ПаWWWуцiнне ад Вiкторыi Захаравай
РЭАЛЬНЫЯ ВIРТУАЛЬНЫЯ ДНI
30—31 сакавiка ў Мiнску ўпершыню пройдуць Днi Iнтэрнэта ў Беларусi, арганiзаваныя Iнстытутам грамадскiх сувязяў пры падтрымцы Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi краiны. За гэты час адбудзецца не толькi шэраг семiнараў для спецыялiстаў у галiне IT, але таксама «кiрмаш вакансiй» у сферы iнфармацыйных тэхналогiй i абмен вопытам «самаабароны». Акрамя таго, будуць названы пераможцы трох iнтэрнэт-конкурсаў: IT-персона года, PR-персона ў сферы iнфармацыйных тэхналогiй (конкурс прадстаўляе Iнстытут PR), конкурс беларускага кантэнту (праводзiцца парталам TUT.BY). СВЯТЫ IСIДОР, ДАШЛI МНЕ КАНЕКТ... Дарэчы, Сусветны дзень Iнтэрнэта ўвайшоў у лiк афiцыйных святаў яшчэ ў 1998 годзе — быў зацверджаны тагачасным Папам Рымскiм Iаанам Паўлам II. Святы апякун Iнтэрнэта яшчэ не зацверджаны царквой, але з 2000 года iм лiчыцца святы Iсiдор Севiльскi, iспанскi епiскап, якi жыў у 560—636 гадах. Ад праваслаўнай царквы Iнтэрнэт неафiцыйна «курыруюць» чатыры вялiкапакутнiцы — Вера, Надзея, Любоў i мацi iх Сафiя. Сусветны дзень Iнтэрнэта прыпадае на 30 верасня (у некаторых заходнiх краiнах — на 4 красавiка). А 27 студзеня святкуецца Мiжнародны «Дзень без Iнтэрнэта». Арганiзатарамi яго выступаюць энтузiясты з усяго свету, аб’яднаныя ў онлайнавую суполку «Do Be». НА ШТО ХВАРЭЮЦЬ WEB-РЭСУРСЫ? Чалавецтва, мабыць, не ведае дакладна, калi з’явiўся першы камп’ютарны вiрус i хто быў аўтарам гэтай шкоднай праграмы. Аднак год ад году колькасць такiх праграм, якiя могуць выконваць розныя непажаданыя дзеяннi на вашым камп’ютары, ноўтбуку, мабiльным тэлефоне, усё расце, а шкоднасць iх — павялiчваецца. Вiрус I Love You, што з’явiўся 1 мая 2000 года, доўга будуць памятаць мiльёны (а дакладней, 3 мiльёны 100 тысяч) карыстальнiкаў, якiя «павялiся» на рамантычны загаловак лiста ад невядомага аўтара. Праграма тыражыравала сама сябе ў паведамленнях электроннай пошты, а таксама знiшчала патрэбныя файлы. Нанесеная вiрусам шкода ацэньвалася ў мiльярды долараў. У спiс самых небяспечных трапiў i вiрус Navidad, якi рассылаўся ў 2000 годзе ў выглядзе каляднай паштоўкi. Калi неасцярожны карыстальнiк запускаў далучаны файл navidad.exe, з’яўлялася кнопка з надпiсам «Нiколi не нацiскай гэту кнопку». Ну а самыя цiкаўныя, зразумела, нацiскалi — i чыталi паведамленне кшталту «Вiншуем! Вы не ўтрымалiся i страцiлi свой камп’ютар». Вiрус не выдаляў нiякiх файлаў, аднак не даваў запускаць важныя праграмы, у тым лiку асноўныя офiсныя дадаткі. За тое, каб злавiць аўтара вiруса MyDoom, у 2004 годзе абяцалася ўзнагарода ў 250 тысяч долараў. Лiтаральна за пару дзён вiрус, якi мог выдаляць i красцi iнфармацыю, заразiў некалькi соцень тысяч камп’ютараў. Iмклiва распаўсюджваўся ў 2005 годзе так званы «паштовы чарвяк» Sober, якi абяцаў карыстальнiкам бясплатныя бiлеты на Кубак свету па футболу, прымушаючы адкрыць «заразны» файл. Адсюль мараль: чым больш заманлiвую «халяву» абяцае нехта нябачна-вiртуальны, тым большую рэальную шкоду ён прынясе...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30—31 сакавiка ў Мiнску ўпершыню пройдуць Днi Iнтэрнэта ў Беларусi, арганiзаваныя Iнстытутам грамадскiх сувязяў пры падтрымцы Мiнiстэрства сувязi i iн
|
|