Рыцары нашых дзён
Iлона IВАНОВА
У сярэдняй школе № 18 горада Магiлёва працуе клуб «Магiлёўская дружына»
У школьным падполе, дзе старэйшыя школьнiкi далучаюцца да рыцарскай рамантыкi, — рабочы беспарадак. На палiцах ляжаць шлемы i даспехi, на сценах развешана зброя — мячы, кiсцянi, булавы i сякеры. Гэта — макеты баявой старажытнай зброi, i зроблены яны рукамi ўдзельнiкаў клуба: праца з металам — асноўная для рыцараў нашых дзён. Ад таго, колькi рэчаў малады чалавек здолеў зрабiць сваiмi рукамi, залежыць яго месца ў iерархii клуба — ад хутаранiна да дружыннiка. Барыс Руды — без малога старэйшы дружыннiк, справа толькi за латнай пальчаткай. Ён, вядома, за сценамi клуба мае больш звыклае прозвiшча Пехцераў, але тут кожны можа ўзяць сабе рыцарскае iмя, якое яму падабаецца або найбольш пасуе. Руды папросту атрымалася ад колеру валасоў. Барыс паказвае клубныя шчыты: на сiнiм фоне — жоўтыя крыж i кап’ё. — Гэта наш герб, — тлумачыць Барыс. — Ён належаў князю Кейстуту, якi жыў у сярэднявеччы ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. А мы займаемся менавiта ваенна-гiстарычнай рэканструкцыяй ВКЛ XIII—XV стагоддзяў. Ёсць мноства клубаў у Беларусi i Расii, якiя, напрыклад, займаюцца рэканструкцыяй крыжаносцаў, заваёўнiкаў, а мы хочам стварыць вобраз тых рыцараў, якiя жылi на нашай зямлi i абаранялi яе. — Як раз у часы Вялiкага княства Лiтоўскага быў росквiт Магiлёва, тады ж наш горад упершыню згадваецца ў летапiсе, — гаворыць кiраўнiк «Магiлёўскай дружыны» Аляксандр Нялюбiн. — А гэта ж наша зямля! Сам Аляксандр па адукацыi эканамiст i юрыст, працуе на адным з прадпрыемстваў Магiлёва, але з юнацтва цiкавiўся гiсторыяй i сярэднявеччам у прыватнасцi. Цяпер увесь вольны час аддае рыцарскаму клубу. Каб прадэманстраваць вобраз рыцара тых часоў, школьнiкi апранаюцца ў даспехi. Спачатку — адзенне з тканiны, якое зроблена паводле сярэднявечных узораў, а потым — жалеза. Пятнаццаць-дваццаць кiлаграмаў на целе — вось такi цяжар эпохi. — Мне было цяжка толькi першыя два тыднi, а цяпер прызвычаiўся, — праз шлем ледзь чуецца голас 11-класнiка Анатоля Магiлёўскага. — Мне заўсёды падабалiся рыцары — з кнiг i кiнастужак. Я цяпер раблю сам кальчугу. Метал для даспехаў дружыннiкi шукаюць на сметнiках, часам дапамагаюць на вытворчасцях. Для таго, каб зрабiць невялiкi даспех, спатрэбiцца каля тыдня. Старэйшыя i вопытныя ўдзельнiкi клуба дапамагаюць малодшым. Тут важна i майстэрства, i цярплiвасць. Вучня 11-га класа Iгара Кампаноўскага апранаюць у даспехi два сябры. Гавораць, так i трэба: рыцарам заўсёды дапамагалi верныя збраяносцы. — Мне вельмi падабаюцца рыцарскiя турнiры, — прызнаецца Iгар. — Бацькi мне раней казалi, што я займаюся ў клубе лухтой, а потым я паказаў iм фотакарткi, дзе я ў даспехах, дык гэта зрабiла на iх уражанне! У клубе ёсць невялiкая спартыўная зала, дзе можна адпрацоўваць паказальныя бойкi. Для таго, каб дзецi не траўмiравалi адзiн аднаго зброяй, кожны рух карпатлiва адпрацоўваецца на драўляных макетах. «Магiлёўская дружына» выступае на школьных святах, а на Дзень жанчын клуб арганiзаваў рыцарскi турнiр у гонар жанчын-настаўнiц. У клуб прыходзяць класамi на экскурсii, падчас якiх у даспехi апранаюць нават дзяўчынак, а для самых малодшых робяць шоу з пастаноўкамi баёў, дзе малыя проста пiшчаць ад захаплення! Дырэктар школы Сяргей Бонiч, гiсторык i краязнаўца, лiчыць рыцарскi клуб вельмi карысным для патрыятычнага выхавання школьнiкаў. — Канкрэтная эпоха, людзi, iх прыклад — гэта сапраўды рэальныя рэчы, якiя выхоўваюць, — тлумачыць дырэктар. — Часы ВКЛ — гэта гераiчная эпоха станаўлення дзяржавы, калi адбывалiся маштабныя падзеi i вылучалiся значныя асобы, калi будаваўся менталiтэт элiты грамадства. Гэта не можа не выклiкаць iнтарэс, асаблiва ў хлопцаў, якiя цiкавяцца рыцарствам, абаронай Айчыны. Школьнiкi, вучнi старэйшых класаў, сапраўды вельмi зацiкавiлiся клубам i рыцарствам. Прыходзяць ледзь не штовечар, працуюць i гутараць з сябрамi пад каву i гарбату за вялiкiм сталом — праўда, не круглым, як пры легендарным Артуры, а квадратным. — Мне падаецца, што школьнiкi могуць павучыцца ў клубе вельмi каштоўнай рэчы — уменню зносiцца па-за межамi школьнага калектыву, што iм спатрэбiцца ў будучым, — мяркуе Аляксандр Нялюбiн. — У нас тут галоўнае — зусiм не зброя, а людзi — аднадумцы, з якiмi можна адпачыць душой. 10-класнiк Святаслаў Голубеў лiчыць, што яму пашанцавала з «Магiлёўскай дружынай», бо ён сапраўды знайшоў тут сяброў па iнтарэсу. — Мне падабаецца займацца гiсторыяй роднага краю, — гаворыць Святаслаў. — Я адчуваю сябе чалавекам таго часу ў клубнай атмасферы дружнага калектыву. Мне падаецца, што з часоў рыцарства было б нядрэнна пераняць высакароднасць i шчырасць. Iх так не хапае ў нашым свеце!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сярэдняй школе № 18 горада Магiлёва працуе клуб «Магiлёўская дружына»
|
|