Вучыцеся на чужых памылках
Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ
Спажывец Агульнавядома, што сённяшняе жыццё — не цукар. Узаемаадносiны памiж людзьмi складаныя. А калi тут яшчэ i грошы замешаныя, то так i ведай: як толькi крыху зазяваешся — абдураць. Вось i адзiн мой знаёмы нядаўна трапiў у такую непрыемную сiтуацыю, што калi ўсё нарэшце скончылася, нiяк не мог зразумець, чаму ж так адбылося. На маю думку, гэта гiсторыя можа стаць урокам для многiх чытачоў.Знаёмы з жонкай вырашылi памяняць мiжпакаёвыя дзверы ў кватэры. Памяняць старыя звычайныя на новыя сучасныя — з добрай драўнiны, фiлянговыя, лакiраваныя, з залацiстымi ручкамi-замкамi. Добра што сёння за твае грошы (а ў дадзеным выпадку, грошы немалыя) табе гэтыя дзверы не толькi вырабяць, але i прывязуць, i ўстановяць (канешне, за асобную плату). Ну вось, узялi яны газету з рэкламнымi аб’явамi, выбралi патрэбную, патэлефанавалi i дамовiлiся з iндывiдуальным прадпрымальнiкам аб вырабе дзвярэй i iх устаноўцы. Канкрэтныя ж тэрмiны аказання такой паслугi не абгаварылi. Праўда, майстар падчас замераў сказаў: «Праз два-тры днi зробiм вам цукерачку...». Шчыра кажучы, дзверы зрабiлi i прывезлi дакладна праз тры днi, а вось калi справа дайшла да ўстаноўкi, тут i пачалося... Гэтыя два-тры днi зацягнулiся на тры тыднi. Хоць, адзначу, мой знаёмы адразу аплацiў (што i казаць, даверлiвасць у беларусаў — адметная рыса) увесь кошт вырабленых дзвярэй. Ну дык вось... Спачатку высветлiлася, што трое дзвярэй адрознiвалiся ад астатнiх, бо былi наспех пафарбаваныя. Iх забралi i замянiлi. Затым прывезлi дзверы ў адзiн з пакояў, якiя не падыходзiлi па малюнку (праўда, яны былi «ну вельмi падобныя»). Гэтыя таксама памянялi. А падчас устаноўкi высветлiлася, што дзвярныя праёмы ў кватэры няроўныя, таму амаль усе падрыхтаваныя налiчнiкi не падыходзяць. Прыйшлося i iх мяняць... Замена заменай, а час iдзе. Дарэчы, увесь гэты час мой знаёмы быў у водпуску i знаходзiўся цэлымi днямi дома. Аб тым, што было б, калi б яму трэба было хадзiць на працу, можна толькi здагадвацца... Невядома, колькi б яшчэ доўжылася гэта «цукерачка», калi б у знаёмага i яго жонкi не скончылася цярпенне (хоць цярплiвасцi нашым людзям не пазычаць). У рэшце рэшт — колькi ж можна?! Як кажуць, за ўсё заплачана, а ў хаце вось ужо амаль тры тыднi ўсё дагары нагамi... Паслухаўшы парады сяброў, знаёмы звярнуўся па кансультацыю ў Беларускае таварыства аховы правоў спажыўцоў. Iх юрысты параiлi нагадаць гэтаму нядбайнаму iндывiдуальнаму прадпрымальнiку, што па закону, пры ўзбуджэннi справы, за кожны дзень пратэрмiноўкi ўстаранення недахопаў ён абавязаны будзе выплацiць няўстойку — 1 працэнт ад кошту паслугi. I што вы думаеце? Той прадпрымальнiк пасля такога вуснага напамiну i вухам не павёў, сказаў толькi, што ён усё ведае i не трэба яму аб гэтым нагадваць. Маўляў, тэрмiны пiсьмова нiдзе не агавораны, таму раблю, што хачу, калi захачу, тады i пастаўлю вам вашы дзверы, а вы — чакайце... Пачакалi яшчэ некалькi дзён i дачакалiся: гэты недарэка-прадпрымальнiк прывёз зноў не тыя дзверы, а дакладней, прывезеныя адрознiвалiся ад патрэбных адценнем лаку, былi не карычневыя, а амаль чорныя. Ну што тут скажаш? Няма слоў — адны думкi. Але, дзякуй Богу, неўзабаве высветлiлася, што для такiх дзялкоў усё ж маецца адзiн — найбольш дзейсны — «караючы меч». Гэта — самая звычайная, даўно вядомая i, як аказалася, цудадзейная — кнiга скаргаў i прапаноў, якая выдаецца кожнаму прадпрымальнiку i павiнна прадастаўляцца па першаму ж патрабаванню. Тры адмоўныя запiсы ў ёй пазбаўляюць лiцэнзii на дзейнасць. I вось калi мой знаёмы запатрабаваў у прадпрымальнiка гэту кнiгу скаргаў (дарэчы, там ужо быў адзiн не вельмi прыемны запiс, якi пакiнула таксама незадаволеная клiентка), у апошняга адразу ж (зразумела, па якой прычыне) знайшлiся патрэбныя i дзверы, i налiчнiкi, а галоўнае — час, каб давесцi распачатую справу да канца. Пэўна, уся загваздка была ў тым, што знаёмы паверыў у «прыгожыя словы» прадпрымальнiка i па сваёй прастаце заплацiў адразу ўсю суму. А правiльней было б даць толькi аванс, а канчатковы разлiк зрабiць пасля заканчэння ўсiх работ. Тады б, дакладна, у гэтага «прадпрымальнага прадпрымальнiка» быў бы найлепшы стымул для належнага i своечасовага выканання ўзятых на сябе абавязкаў. Аднак, думаецца, прычына ўзнiкнення падобных сiтуацый не толькi ў нашай даверлiвасцi, але i ў недасведчанасцi, неiнфармаванасцi, няведаннi сваiх правоў як спажыўцоў. Чым i карыстаюцца нядобрасумленныя людзi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Агульнавядома, што сённяшняе жыццё — не цукар. Узаемаадносiны памiж людзьмi складаныя. А калi тут яшчэ i грошы замешаныя, то так i ведай: як толькi кр
|
|