Плюсы i мiнусы энергii грошай
Як не трапiць у фiнансавую пастку? На гэтае i iншыя пытаннi адказвае вядомы беларускi эканамiст, кiраўнiк аналiтычнага цэнтра «Стратэгiя» Л. Заiка.
— Леанiд Фёдаравiч, пытанне з разраду вечных: як не толькi не страцiць наяўныя грошы, засцерагчы iх ад непрадбачаных непрыемнасцяў, напрыклад, iнфляцыi, а i прымножыць свае зберажэннi? — Адказ на яго, калi казаць у рэчышчы вечнасцi, шукаюць з пачатку ўзнiкнення грошай. Пытанне было актуальным i ў старажытных Егiпце, i ў Рыме, i ў Грэцыi, не страцiла яно значэння i ў нашы днi. Прычым як для канкрэтных людзей, так i для кожнай дзяржавы незалежна ад маштабаў яе эканомiкi i палiтычнага ўплыву ў свеце. Як i многiя грамадзяне, дзяржава трымае зберажэннi ў золата-валютных запасах. Дарэчы, нядаўна беларускiя тэлеканалы прадэманстравалi зберажэннi нашай дзяржавы ў сховiшчах Нацыянальнага банка: залатыя i сярэбраныя злiткi, алмазы, валюта. У асноўным гэта долары ЗША, еўра, расiйскiя рублi. Золата-валютныя запасы — гэта, iнакш кажучы, страхавы фонд дзяржавы i адначасова важны паказчык, якi сведчыць аб устойлiвасцi нацыянальнай эканомiкi. — Якiя яго аптымальныя памеры? Чым больш, тым лепш? — Як правiла, золата-валютны запас дзяржавы павiнен быць роўны велiчынi трохмесячнага iмпарту. У прымяненнi гэтага правiла да канкрэтнага чалавека кожнаму жыхару нашай краiны з улiкам цяперашняй сярэднямесячнай зарплаты, эквiвалентнай 260 доларам ЗША, пажадана мець на банкаўскiм рахунку цi ў панчосе прыкладна 780 долараў — свой страхавы фонд на ўсякi выпадак. Цi як у народзе гавораць, на «чорны» дзень. Так i дзяржаве варта мець пэўныя фiнансавыя рэсурсы на непрадбачаныя абставiны. Бо мала што можа адбыцца: спякотная знiшчальная засуха, разбуральныя паводкi, тэхнагенная катастрофа, палiўна-энергетычны крызiс у свеце i г.д. — Стыхiя ёсць стыхiя, як ад яе застрахавацца... Але ў нас добра памятаюць сумнавядомы востры фiнансавы крызiс у Расii, якi ўвайшоў у гiсторыю пад назвай «дэфолт 1998 года». Тады зарплата ў Беларусi ўпала да 20 долараў у месяц, курс беларускага рубля яшчэ нiколi не быў такiм нiзкiм, а сама наша валюта такой бездапаможнай. Нешта падобнае можа паўтарыцца? — Не думаю. Сёння Расiя мае велiзарны золата-валютны запас — больш за 100 млрд долараў ЗША. Такога Расiя нiколi яшчэ не мела за ўсю сваю гiсторыю. Што датычыцца таго дэфолту, то мы, упэўнены, яшчэ не хутка даведаемся пра яго сапраўдныя прычыны i матывы. Бо дэфолт, як гэта нi дзiўна гучыць, аказаўся на справе выдатным сродкам для рэзкiх перамен у расiйскай эканомiцы на карысць павышэння канкурэнтаздольнасцi нацыянальных вытворцаў. У многiм дзякуючы наступствам дэфолту, як гэта не можа здацца парадаксальным, Расiя пачала ўздымацца. Бо яе нацыянальная валюта iстотна патаннела i экспарт стаў больш выгадным, а iмпарт, наадварот, дарагiм. У вынiку замежныя тавары з-за натуральнага павышэння цэн страцiлi былую прывабнасць для расiйскiх спажыўцоў. Такiм чынам, дэфолт даў iмпульс для развiцця айчыннай прамысловасцi i ў рэшце рэшт адыграў станоўчую ролю ў эканомiцы краiны. Калi б не было дэфолту, то там усё магло б быць значна горш. — Дзякуй, што супакоiлi наконт адсутнасцi прычын для новага расiйскага дэфолту. Але сёння ўсё больш размоў пра верагодны амерыканскi дэфолт. Ён рэальны? — Так. Але не думаю, што амерыканцы ў блiжэйшай перспектыве пойдуць на выкарыстанне гэтага радыкальнага iнструмента. Iм гэта пакуль не патрэбна. У ЗША вельмi збалансаваны эканамiчныя i палiтычныя элiты, што само па сабе стрымлiвае краiну ад рэзкiх i хваравiтых для эканомiкi ўсёй планеты рухаў з далёка iдучымi негатыўнымi наступствамi. Хутчэй амерыканцы будуць павольна дэвальвiраваць долар i тым самым узмацняць свае экспартныя магчымасцi шляхам рэгулявання яго курса да еўра. Як вынiк амерыканскiя тавары таннеюць i становяцца больш дасягальнымi на сусветным рынку, у прыватнасцi, заходнееўрапейскiм. ЗША гэта выгадна. Iншая справа, што iх долар стаў ужо вельмi ўсеабдымнай сусветнай валютай. Яе хочуць трохi зварухнуць убок. У тым лiку i Расiя. Сёння многiя расiйскiя фiнансавыя аналiтыкi, гаворачы нелiтаратурнай мовай, наўмысна «мочаць» долар ЗША. У знiжэннi яго курса зацiкаўлены некаторыя транснацыянальныя фiнансава-карпаратыўныя групы. Iх спекулятыўны бiзнэс на ваганнях курсаў вядучых валют часам прыносiць велiзарныя прыбыткi, якiя атрымлiваюць мiжнародныя алiгархi цi фiнансавыя акулы, як яшчэ называюць гэтых дзялкоў. — На сусветнай арэне ўжо не першы год назiраецца даволi моцная канкурэнцыя долара i еўра. Гэта станоўчая з’ява цi лепш для тых, хто трымае грошы ў адной з дзвюх асноўных валют, каб яе ўвогуле не было? — Безумоўна, станоўчая. Калi ёсць канкурэнцыя, тады i сусветная эканомiка лепш развiваецца. Сапернiцтва долара i еўра прымушае экспарцёраў i iмпарцёраў эфектыўней працаваць, знiжаць цэны на прадукцыю i г.д. Горш, калi б гэтага не было. Наконт змен курсаў. Калi ў вас менш за 100 тысяч еўра цi долараў, то ваганне iх курса вам не пагражае адчувальнымi стратамi. Спроба ж перавесцi гэту суму ў iншую валюту прынясе iх. — А цi верагодны ўвогуле крах долара? — Тэарэтычна ўсё магчыма. Але, на мой погляд, у блiжэйшай i сярэднетэрмiновай перспектыве долар не «абвалiцца». Яго крах аўтаматычна пацягне за сабой развал сусветнай грашовай сiстэмы. Гэта добра разумеюць усе, хто больш-менш звязаны з фiнансамi. Таму нiкому такi ход падзей, можа акрамя У. бен Ладэна, не выгадны. У свеце ў якасцi мiжнародных грашовых адзiнак функцыянуюць не толькi долар ЗША, але i еўра, швейцарскi франк, японская iена, расiйскi рубель, кiтайскi юань. I калi гiпатэтычна ўявiць неабходнасць знiшчэння сусветнай грашовай сiстэмы, то дастаткова абрушыць адну з вышэйпералiчаных нацыянальных валют. Але зноў жа паўтаруся, гэта нiкому не выгадна, нават Сорасу, якi ў свой час няблага зарабiў на спекуляцыях асобнымi валютамi. Сёння сусветная фiнансавая супольнасць уважлiва адсочвае такiх iгракоў на валютнай бiржы i прымае адэкватныя меры. Бо ўсе зацiкаўлены ў захаваннi iснуючага балансу, дзеючых правiлаў гульнi на фiнансавых рынках. — Ведаеце, нашы людзi, у якiх назапашаны пэўныя сумы ў замежнай валюце, уважлiва сочаць за падзеямi ў свеце i з трывогай думаюць аб верагоднай ваеннай акцыi супраць Iрана, аднаго з галоўных пастаўшчыкоў нафты. Асобныя СМI з гэтай нагоды прадказваюць сусветны крызiс эканомiкi, у вынiку якога долар, еўра, iншыя валюты моцна абясцэняцца. Такое магчыма? — Зразумела, лепш, каб пакуль «халодны» канфлiкт ЗША, краiн Еўрасаюза i Iрана вакол яго атамнай праграмы вырашыўся дыпламатычным шляхам. Але нават пры разгортваннi падзей па горшаму сцэнарыю, думаю, гэта не выклiча вострага фiнансавага збою. Еўра i долар устаяць, хоць, магчыма, апошнi трохi патаннее, але не да крытычнай адзнакi. Тым больш, калi акцыя супраць Iрана будзе развiвацца ў рамках мандата ААН. Аднак усе краiны, у тым лiку i Iран, зацiкаўлены ў мiрным вырашэннi праблемы. Так яно, вiдаць, i будзе. — Чаму тады перыядычна ўзнiкаюць чуткi аб маючым адбыцца краху долара, якiя з разумным выглядам мусiруюць на тэлеэкранах эканамiсты, палiтолагi, фiнансавыя эксперты-самавучкi? Гэта камусьцi выгадна? — Тут няма нiчога дзiўнага. Адно слова — грошы. Яны, асаблiва вялiкiя грошы, заўсёды выклiкалi ажыятажную цiкаўнасць у людзей. Адсюль i чуткi, плёткi, неверагодныя прагнозы i мудрагелiстыя высновы, без дастатковых на тое фактаў. Пачатак гэтаму быў пакладзены тады, калi свет адмовiўся ад залатых грошай i пераключыўся на iх папяровы эквiвалент. Iнакш кажучы, золата як увасабленне рэальнага багацця замянiлi грашовымi знакамi нацыянальных эмiсiйных цэнтраў у выглядзе папяровых купюр рознага кшталту. I сапраўды, калi ўзяць, скажам, вагон папяровых долараў, на якiя можна набыць сотнi вагонаў з адзеннем i абуткам, то ў звычайнага чалавека нярэдка ўзнiкае сумненне калi не ў справядлiвасцi такога абмену, то, ва ўсякiм разе, у мэтазгоднасцi захавання сваiх зберажэнняў у доларах. Папяровыя грошы ў адрозненне ад высакародных металаў, на жаль, маюць уласцiвасць абясцэньвання ўшчэнт, да кошту самой паперы, на якой яны надрукаваны. — I што робяць разумныя людзi, каб не трапiць у такую непрыемную сiтуацыю? — Абачлiва ставяцца да лёсу сваiх грошай. Ну, скажам, такi факт наўздагон нядаўняй выбарнай кампанii. Усе сем’i кандыдатаў у прэзiдэнты, як сведчаць афiцыйныя даныя, маюць акцыi, якiя асобным з iх прыносяць адчувальны, па нашых мерках, даход. Так, Сяргей Васiльевiч Гайдукевiч летась зарабiў 152 мiльёны рублёў цi па 6—7 тысяч долараў у эквiваленце штомесяц. У асноўным з акцый. На мой погляд, гэта сучасны падыход укладваць наяўныя грошы ў каштоўныя паперы, варты пераймання. А ўвогуле разумныя людзi не складваюць усе яйкi ў адзiн кошык. Яны размяркоўваюць грошы па розных кiшэнях: на банкаўскiх тэрмiновых дэпазiтах, у нерухомасцi, зямельных участках, карцiнах майстроў Адраджэння, у прадметах мастацтва i антыкварыяту. Апошнiм часам каласальна i хутка расце ў цане старажытная зброя. Японцы лiчаць самым выгадным укладаннем грошай у адукацыю сваiх дзяцей. Я думаю, што японцы гэта зразумелi раней за iншых, бо сапраўды, якасная адукацыя — гэта ключ да поспеху маладога чалавека ў розных сферах. А вось захоўваць грошы ў панчосе — вельмi неразумна, неашчадна i несучасна, калi хочаце. — Творы Рэмбранта цi Пiкасо, гэта, ведаеце, пакуль не для нас. А вось тыя, хто ўклаў грошы тры гады таму ў кватэру, моцна выйгралi. Што скажыце? — Ну я б не раiў усiм, у каго ёсць салiдныя сумы свабодных грошай, укладваць iх выключна ў набыццё жылля. Сёння ў свеце назiраецца рэзкi рост цэн на нерухомасць. Такiм чынам, на вачах вырас чарговы мыльны пухiр, якi абавязкова лопне. Аўтарытэтныя ў гэтай сферы мiжнародныя эксперты прыйшлi да высновы, што штучна ствараецца попыт на нерухомасць. Як, напрыклад, нядаўнi ажыятаж вакол солi ў Расii. У адзiн момант такi пухiр лопне i тыя, хто ўклаў шмат грошай у нерухомасць, моцна пацерпяць. — А якая прымальная цана на квадратны метр жылля? — Беларускi ўрад улiчыў рэкамендацыi айчынных эканамiстаў, у тым лiку i вашага субяседнiка, аб тым, што кошт квадратнага метра жылля ў нашай краiне павiнен быць роўны адной сярэднямесячнай зарплаце. I калi нiчога не здарыцца, то да 2010 года сярэдняя цана аднаго квадратнага метра будзе складаць 400—450 долараў ЗША цi адпавядаць плануемай сярэднямесячнай зарплаце на той час. Рост цэн на жыллё можа i павiнен быць спынены, бо сённяшнi кошт на кватэры моцна завышаны. — Такое ўражанне, што з ростам зарплаты, у цэлым дабрабыту насельнiцтва ў пэўнай яго часткi з’явiлася спакуса зарабiць неблагую капейку на паслугах некаторых расiйскiх фiнансавых кампанiй. Ужо ходзяць чуткi, што асобныя з iх даюць 35—40 працэнтаў гадавых. Маўляў, кампанii малыя ўклады (мiнiмум адна тысяча долараў ЗША) аб’ядноўваюць у вялiкiя пулы, якiя потым iнвестуюцца ў высокадаходныя праекты. Адсюль i высокi гадавы працэнт. Вы верыце ў гэта? — Прызнаюся, з вялiкай цяжкасцю. Так, у грошах схавана магутная энергiя, умелае выкарыстанне якой iдзе толькi на карысць чалавеку, грамадству, краiне. Але гэта энергiя, як i электрычная, можа балюча ўдарыць, а то i знiшчыць. Сапраўды, у свеце ёсць кампанii, якiя ўмеюць зарабляць вялiкiя грошы на фiнансавых аперацыях. Аднак такi вельмi рызыкоўны бiзнэс падуладны толькi вопытнейшым прафесiяналам. Сумняваюся, што такiя працуюць у расiйскiх фiнансавых кампанiях. На падрыхтоўку спецыялiстаў такога класа патрэбны многiя гады, адпаведная школа, трэнiнг i г.д. У iдэале як павiнна быць? Вы хочаце выгадна ўкласцi значную суму грошай, якая ўтварылася, напрыклад, пасля продажу бабулiнай хаты ў маляўнiчай мясцовасцi цi сур’ёзнага выйгрышу ў лато. З гэтай мэтай звяртаецеся да фiнансавага кансультанта траставай кампанii, якi за пэўныя камiсiйныя бярэцца належным чынам уладкаваць вашу наяўнасць. I за мяжой шмат людзей давяраюць свае грошы правераным кампанiям. На постсавецкай прасторы я не чуў пра такiя. Таму, калi вам нехта абяцае больш як 15 працэнтаў гадавых, то гэта хутчэй за ўсё падман. Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як не трапiць у фiнансавую пастку? На гэтае i iншыя пытаннi адказвае вядомы беларускi эканамiст, кiраўнiк аналiтычнага цэнтра «Стратэгiя» Л. Заiка
|
|