Добры дзень, родныя словы!
Анатоль КЛЫШКА
Прэм’ера рубрыкi А потым, усё жыццё, родная мова (i сапраўды, нiбыта невычэрпная крынiчка!) адкрывае i адкрывае нам новыя свае таямнiцы. «Звязда» прапануе вам, паважаныя чытачы, праходзiць гэты шлях пазнання разам. А праваднiком нашым будзе Анатоль КЛЫШКА — чалавек вядомы i паважаны, заслужаны работнiк культуры Беларусi. Ён аўтар беларускага, рускага, польскага буквароў; беларуска-польскага размоўнiка, многiх кнiг для дзяцей. Анатоль Канстанцiнавiч вядомы i як лiтаратурны крытык, i як перакладчык антычнай лiтаратуры са старагрэчаскай мовы. Пры сустрэчы сябры вiтаюцца. I мы таксама пачнем гэтую нашу сустрэчу з размовы аб прывiтаннях. З ранiцы i да вечара гучыць у нас гэтае вiтанне: «Добры дзень!» («Дзень добры!»), не зважаючы на добрае цi благое надвор’е. Гэта не толькi напамiнак, што кожны дзень добры ў Бога, а пажаданне. Таму так часта дадаецца яшчэ i кароценькае ўдакладненне «Добры дзень вам!», «Добры дзень вам у хату!». Часам ужываецца яшчэ больш выразнае прывiтанне-пажаданне: «Добрага дня вам!». Шчодрае беларускае вiтанне гучыць пажаданнем не на кароткi прамежак часу, а на ўвесь доўгi працоўны дзень. Падкрэслiваю гэта, бо апошнiм часам пiшчом лезе яшчэ i «Добрай ранiцы!». Але такога прывiтання ў народзе вы не пачуеце. I беларускi слоўнiк з пазамiнулага стагоддзя вiтаецца з намi таксама: «Дабрыдзень!». А здавалася б, ёсць жа ў нашай мове слова ранiца, можна i сказаць: благая або добрая ранiца. Аднак такога прывiтання — «Добрай ранiцы!» — няма. I не толькi таму, што тут немiлагучны збег «рай-ра» — «Добрай ранiцы!». Як толькi адыходзiць цемра ночы, у беларусаў пачынаецца дзень, адсюль такiя выразы — днее (руск. светает), бярэцца на дзень, зрабiць да дня, надоднiцы i iншыя. Скажам, дзяннiца — ранiшняя зара, заранка. I ўспомнiш, як будзiлi ў вёсках матулi дзяцей: «Уставай, дзетка, ужо дзень». Гэта значыць: уставай, трэба рабiць, бо ўжо ўсе з самага рання ў працы. Ранiца ўспрымаецца як частка дня, а не як нешта асобнае ад яго. I гэтае народнае светаўспрыманне паклiкала i адпаведныя прывiтаннi, i пэўныя выслоўi. Калi браць тэарэтычна, то можна прыдумаць i «Добрага поўдня!». А як гэта штучна для нас! У нас так не вiтаюцца. Не склалiся гэтыя словы ў вiтанне, не адстаялiся праз тысячы аднатыпных ужыванняў. Мiж тым англiчане кажуць зранку «гуд монынг» (добрай ранiцы), пасля абеду «гуд афтэнун» — (час пасля полудня) i ўвечары «гуд iвнынг» (iвнынг — вечар). Дарэчы, гэтымi словамi англiчане могуць i развiтацца. Не будзем жа мы на гэтай падставе рабiць гэтак i ў сябе. Прагледзьце творы Янкi Купалы, Якуба Коласа, Цёткi, Ядвiгiна Ш., Каруся Каганца. Нi ў кога не сустрэнеце гэтай «Добрай ранiцы!», якою некаторыя асобы так настойлiва штодня ўзбагачаюць беларускую мову. Няўжо каму здаецца, што наш народ да Кастрычнiка не ўмеў па-людску i прывiтацца?! I рускiм вiтанням «С добрым утром!», «Доброе утро!» i «Добрый день!» у нас адзiн i той жа адпаведнiк — «Добры дзень!». Гэтак жа, як i ў iншых некаторых славянскiх народаў, напрыклад, у нашых суседзяў-палякаў... А калi пачынае вечарэць, цямнець, цямнецца, змрачнець, змяркацца, шарэць, сутонець, брацца на вечар, брацца на змярканне, гучыць новае прывiтанне: «Добры вечар!». Гэтыя прывiтаннi «Добры дзень!» i «Добры вечар!» прыдатныя ўсюды i з усiмi. I толькi калi ў хаце нябожчык, тады вiтанне адбываецца маўклiвым паклонам галавы. Натуральна — незалежна ад часу дня — гучыць i такое прывiтанне пры сустрэчы: «Добрага здароўя!» (ёсць яшчэ i ласкавае: «Добрага здароўечка!») Гэты выраз можна ўжыць як пажаданне пры развiтаннi. Мiж людзьмi аднаго веку пашыраны вiтаннi «Здароў!», «Здарова!». Так можа прамовiць i старэйшы да малодшага сябра. Сустракаюцца яшчэ i такiя вiтаннi, як «Шанаванне!» i iнш. А яны вузкаўжывальныя. I пачуць iх можна сярод моладзi або мiж блiзкiмi сябрамi. Зрэдку трапляецца i «Гады ў рады!». Так кажуць пры сустрэчы з чалавекам, з якiм даўно не бачылiся. Гэта — адпаведнiк рускаму «Сколько лет, сколько зим!». Так вiтаюцца ў будзень. А для свята святочнае вiтанне: «Са святам!» («З святам!»). У выразе «З святам!» пры вымаўленнi [з] аглушаецца i змякчаецца i адбываецца падаўжэнне «[cь:]вятам]. А ў Каруся Каганца чуем «З святою нядзелькаю!». Пэўна ж, заўсёды знойдуцца i тыя, хто хоча прывiтацца адметна, не так, як усе. Для iх прыгадаем: фальклорныя запiсы засведчылi i такiя вiтаннi ў нашым народзе, асаблiва на Гомельшчыне, — па днях тыдня: «З панядзелкам вас!», «З аўторкам вас!» i гэтак далей. (На гэта адказваюць: «I вас таксама!») Можна меркаваць, што гэтыя прывiтаннi, якiя дайшлi да нас з даўнiны, звязаны з палескiм народным календаром, дзе кожны дзень лiчыўся або спрыяльным, або неспрыяльным для той цi iншай работы на гаспадарцы. I ў наш час, праўда, часам з iншай нагоды, можна пачуць: панядзелак — цяжкi дзень. Дык вось на Палессi ў залежнасцi ад граматычнага роду назвы дня дзялiлiся на мужчынскiя i жаночыя. Значыцца, панядзелак, аўторак, чацвер — гэта мужчынскiя днi, а серада, пятнiца, субота — жаночыя. Iх яшчэ называлi днi-хлопцы i днi-дзяўчаты. I, скажам, каб курыца выседзела куранятак — курачак, пад яе клалi яйкi ў жаночыя днi, бо калi падкласцi ў аўторак цi чацвер, то будзе нiбыта больш пеўнiкаў. А навошта каб дабро iшло ў глум, у гаспадарцы i адным пеўнем абысцiся можна... Жыта зажыналi ў аўторак, чацвер, а цыбулю, каб не была такая горкая, садзiлi ў жаночыя днi. Вось таму, вiдаць, i важна было напомнiць у прывiтаннi, якi сёння дзень. Вядома, забабоны i прымхi цяпер не для нас. А вось каб прыгадаць, якi сёння дзень тыдня, як хутка бягуць яны ў тваiм жыццi, каб адчуць важнасць кожнага новага дня, такое прывiтанне зрэдку i нам можа быць у нагодзе. Развiтваюцца спрадвеку па-беларуску так: «Бывай!», «Бывайце!», «Бывайце здаровы!». На апошняе развiтанне, калi гэта адбывалася ў хаце, звычайна адказвалi: «Хадзiце здаровы!». Часам развiтваюцца людзi словамi вядомай песнi Адама Русака i Iсака Любана «Бывайце здаровы, жывiце багата!». Акрамя раней упомненага «Добрага здароўя!» яшчэ кажуць пры развiтаннi «Да сустрэчы!», «Усяго добрага!», «Усяго!». I ўжо зусiм неафiцыйна: «Да заўтра!», «Пакуль!». А адыходзячы позна ўвечары, кажуць: «Добрай ночы!» (не «Спакойнай ночы», а «добрай»!) цi «Дабранач!». Адсюль i выслоўе: «Дабранач!» кажу ўсiм нанач». Важна тут падкрэслiць усiм, бо ў адрозненне ад рускага «Спокойной ночи» беларускае «Дабранач!» можна сказаць i няблiзкаму чалавеку. Апошнiм часам праз нячулых да слова людзей можна пачуць ад школьнiкаў штучнае «Да пабачэння!» (ад украiнскага «До побачення!» цi калька з рускага «До свидания!»). Калi па-ўкраiнску яно гучыць гожа (украiнскiя галосныя о, а выразна аддзяляюць склады), то па-беларуску гэта злiваецца ў нейкую языкаломку: Да-па-ба..., як бы i няма сапраўднага народнага «Бывайце здаровы!». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэм’ера рубрыкi
|
|