Свабодны склад пачынае гандаль
Алеся ГАЛОЎЧЫЦ
Першыя партыi аўтамабiляў для свабоднага склада ўжо паступiлі i плануецца пачаць iх продаж.
Нагадаем, на свабодны склад iмпартныя аўтамабiлi завозяцца i захоўваюцца там без збiрання мытных пошлiн i падаткаў. Лiцэнзiю на арганiзацыю такой структуры атрымаў ГД «Ждановiчы» 10 студзеня гэтага года. Зараз ужо пройдзены пачатковы арганiзацыйны этап, створана iнфраструктура, падрыхтаваны нарматыўныя дакументы, якiя вызначаюць работу свабоднага склада. Гэтымi днямi сюды прывезлi першыя 24 аўтамабiлi. Пасля таго, як закончаць iх дыягностыку i перадпрадажную падрыхтоўку, пакупнiкi змогуць iх набыць. Дарэчы, на складзе праводзяць выключна касметычныя работы — мойка аўтамабiляў, чыстка салона. Рамонт машын тут не прадугледжаны. Як расказаў намеснiк дырэктара — начальнiк свабоднага склада Iльшат ХАЛIТАЎ, тэарэтычна ўжо адпрацаваныя такiя моманты, як дакументальнае афармленне пакупкi, працэдура вываду прададзенага аўтамабiля з-пад мытнага кантролю, афармленне рэгiстрацыi ў ДАI i праходжанне тэхагляду. Канчаткова дакументальная адпрацоўка будзе праходзiць у працэсе фактычных продажаў. Варта адзначыць, што на свабодным складзе не будзе новых машын. Арганiзатары арыентуюцца на аўтамабiлi ад 3 да 10 гадоў з часу выпуску. Адно з патрабаванняў — каб машына не была ў аварыi. Дыяпазон цэн прывезеных аўтамабiляў — ад 4300 да 13500 долараў. Iльшат Халiтаў растлумачыў, што цэны на свабодным складзе больш высокiя, чым на рынках таму, што аўтамабiлi не патрабавалi нiякiх дадатковых рамонтных работ. Менавiта гэта часцей за ўсё адрознiвае iх ад машын на рынках. Для прыкладу, аўтамабiль VW Passat 1997—1998 гадоў выпуску на свабодным складзе будзе максiмум на 1000 долараў даражэйшым за аналагiчную мадэль, якая мела кузаўны рамонт i прадаецца на рынку. Продаж будзе весцiся толькi за беларускiя рублi, цэны пазначаны ў доларах выключна для таго, каб пакупнiкам лягчэй было арыентавацца. Як адзначыў Iльшат Халiтаў, свабодны склад працуе з некалькiмi пастаўшчыкамi аўтамабiляў. Першыя тры аўтавозы прыйшлi ад нямецкiх кампанiй. Заключаны i кантракт з французскай кампанiяй. Працуе склад таксама з 3 нямецкiмi фiрмамi, якiя шукаюць аўтамабiлi на баку, выкупляюць iх i фармiруюць аўтавоз на ўласнай пляцоўцы. Дарэчы, сем з прывезеных аўтамабiляў ужо маюць патэнцыяльных гаспадароў. Машыну на ўласны густ можна заказаць загадзя па тэлефоне, факсу, праз Iнтэрнэт або адразу на складзе. Згодна з заяўкай адна з фiрм-пастаўшчыкоў падбiрае як мiнiмум тры магчымыя варыянты i прысылае фотаздымкi аўтамабiля, яго тэхнiчнае апiсанне i цану. Гэтую iнфармацыю перадаюць заказчыку. Калi чалавека задавальняе прапанаваны аўтамабiль, то ён заключае дагавор куплi-продажу i пакiдае залог у памеры 5—10 працэнтаў. На працягу 1—2 тыдняў машына будзе дастаўлена пакупнiку. Сярод атрыманых заявак ёсць заяўкi i ад расiйскiх грамадзян. Чакаецца, што беларускi свабодны склад прыцягне ўвагу пакупнiкоў з Расii i Казахстана, якiм не трэба для ўезду ў Беларусь адкрываць вiзу. Зразумела, што прывезеныя на заказ аўтамабiлi складаюць толькi частку iх агульнай колькасцi на складзе. Астатнiя машыны будуць выстаўляцца на свабодны продаж. Пакупнiк можа папярэдне азнаёмiцца з iнфармацыяй аб аўто на сайце свабоднага склада, дзе будуць вывешаны фотаздымкi машын i iх цана, або адразу прыехаць, выбраць на месцы i тут жа аформiць пакупку. Першапачаткова плануецца, што на продаж адначасова будзе выстаўляцца не больш за 100 аўтамабiляў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першыя партыi аўтамабiляў для свабоднага склада ўжо паступiлі i плануецца пачаць iх продаж |
|