Народжаная часам«ЧЫРВОНЦЫ» — 85! (Заканчэнне. Пачатак у нумары за 17 сакавіка.)Арганiзуючая дзейнасць «Чырвонкi» складае адну з яркiх старонак яе гiсторыi. Такiя задачы ў той час стаялi перад усiмi савецкiмi газетамi. Але моладзь павiнна была выконваць свае абавязкi ў гэтай сферы i хутчэй, i больш эмацыянальна. Аб гэтым таксама расказваюць пажоўклыя ад часу лiсты архiўнай крынiцы — «Як разгортваўся паход ЛКСМБ за ўраджаi i калектывiзацыю сельскай гаспадаркi». Паход аб’яўляўся па прапанове, а мо i па спецыяльнаму рашэнню, ЦК УсеЛКСМБ (Масква) тэрмiнам з 15.02 па 15.10.1929 г. «Чырвонцы» адводзiлася адно з галоўных месцаў. Аб тым, што было зроблена калектывам газеты (з 1923 года па 1929-ы штат рэдакцыi павялiчыўся з 3 да 20 чалавек), апавядаюць назвы раздзелаў рукапiсу «Паход ЛКСМБ за ўраджай i калектывiзацыю» — асобыя аграмерапрыемствы паходу за ўраджай; калектывiзацыя i с.г. вытворчае кааперыраванне вёскi; дапамога вясковай беднаце; кантрактацыя; атрады «лёгкай кавалерыi» ў паходзе за ўраджай i калектывiзацыю сельскай гаспадаркi; арганiзацыя свята першай баразны. Зарэгiстраваны выпадак, калi 2 камсамольскiя батракi, паступiўшы ў калгас, выйшлi з яго i вярнулiся да кулака, у якога яны раней працавалi. Чаму? А таму, што кулак даў абяцанне справiць хромавыя боты i скураныя курткi. «Толькi не лянуйцеся, мае хлапчукi, працуйце ўсё роўна як для сябе, калi я стану на ногi — дык i вас пастаўлю i зраблю з вас людзей, а калектыў вам нiчога не дасць... апошнiя портачкi там згубiце». «Чырвоназменцам», як бачым, было над чым паламаць галаву, шукаючы адказы. На Бабруйшчыне, Мазыршчыне, Гомельшчыне, Полаччыне, Вiцебшчыне, Магiлёўшчыне за час паходу пры ўдзеле «ЧЗ» былi ўтвораны 92 калгасы. «ЧЗ» рэагавала на змены ў жыццi адкрыццём новых аддзелаў — па рабоце з сельскай моладдзю, арганiзацыйна-масавы, культурна-бытавы, унутранай i знешняй палiтыкi i iнш. Са студзеня 1930 г. пачаў рэгулярна выходзiць шахматна-шашачны аддзел. У сувязi з гэтым журналiсты звярнулiся да моладзi з заклiкам уносiць прапановы па ўдасканаленню ўсiх формаў фiзкультурна-масавай работы, абменьвацца вопытам працы фiзкультурных гурткоў, асаблiва тых, якiя iснавалi пры школах, заводах, дамах пiянераў. Свежы вецер унесла ў працу газеты рубрыка «Вентылятар». У прадмове да яе рэдакцыя пiсала: «Нам трэба час ад часу прыводзiць у парадак свае веды, асвяжаць памяць, правяраць яе. Як душны пакой асвяжае электрычны вентылятар, так i памяць можна асвяжаць новай гульнёй — нашым вентылятарам. Побач былi змешчаны пытаннi да чытачоў: «Якое сапраўднае iмя i прозвiшча Янкi Купалы? З чаго робяць шоўк? Што такое кубрык? Каго лiчаць бюракратам?». Але сустракалiся i пэўныя недахопы. У маi 1930 г. пленум ЦК ЛКСМБ адмянiў рашэнне студзеньскага (1930 г.) пленума ЛКСМБ аб суцэльнай калектывiзацыi да 1931 г. як памылковае, падверг крытыцы артыкулы «Чырвонкi», якiя былi прысвечаны гэтай тэме. «ЧЗ» удзяляла ўвагу «маладнякоўцам» (пiсалi па-беларуску), «звенняўцам» (пiсалi на рускай мове), разам арганiзоўвалi лiтаратурныя вечары ў камсамольскiм клубе iмя КIМ. На адным з iх з’явiўся хлапчук з капной кучаравых валасоў, апрануты ў расшытую беларускiм арнаментам кашулю. То быў студэнт Белтэхнiкума, вядомы беларускi паэт Паўлюк Трус. Яго выдатны верш «Дзяўчыне» ўпрыгожвае «Чырвонку» ад 17 сакавiка 1929 г. Калi ў канцы 20-х гадоў амаль у два разы павялiчылiся фiнансавыя адлiчэннi ў народную гаспадарку БССР з саюзнага бюджэту, то гэта адбiлася i на адукацыйным фронце. За ўдзел у лiквiдацыi непiсьменнасцi «Чырвонцы» падзякавалi старшыня ЦВК А.Р. Чарвякоў, старшыня СНК БССР М.М. Галадзед, у гэты ж час павысiўся амаль на 20—25 працэнтаў заробак журналiстаў, у тым лiку i «чырвоназнаменцаў». У 1931 г. 1 верасня стала Днём вучобы. «Чырвоная змена» атрымала ганаровае права асвятляць падрыхтоўку i правядзенне свята амаль кожнага грамадзянiна краiны. «ЧЗ» у пачатку 30-х неаднаразова атрымлiвала грашовыя прэмii, у тым лiку i ад маскоўскай «Комсомольской правды». Значная частка сродкаў iшла на падтрымку маладых лiтаратараў-пачаткоўцаў, пашырэнне сувязяў з моладдзю брацкiх савецкiх рэспублiк. Аднойчы ў рэдакцыю ўвалiлiся гурбою Мiхаiл Святлоў, Мiхаiл Галодны, Джэк Алтаузян i iншыя, якiя прыехалi з Масквы. Пачаўся конкурс вершаў, пераможцам якога выйшаў М. Святлоў. У адзiн з лiпеньскiх дзён 1935 г. бюро ЦК Кампартыi Беларусi разглядала персанальную справу рэдактара «Чырвонай змены» С.С. Пахомава. У матэрыялах аб яго ўчынку гаварылася наступнае: «...Пахомаў катэгарычна адмёў прапанову супрацоўнiкаў («ЧЗ» — аўт.) змясцiць у газеце клiшэ т. Яжова ў сувязi з друкаваннем матэрыялаў аб узнагароджаннi Яжова ордэнам Ленiна. Сваю нязгоду ён матываваў тым, што, маўляў, у сувязi з яго назначэннем у органы НКУС клiшэ Яжова ўжо змяшчалася ў газеце». Аддзел друку i выдавецтва ЦК прапанаваў вызвалiць Пахомава з пасады «за палiтычную пасiўнасць у справе разаблачэння ворагаў народа i палiтычныя памылкi ў газеце, за тое, што пасля разаблачэння ў апараце «Чырвонай змены» фашысцкай маладзёжнай групы ён не ачысцiў калектыў ад класава варожых людзей». Сяргей Сцяпанавiч Пахомаў, нягледзячы на жорсткую ацэнку сваiх «правiннасцяў», уцалеў ад арышту. Удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны, у пасляваенны перыяд — начальнiк аддзела, нам. начальнiка Палiтупраўлення Беларускай ваеннай акругi, дэлегат шэрага з’ездаў КПБ. Але пашанцавала ў 30-я не ўсiм. Чатыры рэдактары «ЧЗ» таго перыяду падверглiся незаконным рэпрэсiям, Платон Галавач — расстраляны. Шэраг людзей у 30-я гады быў незаслужана абвiнавачаны на старонках газет. «Чырвонка» адносiцца да выданняў, якiя публiчна папрасiлi прабачэння ў пацярпеўшых. Нельга не сказаць i аб наступным. «ЧЗ» як маладзёжны друкаваны орган, як калектыў таленавiтых, рамантычна настроеных людзей даў данымiчны штуршок для выхаду ў свет сваiх маладых сабратоў, сярод якiх — газеты «Юный пахарь», «Юный творец», «Звезда молодежи», «Дер юнгер арбетер», часопiсы «Юный творец», «Маладняк», «Малады араты». Народны паэт Беларусi Пятрусь Броўка казаў: «Чырвоную змену» я ведаю i люблю з першых гадоў яе выхаду. Многа, вельмi многа яна зрабiла па выхаванню працоўнай моладзi Беларусi, у тым лiку i па выхаванню беларускiх лiтаратараў... «Чырвоная змена» разам з бурлiвым жыццём першых гадоў савецкай улады паказала мне шлях у камсамол». Яўген БАРАНОЎСКI, кандыдат гiстарычных навук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Арганiзуючая дзейнасць «Чырвонкi» складае адну з яркiх старонак яе гiсторыi. Такiя задачы ў той час стаялi перад усiмi савецкiмi газетамi. Але моладзь
|
|