Даў слова дзiцяцi — трымай!
Iнга МIНДАЛЁВА
Матчына сэрца Пры знаёмстве з Аляксандрай Пятроўнай Чуйко (мамай намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, гендырэктара агракамбiната «Ждановiчы» Рыгора Чуйко) адразу кiдаецца ў вочы тое, наколькi яны падобныя — сын i мацi. Прычым iх роднасць праяўляецца не толькi ў рысах твару, знешнасцi, але i ў характары (абодва прыветлiвыя, шчырыя, працалюбiвыя i дысцыплiнаваныя).Паводле слоў самой Аляксандры Пятроўны, выхаваннем сваiх дзяцей (у яе два сыны) займалася ў асноўным яна. Муж, якi спачатку працаваў ветэрынарам, а потым брыгадзiрам, проста не меў на гэта часу. «Жывёлы ў нашым калгасе было многа, то парсюк у некага захварэе, то цяля... Дык не паглядзяць, што ноч, узнiмуць майго гаспадара i ў 2, i ў 3 гадзiны. Вяртаецца ён ужо ранiцай i адразу ў кантору, на разнарадку. Калi стаў брыгадзiрам, клопатаў яшчэ больш прыбавiлася». Нарадзiлася Аляксандра Пятроўна ў 1935 годзе ў вёсцы Замасточча Аршанскага раёна. Акурат на новы 1959 год выйшла замуж i перабралася ў суседнюю вёску — Iвашня, дзе i адпрацавала ўсё жыццё ў калгасе паляводам. «Гэта цяпер палявод працуе толькi на полi, жывёлавод — са скацiнай, — прыгадвала яна, — а раней мы былi спецыялiстамi «шырокага профiлю», куды брыгадзiр загадае, туды i iдзём — цi то на палявыя работы, цi то на ферму». У яе мацi было 12 дзяцей. Каб пракармiцца, яны з маленства павiнны былi вучыцца працаваць, таму нiякай работы — нават самай цяжкай — Аляксандра Пятроўна не баялася. Гэтаму ж навучыла i сваiх сыноў. — Мы з гаспадаром трымалi iх у руках, асаблiва я, — распавядала мацi. — I адным з галоўных момантаў выхавання была дысцыплiна. Бягуць сыны, скажам, за ферму гуляць з iншымi хлопчыкамi ў футбол, цi на лыжах збiраюцца пакатацца, цi ў хакей на замёрзлым возеры, — я iх пушчу. Але патрабую: надыдзе пэўны час, каб былi дома. Калi ж iх няма, бяру пруцiну — i да iх. А яны як убачаць мяне, разумеюць, што спазнiлiся. Тады ўжо бягуць з усiх ног i крычаць: «Мама, выбачай, больш не будзем!» Цяпер павырасталi, у самiх дзецi ёсць. Але ж бывае i зараз я iх адчытаю, зраблю заўвагу, а яны — не глядзi што дарослыя — слухаюцца. Паважаюць. Каб дзецi выраслi дастойнымi людзьмi, акрамя дысцыплiны, лiчыць Аляксандра Пятроўна, даросламу заўсёды неабходна трымаць слова, якое даў малому. Паабяцаў — выканай або папрасi прабачэння, калi зараз не атрымлiваецца зрабiць, i абавязкова пацвердзi, што — няхай крыху пазней — але абяцанне будзе выканана. Тады дзецi будуць паважаць сваiх бацькоў. Жыла сям’я Чуйко дружна, хоць заможнай не была. «Якое там! Працавалi ж мы за «палачкi», налiчалi нам капейкi. Купiш паркалёвую сукенку — ужо свята. А калi штапельную — свята яшчэ большае. У асноўным я сама сабе сукенкi i спаднiцы шыла». Аляксандра Пятроўна i яе гаспадар усё жыццё пражылi душа ў душу, пранёсшы праз усе гады i выпрабаваннi ўзаемную любоў i павагу. «Кавалеры для мяне ў дзявоцтве знаходзiлiся — што было тое было. Аднак лёс наканаваў мне Пятра Мацвеевiча. Ён быў добрым чалавекам, добрым бацькам, добрым мужам. Яго ўсе паважалi. I дзецi выраслi, глядзеўшы на бацьку, такiмi ж. Ды i ўнукi ў мяне — грэх скардзiцца. Кожнае лета прыязджаюць пагасцiць да нас у вёску. Нiякай працы не цураюцца: травы свiнням нарвуць, сена накосяць, бульбу праполюць». На зiму сыны забiраюць мацi да сябе ў Мiнск. Хоць у розных кватэрах жывуць, але абодва — на 8-м паверсе. А для Аляксандры Пятроўны — пры яе хваробах — нагрузкi процiпаказаны. Вось i выходзiць яна пагуляць ды паветрам свежым падыхаць, толькi калi лiфт працуе. Аднойчы ўсё ж засела. Уяўляеце, што гэта для сталага вясковага чалавека? Аднак нiчога, не запанiкавала. Пагаварыла з дзяжурным, дачакалася аварыйшчыкаў. «Мне б блiжэй да зямлi быць, — уздыхнула Аляксандра Пятроўна, — я ж на ёй усё жыццё адпрацавала». Цягне жанчыну назад — у вёску, але як жа ў вёсцы ды сядзець склаўшы рукi? А працаваць урачы строга забаранiлi. Адзiная радасць — дзецi ды ўнукi, i маленькi праўнучак Рыгор. Тварыкам — копiя прабабулi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пры знаёмстве з Аляксандрай Пятроўнай Чуйко (мамай намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, гендырэктара агракамбi
|
|