На беларускай мове абiтурыенты не справiлiся... з нацiскамi
Надзея НIКАЛАЕВА
Цэнтралiзаванае тэсцiраванне Заўважана, што чым менш застаецца дзён да старту ў нашай краiне прыёмнай кампанii, тым больш каштоўнай становiцца любая iнфармацыя, якая можа тым цi iншым чынам павялiчыць шанцы маладых людзей на паступленне. Усяго два тыднi таму быў зацверджаны графiк правядзення ў 2006 годзе цэнтралiзаванага тэсцiравання. А лiтаральна днямi ў Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў прайшла прэзентацыя зборнiкаў статыстычных i аналiтычных матэрыялаў цэнтралiзаванага тэсцiравання, праведзенага ў 2005 годзе «Цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Аналiз. Высновы. Рэкамендацыi. Тэсты». Той, хто лiчыць нецiкавым падрабязнейшы аналiз матэрыялаў мiнулагодняга тэсцiравання, сур’ёзна памыляецца. Хоць бы па той прычыне, што аналагаў гэтай працы ў нашай краiне няма.— Сёння ў сiстэме адукацыi практыкуюцца розныя падыходы i методыкi вызначэння ўзроўню i ступенi навучанасцi, аднак усе яны «грашаць» нiзкiм узроўнем аб’ектыўнасцi ў ацэнцы вынiкаў вучэбнай дзейнасцi, — тлумачыць дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай ФЯСЬКОЎ. — Скажам, аднолькавыя школьныя адзнакi, якiя былi выстаўленыя рознымi настаўнiкамi, могуць мець зусiм розную вагу i далёка не заўсёды з’яўляюцца паказчыкамi аднолькавага ўзроўню ведаў. I зусiм iншая справа — тэст, а, дакладней, цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Для прыкладу, максiмальная колькасць тэсцiруемых па адной дысцыплiне даходзiла летась да 80 тысяч чалавек. Усе яго ўдзельнiкi знаходзiлiся ў абсалютна аднолькавых умовах, што дазволiла з высокай ступенню даставернасцi канстатаваць наяўнасць пэўных заканамернасцяў у вынiках выпрабаванняў. Фактычна быў зроблены момантавы «зрэз» ведаў навучэнцаў па ўсёй краiне. Аналiз iнфармацыi аб вынiках тэсцiравання за 2005 год (а выкананы быў велiзарнейшы аб’ём работы) дазволiў нам выявiць моцныя i слабыя бакi ў выкладаннi тых вучэбных дысцыплiн, што былi вынесены на цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Больш таго, у нас маецца сёння магчымасць аналiзаваць паспяховасць абiтурыентаў у залежнасцi ад тыпу навучальнай установы, ад узроўню вывучэння вучэбнай дысцыплiны, ад месца знаходжання навучальнай установы (у сельскай мясцовасцi, райцэнтры, абласным цэнтры цi сталiцы) i, у рэшце рэшт, нават ад палавой прыналежнасцi ўдзельнiка цэнтралiзаванага тэст-экзамену. Для прыкладу, аналiз вынiкаў выканання экзаменацыйнага тэста па рускай мове паказаў iстотную рознiцу ў моўнай падрыхтоўцы юнакоў i дзяўчат. Узровень адукацыйных дасягненняў дзяўчат аказаўся намнога вышэйшым, што выглядае цалкам лагiчным, паколькi большасць дзяўчат выбiраюць менавiта гуманiтарны профiль навучання. Да таго ж яны вылучаюцца большай стараннасцю, уважлiвасцю, больш высокай матывацыяй у адносiнах да вучэбнай дзейнасцi, што, верагодна, уплывае i на больш паспяховае авалоданне мовай. Затое ў дакладных навуках лiдзiруюць, наадварот, юнакi. У зборнiках, што былi падрыхтаваны спецыялiстамi Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў, даецца поўная характарыстыка кантрольных вымяральных матэрыялаў, прыводзіцца структура тэставых заданняў, iх размеркаванне па раздзелах, узроўнях складанасцi i вiдах вучэбнай дзейнасцi. Прыводзяцца i найбольш характэрныя памылкi, што былi дапушчаны ўдзельнiкамi цэнтралiзаванага тэст-экзамену. Таму гэта iнфармацыя будзе карыснай не толькi для выпускнiкоў, але i для педагогаў, рэпетытараў i метадыстаў. Калi адны i тыя ж памылкi з года ў год дапускаюць школьнiкi па ўсёй краiне, значыць, прычынай гэтага могуць быць недасканалыя падручнiкi, вучэбна-метадычныя комплексы, «прабелы» ў вучэбных праграмах i ў выкладаннi дысцыплiны. Скажам, на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па беларускай мове самым складаным для абiтурыентаў аказалася вызначыць месца нацiску ў прапанаваных словах. З гэтым заданнем здолелi справiцца толькi 16,56 працэнта ад агульнай колькасцi тэсцiруемых. Хоць у беларускай мове няшмат слоў, месца нацiску у якiх iншае, чым у рускай мове, i яны з года ў год паўтараюцца ў тэставых заданнях, па-ранейшаму вялiкая колькасць абiтурыентаў недабiраюць балы з-за няправiльнага вызначэння месца нацiску ў наступных словах: «кухар» (45,33 працэнта), «цяжар» (40,32 працэнта), «мармур» (41,90 працэнта), «дасыта» (53,05 працэнта), «крапiва» (50,20 працэнта). З фанетычнымi i арфаэпiчнымi асаблiвасцямi беларускай мовы справiлiся толькi 25,28 працэнта тэсцiруемых, з асаблiвасцямi дзеяслоўнага кiравання ў беларускай мове — 22,73 працэнта, з параўнальнымi зваротамi — 23,55 працэнта, ступенямi параўнання прыметнiкаў i прыслоўяў — 27,67 працэнта. Ва ўсе гады правядзення тэсцiравання традыцыйна цяжкiм застаецца для абiтурыентаў правапiс прыслоўяў i слоў, блiзкiх да iх. Яшчэ адно слабае месца — гэта правапiс парадкавых i дробавых лiчэбнiкаў. Як адзначаюць аўтары зборнiка, калi вывесцi сярэднi бал вынiкаў абавязковага цэнтралiзаванага тэсцiравання жыхароў гарадоў i гарадскiх пасёлкаў (42,16), а затым параўнаць яго з паказчыкам вынiкаў сельскiх жыхароў (42,59), то вiдаць, што ў сельскiх школьнiкаў ёсць, хоць i нязначная, але перавага перад гараджанамi ў веданнi беларускай мовы. Акрамя таго гэта катэгорыя тэсцiруемых прадэманстравала стабiльнасць ведаў на абодвух тэсцiраваннях: сярэднi бал на добраахвотным ЦТ па беларускай мове склаў 42,58, а на абавязковым — 42,59. Стваральнiкi тэстаў па беларускай мове раяць будучым абiтурыентам больш сiстэмна рыхтавацца да экзамену па роднай мове. Больш уважлiва працаваць над арфаэпiчнымi, марфалагiчнымi i сiнтаксiчнымi нормамi беларускай лiтаратурнай мовы, пастаянна працаваць над папаўненнем слоўнiкавага запасу i яго актывiзацыяй як на ўроках беларускай мовы i лiтаратуры, так i ў ходзе самападрыхтоўкi. Каб мець перавагу на ўступных iспытах, падкрэслiваюць яны, мала толькi карыстацца зборнiкамi тэстаў — неабходна вывучаць кожную тэму ў адпаведнасцi са школьнай праграмай i падручнiкамi. Гэта застрахуе абiтурыентаў ад нечаканых сiтуацый. Для прыкладу, абiтурыентам мiнулага года было прапанавана наступнае заданне: яны павiнны былi адзначыць словы, напiсанне якiх заснавана на фанетычным або марфалагiчным прынцыпе. Калi на добраахвотным цэнтралiзаваным тэсцiраваннi сказаўся фактар нечаканасцi (у сярэднiм толькi 8,97 працэнта тэсцiруемых выканалi гэта заданне), то на абавязковым ЦТ з заданнем справiлiся ўжо 42,74 працэнта абiтурыентаў (вось вам i аргумент на карысць рэпетыцыйнага тэсцiравання!) Ёсць праблемы, адзначаюць аўтары аналiзу, сёння i з вучэбна-метадычным комплексам для старшых класаў, асаблiва для школ з рускай мовай навучання. Летась упершыню на цэнтралiзаванае тэсцiраванне была вынесена дысцыплiна «Гiсторыя Беларусi». I, як вядома, вынiкi яго аказалiся не вельмi высокiмi. Ад 89 да 100 тэставых балаў набралi на профiльным i добраахвотным тэсцiраваннi толькi 92 чалавекi, а 100 балаў здолеў набраць увогуле толькi адзiн удзельнiк. Сярэднi ж бал па гiсторыi Беларусi склаў на добраахвотным ЦТ — 39,79 i на бюджэтным — 39,83 бала, што па дзесяцiбальнай шкале адпавядае толькi чатыром балам. Лепшыя веды абiтурыенты прадэманстравалi, як нi дзiўна, па храналогii. Выключэнне склала толькi храналогiя першабытнага грамадства. Хоць гэтаму не варта здзiўляцца, бо на вывучэнне менавiта гэтага гiстарычнага перыяду ў школе адводзiцца ўсяго тры гадзiны ў 10-м класе. Лепш за ўсё абiтурыенты засвоiлi матэрыял са школьнага курса па гiсторыi Вялiкага княства Лiтоўскага, рэфармацыi ў ВКЛ, прыняццi i распаўсюджваннi хрысцiянства, праваслаўi i каталiцызме на Беларусi. Затое сапраўдным прабелам у ведах выпускнiкоў аказалася Берасцейская унiя, сацыяльна-эканамiчныя адносiны ў ВКЛ, асаблiвасцi буржуазных рэформаў, перыяд барацьбы беларусаў за нацыянальнае адраджэнне (60-я гг. XIX ст.—1917 год) i Беларусь у 1917—1945 гады. А самым слабым месцам у падрыхтоўцы выпускнiкоў былi картаграфiчныя веды — аналiз гiстарычных карт аказаўся пад сiлу толькi 30 працэнтам тэсцiруемых. Такiм чынам цэнтралiзаваны тэст-экзамен па гiсторыi Беларусi даў зразумець, што ў гiстарычнай падрыхтоўцы школьнiкаў аднолькава важнае значэнне маюць як веданне базавага, храналагiчнага i факталагiчнага матэрыялу, так i ўменне працаваць з гiстарычнай iнфармацыяй, прымяняць атрыманыя веды для рашэння пазнавальных i праблемных задач. Значыць, у школе неабходна рабiць упор на фармiраванне ў навучэнцаў умення параўноўваць гiстарычныя падзеi, сiтуацыi i з’явы, праводзiць паралелi, а таксама больш шырока выкарыстоўваць вiды самастойнай працы школьнiкаў з усiмi вiдамi гiстарычнай iнфармацыi. Напрыканцы застаецца дадаць, што не менш цiкавая аналiтычная iнфармацыя ўтрымлiваецца ў зборнiках Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў абсалютна па ўсiх вучэбных дысцыплiнах цэнтралiзаванага тэсцiравання. Для неабыякавага педагога — гэта сапраўдны скарб, а для выпускнiкоў — магчымасць лiквiдаваць прабелы ў ведах i застрахавацца ад дапушчэння на экзамене найбольш тыповых памылак.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўважана, што чым менш застаецца дзён да старту ў нашай краiне прыёмнай кампанii, тым больш каштоўнай становiцца любая iнфармацыя, якая можа тым цi i
|
|