«БЕЛАРУСБАНК»: словы не разыходзяцца са справай...
Ігар ШЧУЧЭНКА
На пытаннi чытачоў адказвае першы намеснiк старшынi праўлення ААБ «Беларусбанк» Валянцiна Захараўна ЛУК’ЯНЕНКА
На працягу тыдня чытачы «Звязды» мелi магчымасць завочна задаць пытаннi банкiру, а таксама больш за гадзiну доўжылася размова Валянцiны Захараўны з людзьмi падчас прамой лiнii, што праводзiлася рэдакцыяй. Пытанняў было шмат, прычым многiя з iх пераклiкалiся: найбольш часта цiкавiлiся ўмовамi крэдытавання будаўнiцтва жылля, выдачай крэдытаў на тыя ж спажывецкiя патрэбы, сiстэмай будаўнiчых зберажэнняў, па якой плануе працаваць «Беларусбанк», а таксама ўмовамi прадастаўлення iншых паслуг, якiя аказваюцца сiстэмаўтваральным банкам краiны. — Збiраюся будаваць кватэру ў Мiнску i бяру камерцыйны крэдыт у валюце. Цi змагу я перавесцi гэты крэдыт на льготны, калi ў маёй сям’i народзiцца трэцяе дзiця? Сяргей Астапаў, г. Мiнск. — Не, не зможаце, бо гэта не прадугледжана заканадаўствам. А праз колькi месяцаў плануецца прыбаўленне ў вашай сям’i? — Прыкладна праз сем месяцаў, але грошы на будаўнiцтва трэба ўносiць зараз. — Дом, канешне, праз сем месяцаў не пабудуюць. А таму вам лепш знайсцi магчымасць i аплацiць першыя ўзносы за кошт уласных сродкаў. А пасля нараджэння дзiцяцi вы адразу можаце падаць заяву ў раённую адмiнiстрацыю, каб з агульнай чаргi вас перавялi ў чаргу для шматдзетных сем’яў. I тады на завяршэнне будаўнiцтва вы зможаце атрымаць iльготны крэдыт. Абавязковая ўмова атрымання льготнага крэдыту — уключэнне вашай сям’i ў спiс iльготнага крэдытавання, якi павiнен быць зацверджаны Мiнгарвыканкамам. — Валянцiна Захараўна, вас турбуе Валянцiна Сямёнаўна Лiсоўская з Пастаўскага раёна. Я звярталася да вас на прамую лiнiю 27 лiстапада 2001 года i прасiла пасадзейнiчаць у атрыманнi крэдыту на будаўнiцтва жылля для сваёй дачкi. Пытанне было вырашана, за што я хачу сказаць вам вялiкi мацярынскi дзякуй. Вашыя словы, што прыемна, не разышлiся са справай. — Дзякуй, Валянцiна Сямёнаўна, за цёплыя словы... — Калi я ўзяла вялiкi крэдыт на будаўнiцтва жылля, цi могуць мне выдаць крэдыт на спажывецкiя патрэбы, напрыклад, на набыццё мэблi? Алена Даўжанок, г. Мiнск. — Вы колькi плацiце ў месяц на пагашэнне крэдыту? — 250 долараў. — Гэта ўся ваша зарплата? — Яшчэ крыху застаецца. — У вас, я так разумею, ёсць сямейны даход. Таму, калi вы пацвердзiце, што даходу вашай сям’i будзе дастаткова для пагашэння крэдыту, узятага на будаўнiцтва жылля, i яго хопiць для пагашэння крэдыту на спажывецкiя патрэбы, банк пойдзе вам насустрач i выдасць крэдыт. У адваротным выпадку мы не рызыкнём выдаваць новы крэдыт. Карацей, вам неабходна пацвердзiць дакументамi, што вы маеце магчымасць пагашаць крэдыт на будаўнiцтва i крэдыт на спажывецкiя патрэбы, i ў вас ёсць на гэта адначасова паручыцелi. — Мой сын браў пазыку ў «Беларусбанку» на будаўнiцтва жылля два гады таму. У нас ёсць чэкi «Жыллё», што падаравала бабуля. Цi можа сын пагасiць гэтымi чэкамi частку сваёй пазыкi? Уладзiмiр Герасiмавiч Пяскоў, г. Петрыкаў. — Гэтае пытанне не ўваходзiць у кампетэнцыю банка. Калi ваш сын звернецца ў выканкам па месцы жыхарства i апошнi прыме рашэнне аб напраўленнi падараваных чэкаў на пагашэнне запазычанасцi па крэдыту, то банк з задавальненнем прыме гэтыя сродкi для пагашэння крэдыту. — Я хачу ўзяць крэдыт на будаўнiцтва жылля. Крэдыт не льготны. Якi будзе працэнт па рублёваму крэдыту? Алена Дзядок, г. Мiнск. — Калi вы знаходзiцеся на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, то гэта будзе 15 працэнтаў гадавых на 15 гадоў. Крэдыт вы будзеце пагашаць роўнымi часткамi на працягу 15 гадоў. — А валютны крэдыт? — Валютны крэдыт выдаецца на 10 гадоў пад 12 працэнтаў гадавых. — А цi змагу я па магчымасцi пагасiць крэдыт раней? — Так, крэдытным дагаворам прадастаўляецца магчымасць датэрмiновага пагашэння крэдыту. Магчыма, iншыя банкi не iдуць на падобны крок, а мы такое права прадастаўляем, i працэнты вы заплацiце толькi за фактычны час, напрыклад, за тры-пяць гадоў. — Я хачу ўзяць, напрыклад, 10 тысяч долараў ЗША крэдыту. Арыенцiровачна, якая зарплата ў мяне павiнна быць, i цi патрэбны мне паручыцелi, каб атрымаць крэдыт? — Паручыцелi вам неабходны, прычым не менш чым два чалавекi. Што датычыцца заработнай платы, то для атрымання крэдыту ў 10 тысяч долараў, ваш чысты даход павiнен быць 650 тысяч рублёў. — I яшчэ наконт рублёвага крэдыту: стаўка ў 15 працэнтаў па iм фiксаваная або яна можа мяняцца? — Яна можа мяняцца. Стаўка па крэдыту «плаваючая», аднак будзем спадзявацца, што павялiчвацца яна не будзе — эканамiчная сiтуацыя ў Беларусi паляпшаецца, i стаўка рэфiнансавання падае. У нас пры знiжэннi стаўкi рэфiнансавання знiжаецца i стаўка па зноў выдаваемых крэдытах. Банк можа знiжаць стаўку i па тых крэдытах, што людзi атрымалi раней. Летась мы чатыры разы знiжалi стаўкi па крэдытах, якiя ўжо дзейнiчалi. — Я i муж — пенсiянеры. Стаiм на чарзе ў райвыканкаме на будаўнiцтва кватэры. Цi можам мы ўзяць крэдыт на будаўнiцтва жылля? Валянцiна Мiкалаеўна, г. Мiнск. — Усё залежыць ад таго, якi ў вас узрост. Вы працуеце? — Працуем. А будаваць жыллё мы будзем тое, што прадастаўляюць па месцы працы. — Тады на крэдыт вы можаце прэтэндаваць пры ўмове, што паручыцелямi будуць вашы працаздольныя, дарослыя, якiя маюць пастаянны даход, блiзкiя сваякi, лепш за ўсё дзецi. — А цi зможа чалавек, у якога мы з’яўляемся паручыцелямi, быць паручыцелем у нас? — Не, канешне, не можа, таму што ў яго ёсць крэдыт. Шукайце свабоднага паручыцеля. (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў адказвае першы намеснiк старшынi праўлення ААБ «Беларусбанк» Валянцiна Захараўна ЛУК’ЯНЕНКА |
|