Што адкрылi фрэскi ў касцёле
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спадчына Зараз хрысцiяне Беларусi перажываюць час Вялiкага посту, якi называюць часам працы, маючы ў першую чаргу духоўныя намаганнi, працу над сабой. Для католiкаў Беларусi ўнутраная падрыхтоўка кожнага да вялiкага свята Уваскрэсення Хрыстовага супадае з пачаткам другога этапу ў адраджэннi галоўнай каталiцкай святынi краiны — мiнскай архiкатэдры Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi. Тут двайное чаканне свята. З пытаннямi аб ходзе рэстаўрацыйных работ, асноўная частка якiх па даручэнню Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь пачалася яшчэ ў 2005 годзе, мы звярнулiся адразу да некалькiх асоб, якiя маюць непасрэднае да гэтага дачыненне: ксяндза настаяцеля Антонi КЛIМАНТОВIЧА, старшынi Камiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Леанiда ГУЛЯКI i кандыдата мастацтвазнаўства, гiсторыка мастацтва Вольгi БАЖЭНАВАЙ.Размова ў храме — Айцец Антонi, раскажыце, як iдзе рэстаўрацыя, што зроблена, што засталося? — З самага пачатку, як вернiкам быў вернуты храм, было шмат працы. Бо ўнутраная прастора была падзелена на тры паверхi. А ўсе сцены замаляваныя фарбамi. Нават звонку не было бачна, што гэта — касцёл. Але калi пачалi руйнаваць паверхi, то ўбачылi, што на галоўным нефе, на скляпеннях, ёсць фрэскi. Пазней, падчас рэстаўрацыi, калi аднаўлялi касцёл, усюды былi зробленыя зандажы. Тады, дзякуючы рыштаванням, гэта было рабiць лягчэй. Да 1997 года Касцёл сваiмi ўласнымi сiламi адкрыў фрэскi ў галоўным алтары, на купале ў каплiцы святога Фелiцыяна, фрэску «Унебаўзяцце Мацi Божай» перад арганам — усяго каля 40 працэнтаў з таго, што засталося. На жаль, вялiкая колькасць фрэсак знiшчана назаўсёды, напрыклад, у бакавых нефах. Разам з тым, мы вельмi ўдзячныя таму чалавеку, якi ў 1954 годзе, калi ў вернiкаў забралi касцёл, распарадзiўся патынкаваць фрэскi ў галоўным нефе гiпсам, перад тым, як iх замалявалi алейнымi фарбамi. Гэта выратавала частку роспiсу. Зараз гэтыя фрэскi адкрытыя, але яшчэ не цалкам адрэстаўраваныя. Плануецца, што сёлета, у цёплы час года, работа там працягнецца. Вельмi складана адкрываюцца фрэскi ў каплiцы святога Фелiцыяна, бо яны маюць некалькi слаёў, да таго ж, святыня гарэла i падчас пажару фрэскi знiшчалiся, а потым дамалёўвалiся. Калi адкрывалi роспiс ў галоўным нефе, то блiжэй да алтара былi бачныя чорныя плямы ад старадаўнiх пажараў. На пачатку мiнулага стагоддзя касцёл быў вельмi багаты. Вы былi ў Гродзенскiм касцёле? Вось нешта падобнае было i тут. Было шмат алтароў — у кожнай калоне, шмат фiгур... Цяпер толькi адзiн алтар — галоўны, якi ў мiнулым годзе пасвечаны, адкрыты некалькi фiгур на калонах, не на ўсiх. Там, дзе яны страчаны, прыйдзецца маляваць наноў, i напэўна, гэта ўжо будуць выявы, якiя датычацца Касцёла на Беларусi сёння, напрыклад, Андрэя Баболi — беларускага святога. Складанасць рэстаўрацыi яшчэ i ў тым, што не захавалася дакументацыi пра тое, што тут было. — Там, дзе фрэскi шматслойныя, якога часу пакiдаюцца? — Самыя першыя, самыя старажытныя. Вуглавы камень святынi быў асвечаны ў 1700 годзе, у 1710-м храм пабудаваны, але не было вуглавых каплiц, яны з’явiлiся пазней. Таму цяжка казаць пра дакладную дату роспiсу. Вось мы зараз запiшам у дакументах, што ў архiкатэдры вядуцца работы, а праз 200 гадоў нашчадкi будуць ламаць галовы: якога часу фрэскi. Ясна адно, першыя фрэскi былi напiсаны ў XVIII стагоддзi. — Як, на ваш погляд, працуюць майстры? — Майстры працуюць добра. Зараз халады запавольваюць работу. Падчас вялiкiх маразоў сцены ўверсе каплiцы (там яны больш тонкiя) прамерзлi наскрозь, знутры нават былi пакрытыя лёдам. Таму чакаем, пакуль усё адтае. Не выклiкае нiякiх сумненняў i якасць работы рэстаўратараў. Гэта засведчылi шматлiкiя камiсii, у тым лiку i замежныя, якiя вывучалi тэхналогii аднаўлення аднаго з найбольш каштоўных твораў мастацтва ў Мiнску. Шэдэўрам названа фрэска перад алтаром, дзе Езус Хрыстус выганяе гандляроў з храма, — за свае мастацкiя якасцi i за ступень яе захаванасцi. — Цi няма прыпынкаў у рабоце з-за фiнансавання? — Не. Зараз нам дапамагае горад, летась грошы выдзяляў таксама горад i Мiнiстэрства культуры. Больш падрабязна наконт грошай сказаць не магу, бо мы не маем да iх нiякага дачынення, яны адразу пералiчваюцца камунальнаму унітарнаму прадпрыемству «Мінская спадчына», якая з’яўляецца заказчыкам. — Раскажыце пра падарункi Касцёлу ад епiскапата Аўстрыi i Папы Яна Паўла II. — У мiнулым годзе, 10 снежня, адбылося пасвячэнне галоўнага алтара ў нашай святынi i каранаванне абраза Марыi Беззаганна Зачатай, якi быў падараваны святой памяцi Янам Паўлам II, папам, якi вельмi любiў Беларусь, хацеў сюды прыехаць. У той жа дзень адбылося пасвячэнне аргана, зробленага ў Аўстрыi, фiрмай «Pflьger Orgelbau» спецыяльна для нашай святынi, пад яе акустыку. Гэта дар епiскапата Аўстрыi. Для ўсталявання аргана, вага якога каля 6 тон, папярэдне былi ўмацаваны хоры. — Раней, значыць, тут быў лягчэйшы арган? — Ведаеце, старадаўнiя хоры былi знiшчаны цалкам i ў 90-х гадах пабудаваны новыя. Канструкцыя складаная яшчэ i таму, што тут ёсць дольны касцёл, пад зямлёй, на iм стаяць хоры, а на хорах — арган, такiм чынам атрымлiваецца тры ўзроўнi. — Арган можна пачуць толькi падчас набажэнстваў? — У нас бываюць вечары арганнай музыкi, канцэрты. Перад пастом выступалi музыкi з Германii, яны выконвалi творы на вельмi цiкавых iнструментах — тэорбах, папярэднiках лютнi, якую ведаюць на Беларусi. Галоўны арганiст архiкатэдры Уладзiмiр Неўдах, дацэнт Беларускай акадэмii музыкi, выконваў творы на аргане. Зараз, у пост, арган гучыць толькi на службах у нядзелю. Будзе музычны вечар перад Вялiкiм Тыднем, на iм будуць выконвацца творы, прысвечаныя мукам Пана Езуса. I па традыцыi ў Вялiкi Чацвер арган замоўкне на тры днi, на час Пасхальнага Трыдыуму. Размова ў прэс-цэнтры З Леанiдам Гулякам мы сустрэлiся падчас прэс-канферэнцыi «Мiжнацыянальная i мiжканфесiйная згода ў Беларусi — адзiн з прыярытэтаў дзяржаўнай палiтыкi». — Леанiд Паўлавiч, як адбываецца фiнансаванне рэстаўрацыйных работ у мiнскiм кафедральным касцёле? — Месяц таму я, у якасцi новага кiраўнiка Камiтэта, праводзiў нараду з удзелам Мiнiстэрства культуры, гарадскiх службаў, свяшчэннаслужыцеляў гэтага сабора. Летась там асвоена вялiкая сума сродкаў, якую выдаткавала дзяржава. Сёлета прадугледжана выдаткаваць да 800 мiльёнаў рублёў па лiнii горада i рэспублiканскага бюджэту, плюс Мiнiстэрства культуры. Гэта сума будзе ўкладзеная ў другую чаргу рэстаўрацыi сабора. Дакументацыя распрацаваная, за першыя два месяцы: студзень i люты, асвоена ўжо 70 мiльёнаў, вядзецца далейшае праектаванне i далейшае асваенне сродкаў. Наша задача сёлета завяршыць другую чаргу. — Цi застануцца пасля гэтага яшчэ работы? — Паглядзiм, як будзе атрымлiвацца: што мы за гэтыя 800 мiльёнаў зробiм. Не выключана, што мы ўкладзёмся ў гэтыя сродкi i тэрмiны i завершым рэстаўрацыю. Але мы не ставiм задачу закрыць усе пытаннi ў 2006 годзе. Асваенне сродкаў i правядзенне запланаваных вiдаў работ пакажа, з чым мы выйдзем на канец года. Размова з мастацтвазнаўцам — Вольга Дзмiтрыеўна, што было зроблена на першым этапе рэстаўрацыi i што маецца на ўвазе пад другiм этапам? — На першым этапе былi выяўлены роспiсы касцёла i часткова адкрыты ў каплiцы святога Фелiцыяна, у алтары. Зараз вядзецца работа па аднаўленню цалкам iнтэр’ера каплiцы святога Фелiцыяна i заканчваецца раскрыццё фрэсак галоўнага нефу. Там засталася самая цяжкая частка — аднаўленне страт. Увогуле, усе этапы работы вельмi цяжкiя. Праца ювелiрная, вялiкай складанасцi. — У чым асаблiвасць адкрыцця менавiта гэтых фрэсак? — Вы ведаеце, што храм доўгi час не дзейнiчаў i выкарыстоўваўся не па прызначэнню. Таму фрэскi былi шмат разоў перакрытыя пабелкай, рознымi складанымi саставамi. Акрамя таго за ўвесь час iснавання касцёла аўтара роспiсу некалькi разоў «абнаўлялi». Таму там вельмi шмат напластаванняў, якiя пранiклi адно ў адно, з iмi трэба было разбiрацца. — Што дапамагло схаваць частку фрэсак? — Цяжка сказаць. Напэўна проста руплiвасць i добрасумленнасць майстроў, якiя калiсьцi распiсвалi храм. Асноўная частка таго, што мы зараз бачым, зроблена ў рэдкай тэхнiцы сухой фрэскi. I тое, што гэта захавалася — рэч неверагодная, бо касцёл быў перабудаваны i гэта маглi ўбраць у любы момант. — Як зрабiлi з роспiсам на сценах? — Так. У канцы XVIII стагоддзя касцёл быў упрыгожаны цалкам, з верху да нiзу. Нават у падвалах былi фрэскi. Там, праўда, ужо быў клеявы роспiс. Гэта больш позняя i больш распаўсюджаная тэхнiка. Але раскрываць i замацоўваць клеявы роспiс больш складана. У гэтай тэхнiцы распiсаны купал храма. — Якога часу адкрытыя фрэскi? — Усе фрэскi XVIII стагоддзя, але розных яго дзесяцiгоддзяў: з сярэдзiны i да канца. — Што вядома пра аўтара? — Iмя аўтара, цi аўтараў, пакуль канчаткова не высветлена, гэта знаходзiцца ў працэсе даследавання. Звычайна ў гэтай сувязi называюць iмя мастака Анташэўскага. Але гэта майстар, якi прыйшоў у касцёл у канцы XVIII стагоддзя. Таму нельга назваць яго адзiным аўтарам. Да яго працавалi цэлае стагоддзе. — Вольга Дзмiтрыеўна, якiя адкрыццi адбылiся падчас рэстаўрацыi? — Самае вялiкае адкрыццё тое, што ў Мiнску, у касцёле, аказалiся фрэскi вельмi высокага мастацкага ўзроўню, якiя прымушаюць па-iншаму ацанiць гiсторыю беларускага мастацтва. Такiя адкрыццi надзвычай важныя для культуры любой краiны, бо манументальны жывапiс — гэта тое, што тут вырасла. Калi пра карцiну можна сказаць, што яна прывезеная аднекуль, то манументальны жывапiс бясспрэчна сведчыць пра аўтэнтычнасць культуры. Нiчога iншага больш не трэба. Гэта тутэйшае, яно тут было, ёсць i будзе, пакуль будзе стаяць касцёл. — З чым параўнальны мастацкi ўзровень фрэсак? — Такiя параўнаннi могуць прагучаць вельмi груба. У прынцыпе, гэта тое, што прадстаўляе парадак еўрапейскай культуры якi пачаўся ў эпоху Адраджэння i працягнуўся ў эпоху барока. Фрэскi ў Марыiнскiм касцёле звязаныя з традыцыяй iлюзiянiстычных роспiсаў, якi ствараюць другую рэальнасць. — Гэта асаблiва бачна ў роспiсе купала. — Так. Там нiбы купал iснуе ў рэальнасцi, хоць ён напiсаны. Яшчэ больш генiяльная фрэска «Выгнанне гандляроў з храма». Там нiбы рэальна iснуючая архiтэктура, людзi, якiя быццам рухаюцца, яны маюць вагу i ў той жа час не «падаюць» унiз. Гэта вельмi складаная рэч для мастака — адлюстраваць рэальнасць, дзе рэчы маюць вагу i разам з тым знаходзяцца ў стане бязважкасцi. — У Беларусi ёсць нешта падобнае? — Так, падобны роспiс можна ўбачыць у Нясвiжы, Магiлёве, Гродне, Будславе. Параўнальна з тым, што было, гэтага няшмат. Але дастаткова, каб мець падставу для гонару.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зараз хрысцiяне Беларусi перажываюць час Вялiкага посту, якi называюць часам працы, маючы ў першую чаргу духоўныя намаганнi, працу над сабой
|
|