Генадзь Нявыглас: «Дом футбола – толькі пачатак»
Iрына ПРЫМАК
У прыхiльнiкаў беларускага футболу вялiкае свята: стартаваў нацыянальны чэмпiянат, шаснаццаты па лiку. Напрацягу сямi месяцаў 14 клубаў вышэйшай лiгi будуць змагацца за лепшае месца ў турнiрнай таблiцы. Пакуль жа ўзгадаем мiнулы чэмпiянат i даведаемся аб планах, што датычацца развiцця футбола ў нашай рэспублiцы (аб гэтым iшла размова на канферэнцыi асацыяцыi «БФФ»).
— Апошнiя тры гады мы вельмi прыбавiлi, — адзначыў старшыня «БФФ» Генадзь Нявыглас. — У 2005-м працягнулi ствараць у нашай краiне неабходныя ўмовы для развiцця футбола, у першую чаргу яго матэрыяльна-тэхнiчнай базы. У нас ужо ёсць Дом футбола, зданы ў эксплуатацыю стадыёны ў Вiцебску i Брэсце. Звыш 350 тысяч долараў федэрацыя выдзялiла для завяршэнне будаўнiцтва гомельскага стадыёна i ўстаноўкi сучаснай сiстэмы асвятлення ў Барысаве. Мы ўзялiся за рэканструкцыю арэн у Салiгорску i Жодзiне. Наогул у Беларусi iснуе 12 стадыёнаў еўрапейскага ўзроўню. Да iх далучацца арэны ў Гродне i Баранавiчах. Аднак на гэтым спыняцца не збiраемся: плануем пабудаваць цэнтр падрыхтоўкi дзевяцi нашых зборных, улiчваючы i жаночыя каманды. Дарэчы, мiнулы год стаў знакавым: нам даверана правядзенне фiнальнага турнiру-2009 сярод дзяўчат ва ўзросце да 19 гадоў, а значыць ужо зараз патрэбна адкрываць аддзяленнi жаночага футбола. Генадзь Нявыглас яшчэ раз узгадаў мiнулы чэмпiянат краiны. Абслугоўваць яго гульнi ўпершыню былi запрошаны замежныя рэферы. «Гэта прымусiла ўстрапянуцца нашых суддзяў» — зазначыў старшыня Асацыяцыi. Паводле яго слоў, «беларускiя арбiтры не горшыя». Што ж датычыцца барацьбы за «золата» першынства-2005, то «Шахцёр» задаваў тон усiм камандам. У лiк прэтэндэнтаў на медалi ўварвалася «МТЗ-РIПА». Аднак Г. Нявыглас адзначыў, што ў нашай рэспублiцы дасюль няма стабiльнага моцнага клуба, якi не проста быў бы прадстаўлены ў еўракубках, але i змог паказваць там дастойны вынiк: — Наш чэмпiянат (39 месца ў клубным рэйтынгу УЕФА) адстае ад першынстваў Расii (9 месца ў клубным рэйтынгу УЕФА), Чэхii (12 месца), Украiны (14), якiя не так даўно знаходзiлiся з намi побач. Аднак скарачаць колькасць удзельнiкаў вышэйшай лiгi не варта: карэктывы ўнясе лiцэнзаванне клубаў. У мiнулым сезоне матчы нацыянальнага чэмпiянату сабралi 394 510 гледачоў. У сярэднiм на адну гульню прыходзiла 2167 чалавек. Гэтая лiчба хоць i перавышае паказчык 2004 года, калi на адзiн матч у сярэднiм збiралася 1954 балельшчыкi, але магло б быць яшчэ больш. Справа ў тым, што на нашых стадыёнах няма добрага сэрвiсу, каб заахвоцiць балельшчыкаў сачыць за любімымi камандамi не дома, па тэлеэкране, а непасрэдна на трыбуне. Таксама не паўсюль ёсць якасная сувенiрная прадукцыя клубаў, якая б магла зацiкавiць фанатаў. Размова iшла i аб развiццi ў нашай краiне дзiцяча-юнацкага футбола. Гэты накiрунак з’яўляецца прыярытэтным, зазначыў Г. Нявыглас. Зараз у Беларусi iснуе звыш 80 каманд. У футбол гуляе каля 2000 юнакоў. Плануецца стварыць профiльныя класы на базе сувораўскага вучылiшча. Аднак асноўная праблема дзiцяча-юнацкага футбола — не колькасць юных футбалiстаў, а недахоп iгравой практыкi: 10—20 матчаў у год занадта мала, каб павышаць майстэрства. Галоўнае, як падкрэслiў Генадзь Нявыглас, што ў Беларусi праводзiцца паступовая эвалюцыйная праца ў футбольнай галiне. Праяўляюць сябе i аматары: у масавых спаборнiцтвах узялi ўдзел звыш 300 каманд (звыш 3000 аматараў футбола), а значыць цiкавасць да гэтай гульнi не знiкае.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У прыхiльнiкаў беларускага футболу вялiкае свята: стартаваў нацыянальны чэмпiянат, шаснаццаты па лiку. Напрацягу сямi месяцаў 14 клубаў вышэйшай лiгi |
|