Сельскi доктар — гэта лад жыцця
Iлона IВАНОВА
Аўтарытэты Дваццаць гадоў таму Святлана Пятроўна i Мiкалай Францавiч ГРЫБКО, выпускнiкi медыцынскага iнстытута, прыехалi па размеркаванню ў вёску Аўсянка Горацкага раёна i сталi працаваць у мясцовай амбулаторыi. Насуперак песiмiстычным прагнозам, муж i жонка не з’ехалi з вёскi i з цягам часу пераўтварылi сельскую амбулаторыю ў паказальную медыцынскую ўстанову.Cёння Мiкалай Грыбко — галоўны ўрач Любiжскай участковай сельскай бальнiцы, якая абслугоўвае жыхароў 27 весак двух сельскiх саветаў — Аўсянкаўскага i Добраўскага. Яго жонка Святлана Пятроўна — урач агульнай практыкi ў амбулаторыi. Яны вядуць прыём пацыентаў, даглядаюць стацыянар, а таксама выязджаюць да хворых на дом — для гэтага ўстанова мае два аўтамабiлi, веласiпед i каня. Святлана Пятроўна ўзгадвае, што не вельмi спужалася размеркавання ў вёску, бо i яна, i муж — з вяскоўцаў. Радавала, што iм адразу далi кватэру ў калгасным доме, i яны добра ўладкавалiся разам з дачкой, якой тады не было i года. Святлане Пятроўне не давялося пабыць у сапраўдным дэкрэтным водпуску — яна пайшла працаваць, а дзiця вазiлi на саначках да сталай жанчыны, якая пагадзiлася даглядаць малую. — Нас паклiкала радзiма, — усмiхаецца Мiкалай Францавiч, калi ўзгадвае размеркаванне ў вёску. — Я быў старастам студэнцкай групы, заўсёды займаў актыўную пазiцыю. Але калi аб’явiлi пра вёску, спачатку быў шок, бо мы ж усе ў маладосцi марылi пра нешта вялiкае. А цяпер я лiчу, што лепей быць першым у вёсцы, чым другiм у горадзе. Мы тут таксама нечага дасягнулi. Любiжская амбулаторыя стала ўзорнай. Яна сапраўды ўражвае: у невялiкiм аднапавярховым будынку зроблены не проста стандартны еўрарамонт, тут сапраўды прыгожа. У амбулаторыi шмат раслiн, на сценах — карцiны. Парадак наведзены з густам i любоўю. — Нам хацелася зрабiць з гэтага «храм медыцыны», калi можна так сказаць, — гаворыць Мiкалай Францавiч. — Каб абстаноўка расслабляла i супакойвала пацыента, адцягвала ўвагу ад паўсядзённых праблем, ад хвароб. У амбулаторыi ёсць працэдурны кабiнет i дзённы стацыянар. Цяпер за кропельнiцамi не трэба ехаць у раённы шпiталь. Працуе стаматолаг, ёсць патранажная сястра. Лабараторыя робiць практычна ўсе вiды аналiзаў. Акушэрка штогод планава аглядае жанчын. У амбулаторыi можна зрабiць кардыяграму i атрымаць фiзiялячэнне. У будынку працуе аптэка, дзе ёсць лекi, як гавораць, на любы кашалёк. Узровень захворваемасцi вяскоўцаў, гавораць Грыбко, сёння дастаткова высокi. Урачы тлумачаць гэта вялiкай доляй насельнiцтва сталага ўзросту. Каля 600 пенсiянераў у Любiжскай бальнiцы штогод падлечваюць капiтальна. У вёсках праводзяць падворныя абходы. У прыватнасцi, вымяраюць у людзей цiск, ставяць на ўлiк гiпертонiкаў, даюць лекi... Разам з тым, у час гэтых абходаў у поле зроку абавязкова трапляюць праблемныя сем’i — урачы глядзяць, цi не брудна ў хатах, у якiм стане дзецi, i паводле iх вывадаў даводзiцца часта звяртацца да органаў улады. — Да негатыўных момантаў працы сельскага доктара, — гаворыць Святлана Пятроўна, — я якраз адношу тое, што не заўсёды мы можам паўплываць на людзей, пераканаць iх прытрымлiвацца здаровага ладу жыцця. I выхаваўчыя гутаркi з бацькамi, якiя п’юць, не заўважаюць сваiх дзяцей, даюць мала плёну. Увогуле Мiкалай Францавiч вучыўся на тэрапеўта, а Святлана Пятроўна — на гiнеколага, аднак пра спецыялiзацыю ў сельскай бальнiцы «забылiся». Простаму вяскоўцу няма часу разбiрацца ў тонкасцях аказання медыцынскай дапамогi, ён прыйшоў да доктара са сваёй праблемай i спадзяецца, што той яго зразумее. — Я памятаю, як аднаму маладому чалавеку давялося прышываць вуха, — узгадвае доктар Грыбко. — Справа была ў тым, што ў наш калгас не бралi маладых, якiя мелi праблемы з законам. А гэты хлопец звольнiўся з армii, пайшоў на танцы i ў бойцы яму адарвалi вуха — яно «вiсела» на мочцы... Ну i прышыў я яму вуха. Прыжылося яно, дарэчы, добра, а хлопец без праблем уладкаваўся на працу. Вяскоўцы ставяцца да сваiх дактароў з вялiкай павагай. Гавораць, што муж i жонка маюць розныя характары: Святлана Пятроўна — жанчына спрытная, усё робiць хутка, а Мiкалай Францавiч любiць пасядзець i паразважаць з пацыентам селянiнам пра жыццё-быццё. Спрэчная справа, прэстыжна або не працаваць сёння доктарам на вёсцы, але праўда, што грошы за гэта плацяць нядрэнныя. Хоць былi i такiя часы, узгадваюць Грыбко, калi яны атрымлiвалi менш за механiзатара i, у адрозненне ад калгаснiкаў, плацiлi грошы за дзiцячы садок. Аднак пакрыўдзiцца i бразнуць дзвярыма ў галаву не прыйшло. — Сельскi доктар — гэта лад жыцця, — сцвярджае Мiкалай Грыбко. — Таму што ў паўсядзённым жыццi ты нiколi не можаш адарвацца ад сваёй працы. У горадзе восем гадзiн адпрацаваў — спакойна пайшоў дадому. А тут будзеш у градах корпацца, а цябе неўзабаве паклiчуць на дапамогу. На пытанне «чаго не хапае для медыцынскага абслугоўвання вяскоўцаў?» галоўны ўрач цвёрда адказвае: «Не хапае культуры самому вяскоўцу». — Чалавек часта проста не клапоцiцца пра сваё здароўе, — тлумачыць Мiкалай Францавiч. — Я ўсе свае тры тысячы насельнiцтва ведаю так, што па настрою, погляду, голасу магу вызначыць, што здарылася, з якой праблемай да мяне прыйшлi. Але калi загадаеш пацыенту прымаць сiстэмна лекi, то ён звычайна гэтага не робiць. Пайшоў дадому i забыўся! — У нас ёсць некалькi чалавек, якiх мы не можам угаварыць прыйсцi да нас i лячыць сваю хваробу, — скардзiцца Святлана Пятроўна. — Таму i з’яўляюцца думкi пра тое, што чалавек павiнен сам несцi адказнасць за сваё здароўе. Урачы лiчаць, што ў грамадстве яшчэ не склаўся культ здароўя. Людзi пакуль канчаткова не ўсвядомiлi, што ад медыцыны залежыць мала, а найбольш на здароўi адбiваюцца iншыя фактары — як жыве чалавек i чым харчуецца, якую ваду п’е, якiя мае ўмовы працы, цi ўжывае алкаголь, цi курыць, цi мае, урэшце, лiшнюю вагу. Дарэчы, «ноў-хаў» Любiжскай амбулаторыi — гэта вымярэннi не толькi вагi i росту пацыента, але i iндэкса вагi цела, якi ўносiцца ў медыцынскую картку. Чалавек, якi мае лiшнюю вагу, папярэджваецца аб небяспецы i атрымлiвае рэкамендацыi па яе знiжэнню. Самi ж Грыбко — прыклад для ўсiх. У iх няма нiякай лiшняй вагi, яны падцягнутыя, займаюцца спортам, ходзяць у пешыя паходы па Карэлii. Калiсьцi на падворных абходах Мiкалаю Францавiчу прапаноўвалi чарку, шкварку i гурок. Але пасля некалькiх катэгарычных адмоў зразумелi, што доктар сам не п’е i iншым не раiць. «Тут важны асабiсты прыклад: калi яго няма, то людзi табе не павераць», — упэўнены Мiкалай Францавiч. У Грыбко выраслi дзве дачкi. Адна вучыцца ў Лiнгвiстычным унiверсiтэце, другая — школьнiца, якая цяпер вырашае, кiм быць. Мiкалай Францавiч вельмi спадзяецца на захаванне дынастыi, але «цiснуць» на дачку не хоча. Бацькi мяркуюць, што доктар, асаблiва вясковы, — гэта сапраўды прызванне. Горацкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дваццаць гадоў таму Святлана Пятроўна i Мiкалай Францавiч ГРЫБКО, выпускнiкi медыцынскага iнстытута, прыехалi па размеркаванню ў вёску Аўсянка Горац
|
|