21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вербнiца

25.08.2009 21:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аксана Катовiч, Янка Крук

Тыя, што нас берагуць

У гэтым годзе беларусы-католiкi адзначаюць Вербнiцу 9 красавiка, а праваслаўныя — 16 красавiка. Чаму свята атрымала сваю назву ад такога незвычайнага дрэва i чаму здарылася так, што асвячоныя галiнкi сталi не толькi сiмвалам аднаго з найвялiкшых святаў, але яшчэ i сакральным атрыбутам, якi выкарыстоўваўся ў цэлым шэрагу сакральна-магiчных дзеянняў? Якая тайна прыроды i схавана за наступнымi радкамi валачобнай песнi:

Не я б’ю, вярба б’е,

За тыдзень — Вялiкдзень.

Хвора ў лес на верас,

А здароўе ў косцi!

Вярба ў святле дзвюх культурных традыцый

Свята хрысцiянскага календара — Уваход Iсуса Хрыста ў Iерусалiм, якое ў народзе назвалi Вербная нядзеля або Вербнiца, мае ўласна хрысцiянскiя вытокi i звязана з евангельскiмi падзеямi. У Евангеллi ад Мацвея, дзе апiсваецца жыццёвы шлях Сына Божага Iсуса Хрыста, паведамляецца пра найвялiкшае з Яго цудаў — уваскрэшанне памёршага чатыры днi таму Лазара. Назаўтра Iсус прыйшоў у Iерусалiм, жыхары якога сустракалi яго як самага дарагога госця, усцiлаючы дарогу пальмавымi галiнкамi.

Хрысцiянская царква надзялiла гэту падзею статусам найвялiкшага свята, якое адзначаецца ў апошнюю перадвелiкодную нядзелю, напярэдаднi страснога тыдня. Толькi замест пальмавых галiнак славяне, у тым лiку i беларусы, выкарыстоўваюць у сваiх абрадах вярбу.

Аднак у народным асяроддзi гэта свята ўспрымаецца больш шырока, а яго гiстарычныя вытокi сягаюць у далёкiя дахрысцiянскiя часы. У традыцыйнай культуры яшчэ праславянскiх народаў у гэты час адзначалi не менш значнае свята, непасрэдна звязанае з чарговым перанараджэннем прыроды пасля зiмовага спачыну, i далёка не выпадковым з’яўляецца той факт, што галоўным атрыбутам гэтага свята стала вярба. Славяне ў дадзеным выпадку выбралi для асаблiвага ганаравання тое дрэва, якое раней за астатнiя адгукваецца на веснавое цяпло, мiлуючы вока чалавека залацiстым першацветам — прыгожымi «пупышкамi-кветачкамi». Можна з вялiкай доляй упэўненасцi сказаць, што за тысячагадовае iснаванне хрысцiянства адбылося пэўнае ўзаемазблiжэнне i ўзаемадапаўненне дзвюх вялiкiх традыцый. Тое дрэва, якое першым рэагавала на цёплыя промнi бога Ярылы-Сонца, стала ў славян сiмвалам-прадвесцем уваскрэшання Iсуса Хрыста.

Сiмволiка вярбы ў традыцыйнай культуры славян

Вярба — кустарнiк або дрэва, якое часцей за ўсё расце паблiзу вады, у лагчынах, там, дзе багата вiльгацi. Цвiсцi яна пачынае вельмi рана, але гэтыя кветкi незвычайныя. Невялiчкiя шэрыя пупышкi на галiнках нагадваюць поўсць ката цi маладой авечкi, таму ў народзе вярбу, якая цвiце, яшчэ называюць «коцiкамi», «авечкамi» цi «барашкамi».

У народнай культуры ўсходнiх i заходнiх славян гэта дрэва мела дваiстую характарыстыку. З аднаго боку яна стала сiмвалам хуткага росту, набiраючага моц жыцця, урадлiвасцi (плоднасцi), добрага здароўя. Да маладой вярбы ставiлiся як да карыснага i свяшчэннага дрэва: яе галiнкi неслi ў храм, каб асвяцiць, затым прыносiлi дадому, i выконвалi з iмi шэраг рытуальных дзеянняў, сiмвалiзуючых адраджэнне (цi зараджэнне) новага жыццёвага цыкла, новага здароўя i ўраджаю.

Усходнiя славяне ўшаноўвалi вярбу за тыдзень да Вялiкадня — у Вербную нядзелю, якая i атрымала назву Вербнiца. Сярод заходнiх славян (Маравiя, Боснiя, Польшча) лiчылi, што вярба атрымлiвае большую цудадзейнасць не перад Вялiкаднем, а на Юр’я. Менавiта ў гэты дзень дзяўчаты плялi з вярбы вянкi i прыгаворвалi: «Каб дабрабыт у хаце рос, як вярба вясной». У сербаў iснавала павер’е: калi на Юр’я дзяўчына спляце з маладых галiнак вярбы пояс i будзе яго насiць некалькi дзён, то абавязкова ў гэтым годзе выйдзе замуж i будзе «з пузам» (па памерах пояса). Там жа iснаваў звычай плесцi пояс (вянок) з маладой вярбы на падойнiк, «каб малако заўсёды прыбывала». На Валынi i Падоллi моладзь вадзiла карагоды вакол вярбы, прыбранай кветкамi i стужкамi, у купальскую ноч.

Па вераваннях старажытных русiчаў вярба лiчылася галiнкай Перуна цi перуновай лазой. Бог-грамавержац пасылаў на зямлю — яе палi, лясы, лугi, сенажацi — дажджы. Таму, калi ў час веснавых сельскагаспадарчых работ выконвалiся абрады па выклiканню такой неабходнай вiльгацi, iх удзельнiкi павiнны былi прыбiраць сваё адзенне галiнкамi вярбы, а на галаву надзяваць вянок з вярбы. Пры дапамозе лазы цi галiнак вярбы на падвор’i адшуквалi ваду, каб выкапаць калодзеж.

З другога боку, да старой вярбы заўсёды ставiлiся стрымана, з перасцярогай, таму што лiчылася — месца, дзе расце састарэлае дрэва, благое, там жывуць чэрцi, вадзянiкi i iншыя нячысцiкi. У беларусаў iснавала павер’е пра тое, што ранняй вясной чэрцi залазяць на старую вярбу, каб пагрэцца. Але, пасля таго, як маладыя галiнкi вярбы «засвецюць», людзi прынясуць iх у храм, каб асвяцiць, чэрцi пападаюць зноў у ваду. Таму, каб не трапiць у рукi да нячыстай сiлы, да Вербнага тыдня забаранялася хадзiць на балоты, да вады — у так званыя «гiблыя» мясцiны, выпускаць карову з двара i г. д. Старыя людзi казалi, што «з таго, хто парушыць забарону купацца да Вешняга Мiколы, вырасце вярба».

У паданнях i казках старая вярба, якая схiлiлася па-над вадой, таксама лiчылася прыстанiшчам вадзяных, русалак i iншых «нячысцiкаў». Самы старэйшы з iх сядзiць на макушцы вярбы i выглядае «ахвяру» — маладую дзяўчыну цi хлопца, якiя прыходзiлi да вады, каб паплакаць цi паскардзiцца на свой лёс.

У палякаў iснавала павер’е, што менавiта з вярбы (старога дрэва), былi зроблены цвiкi да крыжа, на якiм укрыжавалi Хрыста. Бог пакараў за гэта старую вярбу — яе ствол каравы, няроўны, дрэва нiколi не дае ценю, а яго драўнiна хуткiм часам становiцца гнiлой.

На Беларусi лiчылi, калi вярба вырастала да такiх памераў, што ў ёй стварылася дупло, там абавязкова паселiцца чорт са сваёй жонкай. А пра тых, хто моцна закахаўся, нездарма казалi: «Улюбiўся як чорт у сухую вярбу».

Суседства вярбы з «гiблым» месцам i традыцыйныя ўяўленнi аб яе сувязi з нячыстай сiлай паспрыялi таму, што яна з цягам часу стала своеасаблiвым рытуальным цэнтрам выканання шэрагу спецыфiчных магiчных дзеянняў. На старую вярбу адсылалi «33 няшчасцi» i самыя цяжкiя захворваннi. Напрыклад, таго, хто хацеў пазбавiцца цялеснай бяды, трэба было апаясаць саламяным перавяслам, а потым, ноччу, каб нiхто не ведаў, гэтае перавясла неслi да старой вярбы. Лiчылася, калi старая вярба высахне, тады i хвароба знiкне. Некаторыя знахары прапаноўвалi «звянчаць» хваробу чалавека са старой вярбой. Для гэтага на старую вярбу прымацоўвалi запаленую свечку i чыталi спецыяльную замову: «Госпадзi Божа, благаславi, святая маць Прачыстая, памажы. Выгаварую я ету балезню-нарадку ад усякага злога прыхватку. Будзем ад етыя балезнi зорычкамi аграждацца, месiчкам асвяшчацца. Ангалi-хранiцелi, хранiця ету душу i ў днi i ў начы, i ва ўсякам божым месцi. У чыстых палях i ў зялёных лугах там сталы засцiланыя, кубы налiваныя, вот там табе гуляць i буяць, а раба божага не чапаць. Чэраз святую сыботу, маць-раку, давала мацi Прачыстая руку ад усiх злых ад чараўнiкоў i чараўнiц. Ёсь на Сiяньскам моры, узлукамор’i выспа, на той выспi стаiць дуб на дванаццаць какатоў. На том дубi звi сабе, чорны воран, гняздо, i жывi-пражывай, i свой злы яд вынiмай. А ня будзеш свайго злога яду вынiмаць, будзе цябе Гасподзь Бог наказуваць вялiкiмi грозамi, вялiкiмi хмарамi i вялiкiмi пярунамi.»

Паколькi вярба расце каля вады, яна выконвае ролю сiмвалiчнай мяжы памiж зямной i воднай прасторамi, гэта дрэва забаранялася садзiць каля хаты, на агародзе, у садзе. Гаварылi так: «Хто вярбу саджае, сам сабе заступ рыхтуе». Лiчылася, што як толькi ствол вярбы стане такiм, што з яго можна будзе зрабiць чаранок для лапаты, той, хто яе пасадзiў, адразу памрэ.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

(Працяг будзе.)

Той, хто прыносiў дадому пасвяцоныя галiнкi, злёгку сцёбаў iмi ўсiх дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, i прыгаворваў:

Не я б’ю, вярба б’е,

За тыдзень — Вялiкдзень,

Будзь здароў, як вада,

А расцi, як вярба!

Будзь здароў на ўвесь год!

* * *

Вярба хрёс!

Сякi да слёз,

Нi я сяку — вярба б’е;

Трэцi раз на здароўя!

Старыя людзi лiчылi самым вялiкiм грахом знаходзiцца ў хаце ў той час, калi ў цэрквах асвячаюць галiнкi вярбы. Таму тых, хто па розных прычынах (а часцей за ўсё па хваробе) не маглi быць у гэты момант у храме, сцябалi яшчэ мацней, каб прагнаць сон, немачы, паспрыяць удачы i дабрабыту ў наступным годзе. Пры гэтым спявалi:

Не будзь санлiвы,

Да работы лянiвы,

Не будзь завiслiвы,

А будзь здароў, як вада,

Расцi. Як вярба,

Будзь шмыткi, як пчала,

Будзь багаты, як зямля.

У гэты святочны дзень забаранялася працаваць. У кожнай хаце накрывалi стол, запрашалi суседзяў, родзiчаў у госцi. I хоць ежа на стале была поснай, гэта не змяншала агульнай радасцi i весялосцi. Дзецi бавiлiся на вулiцы: цэлы дзень яны гулялi ў «даганялкi» i лупцавалi адзiн аднаго вербачкай. Для моладзi перадшлюбнага ўзросту гэты дзень быў яшчэ адной магчымасцю выказаць свае зацiкаўленыя адносiны да каханага чалавека.

«Бiць — каб шчасце i здароўе набыць»

Трэба адзначыць, што ў славян такое рытуальна-магiчнае дзеянне як «бiццё» было прадстаўлена даволi шырока ў сямейна-родавых абрадах i абрадах каляндарнага цыкла. Яно насiла прадуцыравальную i засцерагальную функцыi, а таксама спрыяла дзетанараджэнню, урадлiвасцi, здароўю, набыццю моцы. Часцей за ўсё ў абрадзе «бiцця-сцёбання» рытуальнае дзеянне выконвалi галiнкамi вярбы, бярозы, крапiвай, палкай цi дубцом, кнутом, хлебнай лапатай, поясам, венiкам.

На Пскоўшчыне, калi сваты адпраўлялiся да нявесты, бацька маладога тройчы бiў яго i прыгаворваў: «Не я б’ю, удача б’е!» На ўкраiнскiм Палессi, пакуль выпякаўся вясельны каравай, усе жанчыны, якiя былi ў гэты час у хаце, павiнны былi танчыць, у руках адной з iх была хлебная лапата, якой яна павiнна была дакрануцца (злёгку ударыць) да кожнай з прысутных. У сербаў i балгар iснаваў звычай бiць нявестку пад час вяселля i перад тым, як маладыя пойдуць спаць. У некаторых рэгiёнах Беларусi i ва Украiне, каб вяселле адбылося, на заручынах сват бiў палкай, цэпам цi ўхватам па сценках хаты нявесты. У палякаў iснаваў звычай бiць дзiця пасля хрышчэння. Бацька клаў дзiця папярок парога i злёгку сцябаў розгамi, каб дзiця расло паслухмяным i разумным. У македонцаў дзяцей сцёбалi ў дзень святога Iгната (20 снежня). Лiчылася, што менавiта з гэтага дня пачынае расцi дзень, так i дзецi з гэтага дня павiнны падрастаць. У сербаў дзяцей сцёбалi тымi галiнкамi вiшнi, якiя ўжо расцвiлi, «каб перадаць iм жыццёвую сiлу гэтай раслiны i прыгажосць». У Страсную пятнiцу польскiя хлопцы i дзяўчаты бiлi адзiн аднаго, каб цярпець пакуты, якiя цярпеў Iсус Хрыстос.

На Беларусi таксама iснаваў шэраг абрадаў, калi неабходна было выканаць рытуальнае дзеянне «бiццё». Каб пладовыя дрэвы далi добры ўраджай у наступным годзе, падчас Калядаў гаспадар павiнен быў патрэсцi або пабiць-пастукаць па кожным дрэве хлебнай лапатай. На Палессi ў калядныя вечары гаспадар запрашаў Мароза прыходзiць i пачаставацца кiсялём, пры гэтым трэба было моцна бiць па штыкетнiку, сцяне хаты цi па металiчных прадметах: «Мароз, Мароз, iдзi куццю есцi, а на Пятроўку не бывай, а то будзем пугай бiцi». Напрыканцы трэцяй куццi (на Вадохрышча) гаспадыня злёгку бiла гаспадара качаргой, а той тут жа падаў на падлогу, каб улетку так хутка клалiся снапы ў час жнiва. На Юр’я, калi першы раз выганялi карову ў поле, гаспадыня бiла яе галiнкамi асвечанай вярбы. На Палессi (в. Спорава Брэсцкай вобласцi) у гэты дзень цяжарная жанчына здымала свой фартух, бiла iм карову i выпраўляла ў поле. На Вiцебшчыне iснавала правiла: перш чым адправiцца на першае заворванне, зяць павiнен быў пабiць (крыху) цешчу або цесця. Гэта рабiлася дзеля таго, каб вырас добры ураджай пшанiцы або жыта адпаведна. У в. Стадолiчы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласцi жанчыны, якiя выконвалi рытуал выклiкання дажджу, павiнны былi бiць палкамi калодзежную ваду. На Вiцебшчыне рытуальнае «бiццё» лiчылi сродкам ад сурокаў. Той, хто няўмысна сурочыў чалавека, павiнен быў зняць свой пояс i тройчы сцебануць хворага па паяснiцы.

Разам з тым у народнай культуры iснаваў шэраг забаронаў у дачыненнi да гэтага рытуальнага дзеяння. Напрыклад, пад страхам смерцi забаранялася бiць зямлю: «Без патрэбы няможна зямлю бiць, зняверваць цi пашкоджваць чым-небудзь, бо зямля святая, яе Бог нам даў як матку, а матку трэ шанаваць». На Вiцебшчыне забаранялася бiць дзяцей, якiя залезлi ў гарох. Лiчылася, у таго, хто пашкадуе дзецям гэтай агароднiны, «ўсё з’ядуць чэрвi».

«Каб зберагчы сваю гаспадарку»

Нашы продкi верылi, што асвечаная вярба дапамагала перасцерагчы хатнюю жывёлу ад ведзьмаў, ад «уразу» (благога вока суседзяў цi iншых аднавяскоўцаў), спрыяла добрай малочнасцi. У сувязi з гэтым гаспадар абыходзiў з галiнкамi вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, i тройчы злёгку сцёбаў пруцiкам кожную жывёлiну, а затым утыкаў яго ў шчылiну сцяны.

Цiкава, што практычна ўсё жывое на падворку павiнна было быць «пабiта»: каровы, конь, вол, козы, сабака, кот, а таксама калоды з пчоламi. Потым гаспадар iшоў у сад i таксама тройчы сцябаў там кожнае пладаноснае дрэва, тое ж самае адбывалася ў агародзе i на нiве.

З вярбой да продкаў

Напрыканцы рытуальнага абыходу гаспадар кiраваўся на могiлкi i трохразовым лёгкiм хвастаннем вiтаў магiлы сваiх суродзiчаў. Дарэчы, галiнкi вярбы, што бралiся на нiву i на могiлкi, не неслiся дадому, а ўтыкалiся ў зямлю на месцы правядзення рытуалу. Пры гэтым не забывалi папрасiць у матухны-зямлiцы здароўя сабе i сваiм блiзкiм: «Прашу я Бога i цябе, зямелька, ад цябе прытча стала. Калi не дзiвiла — дак не дзiвi, а падзiвiла — дак адпусцi. За тваю дабрату хлеб-соль кладу. Прымай i здароўе надзяляй». Этнографы мiнулага ўспамiналi, што ўваткнуты пруток часта пускаў каранi, i з яго вырастала новае дрэва.

Цiкава, але сярод этнаграфiчных запiсаў пахавальнага абраду, зробленых у XIX—XX стст., таксама ёсць узгадваннi пра вярбу. Лiчылася, калi ў падушку, якую клалi пад галаву нябожчыку, пакласцi асвечаныя галiнкi вярбы, то гэта паспрыяе душы памёршага лёгка ўзняцца на нябёсы, i будзе перасцерагаць яе ад слугаў д’ябла.

«Быць здаровым, як вярба»

Цудадзейную сiлу вярбы даволi часта скарыстоўвалi як ахоўны або лячэбны сродак. Так, некаторыя мацi давалi па тры пупышкi сваiм дзеткам, каб перасцерагчы iх ад лiхаманкi, а каб утаймаваць зубны боль, трэба было з’есцi дзевяць вербных пупышак i прашаптаць самому сабе (цi каб гэта зрабiла мацi каля дзiцяцi) замову:

«Госпадзi, як пачынаўся свет, было на свеце тры царыкi: першы царык — зялёны дуб у полi, другi царык — белы камень на моры, трэцi царык — шырокi месяц на небе. Як крэпак зялёны дуб у полi, каб так былi крэпкiя зубы ў роце, як белы камень на моры, каб так былi белы зубы ў роце, як свецел шырокi месяц на небе, каб так былi светлы зубы ў роце. Не я зачэрчваю, не я загаворваю — зачэрчвае, загаворвае сам Гасподзь Бог Iсус Хрыстос i Прасвятая Багародзiца са ўсiмi святымi ангеламi i архангеламi, яна зачэрчвае i загаворвае i ўсiх пад зубамi чарвякоў ў раба божыя (iмя назваць) вымарывае. Як мёртваму чалавеку да страшнага суда ад гроба не ўстаць, каб так у раба божыя (iмя назваць) скорбi i зубной балезнi да смерцi яго не бываць».

У Вербную нядзелю кожнаму ў сям’i ранiцай трэба было з’есцi па тры пупышкi асвячонай вярбы i запiць святой (хрышчэнскай або стрэчанскай) вадой. Пры гэтым трэба было чытаць малiтву або замову, напрыклад, такую: «Добры вечар, цёмна ноч! На табе вярба i мая бяда. А мне маё здароўе назад аддай». Народныя знахары лiчылi, што пасля гэтага чалавек будзе менш хварэць i паддавацца сурокам. На Палессi (Пiншчына) раiлi з’ядаць пупышкi асвечанай вярбы адразу пры выхадзе з храма.

Для таго, каб хатняя жывёла была здаровай, добра пладзiлася, вербныя пупышкi запякалi ў спецыяльна для гэтага спечаныя аладкi, блiнцы або хлябцы.

«Беражонага i Бог зберагае»,

або выкарыстанне асвечанай вярбы на працягу каляндарнага года

Пасля таго, як з галiнкамi вярбы будуць выкананы ўсе неабходныя ахоўна-магiчныя дзеяннi, частку асвечаных галiнак хавалi за бажнiцу — у чырвоны кут, частку ўтыкалi ў сцены цi пад страху ўсiх пабудоў. Там яны будуць захоўвацца на працягу года — да наступнай Вербнiцы. Галiнкi вярбы лiчылi адным з самых надзейных сродкаў, каб зберагчы хату ад пажару, удару маланкi, паводку, а яе насельнiкаў — ад лiхiх людзей i «дурных» вачэй.

Рэшткi вярбы нiколi не выкiдвалi, а захоўвалi да наступнай Вербнiцы. I пасля таго, як будуць асвечаны новыя галiнкi, старыя назаўтра спальвалi ў печы (у многiх месцах галiнкi спальвалi ў перадсвяточную суботу). Прычым попел абавязкова збiралi i рассыпалi па градках (там, дзе не ступае нага каровы цi каня). З вуснаў у вусны перадавалася чутка пра тое, што на тых градах, дзе быў рассыпаны попел ад асвячоных вербачак, пры любых умовах i надвор’i заўсёды ўродзяць добрыя агуркi.

Лiчылася, той, хто кiне цi упусцiць галiнку асвячонай вярбы на зямлю, наклiча на сябе пракляцце. Таму такую вербачку трэба было хутка спалiць у печцы.

Галiнка вярбы спрыяе хатняй жывёле i працы ў полi

Пазней, на працягу ўсяго года, асвечаныя галiнкi вярбы гэтаксама, як i грамнiчная свечка, неаднаразова ўжывалiся ў паўсядзённым сялянскiм жыццi ў якасцi прадуцыравальна-ахоўнага абярэга.

Iмi абкурывалi хатнюю жывёлу, каб засцерагчы ад сурокаў, ад хвароб i падзяжу. З той жа мэтай падкладвалi ў ежу, заварвалi i давалi пiць настой.

Кожная дбайная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову, лёгенька сцёбаючы яе па баках галiнкай асвечанай вярбы i прыгаворвала: «Вярба свята — новае лета, вярба пасвiцi ў поле гнала». На Вясенняга Мiколу (22 мая) зноў-такi карысталiся галiнкамi асвечанай вярбы — калi выганялi першы раз каня ў начное.

Пастухi у першы дзень выгану жывёлы ў поле выкарыстоўвалi пруток асвечанай вярбы замест пугi. У некаторых рэгiёнах i сёння перш чым выгнаць кароў у поле, пастух, якому аднавяскоўцы даверылi статак, пры дапамозе асвечанай галiнкi вярбы выконвае магiчнае дзеянне: каб засцерагчы кожную кароўку ў сваiм статку ад ваўкоў i чарадзеяў, каб яны не разбрыдалiся па полi i не блукалi ў лесе, ён ламаў вярбу на столькi частак, колькi было кароў, а потым раскiдваў гэтыя частачкi па полi, там, дзе яны будуць пасвiцца. Вопытныя пастухi рабiлi i так: каб «уся скацiна была дружная i не разлучалася», трэба было уткнуць галiнку вярбы ў цэнтр вялiкага мурашнiка.

3 пруточкам вярбы земляроб распачынаў узорванне яравога поля, веснавую i асеннюю сяўбу, пасадку бульбы i г.д.: «Свята Вярбнiца сошкi правiць.»

Першы гром i галiнка вярбы

Як ахоўны амулет вярба выкарыстоўвалася ў час першага грому. Каб не баяцца летняй навальнiцы, усе дамачадцы iмкнулiся з’есцi па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю i перакулiцца. Пачуўшы моцныя грымоты, гаспадыня хуценька запальвала грамнiчную свечку, а галiнкi вярбы, узятыя з-за бажнiцы, клала на падаконнiк з таго боку, адкуль насоўвалiся дажджавыя хмары.

У народзе верылi, што асвечаныя галiнкi вярбы, калi iх кiнуць супраць ветру, змогуць утаймаваць буру, кiнутыя ў полымя — спыняць пажар, уткнутыя на полi — зберагуць ураджай ад града i грызуноў.

Асвячоная вярба ў народнай медыцыне

Асвечаную вярбу выкарыстоўвалi i ў народнай медыцыне. Так, яе пупышкамi раiлi лячыць п’янiц. Для гэтага трэба было на працягу сарака дзён у гарэлцы трымаць дзевяць пупышак асвечанай вярбы, а потым па кроплi (зноў-такi на працягу сарака дзён) штодня даваць выпiць хвораму (пры гэтым нi ў якiм разе не перапыняючы працэдуру хоць бы на дзень).

Галiнкi i пупышкi асвечанай вярбы таксама выкарыстоўвалi пры лячэннi гнойных ран. Iх трэба было высушыць i расцерцi, каб зрабiць прысыпку або мазь. З галiнак рабiлi адвары, настоi, якiмi лячылi хваробу страўнiка.

Каб дзiцятка расло здаровым, моцным, нiколi не хварэла, пупышкi i невялiчкiя галiнкi асвечанай вярбы абавязкова клалi ў купель, калi першы раз купалi нованароджанага. Лiчылася, калi змайстраваць калыску дзiцяцi з вярбы цi арэшнiка, то « дзiця таксама хутка вырасце», а калi з баярышнiка — доўга пражыве.

Пры дапамозе невялiчкага кавалачка вербнай галiнкi можна было пазбавiцца прыроднай баязлiвасцi. Для гэтага неабходна было пасля службы ў царкве прынесцi асвечаныя галiнкi вярбы дамоў, зрабiць невялiчкi колiчак i ўбiць яго ў сцяну хаты.

У славян iснавала глыбокая перакананасць у тым, што вярба сiмвалiзуе ўрадлiвасць, а значыць, дапаможа вырашыць такую вялiкую праблему, як бяздзетнасць. У некаторых мясцовасцях бабкi-шаптухi замаўлялi ваду i рэкамендавалi пiць настоi на пупышках вярбы бяздзетным жанчынам. Сярод лiтоўцаў хадзiла паданне пра тое, што ў вярбу была зачаравана старажытная жанчына Блiнда. Яна была адорана мацi-прыродай здольнасцю нараджаць дзяцей з незвычайнай лёгкасцю, i не толькi з чэрава, але i з рук, ног, галавы. Аднойчы Зямля, самая пладавiтая з усiх, пазайздросцiла жанчыне i запрасiла ў госцi. Дарога да вызначанага месца праходзiла праз балота. Калi Блiнда падышла да яго, яе ногi патанулi ў балоце, а зямля так моцна схапiла iх, што бедная жанчына засталася там назаўсёды i пераўтварылася ў вярбу. З тых часоў жанчыны, якiя не могуць нарадзiць дзiцятка, прыходзяць да вярбы Блiнды i просяць яе падараваць хоць бы крышачку яе пладавiтасцi.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтым годзе беларусы-католiкi адзначаюць Вербнiцу 9 красавiка, а праваслаўныя — 16 красавiка
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика