«Дзецi — гэта божая падзяка за тое, што мы робiм на зямлi»У пасёлку Трылесiна Дрыбiнскага раёна ўрачыста справiў наваселле сямейны дзiцячы дом. Iрына i Мiкалай Мяснiковы i iх 8 дзяцей сустракалi гасцей хлебам-соллю. Над камiнам — сямейная выстава дзiцячых малюнкаў, у гульнявым пакоi — камп’ютар для хлопчыкаў i домiк Барбi для дзяўчынак. Дзецi апранулiся ў святочныя строi i падрыхтавалi канцэрт, дзе выканалi гiмн сямейнага дзiцячага дома, словы для якога напiсала мясцовая паэтка Настасся Кананкова. На наваселле ў Трылесiна прыехалi госцi з Беларускага дзiцячага фонду, Дрыбiнскага райвыканкама i Магiлёўскага аблвыканкама. Перад тым, як перарэзаць чырвоную стужку i ўручыць бацькам-выхавацелям вялiкi сiмвалiчны ключ ад дома, слова прамовiў намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Анатоль Глаз, якi таксама з’яўляецца кiраўнiком абласнога аддзялення Беларускага дзiцячага фонду. — Ёсць такi праўдзiвы выраз: дзецi — гэта божая падзяка за тое, што мы робiм на зямлi. А вы робiце вялiкую i святую справу, — сказаў Антатоль Глаз Iрыне i Мiкалаю Мяснiковым. — Усе мы разумеем, што значаць бацькi ў жыццi чалавека. Бацькi — гэта тыя людзi, на якiх можна абаперцiся, якiя навучаць усяму i, урэшце, зробяць дзяцей дастойнымi людзьмi. Будуць у вас i цяжкасцi, але калi вы ўзялiся за справу з душой, вы iх адолееце i вырасцiце восем дастойных грамадзян нашай краiны. А тое, што дзяржава дае такую магчымасць i стварае ўмовы, — гонар i слава нашай дзяржаве. Госцi наваселля падаравалi шмат каштоўных рэчаў для гаспадаркi — кухонны камбайн, мiкрахвалевую печку, грошы i цацкi для дзяцей. Насамрэч у Мяснiковых дзе-вяць дзяцей. Старэйшая, 19-гадовая Ганна ўжо выйшла замуж, жыве ў Мсцiславе i нарадзiла дзiця, якому споўнiўся год. Цяпер старэйшы з дзяцей — 14-гадовы Андрэй. Хлопчыка разам з малодшай сястрой даглядала бабуля, яны жылi ў вёсцы непадалёк ад Трылесiна. Але ў сувязi са састарэлым узростам малых трэба было адпраўляць у дзiцячы дом. Цяпер яны абодва жывуць у Мяснiковых. — Нам тут добра жыць, — гаворыць Андрэй. — Да бабулi мы час ад часу ездзiм дапамагаць. Мацi не супраць. Так, я Iрыну Анатольеўну называю мацi. Не адразу, праўда, асмелiўся, але потым адчуў, што яна мне сапраўды мацi. Менш за год таму ў доме з’явiлася 13-гадовая Вiка. Яна — старэйшая памочнiца Iрыны. Хоць усе дзецi працуюць на гаспадарцы i па дому, Вiка можа, калi прыёмныя бацькi занятыя, i ежу прыгатаваць, i хату прыбраць, i малых дагледзець. — Так, мы разумеем, што нам пашанцавала, — разважае Вiка. — У дзiцячым доме або ў прытулку — выхавальнiкi, а тут — бацькi! Канешне, яны бацькi не родныя, але калi тут пажывеш, то падаецца, што яны сапраўды родныя, сваякi. Iрына i Мiкалай Мяснiковы шэсць гадоў таму прыехалi ў Трылесiна з Расii. Мiкалай — выхадзец з Краcнапольшчыны. Перасяленцы з гэтага забруджанага радыяцыяй раёна жывуць у Трылесiне, куды Мiкалай з жонкай-расiянкай i прыехаў. Цяпер яны абодва сталi прыёмнымi бацькамi-выхавальнiкамi. Iрына заўсёды хацела мець шмат дзяцей. Тым больш што яе прафесiя — выхавальнiца дзiцячага садка. Але, каб нарадзiць першую дачку, давялося жанчыне паспытаць шмат цяжкасцяў. I толькi праз дзесяць гадоў пасля гэтага ў сям’i з’явiлася яшчэ адна дачка. — А потым па тэлевiзару пачалi паказваць праграму «Знайдзi мяне, мацi», я не магла проста глядзець, увесь час плакала i ўрэшце муж сказаў: «Паехалi ў дзiцячы дом, возьмем сабе хлопчыка», — узгадвае Iрына. — Паехалi i прывезлi трох хлопчыкаў замест аднаго... — Аднаго — немагчыма, — разводзiць рукамi Мiкалай. — Яны ўсе аблепяць цябе i просяцца, каб ты iх узяў дадому. — А потым высветлiлася, што ў аднаго з нашых выхаванцаў застаўся брат у дзiцячым доме, вырашылi не разлучаць iх i ўзяць яшчэ аднаго, — працягвае сваю гiсторыю Iрына. — Затым вырашылi ўзяць сястрычку для маёй малодшай дачкi. Цяпер будзем браць яшчэ малога хлопчыка, бо нашаму 6-гадоваму Сашку няма з кiм бавiць час. Iрына заўсёды паўтарае, што ў iх — сямейны дзiцячы дом адкрытага тыпу i яны настроены браць яшчэ больш дзяцей. Адны будуць падрастаць, а новыя дзецi зоймуць iх месцы. Усе малыя сапраўды называюць Iрыну i Мiкалая «мама» i «тата». Самыя малодшыя сталi так казаць яшчэ ў аўтобусе, калi ехалi з дзiцячага дома ў Трылесiна, калi высветлiлi ў Iрыны, што гэта перасяленне — вось якое шчасце! — назаўсёды. А цяпер у iх вялiкай кампанii немагчыма разгледзець, дзе родная дачка Мяснiковых, а дзе — прыёмныя дзецi. Усе — роўныя, i рознiцы для бацькоў i дзяцей няма. — Калi нас было чацвёра, то было сумнавата, — прызнаецца Iрына. — А цяпер штодня свята i паўсядзёны «карагод». Мы шчаслiвыя ад таго, што хоць некалькiм дзецям падаравалi сваю цеплыню i яны не засталiся абяздоленымi ў дзiцячым доме. Трэба паболей такiх сем’яў. Рэспублiканскае аб’яднанне «Беларускi дзiцячы фонд» ажыццяўляе праграму «Цёплы дом» — iншымi словамi, набывае або будуе дамы для сем’яў, якiя маюць шмат прыёмных дзяцей. Аб’яднанне стварыла ў Беларусi i цяпер апякуе 29 сямейных дзiцячых дамоў. 17 з iх, больш за палову, знаходзяцца ў Магiлёўскай вобласцi. Дом у Трылесiна — гэта першы сямейны дзiцячы дом у Дрыбiнскiм раёне, але кiраўнiцтва раёна, дзе ёсць шмат новага дабротнага жылля, спадзяецца, што ён не апошнi, i праграма «Цёплы дом» будзе тут працягвацца. — Гэта частка агульнай дзяржаўнай праграмы па падтрымцы дзяцей i, у прыватнасцi, дзяцей-сiрот, — патлумачыў Анатоль Глаз. — Гэта палiтыка дзяржавы, i яна будзе развiвацца далей. Мы, дарэчы, практычна ўзгаднiлi з Саветам Мiнiстраў праект рашэння аб будаўнiцтве сямейных дзiцячых дамоў на наступны год i пяцiгодку ўвогуле. Бо мы разумеем, што гэта асноўная форма выхавання дзяцей, якiя знаходзяцца ў экстрэмальнай сiтуацыi. У нас вельмi шмат людзей, якiя дастойны ўзяць дзяцей i гадаваць iх. Iрына i Мiкалай Мяснiковы — дастойныя людзi, якiя выхаваюць сапраўдных грамадзян нашай краiны, упэўнены намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама. А справа ўлады, падкрэслiў на заканчэнне Анатоль Глаз, — дапамагаць iм, i гэта абавязкова будзе рабiцца. Iлона IВАНОВА, Дрыбiнскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пасёлку Трылесiна Дрыбiнскага раёна ўрачыста справiў наваселле сямейны дзiцячы дом. Iрына i Мiкалай Мяснiковы i iх 8 дзяцей сустракалi гасцей хлебам |
|