21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вялiкдзень — дзень вялiкiх перамог: Дня над Ноччу, Жыцця над Смерцю

25.08.2009 21:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

На працягу шэрагу апошнiх стагоддзяў самым галоўным святам вясны ў асяроддзi беларусаў лiчыўся Вялiкдзень. У трактоўцы яго светласцi, выключнасцi i вялiкасцi ляжаць два гiсторыка-культурныя пласты.

З аднаго боку, нашы старадаўнiя продкi ў дзень веснавога раўнадзенства святкавалi самую непаўторную па сваёй сутнасцi падзею ў жыццi космасу i прыроды — канчатковую перамогу Дня над Ноччу. Бог Сонца Ярыла дасягаў такой вышынi i росквiту, якiя дазвалялi яму ўладарыць зямлёй большую частку сутак. Менавiта таму свята пералому ў прыродным колазвароце i атрымала самую празрыстую i зразумелую назву: вялiкi (доўгi) дзень = Вялiк (i) дзень!

З другога боку, з прыходам на ўсходнеславянскiя землi хрысцiянства прыхiльнiкi гэтай веры ў той самы час пачалi адзначаць аналагiчную па сваёй сутнасцi i таксама выключна вялiкую па статусу ў царкоўным календары падзею — Уваскрэсенне Iсуса Хрыста, збавiцеля чалавецтва, якi прыйшоў на Зямлю, каб адмянiць парадак тысячагадовых мiжасабовых i грамадскiх адносiнаў, на якiх грунтавалiся рэлiгii мiнуўшчыны.

Вось гэта выключная падзея — Уваскрэсенне — стала ўшаноўвацца хрысцiянскiмi вернiкамi i таксама атрымала сiмвалiчную назву — Вялiкi дзень, дзень канчатковай перамогi Жыцця над Смерцю, дзень другога нараджэння Збавiцеля, яго цудадзейнага ўваскрэсення.

ХРАНАЛОГIЯ ВЕЛIКОДНЫХ ПАДЗЕЙ

Доўгая, супярэчлiвая, працяглая па часе дарога чалавецтва ад Адама i Евы i да прышэсця Хрыста, заканчвалася надзвычайнай падзеяй — укрыжаваннем таго, хто прыйшоў да людзей, каб даць iм волю i адарыць шчасцем iншага асэнсавання жыцця...

Другая палавiна Вялiкай суботы. У хаце наведзены выключны парадак, пануе перадсвяточны настрой. Прыгатаваны абрадавыя стравы. Iдуць апошнiя прыгатаваннi да ўсяночнага набажэнства. Ва ўсёй гэтай мiтуснi прасочвалiся тры асноўныя лiнii развiцця перадсвяточных падзей.

Па-першае, прыгатаванне страў, якiя трэба будзе асвяцiць i якiя на працягу трох святочных дзён будуць абавязковай абрадавай ежай для ўсёй сям’i i запрошаных гасцей.

Па-другое, пасля прыгатавання ўсiх прысмакаў выконвалася выключнае рытуальнае дзеянне: ва ўсiх хатах на тры вялiкодныя днi ў печы тушылi агонь, якi на працягу астатняй часткi года захоўвалi як самую вялiкую сямейную святыню. У дадзеным выпадку логiка святочных падзей разгортвалася ў адваротным накiрунку.

Смерць збавiцеля — заступнiка ўсяго чалавецтва — трэба было сустрэць усеагульным тушэннем вечна жывога агню.

Па-трэцяе, перадвелiкодная ноч, асаблiва ў час выканання галоўных царкоўных абрадаў, лiчылася момантам, надзвычай спрыяльным для прадказанняў i выканання сакральна-абрадавых дзеянняў, скiраваных на поспех у гаспадарчых справах, паляпшэнне дабрабыту, захаванне здароўя i сямейнага ладу.

Вялiкi дзень пачынаецца з Вялiкай поўначы

Святкаванне Светлага уваскрэсення Хрыстова пачыналася перад самай поўначчу. Настаяцель храма пераносiў на алтар плашчанiцу, якая будзе заставацца там на працягу наступных сарака дзён, аж да самага Ушэсця.

Роўна ў поўнач усё наваколле напаўнялася чароўнай мелодыяй царкоўных званоў. Тым часам святары пры вялiкай колькасцi веруючага люду рабiлi хросны ход вакол храма. Гэта шэсце ўвасабляла сабой наведванне жанчынамi-мiраносiцамi труны гасподняй. Таму людскi натоўп спыняўся каля зачыненай царкоўнай брамы. Святар узыходзiў на прыступкi i з вялiкай радасцю абвяшчаў бадай што самы свяшчэнны воклiч: «Хрыстос уваскрос!» Усе прысутныя ў адзiным парыве падхоплiвалi пачатак лiтургiчнага дыялогу не менш сакральным працягам: «Сапраўды ўваскрос!»

Велiкодная магiя пачатку

Ва ўсходнеславянскiх народаў час, калi рушыў хросны ход, калi пачыналi званiць званы i пры першым вымаўленнi абвесткi аб уваскрэсеннi Хрыстовым, надзяляўся надзвычайным сакральна-магiчным статусам.

Кожны чалавек укладваў у святочную часiну свае памкненнi, iмкнуўся запраграмаваць i рэалiзаваць свае спадзяваннi. Стаўленне да людзей, якiя не былi на ўсяночным набажэнстве, было даволi абразлiвым.

Калi, напрыклад, дзяўчына перадшлюбнага ўзросту не прысутнiчала ў царкве, то пра яе так i казалi: «Хрыстову заутраню праспала». За гэтым парушэннем прадбачылi яе нешчаслiвую долю ў замужжы: муж будзе сварлiвы, раўнiвы ды яшчэ i п’янiцам можа стаць.

Шмат незвычайных дзеянняў было прымеркавана да моманту першага прамаўлення поклiчу «Хрыстос уваскрос!» Сярод славян у ХIХ ст. была пашырана легенда аб тым, што якраз першы поклiч святара ратуе свет ад яго заканчэння.

«Страсная (Хрыстова) свечка — што Божае яечка:

калi долi не маеш, то хутка прыдбаеш»

Асаблiвай пашанай сярод славян карысталася свечка, з якой веруючыя людзi абыходзiлi хросным ходам вакол храма.

Велiкодную свечку на працягу года, да наступнага Вялiкадня, захоўвалi за бажнiцай, разам з грамнiчнай.

Калi грамнiчную свечку выкарыстоўвалi даволi часта як у абрадавых, так i па-за абрадавых сiтуацыях, то велiкодную — толькi ў выключных сiтуацыях, часам безнадзейных. Яе запальвалi пры цяжкiх родах, пры лячэннi цяжкай хваробы, напрыклад, пры псiхiчных захворваннях. Менавiта велiкодную свечку запальвалi пры пабудове новай хаты, а таксама калi закладвалi печ. Лiчылася, што запаленая велiкодная свечка з’яўляецца надзейным абярэгам хаты ад маланкi i пажару.

РЫТУАЛЬНАЕ АСВЯЧЭННЕ СВЯТОЧНАЙ ЕЖЫ

Важнай складовай велiкоднага святкавання з’яўляецца рытуальнае асвячэнне прыгатаваных страў. Навошта ж трэба было асвячаць звыклыя сялянскiя стравы?

Справа ў тым, што напярэдаднi Вялiкадня святкаваўся Белы тыдзень — час развiтання са старым годам (менавiта таму i нявеста на вяселлi ў белым — яна развiтваецца са сваiм родам), а распачынаць новы можна было толькi з незвычайным шляхам прыгатаванай ежы i абавязкова асвечанай.

Рытуал асвячэння святочнай ежы праводзiўся двойчы: або з паўдня i да заходу сонца ў Красную суботу, або ўжо ў Святую нядзелю, ранiцай, з усходам сонейка.

Асвячэнне адбывалася на тэрыторыi вакол храма: у адных выпадках ежу расстаўлялi на спецыяльна прыгатаваных сталах, у другiх — непасрэдна на зямлi. Спачатку рассцiлалi абрус, затым на яго ставiлi галоўную абрадавую страву — «пасху» або кулiч. У сярэдзiну святочнага хлеба ўтыкалi загадзя купленую свечку.

Вакол «пасхi» раскладвалi астатнiя прысмакi: пафарбаваныя яйкi, адно з якiх напалавiну ачышчалi ад шалупiння, «каб святасць лепш прайшла», павэнджанае сала, паляндвiцу, варанае мяса, каўбасу, соль, хлеб, рознае хлебнае печыва. Асвечанае на Вялiкдзень сала лiчылi самым надзейным сродкам пры лячэннi ранак i трэшчын на руках i нагах падчас цяжкай працы летам i восенню.

Уздоўж жывой людской ручаiны iшоў святар са сваёй свiтай i свяцiў вадой не толькi прыгатаваныя стравы, але i людзей. Як толькi святар наблiжаўся да вернiкаў, яны запальвалi свечкi, хрысцiлiся, адорвалi яго хто рублём на ўтрыманне храма, хто чырвоным яйкам для юродзiвых.

Там, дзе не было храмаў, асвячэнне рытуальнай ежы праходзiла гэтаксама як i чацвярговай солi — «на сямi вятрах». Рытуальныя стравы проста пакiдалi на ўсю ноч на дварэ: «Бог усё пасвяцае на дварэ, кладзем у мiску яечкi, хлеб, соль, мяса, i ўсё на дварэ начуе, а назаўтра гэтай ежай i разгаўляемся». У iншых мясцiнах прыгатаваныя стравы крапiлi святой вадой, якую захоўвалi з Вадохрышча.

Аксана КАТОВІЧ,

Янка КРУК.

(Заканчэнне будзе.)

Сiмволiка яйка ў традыцыйнай культуры беларусаў

Бiблейская легенда сведчыць пра тое, што Марыя Магдалiна прыйшла да iмператара Тыберыя з неверагоднай весткай — Iсус уваскрос! Пераканаць таго ў тым, што адбыўся цуд, можна было толькi яшчэ адным фактам цудадзейства. Марыя працягнула ў бок iмператара руку, на якiм ляжала звычайнае яйка, i сказала: «У цябе на вачах гэта яйка зараз пачырванее i гэта будзе сведчаннем цуда ўваскрэсення». Праз некалькi iмгненняў так i здарылася — яйка стала чырвоным.

Хочацца нагадаць, што на Беларусi яйкi не толькi фарбвалi адварам шiлупiння цыбулi, але яшчэ i распiсвалi фарбай — iх называлi пiсанкамi. Iснаваў дакладна вызначаны алгарытм, у адпаведнасцi з якiм вызначалася неабходная колькасць фарбаваных яек. Так, адно яйка трэба будзе пакласцi ў ваду i ўсiм дамачадцам памыць ёю твар перад святочным застоллем. А само яйка падзялiць на столькi кавалачкаў, колькi чалавек прысутнчае за сталом. Затым па аднаму яйку неабходна падарыць кожнаму хрэснiку, сваiм дзецям пакачаць i пагуляць у бiткi. Не забудзьцеся i пра тое, што адно асвечанае яйка трэба ўзяць на Радаўнiцу на могiлкi. Акрамя таго па аднаму пафарбаванаму, але не асвечанаму яйку, трэба пакласцi на кожную магiлку вашых памёршых родных.

Хросныя бацькi з задавальненнем частавалi сваiх хрэснiкаў «велiкоднымi падарункамi», прычым лiчылася абавязковым правiлам адорваць дзяцей не адным, а двума чырвонымi яйкамi. Правiла гэта зусiм не выпадковае: дарослыя тым самым жадалi, каб у будучым цяперашнiя хлопчыкi i дзяўчынкi стварылi свае сем’i (а, значыць, жылi ў пары) i на новым вiтку жыцця прадоўжылi свой род.

У другой палавiне дня ход гасцяванняў набываў адваротны накiрунак. Хросныя бацькi хадзiлi ў госцi да сваiх кумоў, зноў-такi частавалi хрэснiкаў, калi тыя былi дома. Справа ў тым, што як толькi дзецi атрымаюць ад сваiх хросных святочныя падарункi, яны сыходзiлiся ў гурты i пачыналi гуляць у бiткi, прымяняючы ўсялякiя дзедаўскiя хiтрыкi.

Абмен святочнымi вiншаваннямi, свянцонай «пасхай» i фарбаванымi яйкамi быў характэрны i для другой лiнii сваяцкiх адносiнаў: маладыя зяцi хадзiлi ў госцi да сваiх цешчаў. А калi ўлiчыць, што ў кожнай сям’i было ад васьмi да пятнаццацi дзяцей, то зразумела, што ў вiр святочных стасункаў была ўцягнута лiтаральна ўся вёска.

Чырвонае яйка як магiчны сродак

Мы ўжо неаднаразова адзначалi, што фактычна кожны прадмет, якi быў выкарыстаны ў абрадзе, атрымлiваў статус рытуальнага атрыбута i пасля завяршэння абрадавых дзеянняў набываў у вачах людзей здольнасць спрыяць урадлiвасцi зямлi i паляпшэнню дабрабыту, перамагаць хваробы, прыварожваць каханага, засцерагчы чалавека ад кепскага ўздзеяння зайздросных людзей.

Магiчна-прадуцыравальным статусам надзялялася i чырвонае велiкоднае яйка, ды яшчэ асвечанае ў царкве. Н. Сцяпанава (народная знахарка, аўтар шматлiкiх выданняў пра нетрадыцыйныя спосабы лячэння людзей i хатняй жывёлы) сцвярджае: калi дома ў вельмi цяжкiм стане знаходзiцца хворы чалавек, то яго абавязкова трэба пакармiць велiкодным яйкам. У гэтым годзе чалавек не памрэ.

Выключнымi прадуцыравальнымi здольнасцямi надзялялася яйка, якое было атрымана з рук святара напрыканцы святочнага набажэнства. Аднак бадай што найбольшай цудадзейнай сiлай надзялялася тое, яйка, якiм абменьвалiся з першым стрэчным чалавекам.

У этнаграфiчных запiсах зафiксавана даволi шмат спасылак на цудадзейнасць не толькi асвечанага велiкоднага яйка, а i яго шкарлупiння, крошак асвечанага хлеба i iншых страў. Так, Е. Раманаў адзначаў: «Рэшткi ад асвечанага стала (хай сабе гэта будзе лушпiнне з яйка цi костка) спальваюць. Але некаторыя гаспадары збiраюць такiя косткi i перад сяўбою закопваюць iх у зямлю на сваёй нiве: гэта захоўвае пасевы ад буры i граду».

Пасвянцонае яйка — надзейны абярэг

Мы ўжо звярталi ўвагу на тое, што чырвоны кут у хаце выконваў ролю сямейнага храма, у якiм або разам з якiм дамачадцы пражывалi год сонечнага колазвароту, раз за разам быццам бы паўтараючы працэс паступовага i паэтапнага стварэння свету. Кожнае свята пасля яго заканчэння адыходзiла ў нябыт, а своеасаблiвым куфэркам памяцi аб мiнулых абрадавых падзеях быў покуць. Ад кожнага свята ў чырвоным куце заставаўся нейкi атрыбут як пазнака святасцi, як «зарубка» на вянцы сямейнага першатварэння.

Вялiкдзень станавiўся сведчаннем таго, што навакольны свет ўжо ўпарадкаваны i адлюстраваны ў знакавай сiстэме чырвонага кута — не хапала толькi таго, самага галоўнага, дзеля чаго гэта ўсё стваралася, — жыцця. Вось гэты завяршальны крок здзяйсняла мацi-гаспадыня. Пасля вяртання з храма адно асвечанае яйка яна абавязкова клала ў чырвоны кут за абразы. На працягу ўсяго года яно выконвала ролю надзейнага абярэга ад усялякiх непрыемнасцей: ад хвароб дамачадцаў, ад сварак у хаце, ад штукарстваў дамавiка, ад маланкi i пажару. Такое яйка магло ляжаць тры i болей гадоў i не псавалася. У якасцi абрадавага эквiвалента маглi захоўваць за абразамi толькi шалупiнне ад першага з’едзенага яйка.

У беларусаў яйка-абярэг выкарыстоўвалася ў абрадах сельскагаспадарчай i жывёлагадоўчай накiраванасцi. Адно велiкоднае яйка пакiдалi для асвячэння зерня ў час засевак. Яго клалi ў зерне ў тую сявеньку, з якой звычайна гаспадар выконваў самае першае засяванне. Ён браў яйка з сабой у поле i — а) мог перад пачаткам работы з’есцi сам, б) мог закапаць у зямлю, в) мог раскрышыць i рассыпаць па ворыве. Людзi верылi, што выкарыстанне святочнага атрыбута будзе спрыяць захаванню ўраджаю ад маланкi, дажджу i ўсялякiх грызуноў. У некаторых рэгiёнах гэты абрад абстаўлялi далучэннем яшчэ некаторых сакральных атрыбутаў. У зерне, якiм засявалi, клалi крошкi з першага святочнага стала, шкарлупiнне ад першага з’едзенага яйка, а таксама асвечаную або перапаленую «чацвярговую» соль.

Пасрэднiк памiж светам жывых i «светам» памёршых

У дзень веснавога раўнадзенства, калi даўней адзначаўся Вялiкдзень, ушаноўвалася яйка як сiмвал адвечнага прыроднага абнаўлення, пачатку новага цыкла сельскагаспадарчых спраў у жыццёвым колазвароце чалавека.

Ланцужок метамарфоз-пераўвасабленняў на гэтым не заканчваецца. Следам за Вялiкаднем будзе адзначацца галоўнае свята ўшанавання памёршых продкаў — Радаўнiца. У складанай сiстэме яго абрадавых дзеянняў ёсць рытуал «хрыстосавання з мёртвымi», падчас якога своеасаблiвым пасрэднiкам зноў становiцца пафарбаванае яйка.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу шэрагу апошнiх стагоддзяў самым галоўным святам вясны ў асяроддзi беларусаў лiчыўся Вялiкдзень. У трактоўцы яго светласцi, выключнасцi i вя
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика