаны на тры «хвалi» слухачоў: тыя, хто збiраецца на работу i ўключае радыё ў 7.00—7.20, 7.20—7.40, 7.40—8.00. Зыходзячы з гэтага пабудавана i праграма: у тры этапы iдуць навiны, прагноз надвор’я, тэматычныя iнфармацыйныя блокi. Са з’яўленнем ранiшняга iнфармацыйнага канала аўдыторыя павялiчылася яшчэ за кошт тых, хто ўстае а 5-й гадзiне ранiцы. ...Колькасць журналiстаў, якiя працуюць над праграмай, павялiчылася — адпаведна вырасла i якасць. Да 6 гадзiн ранiцы выходзiць, можна сказаць, «аблегчаны» варыянт праграмы, дзе акрамя музыкi таксама ёсць многа рэпартажаў, актуальных каментарыяў, навiны дзелавога жыцця, народны каляндар, выхад на прамую сувязь з дзяжурным сiноптыкам (вельмi запатрабаваная ў дачны сезон iнфармацыя). Беларускае радыё перайшло на кругласутачны рэжым работы, i трэба iмкнуцца зацiкавiць аўдыторыю. Таксама «Радыёфакт» на працягу сутак захоўваецца на сайце ў Iнтэрнэце. — Звычайна бывае, што адразу пасля праграмы пачынаюцца званкi ад людзей, якiя зацiкавiлiся iнфармацыяй, але нешта не дачулi. Каб не паўтараць 10—15 разоў адно i тое ж, мы даём спасылку на сайт, — тлумачыць Антон Васюкевiч. — На сёння, напэўна, аўдыторыя «Радыёфакта» самая вялiкая з усiх электронных СМI ў краiне. Па-першае, радыё ёсць практычна ў кожным доме. Па-другое — самы рэйтынгавы час. Па-трэцяе — канцэнтраваная iнфармацыя ў максiмальна кароткi час, лiтаральна 15 хвiлiн. Акрамя таго, абавязкова ёсць нейкая iнтрыга — мы кожны блок анансiруем i трымаем «гарачую» навiну да канца. Нiякага асаблiвага сакрэту ў аператыўнасцi i «ўсеабдымнасцi» праграмы няма: карэспандэнты «Радыёфакта» працуюць ва ўсiх абласцях Беларусi i буйнейшых райцэнтрах, а таксама за мяжой — у Польшчы, Прыбалтыцы, Расii, Украiне. З расiйскiмi станцыямi наладжана супрацоўнiцтва, iдзе абмен iнфармацыяй. — Як часта абнаўляецца сам «Радыёфакт», нараджаюцца новыя рубрыкi? — Тут мы нiколi не абмяжоўваемся новым сезонам. Калi ёсць неабходнасць, рубрыка з’яўляецца iмгненна. Напрыклад, выйшла Дырэктыва Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь №1, i практычна на наступны дзень у праграме з’явiлася тэматычная рубрыка. Або, скажам, пачалася ў краiне падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу — у «Радыёфакце» адразу ж адпаведная рубрыка «Выбiраем Беларусь!». Радыёслухачы таксама выказваюць свае iдэi i пажаданнi. Iмкнёмся ўлiчваць усё. Напрыклад, прагноз надвор’я на два днi робiм па просьбах слухачоў, у фiксаваны час — адразу ж пасля першага блока навiн, палiтычныя каментарыi, спецыяльныя рэпартажы, агляд прэсы, спорт — таксама выходзяць па адпаведнаму графiку. — Вы таксама пачыналi кар’еру з «Радыёфакта». Не шкадуеце, што аператыўную работу давялося памяняць на адмiнiстрацыйную? — А я нiкуды не сыходзiў! (Усмiхаецца.) Час ад часу вяду праграму, але звычайна спецыяльныя тэматычныя выпускi. Творчая работа спрыяе адмiнiстрацыйнай i наадварот. Дый усе тыя, хто працаваў раней над «Радыёфактам», нiкуды не сыходзяць — яны заўжды побач з маладымi супрацоўнiкамi, дапамагаюць, падказваюць. Нiводная справа не iснуе сама па сабе, яна — толькi прадукт творчасцi людзей. Канешне, прадставiць усiх, хто працаваў i працуе над «Радыёфактам», на газетнай старонцы немагчыма. Дзеля нагляднасцi мы вырашылi задаць практычна аднолькавыя пытаннi прадстаўнiкам розных пакаленняў. Алена ШВАЙКО — адна з тых журналiстаў, хто пачынаў «Радыёфакт» i Максiм УГЛЯНIЦА — цяперашнi вядучы, якога мы, дарэчы, «злавiлi» якраз пасля эфiру. А.Ш.: «Радыёфакт» тады i «Радыёфакт» зараз — дзве зусiм розныя праграмы. Мы пачыналi працаваць упершыню ў гiсторыi радыё ў прамым эфiры. Нас было 9 чалавек, падзеленых на 3 брыгады — Аляксандр Шаўко, Валерый Радуцкi, Iна Ясiнская, Iван Гладкi, Юрый Шамшур, Алег Мiхалевiч, Аляксандр Цiтавец... Зараз сiтуацыя спакойная, стабiльная, таму працаваць i прасцей, i складаней, але галоўнае — цiкава! Пераемнасць пакаленняў, камандны дух у нас свята захоўваюцца, а iнакш немагчыма. — Для многiх суграмадзян, у тым лiку для мяне, радыё спрацоўвае як найлепшы будзiльнiк. А вы цi лёгка прачынаецеся зранку? М.У.: Зараз я прачынаюся ўжо раней, чым радыё пачынае выконваць ролю будзiльнiка — а палове чацвёртай. Выкарыстоўваю найноўшыя тэхналогii — будзiльнiк у мабiльным тэлефоне. Праўда, сёння ён мяне ледзь не падвёў, а выручыў, як заўсёды, звычайны будзiльнiк. Асаблiвых сакрэтаў няма — проста рэгулярна паўтараеш сабе, што трэба захоўваць бадзёрасць i перадаваць яе слухачам. А.Ш.: Я сава, i рана ўстаць заўжды было праблемай — калi вяртаешся з работы а 12-й гадзiне ночы, проста не ўяўляеш сабе, як гэта падняцца на досвiтку. Але нас падштурхоўвала вось што: каманда «Радыёфакта» напалову мужчынская. I калi знаходзiшся сярод мужчын, якiя ўмеюць падтрымаць, сказаць камплiмент, мiжволi падбiраешся, забываешся на ўсе праблемы i працуеш. Гэта найлепшы стымул. — А калi даводзiцца чытаць непрыемныя навiны — паведамленнi пра катастрофы, аварыi, няшчасныя выпадкi?.. М.У.: На шчасце, такiх здарэнняў у нашай краiне мала. Але, безумоўна, чалавечыя беды не маюць нацыянальнасцяў i геаграфiчных межаў. У катастрофах гiнуць людзi. Натуральна, такiя паведамленнi адразу адбiваюцца на настроi. Але трэба абстрагавацца, бо навiны — гэта сфера абсалютна не эмацыянальная. А.Ш.: Памятаю, я працавала ў эфiры, калi здарылася трагедыя на Нямiзе. Я проста не магла вымавiць слова. Папрасiла свайго калегу Уладзiмiра Баклейчава, каб той зачытаў паведамленне... (Дарэчы, як прыгадала Алена Мiкалаеўна, адзiны раз у гiсторыi «Радыёфакт» не выйшаў у эфiр — падчас ГКЧП. Гэта быў лепшы спосаб выказаць сваё стаўленне да падзей — прамаўчаць. — Аўт.) — Распаўсюджана меркаванне, што вядучы — гэта звычайная «гаворачая галава»... М.У.: На радыё, ва ўсякiм выпадку, мы пiшам сабе тэксты самi. I нават гатовыя аўтарскiя падводкi да сюжэтаў кожны апрацоўвае пад сябе, пад сваю манеру. Так што вядучаму трэба не толькi гаварыць, але i творча працаваць, а ўлiчваючы, што гэта прамы эфiр — яшчэ i не страчваць рэакцыю. А.Ш.: Няпраўда! На радыё глупства прыгожай карцiнкай не схаваеш. У нас у эфiры — толькi слова, i яно павiнна быць разумным i жывым. Калi сустракаюцца дасведчаны суразмоўца i кампетэнтны журналiст, размова заўжды атрымлiваецца цiкавай. — Цi ёсць у вас любiмая тэма? М.У.: Калi я толькi прыйшоў, аддаваў перавагу культуры. Зараз мяне больш цiкавяць грамадска-палiтычныя працэсы ў краiне i свеце. А.Ш.: Я працавала ў пары з Iнай Ясiнскай, i любiмай тэмай у нас было цiкавае iнтэрв’ю са знакавай асобай, альбо аператыўны каментарый да важнейшых для краiны падзей. У нас у гасцях былi вядомыя ў Беларусi i ледзь не па ўсiм свеце палiтычныя дзеячы i кожнае iнтэрв’ю мы абавязкова спрабавалi зрабiць самым лепшым i цiкавым. — Вы можаце прыгадаць забаўныя выпадкi з эфiру? А.Ш.: Былi, канешне, пiкантныя выпадкi, але пра iх мы гаварыць не будзем... Памятаю, запрасiла ў эфiр аднаго з высокiх чыноўнiкаў, разглядалi сур’ёзнае эканамiчнае пытанне, а потым ён адказваў на пытаннi слухачоў. Званкоў шквал. Напрыканцы праграмы цiкаўлюся: «Як вы лiчыце, у каго было самае цiкавае пытанне?». А ён адказаў: «Напэўна, у таго чалавека, якi не дазванiўся». Яшчэ аднойчы запрасiла супрацоўнiцу мытнага камiтэта, абмяркоўвалi новыя правiлы «растаможкi» аўтамабiляў, i яна прынесла стос папер. Раптам пасярэдзiне праграмы ўсе гэтыя паперы падаюць на падлогу. Яна палезла пад стол, шукае паперы. Я кажу, маўляў, давайце дапамагу, i — таксама пад стол. I ўсё ў прамым эфiры. А мiкрафоны высока, даводзiцца задзiраць галаву, каб нас было чуваць... Гэта трэба было бачыць! (Смяецца). — Каб згатаваць смачную страву, трэба ўзяць таго i таго па рэцэпту i прыправiць на смак. А каб зрабiць «смачную» праграму, якiя iнгрэдыенты патрэбны? М.У.: Па-першае, «пярчынка» — сюжэт цi навiна, вакол чаго можна пабудаваць усю праграму. Па-другое, неабходна працаваць камандай: калегi заўжды дапамогуць сабраць цiкавую iнфармацыю. Уплывае i ўласны настрой, i ўзаемадзеянне з гукарэжысёрам, i кантакт з гасцямi ў студыi. «Рэцэптуру» скласцi, паверце, няпроста. А.Ш.: Для добрага эфiру патрэбная добрая фактура. I добры суразмоўца — «гвозд» праграмы, — прычым гэта павiнна быць цiкавая асоба. А ўвогуле ўсё залежыць ад самога аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта праграма — аднагодка суверэннай Беларусi. Менавiта з яе на Беларускiм радыё пачалiся «жывыя» эфiры. I менавiта пад яе пазыўныя а сёмай гадзiне ра |
|