21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Павучыцца ў Сейбеля

25.08.2009 21:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ААТ «Гомельбудматэрыялы» працягвае экспансiю на замежныя рынкi

«Нягледзячы на тое, што прадпрыемствы галiны будматэрыялаў маюць розную форму ўласнасцi i розную падначаленасць, развiваюцца яны даволi дынамiчна. Развiваюцца ў асноўным без дапамогi дзяржавы, за кошт уласных iнвестыцый у новае абсталяванне i тэхналогii. Прычым рост кошту прадукцыi для айчынных спажыўцоў не перавышае, як правiла, тэмпаў iнфляцыi (гэта важна падкрэслiць, бо часам высокi кошт будаўнiцтва iмкнуцца спiсаць на вытворцаў будматэрыялаў).

МЕСЦА, дзе зараз размешчана ААТ «Гомельбудматэрыялы», некалi было багата на добрыя глiны. З даўнiх часоў тут мяс-

цiлiся невялiкiя цагляныя заводзiкi. Пасля вайны гэтыя заводзiкi дапамаглi аднавiць разбураны Гомель. У 1949 годзе ўрадавай пастановай яны былi аб’яднаны пад дахам новаўтворанага камбiната будаўнiчых матэрыялаў.

Доўгi час праца на камбiнаце была непрыцягальнай. Вытворчасць была бруднай, маламеханiзаванай. Адчувальным быў недахоп рабочай сiлы. Для працы на прадпрыемстве прыцягвалiся ваеннаслужачыя i зняволеныя. Працавалi яны пад прымусам, малаэфектыўна, а часам i ўвогуле выводзiлi абсталяванне са строю. Пасля развалу Саюза квалiфiкаваныя кадры звольнiлiся. Нехта паехаў у Расiю, нехта перабiваўся часовымi заробкамi, прадпрыемства знаходзiлася на мяжы выжывання. У тых умовах нават пры вялiкiм жаданнi кiраўнiцтву прадпрыемства не ўдавалася стабiлiзаваць сiтуацыю. Адзiнае, што ўдалося, — гэта не дапусцiць раскраданне маёмасцi. Камбiнат пачаў ажываць разам з паляпшэннем агульнай эканамiчнай сiтуацыi ў краiне i сёння пра яго гавораць выключна як пра лiдара. Работнiкi калектыву бясспрэчную заслугу ў поспеху аддаюць дырэктару прадпрыемства Алегу Iванавiчу Сейбелю.

Алег Iванавiч з тых людзей, якiх прынята называць дзяржаўцамi, людзьмi, якiя iдуць да высокай мэты не дзеля ўласнага гонару цi карыслiвасцi, а дзеля таго, каб служыць калектыву, грамадству. У яго характары паслядоўнасць у прыняццi рашэнняў, цвёрдасць, смеласць. Прысутнiчае ў яго i высокi талент арганiзатара i кiраўнiка. Верагодна, на асабiстыя якасцi паўплывалi гады, праведзеныя ў запалярным Нарыльску, дзе пасля вайны ён нарадзiўся i правёў маленства.

Крэда дырэктара — парадак ва ўсiм. Знешне ён праяўляецца ў эстэтычна пафарбаваных фасадах заводскiх карпусоў, з густам выкананага азелянення тэрыторыi, чысцiнi ў цэхах (там не сустрэнеш нiводнага ржавага цi пакрытага слоем пылу трубаправода, неахайна выкананай цеплаiзаляцыi). Парадак i ў арганiзацыi працы, расстаноўцы кадраў — ва ўсiм, што ўплывае на вытворчы працэс i яго вынiкi. Людзi паважаюць дырэктара за тое, што прайшоў з iмi нялёгкi шлях выпрабаванняў (Алег Iванавiч на дырэктарскую пасаду быў абраны яшчэ ў 1988 годзе) i здолеў прывесцi iх да годнага жыцця.

Сёння на прадпрыемстве няма дэфiцыту кадраў, працаваць на ААТ «Гомельбудматэрыялы» стала прэстыжным, хоць асноўныя вытворчасцi захавалi ранейшую спецыялiзацыю. Тут вырабляюцца лiнолеум, блокi з ячэiстага бетону, сiлiкатная цэгла, а з мiнулага года — мiнералаватныя плiты. Гэты выраб засвоены па ўрадавай праграме iмпартазамяшчэння.

Вытворчасць мiнеральнай ваты даволi тонкi i складаны працэс. Для яго ажыццяўлення ў былым Савецкiм Саюзе абсталявання не iснавала. Таму праект засваення новага вырабу ў Гомелi ацэньваўся амаль у дваццаць мiльярдаў рублёў i прадугледжваў закуп замежнай лiнii. На практыцы, дзякуючы таму, што многiя будаўнiчыя i мантажныя работы прадпрыемства здолела выканаць самастойна, першапачатковая сума крэдыту паменшылася. Аднак агульны памер крэдыту Белпрамбудбанка ўсё роўна склаў даволi значную лiчбу ў семнаццаць з паловай мiльярда рублёў.

Квалiфiкацыя кадраў, iх нацэленасць на хутчэйшы пуск новага абсталявання далi свае вынiкi. Чэшская лiнiя запрацавала без асаблiвых збояў, што дазволiла адразу прыступiць да вырабу прадукцыi i пачаць пагашэнне крэдыту. Ужо больш за год прадпрыемства выплачвае працэнты банку (па 200 мiльёнаў рублёў штомесяц). З лiпеня гэтага года пачнецца вяртанне асноўнай часткi доўгу. Падлiчана, што калi выплачваць штомесяц па 530 мiльёнаў рублёў, разлiчыцца з банкам можна будзе да 2009 года. Пакуль графiк выплат не зрываўся.

Трэба адзначыць, што даволi просты, на першы погляд, выраб з’яўляецца вынiкам дастаткова складанай тэхналогii. Спачатку ў вагранцы з дапамогай коксу пры вельмi высокай тэмпературы плавiцца камень (базальт), даламiт i шлакi, якiя купляюцца за межамi Беларусi. Потым расплаў трапляе на шматвалковую цэнтрыфугу, якая дазваляе атрымлiваць з расплаву тонкiя (сотыя долi мiлiметра) валокны будучай «ваты». З гэтых валокнаў на тэхналагiчнай лiнii iдзе працэс паступовага стварэння канчатковага вырабу — плiты. Пры гэтым выкарыстоўваецца даволi небяспечнае рэчыва — фенол, але яно нейтралiзуецца i канчатковы выраб атрымлiваецца экалагiчна чыстым. Працэс максiмальна аўтаматызаваны, кантралюецца камп’ютарамi.

Незгараючая гомельская цеплаiзаляцыя з мiнеральнай ваты атрымала гандлёвую назву «Белцеп». У залежнасцi ад шчыльнасцi яна вырабляецца сямi вiдаў, кожны з якiх мае сваё мэтавае прызначэнне. Так, плiты шчыльнасцю 76—125 кг/м3 прызначаны для ненагружанай цеплавой iзаляцыi ў гарызантальных i вертыкальных будаўнiчых канструкцыях, у тым лiку i для абсталявання вентылюемых сiстэм уцяплення фасадаў будынкаў, у канструкцыях дахаў мансардавых паверхаў з абавязковым мацаваннем ветрааховы. Больш шчыльныя плiты прызначаны для нагружанай цеплавой iзаляцыi пры ўцяпленнi фасадаў будынкаў , пры будаваннi рулонных i масцiчных дахаў i г.д.

Алег Iванавiч лiчыць, што вытворчасць уцяпляльных матэрыялаў патрэбна як паветра. Амаль трэцяя частка ўсiх энерганосьбiтаў, якiя закупляюцца краiнай, iдзе на ацяпленне будынкаў. Гарадскiя забудовы мiнулых гадоў, пабудаваныя ў часы невычэрпных, танных энерганосьбiтаў, не адпавядаюць сучасным нормам энергазберажэння. За мяжой жа з трыццатых гадоў мiнулага стагоддзя пачалi ас-войваць тэхналогii цеплаiзаляцыi будынкаў.

Новы матэрыял прайшоў выпрабаваннi i адпавядае неабходным патрабаванням, ён канкурэнтаздольны па ўсiх параметрах, вырабляецца на атэставанай вытворчасцi. Здавалася б ля аддзела збыту павiнна стаяць чарга за iм. Аднак гэтага не назiраецца. Рызыкнуўшы, узяўшы крэдыт для вырашэння важнай дзяржаўнай задачы, прадпрыемства самастойна прабiвае навiнцы дарогу. На ўнутраным рынку па-ранейшаму шырока прымяняюцца замежныя цеплаiзаляцыйныя матэрыялы. Яны па-ранейшаму закладваюцца ў будаўнiчыя праекты. Так i не вядома, навошта было замяшчаць iмпарт, калi ён так настойлiва не хоча знiкаць з беларускага рынку. Цi не тут крыецца адна са складаючых высокага кошту будаўнiцтва? Цi не аплачваем мы са сваёй кiшэнi дывiдэнды замежных вытворцаў? I цi выкарыстаны магчымасцi ўсiх беларускiх прадпрыемстваў (у малых i вялiкiх гарадах) для поўнага замяшчэння iмпарту ў будаўнiчай галiне?

Вытворцы — рэалiсты i такiмi пытаннямi не задаюцца. Яны лiчаць, што ў краiне iснуюць рынкавыя адносiны i вырабленае трэба як мага хутчэй прадаць. На ААТ «Гомельбудматэрыялы» пачалi вывучаць магчымасцi экспарту мiнералаватных плiт. Канкурэнцыя на рынку жорсткая. Там прысутнiчаюць знакамiтыя заходнiя фiрмы PAROC, ROCKWOOL, расiйскiя, iншыя вытворцы. Многiя з iх займаюцца вытворчасцю мiнваты не адзiн год, маюць нiзкi сабекошт вырабаў, вопыт збыту, iмя. Без высокай якасцi вырабаў памiж iмi не працiснуцца. Аднак настойлiвасць гомельскiх вытворцаў i вялiкi камерцыйны вопыт далi свае вынiкi. Заключаны кантракт на пастаўку чвэрцi ўсяго аб’ёму вытворчасцi мiнеральнай ваты ў Расiю. Ёсць неблагiя перспектывы на будучыню. Зрэшты, блiзкасць расiйскай мяжы i вялiкая запатрабаванасць будматэрыялаў у суседняй краiне дазваляюць з аптымiзмам глядзець не толькi на вытворчасць мiнералаватных плiт, а i на традыцыйныя вырабы — блокi з ячэiстага бетону, сiлiкатную цэглу i лiнолеум. У мiнулым годзе агульная доля экспарту ў аб’ёме прадукцыi склала 46 працэнтаў. Як вядома, нядаўна расiйскiм кiраўнiком была абнародавана лiчба гадавога будаўнiцтва жылля ў 80 мiльёнаў квадратных метраў. Аднак пад яе выкананне пакуль не маецца дастатковых матэрыяльных рэсурсаў. Не хапае цэменту, буйныя домабудаўнiчыя камбiнаты ў большасцi загублены, не хапае нават будаўнiкоў. Перспектывы пастаўкi туды прадукцыi беларускiх прадпрыемстваў будматэрыялаў даволi прыцягальныя. Гомельскiя вытворцы гэта ўлiчваюць. Iх прадукцыя знайшла прапiску не толькi ў Санкт-Пецярбургу i Маскве. Ёю забяспечваюцца новабудоўлi Арла, Бранска, Лiпецка, суседняй Украiны i г.д. I гэта пры тым, што дзе-нiдзе i ў гэтых гарадах вядзецца вытворчасць аналагiчнага тавару. Скажам, у тым жа Бранску ёсць вытворчасць цэглы. Але гомельская нават з улiкам дастаўкi мае такую ж цану, як i бранская, а якасць — на два парадкi вышэйшую, звычайная беларуская цэгла ўжываецца там як аблiцовачная.

На прадпрыемстве навучылiся працаваць эканомна. За апошнiя пяць—сем гадоў энерга- i матэрыялаёмiстасць вырабаў знiжана тут амаль на трыццаць працэнтаў, што таксама дазваляе перамагаць канкурэнтаў.

— Вiдавочна, у заключэннi кантрактаў (як i ўвогуле росквiце прадпрыемства) вялiкая роля належыць дырэктару? — пытаюся я ў Алега Iванавiча. — Каманда спецыялiстаў iдзе пасля вас, па пракладзенаму вамi следзе?

— Я не дзялiў бы. Зразумела, запявалам павiнен быць дырэктар. Ён павiнен бачыць перспектыву i смела браць на сябе адказнасць. Але побач павiнны знаходзiцца надзейныя, высокаквалiфiкаваныя, актыўныя памочнiкi. Разам можна горы зрушыць. Калi ж дырэктар будзе сядзець у акопе i чакаць, пакуль пад кулi галовы будуць сунуць падначаленыя — нiчога не атрымаецца. Я заўсёды кажу начальнiкам цэхаў: «Калi вам не патрэбна, то нiхто перад вамi не кiнецца наперад, i стужку рваць не будзе. Толькi калi вы пакажаце асабiсты прыклад — за вамi пойдуць».

Адказнасць i спагнанне ў нас наладжаны. Адсюль i вынiкi. Мы маем прэмiю ўрада за якасць прадукцыi, у 2003 годзе наша цэгла сiлiкатная радавая была адзначана на конкурсе «Лепшыя тавары Беларусi», у 2004 годзе акцыянернае таварыства стала лаўрэатам прэмii за дасягненнi ў будаўнiчай галiне Рэспублiкi Беларусь, у тым жа годзе нашы блокi з ячэiстага бетону былi прызнаны лепшымi на конкурсе «Лепшыя тавары Беларусi на рынку Расii». Сiстэма кiравання якасцю працы на прадпрыемстве атэставана на адпаведнасць стандарту ISO 9001-2000. Гэта значыць, што на любым этапе вытворчасцi яна забяспечваецца не толькi тэхнiчнымi сродкамi, а i адносiнамi людзей да працы.

— Чалавечы фактар — гэта добра. Але, вiдаць, у спалучэннi з тэхнiчным прагрэсам. Будаўнiцтва iдзе хуткiмi тэмпамi. Старым будкамбiнатам цяжкавата спраўляцца з узрастаючым аб’ёмам заказаў.

— Як вядома, прэзiдэнтам краiны пастаўлена задача забяспечыць на працягу года жыллём сем’i, якiя маюць тры i больш дзяцей. Каб выканаць яе ў Гомелi, патрэбна, як мiнiмум, падвоiць жыллёвае будаўнiцтва, а то i патроiць, — кажа дырэктар. — У блiжэйшыя дзесяць—пятнаццаць гадоў уся наша прадукцыя будзе запатрабавана. Аднак мы не збiраемся спыняцца на дасягнутым. Будзем iмкнуцца i далей да замены абсталявання i засваення новых тэхналогiй (асаблiва, калi крэдыты патаннеюць i не будуць перавышаць васьмi працэнтаў гадавых).

Трэба абгрунтавана ствараць сумесныя прадпрыемствы з развiтымi краiнамi. Асаблiва на тых накiрунках, дзе адчувальна вялiкае адставанне, развiваць сваю навуку, якая працавала б на вытворчасць. А для гэтага i машынабудаванне трэба развiваць, каб вырабляць сучасныя тэхналагiчныя лiнii.

— Машынабудаванне для будаўнiчай галiны?

— А чаму б i не. Вазьмiце той жа ячэiсты бетон.У нас працуюць дзве айчынныя тэхналагiчныя лiнii па ячэiстаму бетону. Настаў час рэканструкцыi вытворчасцi. Аднак айчыннага абсталявання для вырабу гэтага будаўнiчага матэрыялу няма, у Расii, ва Украiне — таксама. Зноў жа трэба ехаць у Германiю, Бельгiю цi тую ж Iталiю. Браць сур’ёзныя крэдыты i працаваць «на дзядзьку». Гэты замежны дзядзька дасць нам лiнii, скажам, чацвёртага пакалення, а за нашы грошы засвоiць выраб абсталявання пятага пакалення. I будзе iсцi па развiццю тэхналогii пастаянна на дзесяць—пятнаццаць гадоў наперадзе. За кошт нас жа. Вось чаму я стаю за развiццё прыкладной навукi i яе цесную сувязь з машынабудаваннем.

— Верагодна, гэта будзе справядлiвым не толькi ў адносiнах да вытворчасцi будматэрыялаў?

— Абсалютна правiльна.

— А чаму так ставiць пытанне было нельга раней?

— Пытанне не новае. Але для яго вырашэння былi патрэбны грошы. Зараз краiна набыла эканамiчную магутнасць, i такое пытанне павiнна ставiцца i вырашацца. Тым больш што патэнцыял машынабудавання краiна не растрацiла.

Я кажу гэта не дзеля трапнага слоўца. На парадку дня прадпрыемства стаiць павелiчэнне вытворчасцi сiлiкатнай цэглы. Для гэтага неабходна набыць яшчэ адзiн прэс цiскам у чатыры сотнi тон. Ён нам дасць дадаткова павелiчэнне вырабу цэглы на 10 мiльёнаў штук у год. Зноў жа трэба будзе плацiць замежнаму вытворцу. Вось i адкажыце: можа краiна, якае будуе касмiчны спадарожнiк, спраектаваць звычайны прэс i вырабiць яго на iснуючым заводзе кавальска-прэсавага абсталявання? Мяркую, што можа. А зэканомленая валюта засталася б у краiне i пайшла б на набыццё лекаў цi iншыя мэты.

— Шырокi погляд на рэчы.

— Звычайны. Так нас выхоўвалi.

— У тым выхаваннi быў недахоп: нас прывучалi к гучным здзяйсненням, лiчбам у той час, як не хапала неабходнага... Вы можаце пахвалiцца, што людзi на прадпрыемстве зарабляюць добра, што iм тут утульна працаваць?

— Няма таго, што раньш было. Няма ўжо такога выбару месца працы, як некалi. Няма i «летуноў», якiя, бывала, мянялi iх па дзесятку за год. Цана рабочага месца значна ўзрасла. Узраслi i патрабаваннi да яго. Месца працы разглядаецца не толькi як тэрыторыя ажыццяўлення нейкай часцiнкi тэхналагiчнага працэсу, а як асяродак, у якiм праходзiць трэцяя частка жыцця чалавека. Такому падыходу садзейнiчае ўкараненне мiжнародных стандартаў. Наша прадпрыемства адно з трох у Мiнiстэрстве архiтэктуры i будаўнiцтва, якiя атэставаны мiжнароднай камiсiяй на экалагiчны стандарт ISO 14000. Патрабаваннi яго даволi жорсткiя: ад складзiравання смецця, люмiнiсцэнтных лямпаў да арганiзацыi утылiзацыi прамысловых адходаў. Праца над укараненнем стандарту iшла два гады. Яна дазволiла не толькi палепшыць экалагiчны стан вытворчасцi, а i падняць яе культуру. Мiж тым культура вытворчасцi не самамэта, яна розум у парадак прыводзiць. На культурнай, чыстай вытворчасцi людзi iнакш глядзяць на рэчы, пачынаюць працаваць больш прафесiйна, iдзе большая самааддача.

— Добра размаўляць пра культуру вытворчасцi на перадавым прадпрыемстве. А што рабiць на старых вытворчасцях, дзе галоўнае — выхад з прарыву, жаданне хоць неяк утрымацца на паверхнi?

— Усё павiнна iсцi паралельна — i вытворчасць, i культура, адно другое цягне. Калi ўсё рабiць своечасова, на культуру вытворчасцi значных сродкаў не спатрэбiцца, калi ж на пару гадоў спынiцца, спатрэбяцца значныя сродкi. Мы атэставалi прадпрыемства, на якiм будынкам каля шасцi дзесяткаў гадоў, а яны патрабуюць пастаяннага догляду. I надалей плануем укладваць сродкi ў культуру вытворчасцi.

На прадпрыемстве працуюць каля тысячы чалавек. Iх умовы працы i заробак (за мiнулы год сярэднi склаў больш за пяцьсот тысяч рублёў) добра вядомы ў горадзе. Таму працаваць на вытворчасць iдуць з ахвотай. Акрамя асноўнай вытворчасцi ёсць шэраг дапаможных службаў: энергацэх, майстэрнi, кар’ер для намыву пяску (ля вёскi Асаўцы), чыгуначны i аўтатранспартны цэхi. На ўсiх участках лад i справа.

Не забытыя патрэбы людзей i пасля працы. Сталовая прадпрыемства стала пераможцам рэспублiканскага конкурсу сярод заводскiх прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Маецца свой участак па сацыяльнай, бытавой рабоце i добраўпарадкаванню.

Намеснiк генеральнага дырэктара па кадрах i iнфармацыйнай рабоце Вiктар Уладзiмiравiч Лагун з задавальненнем паказвае выдатны трэнажорны пакой, басейн, сауну, куды пасля працы могуць завiтаць рабочыя.

Здаровы лад жыцця на прадпрыемстве ў пашане. Калектыў заводскiх спартсменаў па ўсiх вiдах спаборнiцтваў удзельнiчае ў раённых спартакiядах, без яго не адбываюцца гарадскiя спаборнiцтвы. Ёсць дасягненнi ў спорце i ў самога дырэктара. Ён выйшаў пераможцам спаборнiцтваў сярод кiраўнiкоў раёна па стральбе i бiльярду. Алег Iванавiч не смалiць, любiць халодныя водныя працэдуры.

Калектывы мастацкай самадзейнасцi (а гэта народны вакальны ансамбль «Вечарына», харавы калектыў i эстрадны ансамбль) з’яўляюцца пастаяннымi ўдзельнiкамi раённых i гарадскiх святаў, выязджаюць з канцэртамi ў падшэфны саўгас-камбiнат «Усход».

Многiя сацыяльныя даброты, кампенсацыi i даплаты замацаваны ў калектыўным дагаворы прадпрыемства. Так, за прысваенне звання «Ветэран працы» работнiку выплачваецца дваццаць базавых велiчынь, пры занясеннi на Дошку гонару — 10 базавых велiчынь, усе жанчыны да свята 8 Сакавiка атрымлiваюць па тры базавыя велiчынi. У калектыўным дагаворы не забыты ветэраны вайны, воiны-iнтэрнацыяналiсты i iншыя катэгорыi работнiкаў.

Узаемапавага кiраўнiцтва i простых работнiкаў служыць далейшаму росквiту прадпрыемства. ААТ «Гомельбудматэрыялы» ўпэўнена глядзiць у будучыню.

Падрыхтаваў Вiктар ХУРСIК.



 
Теги: Курсы валют, Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ААТ «Гомельбудматэрыялы» працягвае экспансiю на замежныя рынкi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика