Мы — кавалi!
Іван БАРАНОЎСКІ
Жодзiнскаму кавальскаму заводу цяжкiх штамповак спаўняецца сёлета 25 гадоў
Напэўна, не варта гаварыць пра пачэснасць кавальскай справы — гэта ўжо аднойчы прынята раз i назаўсёды. I ўсё тут правiльна. Адразу ж зазначым пра iншае, пры гэтым спачатку ўдакладнiм: на Жодзiнскiм кавальскiм заводзе цяжкiх штамповак свае цяжкiя молаты, якiя з неймаверным грукатам апускаюць на вогненныя кавалкi металу па шмат тон, — любоўна называюць малаткамi. Дык вось: малаткi на Жодзiнскiм КЗЦШ, па сутнасцi, грукаюць няспынна, i, можа, менавiта гэты факт якраз i трэба назваць самым адметным. Менавiта гэты факт выступае цi не самым лепшым сведчаннем таго, што справы на Жодзiнскiм КЗЦШ iдуць добра. Словам, прадпрыемства вызначаецца стабiльнай работай i фiнансавай устойлiвасцю. Так — цяпер. Так — пачынаючы недзе з сярэдзiны 90-х гадоў. Аднак у прадпрыемства — юбiлей, i вельмi дарэчы ўспомнiць з гэтай нагоды: а як было раней? А раней, як сведчаць старэйшыя работнiкi прадпрыемства, далёка не заўсёды, скажам так, было гэтак жа добра. Увогуле, стварэнне Жодзiнскага кавальскага завода цяжкiх штамповак самым цесным чынам звязана з актыўным развiццём у рэспублiцы аўтамабiлебудавання, якое пры гэтым стала адчуваць востры дэфiцыт буйнагабарытных паковак i штамповак. Прычым першы пускавы комплекс КЗЦШ прызначаўся выключна для забеспячэння патрэб БелАЗа i ў першую чаргу для забеспячэння яго абадамi колаў; пазней, як будзе сказана нiжэй, прыйшлi сюды са сваiмi заказамi i многiя iншыя прадпрыемствы. Словам, у вынiку лiтаральна побач з больш знакамiтым цяпер БелАЗам i з’явiўся ў Жодзiне кавальскi завод цяжкiх штамповак. I гэта прадпрыемства стала ў сваiм родзе адзiным у рэспублiцы, унiкальным. Унiкальным па магчымасцях свайго абсталявання, якое са шматкiлаграмовых загатовак (па 200—400 кiлаграмаў) лiтаральна лепiць неабходныя формы. Тым, хто ўпершыню патрапiў на КЗЦШ, абавязкова пакажуць вялiзную штамповачную машыну, якая за адзiн «праход» гне з доўгай амаль 10-метровай стальной паласы таўшчынёй 8 мiлiметраў той жа ланжэрон, надаючы яму неабходную канфiгурацыю, ды яшчэ прабiвае ў гэтай паласе больш за 300 адтулiн... На ўсёй постсавецкай прасторы такiх прэсавых машын, падкрэслiваюць на жодзiнскiм заводзе, толькi некалькi. Гэткае ж унiкальнае па сваiх магчымасцях абсталяванне дакладна скручвае, вытрымлiваючы неабходную геаметрыю круга («Адхiленнi не павiнны перавышаць 0,5 мiлiметра», — падкрэслiваюць на заводзе) вялiзныя, амаль у рост чалавека, абады калёсаў, якiмi, зразумела, камплектуюцца БелАЗы... — Дык вось, некалi мы свае абады, вобразна кажучы, качалi на завод БелАЗ па аднаму... Iх чакалi там з нецярплiвасцю, а прадстаўнiкi БелАЗа, па сутнасцi, прападалi на нашым прадпрыемстве, — прыгадвае камерцыйны дырэктар КЗЦШ Васiль Бараноўскi... А яшчэ ён расказвае: у той час гэтыя два жодзiнскiя заводы, КЗЦШ i БелАЗ, уваходзiлi ў адно i тое ж вытворчае аб’яднанне, адпаведна — яны маглi ўзгадняць памiж сабой кадравую палiтыку або абменьвацца тымi ж кадрамi, спецыялiстамi. Дык вось, калi з БелАЗа адпраўлялi сваiх спецыялiстаў на КЗЦШ, гэта для апошнiх выглядала своеасаблiвым пакараннем. «Адпраўлялi як у ссылку»... Такiмi былi вынiкi станаўлення (так, гэта быў менавiта этап станаўлення, якое ва ўсiх нялёгкае), выдаткi нялёгкай вучобы яго людзей кавальскаму рамяству. Зусiм маладое на той час прадпрыемства ў поўнай меры выпрабавала i ўсе прыгажосцi распаду савецкай краiны. «Мы разам з ёй праходзiлi ўвесь гэты развал. Трэба было нанава вызначацца з партнёрамi, думаць, як працаваць i жыць далей», — прыгадваюць таксама на КЗЦШ. Прычым наконт гэтага была дадзена ўстаноўка, так сказаць, на поўную самастойнасць. Усё гэта «праходзiў» i цяперашнi кiраўнiк Жодзiнскага КЗЦШ Фёдар Пiнчук, якога, па сутнасцi, накiравалi сюды з БелАЗа «на прарыў». Дарэчы, варта ўдакладнiць: якраз у той час практыкавалi выбары кiраўнiкоў непасрэдна працоўнымi калектывамi. Прайшоў праз гэту выбарчую працэдуру i Фёдар Пiнчук. Ды так i патрапiў разам са сваiмi паплечнiкамi ў самае што нi ёсць полымя гарачай кавальскай справы... Цяпер на прадпрыемстве таксама прыгадваюць: некалi амаль уся яго дзейнасць засноўвалася на бартэрных схемах, «жывых» грошай, ад усяго заробленага, паступала на рахунак толькi каля 5 працэнтаў. Адпаведна, людзям па некалькi месяцаў не маглi выплацiць заработную плату... У той час трэба было вызначыцца са стратэгiяй развiцця прадпрыемства, i ў першую чаргу зрабiць правiльны выбар асноўных партнёраў. Зразумела, кавальскае прадпрыемства само па сабе, са сваiм прамежкавым прадуктам, самастойна iснаваць не магло, амаль уся яго дзейнасць залежала ад iншых прадпрыемстваў, ад iх заказаў... На Жодзiнскiм КЗЦШ зрабiлi стаўку на пераважнае забеспячэнне сваiмi цяжкiмi пакоўкамi аўтамабiлебудаўнiкоў Мiнскага аўтамабiльнага завода. I гэта, як перакананыя тут цяпер, быў правiльны выбар. * * * Зусiм нядаўна на Жодзiнскiм КЗЦШ праходзiла прафсаюзная канферэнцыя, на якой абмяркоўвалiся вынiкi выканання калектыўнага дагавора. Пры гэтым прагучала: цяпер, каб нармальна жыць i ўтрымлiваць як належыць сваю сям’ю, трэба зарабляць каля 750 тысяч рублёў. Што паказвае адносна гэтага заводская статыстыка? У студзенi сярэдняя заработная плата на КЗЦШ склала 650 тысяч рублёў. Карацей кажучы, крыху не дацягваюць тут да пажаданых лiчбаў. Што застаецца? Яшчэ больш нарошчваць аб’ёмы вытворчасцi. Гэтыя грошы, як зазначыў на той жа канферэнцыi намеснiк дырэктара прадпрыемства па эканамiчных пытаннях Алег Гiрс, трэба менавiта зарабiць. I, можна меркаваць, пажаданы рубеж у заработнай плаце, хоць, можа, i не так хутка, будзе ўзяты. Прадпрыемства, па вынiках мiнулага года, прыбавiла да сваiх аб’ёмаў больш за 17 працэнтаў, выканала ўсе заключаныя iм дагаворы па пастаўках, мела ў сваiх аб’ёмах 7,9 працэнта экспартнай прадукцыi; на iм летась знiзiлi энергаспажыванне (на адзiнку прадукцыi) на 11 працэнтаў. «Мы не маем нiякiх запазычанасцяў нi па падатках у бюджэт, нi па аплаце энергарэсурсаў, — зазначае Алег Гiрс. — Ды i цi дазволiлi б нам такую раскошу?..» А яшчэ ён дадае: «Увогуле ж, ёсць аб’ёмы, ёсць работа ў нашых асноўных спажыўцоў — значыць, усё добра i ў нас». * * * Як зразумела ўжо, асноўны спажывец жодзiнскiх цяжкiх штамповак — Мiнскi аўтамабiльны завод, на яго долю прыпадае каля 60 працэнтаў усiх аб’ёмаў КЗЦШ (каля 15 працэнтаў забiрае БелАЗ, па некалькi працэнтаў iдуць на Мiнскi завод колавых цягачоў, маторны завод i iншыя прадпрыемствы. Пры гэтым Жодзiнскi КЗЦШ забяспечвае сваiмi штампоўкамi i ўкраiнскiх вытворцаў КРАЗаў, шэраг расiйскiх прадпрыемстваў)... Адпаведна, большая частка планаў жодзiнцаў звязана з работай менавiта мiнскiх аўтамабiлебудаўнiкоў. Пры гэтым жодзiнцы робяць немалы ўклад у агульную справу, якая датычыцца дасягнення мiнскiмi аўтамабiлямi еўрапейскiх стандартаў «еўра-3» i «еўра-4». У свой час на КЗЦШ асвоiлi выпуск еўрадыскаў, якiя iдуць пад бескамерныя шыны аўтамабiляў, сталi выпускаць удасканаленую канструкцыю картэра задняга моста... Сёння перад калектывам Жодзiнскага КЗЦШ пастаўлена новая задача: асвоiць вытворчасць тых жа картэраў задняга моста з прыварнымi цапфамi (з дапамогай апошнiх мацуюцца потым колы аўтамабiля). Згодна з iснуючай тэхналогiяй, цапфы iдуць у зборцы з картэрам, а гэта, зазначаюць на КЗЦШ, лiшнiя злучэннi, што не зусiм добра. Словам, асваенне новай тэхналогii — гэта яшчэ большая падгонка мiнскага аўтамабiля пад «еўра»... Выкананне даручэння мiнскiх аўтамабiлебудаўнiкоў запатрабавала тэхнiчнага перааснашчэння на КЗЦШ адпаведнага ўчастка. На iм цяпер стаiць новая iмпартная машына, якая прыварвае тыя ж цапфы метадам трэння, 1,5 мiльёна еўра каштавала яна заводу... На новую тэхналогiю на ўчастку наладжваецца або ўжо працуе i iншае абсталяванне. Цеснае супрацоўнiцтва з МАЗам, пераважная арыентацыя на яго заказы прыносяць Жодзiнскаму КЗЦШ неблагiя дывiдэнды. МАЗ працуе стабiльна, значыць стабiльна працуюць i жодзiнцы. Мiнскi аўтазавод нямала дапамагае жодзiнскаму прадпрыемству, падкрэслiваюць тут, у яго тэхнiчным перааснашчэннi. Але разам з тым i трымае жодзiнскае прадпрыемства ў жорсткiх цэнавых рамках. * * * Тым не меней, безумоўна, асноўныя грошы, пераважную iх масу КЗЦШ зарабляе ў сваiх асноўных жа партнёраў, на тым жа Мiнскiм аўтамабiльным заводзе, словам, зарабляе на сваiх цяжкiх пакоўках i штампоўках. А разам з тым на iм не цураюцца iншых вiдаў дзейнасцi, якiя прыносяць дадатковы даход. — На заводзе стала больш вяселляў, — з гэткай вясёлай усмешкай паведамiлi нам падчас экскурсii па iм. I тут жа паказалi цэх, у якiм размясцiлася вытворчасць, якая ну яўна не стасуецца з гарачай кавальскай справай, пра якую раней тыя, хто ўзводзiў КЗЦШ, нават не маглi i падумаць... А ў гэтым цэху працавалi швачкi, якiя шылi жаночую бялiзну. Швачкi — ад «Мiлавiцы», якая арандуе тут адпаведныя свабодныя плошчы... Дарэчы, справа тут, можа, не толькi ў тым, што на Жодзiнскiм КЗЦШ аказалiся свабодныя плошчы, i трэба было iх неяк задзейнiчаць. Як добра вядома, Жодзiна па прафесiйнаму прызнаку — горад пераважна мужчынскi. Вось, можа таму вельмi заканамерным стала з’яўленне на Жодзiнскiм КЗЦШ жаночага цэха «ад «Мiлавiцы»? Дарэчы, гэтаму цэху — толькi два гады. А мiж тым, лёгкую прамысловасць на Жодзiнскiм КЗЦШ ужо даўно няблага асвоiлi. Так, тут некалi арганiзавалi ўчастак, на якiм сталi вырабляць гардзiннае палатно. Гэта было ў той час, калi прадпрыемству востра не хапала жывых грошай. Вось i спатрэбiўся больш хадавы тавар. Лёгкая прамысловасць, якую на Жодзiнскiм КЗЦШ раней наладзiлi, так i засталася, яна нават пашырыла свой асартымент: так, тут сталi яшчэ шыць рабочае адзенне. Праект Жодзiнскага КЗЦШ некалi не прадугледжваў i iншых накiрункаў яго цяперашняй дзейнасцi, у прыватнасцi — вытворчасцi дэталяў i вузлоў да сельскагаспадарчых машын i механiзмаў, а таксама вырабу аснасткi для цагельнай вытворчасцi (зразумела, цяпер гэтыя вiды дзейнасцi тут ёсць, прычым яны не проста прыносяць прыбытак — у вынiку больш рацыянальна выкарыстоўваецца метал); гэты праект не прадугледжваў i цяперашняга фармавання тратуарнай плiткi, iншых вырабаў... — Наш жыллёва-будаўнiчы кааператыў 100-кватэрны дом будуе, там усё спатрэбiцца, — патлумачыў намеснiк дырэктара па iнфармацыйнай рабоце i наш гiд па вытворчасцi Мiхаiл Бяляўскi. Пры гэтым тут жа варта ўдакладнiць: паводле слоў Мiхаiла Бяляўскага, заводскiм забудоўшчыкам пры ўзвядзеннi iмi ўласнага жылля нямала дапамагае прадпрыемства. На КЗЦШ наладзiлi таксама вытворчасць асобных гаспадарчых тавараў (напрыклад, накладных петляў для дзвярэй), камплектуючых для мэблевай вытворчасцi; нават арганiзавалi сваю невялiкую, пераважна для патрэб сваiх работнiкаў, хлебапякарную вытворчасць. Пры гэтым можам смела засведчыць: хлеб — выдатны. * * * Тэхнiчная палiтыка на Жодзiнскiм кавальскiм заводзе цяжкiх штамповак накiравана ў першую чаргу на ўдасканаленне тэхналагiчных працэсаў, а таксама на эканомiю палiўна-энергетычных рэсурсаў, металу. Што ў гэтым плане робiцца? Тут загатоўкi паступова пераводзяцца з так званай свабоднай коўкi на больш дакладную штампоўку; таксама ажыццяўляецца паэтапны пераход ад награвання загатовак у газавых печах да iндукцыйнага награвання металу токамi высокай частаты. Усё гэта дазваляе змяншаць вагу загатовак, падаўжаць тэрмiн службы штампаў, пазбаўляцца ад акалiны, а таксама эканомiць энергарэсурсы. Дарэчы, тэхналогiя iндукцыйнага награвання металу ўжо добра асвоена на КЗЦШ яшчэ раней, цяпер жа яе пашыраюць на iншыя вырабы. Апошнiм часам на КЗЦШ укаранiлi плазменны раскрой лiставога пракату; немалыя змены закранулi загатоўчы ўчастак. На прадпрыемстве хутка павiнны задзейнiчаць лiнiю грунтавання ланжэронаў (а варта нагадаць: гэта вельмi адказны элемент аўтамабiля; па сутнасцi, на ланжэронах увесь ён i трымаецца, мацуецца), што будзе добра засцерагаць iх у працэсе эксплуатацыi ад уздзеяння карозii... Разам з тым на КЗЦШ занепакоены немалым спажываннем электраэнергii кампрэсарнымi станцыямi, якiя з дапамогай сцiснутага паветра i прыводзяць у дзеянне тыя ж магутныя молаты i штампы; патрабуе больш дасканалага тэхнiчнага аснашчэння iнструментальна-штампавая гаспадарка прадпрыемства. Увогуле, на Жодзiнскiм КЗЦШ за апошнiя два гады зафiксаваны высокiя тэмпы ўкладанняў iнвестыцый у асноўны капiтал, тым не менш, узровень зносу актыўнай часткi асноўных фондаў трымаецца на даволi значнай велiчынi. Дарэчы, гэта можа служыць сведчаннем таго, што не так ужо i лёгка даецца калектыву Жодзiнскага КЗЦШ яго цяперашняя стабiльная i ўпэўненая работа. I ў сувязi з гэтым жа, можа, асаблiва трэба вылучыць наступнае: сiстэма кiравання якасцю на Жодзiнскiм КЗЦШ атэставана на яе адпаведнасць высокiм мiжнародным стандартам ISО 9001. «Iначай i не можа быць, — падкрэслiваюць на КЗЦШ. — На Мiнскiм аўтамабiльным заводзе (а гэта, нагадаем, пераважны спажывец жодзiнскiх паковак i штамповак) актыўна рыхтуюцца да вытворчасцi новага сямейства аўтамабiляў. Гэтыя аўтамабiлi, варта нагадаць, павiнны адпавядаць патрабаванням «еўра-3» i «еўра-4». Карацей кажучы, работнiкi Жодзiнскага КЗЦШ нясуць не меншую адказнасць за высокiя эксплуатацыйныя характарыстыкi тых жа мiнскiх аўтамабiляў, чым непасрэдна самi аўтамабiлебудаўнiкi. I, напэўна, далёка не выпадкова работнiкi КЗЦШ у свой час, калi перадавалi гораду аўтобус, якi ходзiць тут цяпер па аднаму з пасажырскiх маршрутаў (пра гэта расказаў намеснiк галоўнага металурга прадпрыемства Сяргей Янкоўскi), зрабiлi на iм такi надпiс: «Нi МАЗ, нi БелАЗ не паедуць без нас». Сапраўды, не паедуць... I на заканчэнне гэтай тэмы наступны факт: на Жодзiнскiм КЗЦШ, згодна з даручэннем прэзiдэнта краiны, нядаўна распачалi падрыхтоўку да вытворчасцi тут каленчатых валаў для шасцiцылiндравых рухавiкоў, якiя збiраецца выпускаць Мiнскi маторны завод. * * * Яшчэ раз прыгадаем юбiлейную дату прадпрыемства. Да яе, дарэчы, пакуль што няблiзка, тым не менш, ужо цяпер да яе тут актыўна рыхтуюцца. У прыватнасцi, выдадзены загад, у якiм пералiчаны пэўныя мерапрыемствы: аб’яўлена эканамiчнае спаборнiцтва да гэтай даты (вядома ж, з падвядзеннем вынiкаў i матэрыяльным заахвочваннем), намечана прысваенне шэрагу работнiкаў звання «Ветэран працы»; мяркуецца арганiзаваць музей прадпрыемства... — Юбiлей — гэта добрая падстава для таго, каб лiшнi раз азiрнуцца назад, ацанiць пры гэтым, што добрага зроблена, а што, можа, i ўпушчана, — зазначае дырэктар Жодзiнскага КЗЦШ Фёдар Пiнчук. — Гэта таксама добрая нагода, каб больш уважлiва паглядзець на сацыяльны блок пытанняў, якiя вырашаюцца ў калектыве, цi, дакладней, паглядзець на тое, як яны вырашаюцца. Безумоўна, нам у гэтым, сацыяльным, плане трэба першачарговую ўвагу звярнуць на паляпшэнне ўмоў працы людзей. Яны самi ж пра гэта гаварылi на нядаўняй прафсаюзнай канферэнцыi, на якой прымаўся калектыўны дагавор. Практычна ўсе пытаннi, што ўзнiмалiся на ёй, — вырашальныя, трэба толькi давесцi iх да адпаведных службаў. — Застаецца дадаць, — падагульняе Фёдар Макаравiч, — многiя на заводзе ганарацца сваёй працай, сваiм прадпрыемствам. I належыць усё рабiць для падтрымання i ўмацоўвання гэтага добрага iмiджу нашай пачэснай справы. * * * P.S. Падчас наведвання КЗЦШ i самога горада нельга было не звярнуць увагi на жодзiнскiя дарогi. Карацей кажучы, дрэнныя ў Жодзiне дарогi, што, вядома, зусiм не радуе яго жыхароў, а ў тым лiку i работнiкаў Жодзiнскага КЗЦШ. Апошнiя пры гэтым вельмi справядлiва даводзяць: а плацяць жодзiнскiя прадпрыемствы, у прыватнасцi, добра вядомы БелАЗ ды таксама няблага вядомая Жодзiнская фабрыка верхняга трыкатажу, сам КЗЦШ немалыя падаткi... Словам, пытанне, тут, як кажуць, ёсць. Мы, напрыклад, вельмi часта ганарымся нашымi магутнымi БелАЗамi. Але цi заўсёды памятаем, што ва ўсiм гэтым — прамая заслуга работнiкаў Беларускага аўтамабiльнага завода (ды, як зразумела з ужо сказанага вышэй, — у немалой ступенi i работнiкаў КЗЦШ), якiя тут, у Жодзiне, не толькi i не проста працуюць, але i жывуць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жодзiнскаму кавальскаму заводу цяжкiх штамповак спаўняецца сёлета 25 гадоў |
|