Натаўскi вектар
Леанiд ЛАХМАНЕНКА
Выбары ва Украiне Магчыма ў недалёкай будучынi ў Беларусi з’явiцца новы натаўскi сусед — УкраiнаНядаўна з iнiцыятывай аб яе ўступленнi ў НАТО i Еўрапейскi саюз выступiў мiнiстр замежных спраў Украiны Барыс Тарасюк. Свае прапановы еўрапейскай супольнасцi ён агучыў у Кiеве на сустрэчы з камiсарам ЕС па знешнiх сувязях i еўрапейскай палiтыцы суседства Бенiтай-Ферэра Вайднер, а таксама аўстрыйскiм i фiнскiм калегамi Урсулай Пласнiк i Эркi Туомiая. У адказ госцi выказалiся на карысць далейшай еўрапейскай iнтэграцыi з Украiнай, раiлi, як звычайна, актыўней займацца дэмакратычнымi i эканамiчнымi рэформамi. Прыкладна тое ж самае казаў у Кiеве i мiнiстр замежных спраў Германii Франк-Вальтэр Штайн-майер, якi першым з членаў новага ўрада краiны таксама нядаўна пабываў ва ўкраiнскай сталiцы. Ён заўважыў, што ў справе еўраiнтэграцыi будзе многае залежаць ад таго, наколькi Украiна хутка здолее зблiзiцца з НАТО i ЕС. Мiнiстр паабяцаў дапамогу з боку Германii ў гэтым нялёгкiм працэсе i падзялiўся надзеяй, што цяперашнiя выбары маюць шанц стаць першымi сапраўды свабоднымi i сумленнымi. Цiкавая, мiж iншым, думка. Адразу ўзнiкае пытанне, а што, папярэднiя прэзiдэнцкiя выбары, на якiх Віктар Юшчанка лiтаральна вырваў перамогу, былi не такiя? Перад парламенцкiмi выбарамi ва Украiне, як i перад прэзiдэнцкiмi выбарамi, зноў туды пацягнулiся замежныя вiзiцёры i больш вялiкага калiбру. Наведаў Кiеў новы прэзiдэнт Польшчы Лех Качыньскi. Яго прыезд — працяг традыцыi польскага патраната (па даручэнню Еўрапейскага саюза) над украiнскiм «братам», асновы якога былi закладзены ў гады прэзiдэнцтва Аляксандра Квасьнеўскага. Ён выступаў за хутчэйшае прыняцце Украiны ў НАТО i Еўрапейскi саюз. Не здрадзiў справе свайго папярэднiка i Л. Качыньскi. У час вiзiту ў Кiеў ён увогуле намаляваў перад украiнскiм калегам ружовую карцiнку: Украiна можа стаць членам НАТО на працягу адносна блiжэйшага часу. Л. Качыньскi нават назваў канкрэтную дату — 2008 год. Польскi прэзiдэнт не хаваў таго, што яго краiна зацiкаўлена ў пашырэннi НАТО на Усход, бо гэта ўзмоцнiць уплыў Захаду ва Украiне. А вось Расii, на яго думку, трэба адкiнуць усякiя спробы ўстанавiць свой уплыў у рэгiёне. Але ў знешняй палiтыцы так не бывае, што рэзкая, амаль процiлеглая змена вектара, пераарыентацыя на iншага ўплывовага партнёра прынясе толькi адны здабыткi. Адмова Украiны ад былога ўзроўню супрацоўнiцтва з Расiяй у розных сферах пагражае i велiзарнымi стратамi, у першую чаргу для ваенна-прамысловага комплексу, iншых галiн яе эканомiкi. Рахунак можа iсцi на мiльярды долараў ЗША. Так званая «газавая вайна» паказала рашучы настрой Масквы. Вось i цяпер там уважлiва сочаць за ходам зблiжэння Кiева з НАТО. Ужо з «белакаменнай» чуюцца раздражнёныя незадаволеныя галасы. Так дэпутат Дзярждумы, дырэктар Iнстытута краiн СНД Канстанцiн Затулiн акрэслiў змрочныя перспектывы расiйска-ўкраiнскiх адносiнаў. Ён не выключае, што пасля ўступлення Украiны ў НАТО Расiя будзе вымушана ўнесцi змены ў сваю абаронную дактрыну. I хто ведае, можа нават прыйдзецца дэнансiраваць расiйска-ўкраiнскi дагавор аб дружбе i супрацоўнiцтве. Яшчэ большую вастрыню набудуць спрэчкi вакол расiйскай базы Чарнаморскага флоту ў Севастопалi, прадказвае знакамiты эксперт. Так, замежным палiтыкам, назiральнiкам, дыпламатам i палiтолагам няпроста разабрацца ў сённяшняй сiтуацыi ў краiне. За час пасля выбрання В. Юшчанкi прэзiдэнтам адбылiся iстотныя перамены на палiтычнай украiнскай кухнi. Колiшнiя яго саюзнiкi па каалiцыi супраць Віктар Януковiча сталi нядобрымi сапернiкамi. Каманда Юлі Цiмашэнкi сёння надзвычай актыўна i вынаходлiва пiярыць свайго лiдара. У заходнiх абласцях да яе ставяцца нават з большай сiмпатыяй, чым да партыi «Наша Украiна» В. Юшчанкi. Харызматычная асоба i выдатная актрыса Юля, вiдаць, з мэтай выклiкаць да сябе спачуванне i тым самым набыць дадатковых прыхiльнiкаў, пачала iграць ролю верагоднай ахвяры рэжыму i публiчна скардзiцца на тое, што яе жыццю пагражае небяспека. Гаварылася гэта з намёкам на сённяшнюю ўладу. Яе высокапастаўленыя прадстаўнiкi ў адказ з гумарам заяўляюць, што «аранжавая прынцэса» была вельмi замiлавана пасадай прэм’ер-мiнiстра i праспала палiтычныя змены ў краiне. Тым часам перадвыбарны аранжавы пiяр набывае чорную афарбоўку. У Кiеве i iншых гарадах з’явiлiся ў продажы кнiгi пад крыважэрнымi назвамi: «Забiць Юлю» i «Забiць Юшчанку». Абедзьве кнiгi, на погляд тых, хто прагартаў гэтыя, прабачце, творы, на адну тэму: абвiнавачваннi ў здрадзе iдэалам Майдана, былым паплечнiкам у барацьбе за свабоду i г.д. Па-свойму агiтуе за каштоўнасцi Майдана мастацкi фiльм «Аранжавае неба» — пра каханне, якое ўзнiкла ў час вострых баталiй на гэтай кiеўскай плошчы. Многiя папярэднiя сацыялагiчныя апытаннi прадказваюць неблагiя вынiкi размеркавання дэпутацкiх месцаў у парламенце для партыi рэгiёнаў В. Януковiча — каля 30 працэнтаў. А гэта значыць, што iншым прайшоўшым у Вярхоўную Раду партыям, у тым лiку В. Юшчанкi, прыйдзецца весцi перамовы аб стварэннi каалiцыi. Iнакш не ўдасца сфармiраваць урад i прэзiдэнт згодна з Канстытуцыяй будзе вымушаны распусцiць i назначыць новыя выбары. Перспектыва для змучанай пакутамi палiтычнай барацьбы краiны не самая лепшая. Але яна, на погляд украiнскiх палiтолагаў, калi падобнае i здарыцца, то будзе на руку «аранжавай прынцэсе»... Хто цяпер толькi не iмкнецца пасадзейнiчаць украiнскаму народу ў выбары правiльных дэпутатаў. Сярод памагатых партыi самага рознага кшталту — ад ультранацыяналiстычных да камунiстычнай. Апошнiм часам заявiла аб сабе i партыя палiтыкi Пуцiна. Разлiк яе стваральнiкаў на сiмпатыi значнай часткi ўкраiнцаў да Расii, якiя падтрымлiваюць наданне рускай мове статуса дзяржаўнай, выступаюць за развiццё супрацоўнiцтва краiны з Расiйскай Федэрацыяй, Беларуссю i Казахстанам у рамках Адзiнай эканамiчнай прасторы. За тое ж выступае i куды больш уплывовы апазiцыйны блок «Не так!». Яго ўдзельнiкi ўжо сабралi амаль пяць мiльёнаў подпiсаў, што значна больш за неабходную колькасць для правядзення пасля выбараў нацыянальнага абавязковага рэферэндуму. На яго, у прыватнасцi, мяркуецца вынесцi i пытанне аб мэтазгоднасцi ўступлення ў НАТО i ЕС. Тым часам дзеючая ўлада называе заўчаснай iнiцыятыву аб правядзеннi рэферэндуму i можна не сумнявацца, што зробiць усё магчымае, каб ён не адбыўся. Зараз афiцыйная прапаганда мусiруе тэзiс аб неабходнасцi ўзмацнiць растлумачальную работу па пытанню членства ў НАТО. Зразумела, каб людзi мелi поўную iнфармацыю, а не зыходзiлi са стэрэатыпаў савецкага мiнулага, калi НАТО ўяўляўся выключна агрэсiўным блокам. Такi вось клопат аб электараце. Членам НАТО Украiна магчыма i стане, а вось цi прымуць яе ў ЕС хоць бы да сярэдзiны стагоддзя — вялiкае пытанне. Не далi на яго прамога адказу ўкраiнскiм суразмоўцам вышэйзгаданыя госцi з ЕС. Яны абмежавалiся агульнымi словамi, маўляў, дэмакратычнае развiццё Украiны адкрывае новыя магчымасцi для двухбаковых адносiнаў. А вось назваць канкрэтныя тэрмiны далучэння да ЕС яны не рызыкнулi. Казалi, вы правядзiце парламенцкiя выбары, сфармiруйце ўрад, мы з iм пазнаёмiмся, а потым, магчыма, ЕС пачне кансультацыi наконт новага пагаднення з Украiнай. А пакуль афiцыйны Кiеў нават iстотна не прасунуўся на перагаворах па падпiсанню пагаднення з ЕС аб спрашчэннi вiзавага рэжыму для грамадзян Украiны. Нагадаем, некаторыя краiны Еўрапейскага саюза выказалiся за павышэнне платы за вiзы для ўкраiнцаў. Вiдаць, каб абмежаваць iх наплыў у замежныя краiны Заходняй Еўропы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магчыма ў недалёкай будучынi ў Беларусi з’явiцца новы натаўскi сусед — Украiна |
|