Калi бусел пераблытаў акенца
На пытанні адказвалі Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, i Валянцiна МАГЛЫШ, псiхолаг цэнтра
(Працяг. Пачатак у нумарах за 12, 14 і 18 красавіка.) — Завуць мяне Лiдзiя Пятроўна, званю з Мiнска з такiм пытаннем: цi ёсць узроставыя абмежаваннi пры ўсынаўленнi? — Узроставае абмежаванне ёсць, але яно заключаецца ў тым, што ўсынавiцелямi могуць быць толькi паўналетнiя грамадзяне. Але калi гаворка iдзе пра немалады ўзрост, то ёсць верагоднасць, што можна ўжо не атрымаць станоўчае медыцынскае заключэнне. Справа не ва ўзросце, а ў здароўi. Трэба таксама ўлiчваць стан здароўя i ўзрост дзiцяцi. Напэўна, у 55 гадоў не мае сэнсу ўсынаўляць 2- цi 3-гадовае дзiця. — I яшчэ ў мяне адно пытанне. Час ад часу паведамляюць пра факты дрэнных адносiнаў замежных усынавiцеляў да рускiх дзяцей. А ў нашых газетах i па тэлебачаннi праходзяць толькi прыгожыя гiсторыi. З чым гэта звязана? Дрэнныя гiсторыi ў нас забараняюць шырока абмяркоўваць? I цi адсочваеце вы лёсы ўсыноўленых замежнiкамi дзяцей? Цi бывалi дрэнныя выпадкi ўсынаўлення ў нас у Беларусi? — Нiякiх забарон на грамадскае абмеркаванне няўдалых выпадкаў уладкавання дзяцей у сям’ю ў нас не iснуе. Мы сапраўды адсочваем лёс кожнага дзiцяцi, якога ўсынавiлi за мяжой. Быў адзiны непрыемны выпадак, калi беларускую дзяўчынку ўсынавiла сям’я са Швецыi. Зараз па лiнii мiжнароднага ўсынаўлення мы супрацоўнiчаем з Iталiяй — 1170 нашых дзяцей жывуць у iтальянскiх сем’ях. Кожнае ўсыноўленае дзiця, як за мяжой, так i ўнутры краiны, знаходзiцца на кантрольным тэрмiне. Мы атрымлiваем справаздачы, аддзелы адукацыi кантралююць i перыяд адаптацыi, i наступны перыяд знаходжання дзiцяцi ў сям’i. I ўсё-такi асноўны шлях, на якi арыентуецца наша дзяржава, — унутранае ўсынаўленне. Гэта нашы беларускiя дзецi, чаму яны павiнны некуды ехаць, асаблiва калi ў краiне складаная дэмаграфiчная сiтуацыя? У Беларусi не было выпадкаў дрэнных адносiнаў усынавiцеляў да дзiцяцi. — Я знаходзiўся ў шлюбе з жанчынай, якая не магла нарадзiць дзiця, i па яе настойлiвай просьбе разам з ёй удачарыў дзяўчынку. Але пасля ўдачарэння мая жонка рэзка змянiла да мяне адносiны ў горшы бок... Цяпер маю падставу лiчыць, што шлюб з яе боку быў падманам. Яна мяне выкарыстала, бо я падыходзiў па ўсiх сваiх характарыстыках як усынавiцель. Нядаўна наш шлюб быў скасаваны, i я не жадаю мець з гэтай жанчынай нiякiх зносiнаў, i лiчу несправядлiвым тое, што яна спаганяе з мяне алiменты на дзiця. Цi магчыма адмена ўдачарэння i зняцце з мяне алiментаў, каб у далейшым я мог стварыць новую сям’ю i матэрыяльна забяспечваць сваiх уласных дзяцей?» З лiста Мiкалая з Гродзенскай вобласцi. — Па-першае, жанчына зусiм не мела патрэбнасцi браць шлюб толькi для таго, каб усынавiць дзiця. Бо гэта можна зрабiць па-за шлюбам, i не толькi жанчыне, але i мужчыне. Гэтак жа i ў шлюбе не абавязкова ўсынаўляць дзiця мужам i жонкай, патрэбна толькi згода аднаго на тое, каб гэта зрабiў другi. Тым не менш, аўтар лiста можа патрабаваць адмены ўсынаўлення праз суд. I ўжо суд вырашыць: адмянiць усынаўленне цi не. Для такой адмены павiнны быць падставы. У дадзеным выпадку падставы не праглядаюцца, за выключэннем таго, што разарваныя адносiны з дзiцем, i таго, што чалавек не хоча плацiць алiменты. Але нават адмянiўшы ўсынаўленне, суд можа не адмянiць выплату алiментаў на дзiця. З былых усынавiцеляў таксама могуць быць спагнаныя сродкi на ўтрыманне дзiцяцi. Калi чалавек iдзе на ўсынаўленне, ён павiнен у поўнай меры ўсведамляць, што ён робiць. Ёсць яшчэ адзiн нюанс: калi ў адносiнах да чалавека адменяць усынаўленне па яго вiне (у дадзеным выпадку нiякiх iншых падстаў няма), то ён ужо больш нiколi не зможа быць нi ўсынавiцелем, нi апекуном, нi прыёмным бацькам, нi папячыцелем. У нашай рэспублiцы ёсць выпадкi адмены ўсынаўлення, але iх колькасць вельмi i вельмi нязначная. «Прамую лiнiю» правялi Ларыса ЦIМОШЫК i Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні адказвалі Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, i Валянцiна МА |
|