Жанэта Елфiмава — мацi «зоркi»
Iлона IВАНОВА
Яна — прыгожая жанчына з добрымi вачыма. Таленавiты дырыжор i разумная настаўнiца. Яе вучанiцы з каледжа мастацтваў у Магiлёве вучаць i дэкламуюць для яе вершы, а прыхiльнiцы творчасцi Пятра Елфiмава дасылаюць ёй SMS-кi з падзякамi за прыгожага i таленавiтага сына.
Жанэта Генадзьеўна — мацi «зоркi», яе старэйшы сын — малады i ўжо вядомы беларускi спявак, пераможца конкурсу выканаўцаў фестывалю «Славянскi базар» Пётр Елфiмаў. Малодшы сын Елфiмавай 22-гадовы Яўген — таксама музыкант, скрыпач, вучыцца ў Беларускай акадэмii музыкi. Як выхаваць творчых асоб, якая роля мацi ў жыццi i творчасцi «зоркi» i што, паводле яе меркавання, вельмi патрэбна сучаснай жанчыне — пра гэта расказала Жанэта Елфiмава «Звяздзе» напярэдаднi свята. Жанэта Елфiмава — карэнная магiляўчанка. Школьнiцай яна 8 гадоў спявала ў хоры Палаца пiянераў. Тады дзяўчынка лiчыла гэта забавай, а аказалася, што музыка i спевы — гэта яе жыццёвае прызначэнне. Цяпер яна выкладае дырыжорскую справу, кiруе народным акадэмiчным хорам «Мазаiка» Магiлёўскага музычнага вучылiшча, дзе працуе ўжо 17 гадоў. Жанэта Генадзьеўна вядомая i тым, што стаяла ля вытокаў вядомага магiлёўскага фестывалю духоўнай музыкi «Магутны Божа». Сям’я Жанэты мае польскiя каранi i музычныя традыцыi. Яе мацi Ганiфада валодала шыкоўным голасам, а бацька Пётр танцаваў «стэп». Муж — таксама музыкант, якi цяпер адышоў ад свецкага жыцця i спявае ў царкоўным хоры. — Елфiмавы ганарацца сваiмi басамi, у мяне i мацi — сапрана, а дзецi атрымалiся тэнарамi — усмiхаецца Жанэта Генадзьеўна. — Пеця — цудоўны тэнар, i добра валодае сваiм голасам. Я гэта кажу не таму, што я — яго мацi, а таму, што я — музыкант i сваю справу добра ведаю. Сыны Елфiмавай з дзяцiнства займалiся музыкай. Яны вучылiся ў школе з харавым ухiлам, музычных школах, каледжы мастацтваў, вучылiшчы i, нарэшце, у Акадэмii музыкi. Пётр атрымаў акадэмiчную адукацыю па класу вакала. Ён у дзяцiнстве iграў на флейце i трубе, вучыўся таксама на дырыжора, а спяваць пачаў з 1-га класа. У дзеда на шпалах iграў песняроўскiя «Калядачкi, блiны-ладачкi». А Жанэта Генадзьеўна дасюль памятае яго «зорны хiт» «Ты не бойся, мацi, я — салдат...» Цяпер мацi спевака расказвае, што Пеця не любiць, калi яго назваюць «зорка». Пётр гаворыць: — «Мамiк, ну што такое зорка?» — перадае словы сына Жанэта Генадзьеўна. — Гэта калi хлопчыка або дзяўчынку апранулi ў модную маечку i далi мiкрафон, запiсалi добрую фанаграмку, папрацавалi месяц-другi i, калi ласка, «зорка» гатова! А Пеця iшоў да гэтага доўга, карпатлiва, праз вялiкую працу. Елфiмава ганарыцца, што сын сам пiша музыку i вершы. Першую песню ён напiсаў падлеткам. Магчыма, адбiлася тое, што яшчэ немаўлём будучая «зорка» выдатна засынаў пад запiс вершаў Расула Гамзатава ў выкананнi вядомых акцёраў?.. Так цi iнакш, а Елфiмава ганарыцца, што Пётр — спявак i што ў талента сына ёсць шмат прыхiльнiкаў i прыхiльнiц. Хоць да ўсяго гэтага ставiцца як да яго працы, якую трэба добра выконваць. Жанэта Елфiмава лiчыць, што не ў крытыцы творчасцi сына яе роля. Яна ўпэўненая, што не памыляецца толькi той, хто нiчога не робiць, а з Пятром працуюць адукаваныя людзi i таленавiтыя музыканты, якiя могуць ацанiць яго прафесiйна i даць парады. Канешне, i мацi можа падказаць нейкi штрых, але сын можа паслухаць, а можа i не. Хоць яна нiколi на гэта не крыўдуе. — Мы вельмi рэдка бачымся, i калi Пеця прыязджае дадому, я хачу яго акружыць цеплынёй i клопатам, — прызнаецца мацi. — Дранiкi яму гатуе бабуля, а я — боршч, селядзец пад шубай, галубцы. На свята 8 сакавiка Пётр Елфiмаў у родны горад не збiраецца, бо нядаўна быў тут з канцэртам. Таму мацi чакае ад яго тэлефанавання з вiншаваннямi. Калi Пеця быў маленькi, то дарыў мацi i бабулi падарункi, зробленыя сваiмi рукамi. Жанэта Генадзьеўна дасюль памятае вялiзны малюнак тыгра, якi падарыў ёй сын. Цяпер ён робiць iншыя падарункi — можа i песню мацi прысвяцiць, а можа i модныя боты даслаць. А яна заўсёды смяецца, што «лепшы мой падаруначак — гэта ты» i сцвярджае, што ад адной прысутнасцi сыноў адчувае сябе шчаслiвай. Горда распавядае, што аднойчы Пётр у дзень яе нараджэння неспадзявана прыехаў з кветкамi i шампанскiм а 4-й гадзiне ранiцы i спяваў «Happy birthday to you». Але разам з тым Жанэта Генадзьеўна нiколi не пасягае на свабоду сваiх дарослых дзяцей. Яна ўпэўненая, што калi Яўген i Пётр не тэлефануюць, то ўсё добра, проста яны моцна занятыя i няма магчымасцi адаравацца ад заняткаў i працы. Браты Елфiмавы яшчэ не жанатыя, i iх мацi абяцае добра ўспрыняць абраннiц сыноў. — Я ў маладосцi была максiмалiсткай, i мне падавалася, што я загадзя не буду выносiць жанчын, якiя будуць разам з маiмi хлопчыкамi, — прызнаецца Жанэта Елфiмава. — А цяпер мяркую, што калi iм будзе добра, калi iх будуць паважаць i цанiць, то мяне абсалютна не будуць хваляваць, напрыклад, узрост i сацыяльнае становiшча нявестак. Таму што творчасць творчасцю, а чалавек — такая iстота, якой патрэбна ракавiнка, куды ён можа схавацца i адпачыць. I дзе яго пагладзяць па галаве, скажуць ласкавае слова i, ўрэшце, накормяць баршчом. Калi знойдзецца чалавек, якi гэта будзе рабiць для сыноў, — я толькi рада буду, бо я, урэшце, — не вечная. Але пакуль з найбольш трывалых «сябровак» Пецi ведае трох. Першую з iх за 20 долараў яны з сынам набылi даўным-даўно ў падземным пераходзе, другую ён прывёз з Санкт-Пецярбурга, а трэцюю прыдбаў зусiм нядаўна i хвалiўся мацi — новая, ружовая, сапраўдная амерыканская гiтара! «Мне так падаецца, што пакуль на сур’ёзныя адносiны з дзяўчатамi ў майго старэйшага сына проста не хапае часу», — лiчыць Жанэта Генадзьеўна. Як Елфiмава здолела выгадаваць сваiх сыноў творчымi асобамi? Яна не задумвалася над гэтым пытаннем, а проста была iм мамай i клапацiлася пра iнтарэсы дзяцей. Жанэта Генадзьеўна стаяла ў варотах на катку, каталася з сынамi на лыжах, дзялiла з iмi адзiн веласiпед на траiх, шмат чытала, «цягала» iх ва ўсе секцыi i гурткi, якiя цiкавiлi малых, няхай i нядоўга, i не баялася пасварыцца з адмiнiстратарам, якi патрабаваў выйсцi на працу ў выхадны дзень, калi запланаваны «культурны паход» з хлопчыкамi. — Галоўнае, у дзяцей павiнна быць мацi, — тлумачыць яна. — Мне падаецца, што дзяўчынкi цягнуцца звычайна да бацькi, шукаюць абарону, а хлопчыкi, наадварот, да мацi, бо iм вельмi патрэбныя ласка i дабрыня. Сэнс у тым, каб не ленавацца, падтрымлiваць у дзецях iнтарэс да розных спраў i развiваць iх здольнасцi. Я хацела, каб мае сыны выраслi адукаванымi, iнтэлектуальнымi, добра ставiлiся да людзей, i асаблiва трапятлiва — да жанчын. Жанэта Генадзьеўна любiць свята 8 Сакавiка. У яе шмат сябровак, якiм яна ўжо даўно закупiла падарункi i палову нават паспела падарыць загадзя. Яна прызнаецца, што больш любiць дарыць сама, чым атрымлiваць. — А мне якi падарунак хочацца? — задумалася Елфiмава. — Я — шчаслiвы чалавек, i ў мяне ўсё ёсць. Мне мае хлопчыкi патэлефануюць, i я ўжо буду шчаслiвая, на сёмым небе! А ўсiм жанчынам у гэтае веснавое свята яна жадае найперш добрага здароўя, бо гэта адбiваецца на знешнасцi i вызначае настрой. А таксама цярплiвасцi — i не толькi ў выхаваннi дзяцей, а проста ў паўсядзённым жыццi. — Не трэба злавацца, — удакладняе Жанэта Генадзьеўна. — Вось, напрыклад, палаялiся на вас у чарзе, а вы не адказвайце грубасцю на грубасць, бо можа ў гэтага чалавека нешта не склалася ў гэты дзень, пашкадуйце яго. Я хачу пажадаць жанчынам жыццёвай мудрасцi. Не ўсё так дрэнна — усё значна лепей! Жадаю балансу i раўнавагi i ўсё ў жыццi ўспрымаць з удзячнасцю. Сама Елфiмава-мацi ўдзячная жыццю за двух таленавiтых сыноў i цяпер, калi сказаць шчыра, чакае ад будучага ўнукаў! Можа, i ў iх «праклюнуцца» гены музыкантаў?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна — прыгожая жанчына з добрымi вачыма. Таленавiты дырыжор i разумная настаўнiца |
|