21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аляксандр Калiнiн: «Заяўка на рэкорд у Аляксея Мяшкова ёсць. Чысцiня эксперыменту — абсалютная»

25.08.2009 21:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей РАСОЛЬКА

Эксклюзiў

Журналiсты «Звязды» сталi сведкамi i ўдзельнiкамi фiксацыi незвычайных матэматычных здольнасцяў

Упершыню чытачы нашай газеты (i не толькi) даведалiся пра 26-гадовага студэнта-завочнiка з Барысава Аляксея Мяшкова ўвосень 2003 года, калi «Звязда» першай сярод рэспублiканскiх газет паведамiла пра своеасаблiвы феномен юнака. Нагадаем, тады Аляксей заявiў, што можа ў галаве памнажаць дзясяцiзначныя лiчбы. Заўважым: без анiякiх прыстасаванняў, вядома ж, без калькулятара, нават не ў слупок, а менавiта ў галаве. Гэта калi на аркушы паперы былi толькi два радкi дзесяцiзначных лiчбаў, якiя трэба было памножыць, а трэцiм радком праз нейкi час павiнен быў з’явiцца вынiк.

З дапамогай спецыялiстаў лабараторыi псiхафiзiялогii Рэспублiканскага цэнтра праблем чалавека БДУ мы тады дапамаглi Аляксею Мяшкову праверыць свае незвычайныя матэматычныя здольнасцi (глядзi «Звязду» ад 04.11.2003 года). Нiякiх адмысловых высноў мы тады не рабiлi, адзiнае, мяркуючы па вынiках праведзеных тэстаў, спецыялiсты зазначылi: пэўны феномен прысутнiчае, хоць i выключна рэдкiм яго не назавеш. Ну, ды яшчэ сам Аляксей у гутарцы зазначыў, маўляў, дзесяцiзначныя лiчбы — не мяжа. Прычым асаблiвага гонару за зробленае i сказанае я тады з яго боку не заўважыў. Таму iдучы ў мiнулую пятнiцу, 7 красавiка, на афiцыйную рэгiстрацыю рэкорду Аляксея Мяшкова па памнажэнню ўжо дванаццацiзначных лiчбаў, я ў прынцыпе ўяўляў, што ўбачу i пачую. Будучая заяўка прызначалася для Кнiгi рэкордаў Расii, краiн СНД i Балтыi «Диво» i Кнiгi рэкордаў Гiнеса.

... Офiс ААТ «Еўраатра», якое заяўляецца партнёрам кнiгi «Диво». Яго генеральны дырэктар Аляксандр Калiнiн як афiцыйны прадстаўнiк i сааўтар Кнiгi ў Рэспублiцы Беларусь раздае шасцi прысутным у пакоi людзям (тром членам камiсii, сярод якiх i аўтар гэтых радкоў; тром сведкам, у лiку якiх — фотакарэспандэнт «Звязды») па чатыры аднолькавыя невялiкiя паперкi. На кожнай з iх трэба напiсаць па адной адназначнай лiчбе ад 0 да 9. Яны патрэбны для таго, каб метадам выпадковасцяў «сфармiраваць» дзве дванаццацiзначныя лiчбы, патрэбныя для эксперыменту. Выводжу на паперках 9, 7, 5... Крыху задумаўшыся, пiшу на апошняй паперцы нуль, а на першай побач з «хвосцiкам» дзевяткi стаўлю кропку — каб не пераблыталi з шасцёркай.

Аляксандр Калiнiн збiрае ўсе 24 паперкi i тасуе iх памiж сабой нiбы калоду карт: «Гэта каб нiхто не думаў, што Аляксей прывёз мне кавалак сала, i мы пра ўсё загадзя дамовiлiся».

— Зараз мы раскладзём па чарзе ўсе паперкi, каб атрымаць дзве патрэбныя нам лiчбы. Адзiнае, будзем звяртаць увагу, каб лiчба 0 не трапiла ў пачатак любой з дзвюх шматзначных лiчбаў.

«Во табе на, хто ж думаў», — паспявае мiльгануць у галаве запозненая думка.

— Потым мы увядзём iх у камп’ютар для праверкi, а вы, Аляксей, будзеце памнажаць атрыманыя лiчбы ў галаве, — працягвае Аляксандр Фядотавiч i яшчэ раз ператасоўвае паперкi з напiсанымi намi адназначнымi лiчбамi.

— Хiтранькi, — спрабуе нехта пажартаваць у апошнi момант, а Аляксандр Калiнiн тым часам раскладвае паперкi i перапiсвае атрыманыя шматзначныя лiчбы.

Выходзiць, што Аляксею трэба было памнажаць 971 509 434 269 на 748 357 632 589. Ён перапiсвае заданне i ў 15.00 пад шум цягнiка, якi прайшоў пад вокнамi (акно тут жа зачыняецца), пачынае множанне. Перад iм толькi аркуш белай паперы i аўтаручка, усе прыборы побач адключаны. Адбiтае ад выключанага экрана манiтора святло, як мне падаецца, крыху перашкаджае яму, але... ужо позна.

... Праходзiць мiнут пяць. Па мiнулай нашай сустрэчы я ведаю, што шум асаблiва не перашкаджае Аляксею, бо ў пакоi мы першы час ходзiм, шамацiм паперкамi, «плiкае» фотакамера (забягаючы наперад, зазначу, што, паводле слоў Аляксея, ён спецыяльна трэнiраваўся памнажаць у галаве пры ўключаным тэлевiзары).

... Недзе на сёмай мiнуце ўзнiкаюць праблемы з камп’ютарам — пры падлiку кантрольнага вынiку. Патрэбнае даводзiцца падлiчваць двойчы на двух камп’ютарах. Гатовы вынiк, седзячы метры за тры ад Аляксея, марудна (колькi лiчбаў) перапiсваю сабе на паперку.

... 14.21. У пакоi нарэшце ўсталёўваецца цiшыня. На мой погляд, Аляксей выглядае не больш засяроджаным, чым у пачатку эксперыменту. Не напружваецца, вуснамi не падлiчвае, хiба толькi на нас кiнуў некалькi iмгненных позiркаў.

... 14.26. Цiшыня скончылася. «Хто жадае кавы, хто — гарбаты?». Я тым часам спрабую прааналiзаваць лiчбы, якiя ўсе мы напiсалi i з якiх атрымалiся два дванаццацiзначныя матэматычныя «монстры». На мой суб’ектыўны погляд, яны выйшлi сапраўды «цяжкiмi» — у iх, напрыклад, чатыры лiчбы 9, дзве лiчбы 8, тры лiчбы 7 (ну, i вядома ж, мой «прыгожы» нулiк)... Потым Аляксей пацвердзiць, што аўтар не памылiўся — шматзначныя лiчбы сапраўды былi не з лёгкiх.

... Нарэшце наш галоўны герой падае знак — гатова. На гадзiннiку — 15.39. На аркушы паперы перад Аляксеем не два, а тры радкi лiчбаў, апошнi — вынiк множання. Увага, гэта — 7 270 365 002 674 275 477 924 41. Правяраем — параўноўваем яго з атрыманым на камп’ютары. 100-працэнтнае супадзенне! Найбольш эмацыянальныя з прысутных — жанчыны — адорваюць Аляксея апладысментамi. Аляксандр Калiнiн абвяшчае: «Заяўка на рэкорд ёсць. Чысцiня эксперыменту — абсалютная. Пасля публiкацыi ў «Звяздзе» будзе аформлена заяўка ў Кнiгу рэкордаў Расii, краiн СНД i Балтыi «Диво», а пасля перакладу на англiйскую мову дашлём яе i ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса (нагадаем, што Аляксандр Фядотавiч з’яўляецца неафiцыйным прадстаўнiком гэтага выдання). Пакуль афармляецца патрэбны ў такiх выпадках пратакол-акт, гутару з Аляксеем Мяшковым.

— Колькi насамрэч табе спатрэбiлася часу, каб завяршыць множанне? Памятаю, ты любiш сам сябе правяраць?

— Недзе 10—15 мiнут. Потым я двойчы сябе праверыў. Першы раз усё сышлося, а другi — не супала адна лiчба. Пачаў правяраць вынiк трэцi раз, але не паспеў. (Папярэдне была дамоўленасць, што эксперымент будзе доўжыцца мiнут 40. — С.Р.)

— Думаю, многiм чытачам будзе цiкава, як ты памнажаеш у галаве — у выглядзе слупка?

— Так, гэта нешта падобнае... Калi мне патрэбны нейкi фрагмент вылiчэнняў, ён нiбы «ўсплывае» ў мяне перад вачыма.

— Даўно ты пачаў памнажаць дванаццацiзначныя лiчбы?

— Займаўся адзiнаццацiзначнымi, а тыднi з тры таму паспрабаваў перайсцi на дванаццацiзначныя. Дарэчы, дома я раблю множанне крышачку хутчэй i звычайна сам сябе не правяраю, а проста тэлефаную сябру, якi на камп’ютары праводзiць падлiк. Потым я толькi параўноўваю два вынiкi. Лiчбы для складання шматзначных лiчбаў выбiраю выпадкова, кiдаючы косцi.

— Вынiк ты запiсваў, як i большасць людзей, якiя б памнажалi слупком — справа налева. А злева направа можаш?

— Магу, толькi гэта больш складаны працэс.

— Цi збiраешся павялiчваць значнасць лiчбаў, якiя памнажаеш?

Ад гэтага пытання Аляксей чамусьцi дыпламатычна ўхiлiўся, а я не стаў данiмаць яго. Чым i як увогуле жыве 28-гадовы юнак з Барысава? Ён па-ранейшаму нежанаты, вучыцца яму ў iнстытуце кiравання i прадпрымальнiцтва засталося яшчэ год (неўзабаве, дарэчы, пачынаецца сесiя). Будзе па спецыяльнасцi эканамiстам. «Хоць лепш бы я стаў спартсменам», — сказаў ён нечакана для мяне, прыгадаўшы свае хлапчуковыя захапленнi рознымi вiдамi спорту. На маё паўжартоўнае пытанне наконт прапаноў ад патэнцыяльных працадаўцаў, што павiнны быць у захапленнi ад матэматычных здольнасцяў Аляксея (ну, не ведаю, можа, бухгалтарскi баланс якi праверыць хутка), адказаў коратка: нiхто нiчога не прапаноўваў. Быў, праўда, адзiн момант у Маскве, калi яму прапанавалi падрыхтаваць нешта накшталт цыркавога нумара i з iм выступаць, але Аляксей адмовiўся. «Калi што, гэта нiколi не позна зрабiць».

Мой суразмоўца сцвярджае, што папулярнасць на яго пасля матэматычных вопытаў не абрынулася, адпаведна, жыць у звыклым рэчышчы не перашкаджае. I сам Аляксей, i яго родныя ставяцца да яго спроб устанавiць рэкорд па множанню даволi спакойна (дарэчы, гэта яго любiмы матэматычны знак, хоць ён можа i адымаць шматзначныя лiчбы, i падсумоўваць iх). Хiба толькi, можа, у iнстытуце аднакурснiкi цi выкладчыкi часам дазволяць сабе ў яго адрас нейкi жарт.

Паколькi вучыцца Аляксей завочна, то ёсць час на працу. Працуе ён у прыватнай майстэрнi па вырабу сувенiраў старэйшага на 13 гадоў брата. У апошняга таксама ёсць матэматычныя здольнасцi, праўда, ён займаецца не такiмi вялiкiмi шматзначнымi лiчбамi (можа памнажаць у галаве трохзначныя лiчбы), ды i тое не мэтанакiравана, як малодшы.

... Тым часам быў падрыхтаваны пратакол. Члены камiсii яго падпiсалi, усе яшчэ раз павiншавалi Аляксея i развiталiся. Да наступнай сустрэчы ў будучым?..

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналiсты «Звязды» сталi сведкамi i ўдзельнiкамi фiксацыi незвычайных матэматычных здольнасцяў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика