Калаўрот
Алесь КАСЦЕНЬ
Простыя рэчы Падворак досыць багатага прадпрымальнiка з Пастаў Iгара Захарчанкi. Аформлены ён, як цяпер распаўсюджана, пад старыну. Стол — тоўстае бервяно, расшчапанае ўздоўж ствала, лаўкi — такiя ж. Тут жа звычайныя вясковыя калёсы, засцеленыя негабляванымi дошкамi. I... калаўрот. Канешне, месца яго не пад адкрытым небам, а ў хаце. Але ж ён у новага гаспадара не для працы, для аздаблення. У паэта з вёскi Чарты Пастаўскага раёна Славы Лiпеня ёсць вершы якраз на гэтую тэму:У хаце яго шанавалi — Быў рэччу патрэбнай такой. Як многа на iм перапралi Кудзелi i воўны сiвой. Пацiху круцiлася кола, I нiтка плыла i плыла. Яго вуркатаннем вясёлым Напоўнена хата была... Прыгожа пацягнуты лакам, Пылiначкi нават няма. Работы цяпер анiякай, Калi надыходзiць зiма. Самотна стаiць экспанатам У зале багатай такой. I снiць ён вясковую хату I месца за печчу старой. Не цешыць яго гэта роскаш, Так сумна сярод дываноў. Ды толькi ўжо хочаш-няхочаш — Нiяк не вярнуцца дамоў. Прадаў я яго за бясцэнак, А дачнiк ахвотна купiў. Цяпер разумею: дарэмна, Бяздумна я гэта зрабiў. Так, новыя беларусы, асаблiва пры будаўнiцтве сваiх дач, сталi адмаўляцца ад жалезабетону, цэглы, аддаюць перавагу дрэву. Гэта модна, а, галоўнае — натуральны матэрыял не шкодзiць здароўю. Ну а зрубленую са стогадовых соснаў хату-церам як не аздобiць старымi, такiмi натуральнымi, вышмальцаванымi рукамi не аднаго папярэдняга пакалення рэчамi? I калаўроты тут бадай што на першым месцы. Знешне яны невыразныя, але нечым абавязкова прыцягваюць погляд. Высокiя, абавязкова тачоныя вертыкальныя слупкi, драўлянае ж вялiкае кола з вытачанымi таксама спiцамi. Цiкава, што ў гэтай старажытнай рэчы ёсць канкрэтная дата з’яўлення на свет. Вынайшаў калаўрот Юргенс. Было гэта ў Германii ў 1530 годзе. Прызначалася прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькi. Але яшчэ не адно стагоддзе на Беларусi нашы продкi карысталiся для вырабу нiтак простым верацяном. А пашыранае выкарыстанне калаўроту ў нашай краiне прыпадае на ХIХ стагоддзе. Прыйшоў ён да нас праз Польшчу, дзе называецца kolowrot, ад нас патрапiў у Расiю i стаў там «прялкой». Але менавiта ў беларускiх хатах гэта прылада была абавязковай. Чаго-чаго, а воўны i асаблiва лёну, якi ў нашых мясцiнах пры прадзеннi называлi кудзеллю, у беларусаў хапала. Вось пянькi, якую ў Паазер’i называлi калопнямi, не пралi, з iх проста ўручную вiлi вяроўкi. У нашых вёсках не было калаўротаў фабрычнай вытворчасцi. Выраблялi iх мясцовыя майстры. Такi майстар славiўся на ўсю акругу. I ў кожнага былi свае сакрэты, у кожнага калаўрота — свой ход, сваё гучанне. Каб купiць на кiрмашы такую машыну, трэба было прадаць не адну авечку. Прасцi — безумоўна, жаночая справа. Занятак зiмовага часу. Каб працаваць было весялей, у нашай вёсцы, ды i ва ўсiх навакольных збiралiся жанчыны i дзяўчаты разам. Сёння ў адной хаце, заўтра ў iншай. Называлася гэта «хадзiць у папрадухi». Прыходзiлi не толькi з калаўротамi, нехта вязаў, гаспадыня хаты, прыкладам, ткала на кроснах. А там, дзе маладыя дзяўчаты, там абавязкова i дзецюкi. Жарты, смех, песнi. Менавiта такiмi зiмовымi вечарамi моладзь засвойвала ад старэйшых тое неацэннае багацце i вечную прыгажосць, якую называюць беларускiм фальклорам. Калi вучыўся на фiлфаку БДУ, трэба было на экзамен па фальклору сабраць пэўную колькасць народных песень i пажадана тых, якiя не патрапiлi яшчэ ў выдадзеныя зборнiкi. Вось i параiлi звярнуцца да бабулi Даркi з вёскi Русакi. Прыехаў, зайшоў у хату, распавёў пра сваю праблему. А бабуля села за калаўрот: «Мне так лепш успамiнацца будзе». Ну а сёння цi можна пачуць характэрную песню-варкатанне калаўрота? Цi толькi па музеях народнага побыту ды ў зборах новых беларусаў дастойваюць яны свой век? Можна, i не так рэдка, як падаецца. Бацька пабудаваў нашу хату пяцьдзесят з нечым гадоў таму. Тады ў ёй i з’явiўся калаўрот. Пяе ён i сёння. Мацi прадзе з воўны нiткi. У швэдрах, шкарпэтках, з iх звязаных нiякiя маразы не страшныя. Натуральныя, не са штучнага валакна рэчы. Ну i калi ўжо зачапiлiся мы за гэтую рэч i за гэтае слова, нельга не ўспомнiць яшчэ два яго значэннi. Калаўротам нашы продкi называлi зiмовую гульню. На ледзяной пляцоўцы ўбiваўся кол, на яго надзявалi кола з жэрдкай, да яе прымацоўвалi санкi. А з другога боку жэрдкi некалькi чалавек раскручвалi гэты калаўрот. Трэба было як мага больш пратрымацца на санках. У бацькавай майстэрнi дастаўся мне ў спадчыну самаробны, яшчэ дзядулем-кавалём звараны, калаўрот: два тоўстыя жалезныя пруты, на канцы аднаго з iх прывараны тоўсты свярдзёлак. Помнiцца, вельмi дапамог нам гэты калаўрот, калi з бацькам рубiлi лазню. Iм у бёрнах высвiдроўвалi дзiркi для стоек. Сёння гэта робiцца лёгка i проста з дапамогай электрычнай дрэлi. А вось рэч засталася. Простая i разам з тым адметная сваёй гiсторыяй рэч. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падворак досыць багатага прадпрымальнiка з Пастаў Iгара Захарчанкi. Аформлены ён, як цяпер распаўсюджана, пад старыну. Стол — тоўстае бервяно, расшчап
|
|