Каварны грыбок: мiфы i рэальнасцьПАРАДЫ СПЕЦЫЯЛІСТА З грыбковымi iнфекцыямi можа сутыкнуцца кожны. У цяперашнi час грыбковае паражэнне пазногцевых пласцiн ступняў або кiсцяў — анiхамiкоз — з’яўляецца надзвычай распаўсюджаным захворваннем. Частата захворванняў у развiтых краiнах свету вагаецца ад 3 да 8 працэнтаў. Грыбок можна «займець» у спартзале, сауне, басейне, душавой, на прадпрыемстве. Садзейнiчае развiццю гэтай хваробы нашэнне не прапускаючага паветра адзення i абутку. Грыбковыя паражэннi могуць перадавацца ад аднаго чалавека да другога, акрамя таго, могуць выклiкацца спорамi грыбоў, якiя знаходзяцца на адзеннi, дыванках у ваннай, манiкюрных прыладах. Часцей грыбковы працэс пачынаецца ў першым i чацвёртым мiжпальцавых прамежках на нагах i суправаджаецца пачырваненнем, свербам скуры, трэшчынамi. Крыху пазней уцягваюцца пазногцi. Звычайна дастаткова простага пападання грыбка на пашкоджаную або траўмiраваную скуру, ногцевую пласцiнку. Хварэць на грыбок могуць дарослыя i дзецi.Грыбковае пашкоджанне пазногцяў праяўляецца змяненнем колеру i структуры пазногцевых пласцiнак. Яны становяцца белаватымi, брудна-шэрымi або жоўтымi, у некаторых выпадках нават чорнымi. Iншыя сiмптомы — патаўшчэнне, ломкасць, змяненне формы, папярэчная скрэсленасць, «з’едзенасць» краю пазногця, ломкiя рыхлыя масы каля свабоднага краю пазногцевай пласцiнкi, або наадварот, станчэнне, аддзяленне пазногця ад пазногцевага ложа. У некаторых хворых пазногцi набываюць форму кiпцюра птушкi. Пры анiхамiкозах, выклiканых дрожджападобнымi грыбамi, хвароба часта пачынаецца з патаўшчэння i пачырванення каляпазногцевага валiка. Чаму трэба абавязкова лячыць грыбковае паражэнне пазногцяў? Праблема за час свайго iснавання паспела абрасцi дастатковай колькасцю мiфаў. Вось самыя распаўсюджаныя з iх. Мiф 1-ы: грыбок — гэта не захворванне, а касметычны недахоп i лячыць яго не трэба. Па-першае, грыбок можа выклiкаць алергiчныя рэакцыi i захворваннi (мiкатычная экзэма, рожыстае запаленне, васкулiт, бародаўкi), садзейнiчаць больш цяжкаму цячэнню ўжо iснуючых хвароб (бранхiту, бранхiяльнай астмы i г.д.). Па-другое, самавылячэнне ад грыбка немагчыма, i з цягам часу захворванне будзе толькi прагрэсiраваць, распаўсюджваючыся на здаровыя пазногцi i скуру. Па-трэцяе, чалавек, якi пакутуе ад анiхамiкозу, — «бомба запаволенага дзеяння» для ўласнай сям’i i з’яўляецца патэнцыяльнай крынiцай распаўсюджвання грыбковай iнфекцыi сярод родных i блiзкiх. Больш за 50 працэнтаў людзей iнфiцыруюцца ў сям’i ад хворых сваякоў. Па-чацвёртае, хворым на анiхамiкоз не дазваляецца наведваць спартыўныя i санаторна-курортныя ўстановы, спартыўна-аздараўленчыя комплексы, лазнi i сауны. Ёсць iншыя абмежаваннi, уключаючы прафесiйныя. Мiф 2-i: можна вылечыцца самастойна без устанаўлення дакладнага дыягназу. Лячэнне грыбковага пашкоджання пазногцяў павiнна прызначацца ўрачом-дэрматолагам i праходзiць пад яго наглядам. Да пачатку лячэння трэба пераканацца, што пазногцi сапраўды пашкоджаны грыбком. Для гэтага праводзiцца мiкраскапiчнае даследаванне на наяўнасць грыбкоў. Гэта неабходна, бо iснуе шэраг станаў, пры якiх таксама змяняюцца пазногцевыя пласцiнкi (напрыклад, анiхадыстрафiя — змяненне структуры пазногця па прычыне парушэння яго сiлкавання). Вынiк мiкраскапiчнага даследавання можна атрымаць на працягу 20—30 хвiлiн, бактэрыялагiчнага даследавання (пасеў для выяўлення канкрэтнага «вiноўнiка») — праз 10—14 дзён. Найбольш часта прычынай грыбковага паражэння пазногцяў, безумоўна, з’яўляюцца дэрматафiтныя грыбы — не менш чым 80—90 працэнтаў. Мiф 3-i: для лячэння пазногцяў дастаткова адной вонкавай тэрапii. Пацыенты спрабуюць самастойна змазваць пашкоджаныя пазногцi ёдам, рознымi крэмамi i мазямi, нярэдка нават не пракансультаваўшыся са спецыялiстам. На жаль, пры пашкоджаннi пазногцяў мазевыя i вадкiя прэпараты малаэфектыўныя, бо не пранiкаюць на ўсю глыбiню пазногцевай пласцiнкi i не могуць санiраваць пазногцевае ложа. Неабходна прымаць процiгрыбковыя прэпараты ў таблетках унутр. Мiф 4-ы: процiгрыбковыя прэпараты вельмi таксiчныя i дрэнна ўплываюць на печань. Гэта не так. Унiкальнасць сучасных процiгрыбковых прэпаратаў заключаецца ў тым, што яны ўздзейнiчаюць, у большай ступенi, на грыбковую клетку, чым на арганiзм чалавека i, нядоўгi час прабыўшы ў плазме крывi, назапашваюцца i надоўга захоўваюцца ў скуры, пазногцях, валасах. Якому прэпарату аддаць перавагу? На гэта пытанне адкажа ўрач. Некаторыя з iх валодаюць фунгiцыдным (забiваюць грыбы) дзеяннем, некаторыя — фунгiстатычным (тармозяць размнажэнне i развiццё грыбоў). Ёсць сродкi, якiя прымаюцца па прынцыпу пульс-тэрапii (паўторнымi кароткiмi ўдарнымi дазiроўкамi). Iншыя рэкамендуецца прымаць штодзённа. На наш погляд, бесперапынны штодзённы прыём забяспечвае больш роўную надзейную канцэнтрацыю прэпарата, што дазваляе дасягнуць лепшых вынiкаў лячэння. У цяперашнi час у аптэках шмат быццам бы аналагiчных процiгрыбковых прэпаратаў з адной хiмiчнай назвай. Важна памятаць i ведаць, што найбольш эфектыўнымi i бяспечнымi з’яўляюцца арыгiнальныя медыкаменты, а не замяняльнiкi, якiя звычайна больш танныя. Гэта якраз той выпадак, калi «сквапны плацiць двойчы»... Курс тэрапii даволi працяглы — не менш як 3 месяцы пры пашкоджаннi пазногцяў ступняў або 2 месяцы — пазногцяў кiсцяў. Некаторым пацыентам з запаволеным ростам пазногцяў на фоне парушэння iх сiлкавання (часцей — у састарэлых людзей) можа спатрэбiцца яшчэ больш доўгi курс лячэння. У залежнасцi ад формы i складанасцi пашкоджання пазногцевых пласцiнак для дасягнення лепшых вынiкаў прызначаецца камбiнаваная тэрапiя, апаратнае выдаленне пашкоджаных пазногцяў. Важна назiрацца ва ўрача, якi пракантралюе працэс лячэння, пры неабходнасцi скарачаючы або падаўжаючы курс тэрапii. Неабходна таксама правесцi дэзiнфекцыю абутку. Алег ПАНКРАТАЎ, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт кафедры дэрматалогii БелМАПА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З грыбковымi iнфекцыямi можа сутыкнуцца кожны. У цяперашнi час грыбковае паражэнне пазногцевых пласцiн ступняў або кiсцяў — анiхамiкоз — з’яўляецца на
|
|