Мiкробы — вiноўнiкi хвароб сэрца
Наўрад цi можна адшукаць чалавека, свабоднага ад... вiрусаў. Выдалiць, перамагчы iх можна, на жаль, толькi шляхам знiшчэння жывой клеткi. Фактычна наяўнасць вiрусаў у арганiзме не залежыць ад iх носьбiта, аднак наколькi часта апошнiя будуць заяўляць пра сябе, выклiкаючы захворваннi, залежыць уласна ад носьбiта. Не толькi пра гэта, але i аб тым, якая сувязь мае быць памiж iнфекцыйнымi агентамi i, напрыклад, сардэчна-сасудзiстымi паталогiямi, расказвае доктар медыцынскiх навук, кiраўнiк аддзела экалогii i эпiдэмiялогii вiрусных iнфекцый Навукова-даследчага iнстытута эпiдэмiялогii i мiкрабiялогii Тамара АМВРОСЬЕВА.
— Бiялагiчных агентаў, небяспечных для чалавека ў сэнсе iнфекцыйных паталогiй, можна ўмоўна падзялiць на тры групы: бактэрыi, вiрусы i паразiтарныя агенты, гельмiнты. Бактэрыi — аднаклетачныя арганiзмы, якiя выклiкаюць шырокi спектр розных паталогiй лiтаральна ўсiх органаў i сiстэм. Гэта хваробы страўнiкава-кiшачнага, рэспiраторнага трактаў, нервовай сiстэмы i г.д. Вiрусы — унутрыклетачныя паразiты, якiя ў адрозненне ад бактэрый не могуць размнажацца без жывога арганiзма. Патагенныя для чалавека вiрусы прымушаюць клетку працаваць на сябе, ад чаго яна ў рэшце рэшт разбураецца. Найбольш распаўсюджаныя вiрусныя захворваннi — грып, СНIД, iнфекцыi герпетычная, ротавiрусная, энтэравiрусная. Нарэшце, паразiтарныя агенты i гельмiнты, якiя могуць выклiкаць даволi вялiкую колькасць розных хвароб, у тым лiку гельмiнтозы. — Давайце спынiмся на вiрусах. Наколькi я разумею, чалавек можа рознымi шляхамi «назапашваць» вiрусы, i не здагадвацца аб iх iснаваннi да пары да часу... — Так i ёсць. Чалавек прыстасаваўся жыць у свеце мiкробаў, гэта нармальна. Вiрусы ўвогуле ёсць патагенныя, якiя выклiкаюць iнфекцыйную паталогiю ў арганiзме i непатагенныя. Тыя, што выклiкаюць дэструкцыю клетак i могуць поўнасцю выдаляцца з арганiзма, i тыя, што выклiкаюць частковае пашкоджанне клетак, але яны не пакiдаюць iх i нават могуць убудоўвацца ў клетачны геном. Апошнiя могуць пажыццёва iснаваць у заражаным арганiзме, час ад часу праяўляючы сваё патагеннае дзеянне. Карацей кажучы, зараз усё больш спецыялiсты свету сыходзяцца ў адным: калi аднойчы чалавек заразiўся патагенным вiрусам, той застанецца з чалавекам назаўжды, але праявiцца толькi пры пэўных умовах. Скажам, пасля пераахаладжэння, стрэсу, недаядання, уплыву сонечнай радыяцыi i многiх, многiх iншых фактараў, здольных актывiзаваць вiрус да актыўнага размнажэння. — Тады мы хварэем... Цiкава, а якая роля ў гэтай, я сказала б, бесперспектыўнай, барацьбе адводзiцца медыцыне? — Медыцына павiнна быць прафiлактычнай, скiраванай на падтрымку i аднаўленне натуральных сiл арганiзма, а сам чалавек павiнен весцi нармальны лад жыцця — здаровы, каб прадаставiць арганiзму шанц пазбегнуць актывiзацыi вiруса. Усе антывiрусныя прэпараты за вельмi невялiкiм выключэннем скiраваны на знiшчэнне тых «мiшэняў», якiя працуюць на знiшчэнне клетак. Ацыклавiр, якi выкарыстоўваецца для лячэння герпеса — напэўна, адзiны прэпарат, скiраваны непасрэдна на вiрусны фермент... Праблема ў тым, што разам з вiрусам хiмiчнаму ўздзеянню падвяргаецца i клетка. Больш за тое, вiрус, як i iншыя iнфекцыйныя агенты (бактэрыi, паразiты), хутка прыстасоўваецца да любых прэпаратаў, што тлумачыць немагчымасць iх перамагчы. Яны пастаянна муцiруюць, узнiкаюць устойлiвыя да лекаў штамы. На кожны новы прэпарат праз некалькi гадоў з`яўляецца ўстойлiвая рэакцыя. Напрыклад, пенiцылiн, распрацаваны ў Савецкiм Саюзе ў 40-я, валодаў вельмi шырокiм спектрам антымiкробнага дзеяння. Сёння ён з`яўляецца малаэфектыўным для большасцi насельнiцтва, пачынаючы з малалетняга ўзросту. — Што ж адбываецца ў арганiзме, уласна з вiрусам, калi мы сталi «ахвярай» фактараў рызыкi? — Знешнiя фактары, якiя мы называлi вышэй, уплываюць на аслабленне iмунiтэту. Пад уздзеяннем неспрыяльных фактараў змяншаецца выкiд антыцелаў, iмунных клетак, якiя гэты вiрус блакiруюць. Iмунiтэт абараняе нас не толькi ад iнфекцый. Парушэнне iмуннага статусу можа прывесцi да шэрагу iншых захворванняў — аўтаiмунных хвароб, артрытаў, алергiй, скурных захворванняў. Аслабiць iмунiтэт здольны, дарэчы, нават гарманальны фон. — Цi можна ў такiм выпадку гаварыць пра ўсплёск захворваемасцi падчас гарманальнай перабудовы ў пэўныя перыяды жыцця? — Безумоўна. Нават напярэдаднi i падчас менструацыi гарманальныя «перабудовы» выклiкаюць аслабленне арганiзма, i таму часта менавiта ў гэты перыяд праяўляецца той жа герпес. — Чаму сярод iнфекцый, якiя перадаюцца палавым шляхам, найбольш «складаным i страшным» лiчыцца хламiдыёз? — Яшчэ дзесяць гадоў таму нiхто, акрамя спецыялiстаў, нiчога не ведаў пра гэта захворванне. Хламiдыёз распаўсюджаны, але не настолькi, каб пра яго так многа гаварыць. Iншая справа, ён выклiкае шырокi спектр захворванняў, звязаных не толькi з палавой сiстэмай — запаленчыя працэсы, прастатыты, урэтрыты i iншыя, але i артрыты, хваробы вачэй, пнеўманii. Выдаленне хламiдыйных агентаў з клеткi патрабуе комплекснага падыходу, з выкарыстаннем каля дзесятка прэпаратаў, i толькi невялiкi працэнт выпадкаў паддаюцца поўнаму выздараўленню. Складанасць яшчэ i ў тым, што падобнае лячэнне «цягне» за сабой дысбiёз — парушэнне баланса натуральных мiкробаў (бактэрый, грыбоў), якiя жывуць у кiшачным тракце i мочапалавой сiстэме. — А ўвогуле сёння налiчваецца шмат iнфекцый? — Канешне, шмат. Ёсць iнфекцыi пастаянна распаўсюджаныя, напрыклад, дызентэрыя, грып, герпес, энтэравiрусы, скарыёз i г.д., ёсць так званыя «зноў узнiкаючыя», такiя як туберкулёз, дыфтэрыя, сiфiлiс, ганарэя, i новыя — iх менш, гэта СНIД, гепатыты В i С, цяжкi рэспiраторны сiндром. Скажам, воспа лiчыцца лiквiдаванай i прышчэпкi супраць гэтага захворвання былi адменены ва ўсiх краiнах. Хоць наўрад цi пра гэта можна гаварыць адназначна. Ачаг, «рэзервуар» захворвання знаходзiцца ў прыродзе сярод грызуноў, а ў такiх выпадках перамагчы iнфекцыю немагчыма. З улiкам магчымых бiятэрарыстычных дзеянняў амерыканцы сёння ўсур`ёз плануюць i маюць неабходны запас вакцыны для поўнай вакцынацыi ўсяго насельнiцтва. Правакцынаваныя групы рызыкi, у прыватнасцi, ваеннаслужачыя. Не выпускаюць з поля зроку воспу i расiйскiя даследчыкi. Пераможаным у нашай краiне лiчыцца полiямiэлiт, але вакцынацыя супраць гэтай iнфекцыi ў нас працягваецца. — Чаму да адных iнфекцый ёсць прышчэп, а да iншых — няма? — Кожная краiна пралiчвае што больш танна i апраўдана: прышчэліваць цi выкарыстоўваць iншыя меры прафiлактыкi i пасля лячыць. Iншая справа, ёсць iнфекцыi з высокай лятальнасцю, хуткiм распаўсюджваннем. Яны з’яўляюцца найбольш актуальнымi з пункту гледжання стварэння супраць iх вакцын i прымянення. Разам з тым эфектыўныя вакцыны створаны далёка не для ўсiх такiх iнфекцый... Наша краiна прытрымлiваецца свайго «календара» прышчэпак, уласнай стратэгii вакцынацыi. — Прышчэпка эфектыўная ў 100 працэнтах выпадкаў? — Эфектыўнасць прышчэпкi залежыць як ад якасцi самой прышчэпкi, так i ад стану арганiзма. Прышчэплівацца неабходна будучы абсалютна здаровым — без праяў любых хвароб, не ў час менструальнага цыкла цi ў стрэсавым стане. Калi арганiзм аслаблены, будзе выпрацаваны няўстойлiвы цi, як мы кажам, не напружаны iмунiтэт. Ёсць пэўны працэнт дзяцей i дарослых з аслабленай iмуннай сiстэмай, у якiх у адказ на прышчэпку не выпрацоўваецца абарончы iмунiтэт. — У чым заключаецца каварства птушынага грыпу? — Калi вiрус птушынага грыпу сустрэнецца ў арганiзме чалавека з вiрусам чалавечага грыпу з пэўнай доляй верагоднасцi можа з’явiцца мутант, патагенны для чалавека. Iмунiтэту ад яго ў людзей няма, а значыць, захварэць могуць усе. Рэкамбiнанты — змешаныя вiрусы ўтвараюцца вельмi рэдка. Яны могуць пераадольваць мiжвiдавы бар’ер i менавiта гэтым абумоўлена iх галоўная небяспека для чалавека. — Вiрусы здольныя «прыкласцi руку» да развiцця неiнфекцыйных хвароб? — Зараз выказваецца меркаванне, што наўрад цi можна знайсцi саматычнае захворванне, дзе б iнфекцыйныя агенты засталiся ўбаку. Пералiк захворванняў, якiя лiчылiся неiнфекцыйнымi, а зараз сярод прычын iх узнiкнення заўважаюць вiрусы цi бактэрыi, расце. Гэта, напрыклад, сардэчна-сасудзiстыя хваробы — той жа атэра-склероз. Гэтай праблемай яшчэ ў 70-я актыўна займалiся амерыканцы. На iх глядзелi тады, мякка кажучы, са здзiўленнем. Калi я пачынала займацца той жа праблемай у нашай краiне, на мяне таксама глядзелi са здзiўленнем. Тым не менш, удалося даказаць, што вiрусныя агенты — той жа вiрус герпеса, умешваецца ў лiпiдны абмен i можа пашкодзiць сценкi сасудаў, у вынiку чаго выпрацоўваюцца атэрагенныя лiпапратэiны, якiя ствараюць умовы для адкладвання бляшак. Сёння ўжо няма сумненняў, што мiкробныя агенты бяруць удзел у фармiраваннi шэрагу хвароб, якiя нядаўна не звязвалiся з iнфекцыйнымi прычынамi. Сярод iх ёсць такiя хваробы, як дыябет, язва страўнiка, шызафрэнiя, рассеяны склероз, шэраг аўтаiмунных хвароб. Асаблiвую ўвагу займаюць хваробы сэрца, у прыватнасцi, мiякардыты i кардыямiяпатыi, у падмурку развiцця якiх, як ужо даказана, можа быць энтэравiрусная iнфекцыя. Найбольш цяжкай з’яўляецца дылатацыйная кардыямiяпатыя — складанае захворванне, якое можа прывесцi да смерцi ў вынiку адсутнасцi своечасовай перасадкi сэрца. Хвароба, якая не паддаецца традыцыйнаму лячэнню, стала досыць распаўсюджанай у нашай краiне. Нямецкiя спецыялiсты ўжо карыстаюцца апошнiмi дасягненнямi медыцынскай навукi ў гэтай галiне i паспяхова лечаць такiх хворых. — I што ж рабіць? — Прытрымлiвайцеся здаровага ладу жыцця, займайцеся хоць бы простай фiззарадкай, каб арганiзм быў у тонусе. Не праяўляйце гераiзм на пустым месцы — не хадзiце на працу хворым. Недалечаныя iнфекцыi часта з’яўляюцца падмуркам для развiцця саматычных хвароб. Патрэбна i прафiлактыка, вытрымлiванне элементарнай гiгiены. Тыя ж энтэравiрусы распаўсюджваюцца праз брудныя рукi, забруджаную ваду i ежу. Адукаваны i культурны чалавек не можа не надаваць увагi таму, якую ваду п’е, якую ежу ўжывае. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наўрад цi можна адшукаць чалавека, свабоднага ад... вiрусаў. Выдалiць, перамагчы iх можна, на жаль, толькi шляхам знiшчэння жывой клеткi
|
|