Калi бусел пераблытаў акенца
(Пачатак у нумарах за 12, 14, 18 і 19 красавіка.)
На пытаннi чытачоў адказвалi Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, i Валянцiна МАГЛЫШ, псiхолаг цэнтра. — Звонiць вам Аляксандра Iванаўна з Гомельшчыны. Адзiнаццаць гадоў таму мы з сястрой узялi пад апеку дзвюх дзяўчынак з дзiцячага дома. Тады iм было па 4 гады. I ў мяне, i ў сястры былi свае дзецi, праўда, падгадаваныя. А гэтыя дзяўчынкi былi надзвычай хваравiтыя, таму мы з сястрой вырашылi работу кiнуць, каб мець магчымасць больш iмi займацца. Абедзве сястрычкi выраслi вельмi добрыя, сцiплыя i разумныя, iх любяць i старэйшыя нашы дзецi. Чатыры гады таму я сваю ўдачарыла. Атрымлiваю выплату на яе — 132 тысячы рублёў. Цi праўда, што грошы гэтыя будуць толькi да 16 гадоў? — Сапраўды, гэтыя грошы вы будзеце атрымлiваць пакуль дзяўчынцы не споўнiцца шаснаццаць. Так устаноўлена ўказам прэзiдэнта адносна прызначэння выплат на ўсыноўленых дзяцей. Апякунства дазваляе атрымлiваць дапамогу да 18 гадоў, калi дзiця працягвае навучацца. Выплаты прыпыняюцца, калi яно працаўладкоўваецца, цi рэгiструецца ў Цэнтры занятасцi. А калi дзецi навучаюцца ў ВНУ, то дапамога iдзе да 23 гадоў. — Скажыце, цi будзе мець мая дзяўчынка нейкiя льготы пры паступленнi? — Пасля таго, як вы яе ўдачарылi, яна пазбавiлася статуса сiраты, значыць i нiякiх льгот яна таксама не мае. Яна будзе паступаць так, як паступаюць усе дзецi, якiя маюць бацькоў. — Можа я горш зрабiла ёй тым, што ўдачарыла? Цяпер жа i не ведаю, цi зможам мы плацiць за яе вучобу: адзiн мой сын будуецца, другi платна вучыцца — цяжка... — Дык на платныя аддзяленнi i няма нiякiх iльгот для сiрот. Iльготы пры паступленнi для дзяцей-сiрот ёсць толькi ў дзяржаўных ВНУ з дзённай формай навучання. У платных аддзяленнях, недзяржаўных ВНУ — толькi па дамоўленасцi, але рэктараты не вельмi хочуць iсцi на такiя ўмовы. Вы далi дзiцяцi непараўнальна больш, чым магла б даць дзяржава: адчуванне, што ты такi як усе, што цябе безаглядна любяць i прымаюць. Гэта — шчасце. — Але вось аднойчы я падслухала, як дачка казала сваёй сястрычцы, якая засталася пад апекай: «Ну i што, што мяне ўдачарылi, нiчога не змянiлася». Вельмi балюча было... — Мы ж не ведаем, чаму памiж дзяўчынкамi адбылася такая размова. Магчыма, адна зайздросцiла, а другая наадварот iмкнулася заспакоiць сястру. Часта ж бывае, што людзi такiм чынам адгаворваюцца, каб iм не зайздросцiлi. Яшчэ можа быць прычына ў тым, што вы ўдачарылi дзяўчынку, калi тая была ўжо вялiкая. На той момант яна яшчэ не ўсведамляла важнасцi гэтага, але чым далей будзе сталець, тым больш будзе разумець, наколькi важны крок быў зроблены ў адносiнах з бацькамi. — Дзякуй вам за гэтыя словы. Але вось яшчэ што. Мне 51 год, маю 17-гадовы працоўны стаж: з 40 гадоў, як забрала дзiця, не працую. Скажыце, з якога ўзросту я буду атрымлiваць пенсiю? Цi мае якое значэнне, што выгадавала траiх дзяцей? I якi стаж мне будзе залiчаны? — Права на датэрмiновую пенсiю — у 50 гадоў — маюць мацяркi пяцярых i больш дзяцей, якiя выхавалi iх да 8-гадовага ўзросту. Пры гэтым усыноўленыя дзецi прыраўноўваюцца да народжаных гэтай жанчынай. Значыць, вы пенсiю будзеце атрымлiваць у 55 гадоў, як усе. Таксама ў стаж залiчваецца час догляду мацi, якая не працуе, за дзецьмi, але не больш, чым да дасягнення кожным дзiцем трох гадоў. Прычым у суме — не больш за 9 гадоў. Так будзе з часам, якi вы прысвяцiлi першым сваiм дзецям. Калi б вы ўдачарылi немаўля, то мелi б права i на дэкрэтны водпуск па догляду за iм, i, пакуль малому не споўнiлася б тры гады, вам залiчваўся б стаж. Але ж дзяўчынцы ўжо было 4 гады... — Добры дзень. Маё iмя — Надзея Iванаўна. Мая сястра вам званiла. Гэта мы з ёй узялi дзвюх дзяўчынак з дзiцячага дома. Я атрымлiваю дзяржаўную дапамогу 132 тысячы рублёў за апякунства i дапамогу па страце кармiцеля — 107 тысяч. Сама кiнула работу, як толькi дзяўчынка з’явiлася ў мяне дома. Яны сапраўды вельмi часта хварэлi, а мы iх выцягнулi: малако, казiны тлушч i мёд давала ранiцай i ўвечары... Але зараз нам вельмi цяжка з грашыма. Мне 55 гадоў, атрымлiваю пенсiю 132 тысячы. Муж перажыў iнсульт, з-за чаго згубiў працу... Цi можам мы разлiчваць яшчэ на якую дапамогу, і льготы? — Вы можаце прэтэндаваць на змяненне статуса, перайсцi на форму прыёмнай сям’i. Трэба падаць заяву ў аддзел адукацыi аб арганiзацыi прыёмнай сям’i. — Я яшчэ пяць гадоў таму хацела гэта зрабiць, але ад мяне адмахнулiся, сказалi, што не падыходжу... — Чаму не падыходзiце? Яны не мелi рацыi. Калi б пяць гадоў таму перавялi вас на статус прыёмнай сям’i, то яшчэ i стаж бы налiчваўся. Цяпер на стажы гэта не адлюструецца, бо ў вас ужо пенсiйны ўзрост, але гэта не павiнна стаць перашкодай для ўтварэння прыёмнай сям’i. — Добрага здароўя! Званю вам з Мядзельскага раёна, завуць мяне Алесь. Нядаўна мы з жонкай прыехалi ў вёску, у нас ёсць свае дзецi — два хлопчыкi. Ёсць свой дом, але невялiкi — 54 квадратныя метры. Скажыце, цi можам мы яшчэ ўзяць дзiця ў сваю сям’ю? — Гледзячы пра якую форму ўладкавання дзiцяцi вы кажаце. Для стварэння дзiцячага дома сямейнага тыпу неабходна, каб на кожнага прыпадала не менш за 15 квадратных метраў жылой плошчы. У Палажэннi аб прыёмнай сям’i не ўказана, колькi метраў павiнна ў вас быць, але дакументы аб наяўнасцi жылля збiраюцца ва ўсiх выпадках. Орган апекi вывучае жыллёвыя ўмовы людзей i дае заключэнне аб iх магчымасцi ўладкаваць у сваю сям’ю дзiця з iнтэрнатнай установы. — Пры якой форме ўладкавання дзiцяцi будзе захоўвацца стаж у маёй жонкi? — Стаж захоўваецца i заробак выплачваецца, калi ваша жонка арганiзуе прыёмную сям’ю i будзе працаваць прыёмнай мамай. — А якая форма самая лепшая для самога дзiцяцi? — Самая лепшая форма ўладкавання дзiцяцi — усынаўленне. — Нягледзячы на тое, што яно губляе льготы, устаноўленыя для дзяцей-сiрот? — Мы разважаем пра льготы, нiбыта ў iнтарэсах дзiцяцi. Але пры гэтым рэдка задумваемся пра тое, што статус сiраты — вельмi нiзкi сацыяльны статус, непрэстыжны. Дзiцяцi лепей насiць прозвiшча бацькоў, жыць у нармальнай сям’i i нiчым не адрознiвацца ад iншых. I непатрэбныя яму гэтыя льготы. Яны паказчык таго, што ў чалавека ў жыццi нешта не так. Акрамя таго не трэба забываць пра тое, што ўсе льготы маюць часовы характар. А што дзiця атрымлiвае ў працэсе ўсынаўлення? Яно атрымлiвае ўсе праваадносiны са сваiмi бацькамi. Гэта права i на маёмасць, i на спадчыну. — А калi ўсынаўляюць, то наяўнасць пэўных квадратных метраў на чалавека таксама мае значэнне? — Канешне, мае. У дзiцяцi павiнна быць месца, дзе яно будзе спаць, дзе яно будзе рабiць урокi. Але, я думаю, калi органы апекi складаюць акт даследавання жыллёвых умоў усынавiцеляў, то не заўсёды кiруюцца наяўнасцю метраў. У нас ёсць выпадкi, калi ўсынавiцелi пражываюць у iнтэрнаце. Калi ў дадзеным жылым памяшканнi ўмовы для дзiцяцi будуць створаны, то чаму яму не жыць разам з добрымi бацькамi? Мы ж таксама не ўсе жывём у палацах i пры гэтым нараджаем i гадуем дзяцей, не думаючы аб тым, колькi метраў на каго прыпадае. «Прамую лiнiю» правялi Ларыса ЦIМОШЫК i Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў адказвалi Вольга ДЗМIТРЫЕВА, намеснiк дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, i Валян |
|