«Вясна» прыйшла!
Iрына ПРЫМАК
ПРЫГОЖАЕ ЖЫЦЦЁ Адрозненне Мiжнароднага мiжвузаўскага конкурса грацыi i артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна» ад iншых «Мiс» у тым, што тут асноўным крытэрыем адбору з’яўляецца не толькi знешнасць. Перамагчы — значыць атрымаць магчымасць рэалiзаваць сябе. Доказ таму — прыклад каралеў мiнулых гадоў: Алена Бабенка зараз — вядомая актрыса, Вера Карэтнiкава — спявачка, Марына Самсонава — рэкламны твар кампанii «Serge».У фiнал сёлетняга конкурсу, пятнаццатага па лiку, выйшлi 13 дзяўчат, сярод якiх шэсць прадстаўлялi нашу краiну (Беларускi нацыянальны тэхнiчны унiверсiтэт, Беларускi дзяржаўны медыцынскi унiверсiтэт, Беларускi iнстытут правазнаўства, Акадэмiя МУС РБ, Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт культуры i Iнстытут сучасных ведаў), чатыры — Расiю, па адной Украiну, Латвiю i нават Камерун. Перад пачаткам конкурсу ўдалося пагутарыць з некаторымi ўдзельнiцамi. Большасць прызналiся, што для iх галоўнае не стаць «Каралевай Вясной», а праявiць сябе. На пытанне, наколькi моцныя сапернiцы, пачула ў асноўным адказы: «Мая суседка спявае лепш за мяне». Сваю тайную зброю як заваяваць прафесiйнае журы (у яго ўваходзiлi дырэктар мадэльнага агенцтва Сяргей Нагорны, дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосцi Вольга Сярожнiкава, спявак Тарыел Майсурадзэ, прадзюсар Iван Пiнiгiн i г.д.), нiхто не выдаваў. За кулiсамi я сустрэла вядучага Сяргея Кухто i не магла не здзiвiцца: «Вы зноў побач з дзяўчатамi!?». На што той адказаў: «Гэта толькi даказвае маю арыентацыю: знаходзiцца сярод прыгажосцi — задавальненне i вялiкая адказнасць для мяне, бо трэба ж адпавядаць гэтаму хараству». — Ужо выбралi для сябе пераможцу сярод фiналiстак? — Не. Яны ўсе вартыя стаць каралевамi, таму гэты конкурс няправiльны, тройчы суб’ектыўны. Яго карысць толькi ў тым, што мужчыны, дзякуючы яму, могуць узгадаць: вясна прыйшла, ёсць рамантыка, каханне i адарвуцца ад гонкi за грашыма, кар’ерай... — Як лiчыце, чаму ў нас няма конкурсаў прыгажосцi сярод мужчын? — Напэўна, сцiплыя мы надта... Мужчыны, на маю думку, сваю вартасць могуць даказаць толькi працай. Сяргей быў у добрым настроi, быццам вырашыў пагуляць у КВЗ. «Вось вы ў сваёй анкеце напiсалi, што марыце стаць хiрургам, — звярнуўся ён да камерункi Наталi Агога, — але вы таксама ў наступным адказе пазначылi, што хацелi б, каб усе былi здаровыя. Значыць, пазбаўляеце сябе сваёй будучай прафесii?». Ганну Шаўчэнка Сяргей папракнуў: «Вы ж вучыцеся ў Акадэмii МУС, а напiсалi ў анкеце, што ваш любiмы вобраз — злачынца». Да ўкраiнкi Iрыны Стрыгiнай Кухто звярнуўся з прапановай: «Вы валодаеце гiпнозам, дык зрабiце са мной што-небудзь! — i пацалаваў у шчаку. — Угадаў?». Самае цяжкае заданне атрымала расiянка Ганна Рэшатняк: яна павiнна была сказаць па-французску ўрывак з твора Шэкспiра аб тым, што ўвесь свет — тэатр i далей па тэксту. Праўда некаторыя дзяўчаты самi давалi вядучаму адпор. Напрыклад, расiянка Ганна Гур’ева на пытанне, якiя дрэнныя звычкi не павiнна мець iдэальная дзяўчына, выпалiла: «Крыўдзiць мужчын». Латвiйка Анiта Балтруна шакiравала гiсторыяй, як пасля 18 гадоў пакiнула бацькоў i пайшла на ... вакзал, а зараз у яе ўласны бiзнэс, хутка з’явiцца i дом, што будуе на свае грошы. Самым вiдовiшчным стаў выхад у вясельных сукенках самага рознага фасону. А далей журы пайшло вызначаць пераможцаў у намiнацыях «Грацыя», «Голас вясны», «Творчасць», «Iндывiдуальнасць», «Арыгiнальнасць», «Вiцэ-Мiс» i г.д. Сюрпрызам для гледачоў стала дэфiле трох загадкавых дам у масках пад нумарамi 03, 04, 96. Выявiлася, што гэта пераможцы папярэднiх конкурсаў «Каралева вясна». Хто канкрэтна выходзiў на сцэну, адкрываць не буду, бо вы маеце магчымасць неўзабаве паглядзець конкурс па Першым нацыянальным тэлеканале. Адзначу толькi: дзве з загадкавых каралеў упэўнены, што самы лепшы тытул — «Мама», бо ўжо адчулi сябе ў гэтай якасцi. «Каралевай Вясной-2006» стала Ксенiя Налiўкiна (на фота) (Беларускi дзяржаўны iнстытут культуры i мастацтва). Аднак хоць яна выбрана, хочацца пагадзiцца з меркаваннем Алены Iвановай, якая стала «Грацыяй»: «Усялякiя тытулы не маюць сэнсу, бо прыгажосць — гэта вочы чалавека, якi кахае, а калi гэта не так — не дапаможа нiякае самае гучнае званне».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адрозненне Мiжнароднага мiжвузаўскага конкурса грацыi i артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна» ад iншых «Мiс» у тым, што тут асноўным крытэрыем адб
|
|