Перажылi... Будзем жыць
Дваццаць гадоў таму, калi неўтаймаваны «мiрны» атам выбухнуў на Чарнобыльскай АЭС, першымi яго ўдар прынялi Хойнiцкi, Брагiнскi i Нараўлянскi раёны. Што толькi нi перажылi людзi тады: эвакуацыю, дэзактывацыю, высяленне, вяртанне ў родныя мясцiны... Людзi выжылi, выстаялi i закасаўшы рукавы ўзялiся за аднаўленне сваёй «малой радзiмы». Што iмi зроблена за гэты час, як ператварыўся i ператвараецца гэты палескi край, якiя задачы «кладуцца» на плечы мясцовай улады? Аб гэтым мы папрасiлi расказаць старшынь раённых саветаў дэпутатаў.
Ала НАВУМЧЫК, старшыня Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў: — У вынiку чарнобыльскай катастрофы ў раёне было лiквiдавана пяць калгасаў i саўгасаў, выведзена з сельгасабароту 20 353 гектары зямель, «пасыпаных» радыеактыўнымi iзатопамi. У раёне ў 1986 годзе жыло 27 900 чалавек у 74 населеных пунктах, сёння ж гэты паказчык адпаведна 16 400 i 36. З васьмi да пяцi скарацiлася колькасць сельсаветаў, i на вёсцы засталося працаздольнага насельнiцтва 1832 чалавекi (пры колькасцi яго ў 1986 годзе 7601 чалавек). Вось такая сумная статыстыка. Наогул быў час, калi стаяла пытанне аб лiквiдацыi раёна як адмiнiстрацыйнай адзiнкi. На шчасце, такога не здарылася, i зараз дакладна можна сцвярджаць, што жыццё ў нас не проста працягваецца, а iдзе наперад дзякуючы таму, што былi распрацаваны i дзейнiчаюць дзяржаўныя праграмы па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Возьмем, напрыклад, мiнулую пяцiгодку. Тады ў строй у райцэнтры ўступiлi дзiцячы садок i прыбудова сталовай у сярэдняй школе № 1 на дзвесце месцаў, былi пабудаваны 104 кватэры тут жа i дзвяць дамоў сядзiбнага тыпу на вёсцы за кошт «чарнобыльскiх сродкаў» фiнансавання, пракладзена 12 кiламетраў газаправода, «блакiтнае» палiва з’явiлася ў 1200 дамах. За гэты ж час на аздараўленне школьнiкаў зрасходавана чатыры мiльярды рублёў, а на харчаванне iх — 2797 мiльёнаў. Мы будавалi i будуем жыллё для iнтэлiгенцыi на вёсцы, дзякуючы чаму вырашана праблема кадраў настаўнiкаў i педагогаў. У кожнай вёсцы працуюць свой камiтэт або стараста, i з гэтымi органамi самакiравання мы падтрымлiваем самы цесны кантакт. Ужо сем гадоў за кожным населеным пунктам замацаваны адказныя работнiкi райвыканкама i дэпутаты. Пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў я ўжо не кажу. Яны ў нас, асаблiва ў райцэнтры, дагледжаныя. Нароўля, напрыклад, у 2001—2002 гадах стала лепшым райцэнтрам па добраўпарадкаванню ў вобласцi сярод гарадоў сваёй катэгорыi. Мы дабiлiся таго, што рамонт падворкаў, агароджаў людзi на 80 працэнтаў сталi рабiць самi. Але мы ведаем, над чым працаваць далей, якiя ў нас «вузкiя» месцы. Гэта — ненармальнае водазабеспячэнне на сяле, вялiкая колькасць дамоў, якiя пустуюць, беспрацоўе ў 1,8 працэнта, нездавальняючае кадравае забеспячэнне ў сельскай гаспадарцы квалiфiкаванымi спецыялiстамi, пераспецыялiзацыя КСУПаў i СВК. Пётр РАМАНЮК, старшыня Брагiнскага раённага Савета дэпутатаў: — Радыеактыўныя iзатопы «пакрылi» лiтаральна ўсю тэрыторыю нашага раёна, прычым больш чым 60 працэнтаў яе мае шчыльнасць забруджвання цэзiем звыш пяцi кюры на квадратны кiламетр. Да зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем аднесены 21 населены пункт, а з правам на адсяленне — 63. Не буду пералiчваць страты, нанесеныя раёну чарнобыльскай навалай, а скажу толькi, што за гэтыя дваццаць гадоў мы змянiлi, бо галоўнай нашай задачай стала навучыцца жыць i працаваць на забруджанай зямлi без шкоды для ўласнага здароўя. Першымi ў вобласцi мы стварылi акушэрска-гiнекалагiчны i педыятрычны комплексы ТМА, якiя аб’ядноўваюць стацыянарную i полiклiнiчную дапамогу ў адзiную, што дазваляе эфектыўна i своечасова вырашаць многiя праблемы. Адкрыта аддзяленне рэанiмацыi i iнтэнсiўнай тэрапii. Дзякуючы ўкамплектаванню акушэрска-гiнекалагiчнай службы сучасным дыягнастычным абсталяваннем, наяўнасцi квалiфiкаваных кадраў удалося знiзiць перынатальную смяротнасць да 5,8 працэнта, а дзiцячую звесцi да нуля. Летась у раёне нарадзiлася 173 дзiцяцi. У Брагiнскай сярэдняй школе, напрыклад, ужо стала цесна i даводзiцца займацца ў дзве змены, таму робiм прыбудову да яе. Мы падлiчылi, што ўжо праз шэсць гадоў сюды прыйдзе вучняў больш, чым пойдзе адсюль выпускнiкоў. I гэтаму ёсць прычыны: у раён прыехала моладзь, якая атрымала работу i жыллё, пусцiла тут каранi... Можна сказаць, што раён перажывае другое нараджэнне. Вядзецца будаўнiцтва жылля на сяле, капiтальны рамонт аб’ектаў сацкультбыту, рэканструкцыя магазiнаў, актыўна займаемых добраўпарадкаваннем. I тут памочнiкамi раённых органаў улады з’яўляюцца сельскiя саветы, задача якiх — стварыць умовы для камфортнага пражывання людзей i настроiць iх на добрую работу. А да прыярытэтных напрамкаў у далейшым развiццi раёна адносяцца газiфiкацыя, будаўнiцтва жылля, стварэнне новых рабочых месцаў, над чым мы i будзем працаваць. Валянцiн БАРАНАЎ, старшыня Хойнiцкага раённага Савета дэпутатаў: — Цяжкая чарнобыльская спадчына i ў нашага раёна: эвакуiравана i адселена звыш 20 тысяч чалавек, перасталi iснаваць 49 населеных пунктаў са ста, лiквiдавана 7 калгасаў i саўгасаў, закрыты дзесяткi аб’ектаў сацкультбыту, з карыстання выведзена 88 тысяч гектараў зямлi. Нягледзячы на гэта, раён з году ў год нарошчвае аб’ёмы вытворчасцi прадукцыi ва ўсiх галiнах эканомiкi. Штогадовае наведванне прэзiдэнта краiны дадае нам упэўненасцi ў тым, што дзяржава i ў далейшым будзе клапацiцца пра бяспечныя ўмовы пражывання людзей. За апошнiя дзесяць гадоў у раёне газiфiкавана 1500 дамоў, у сельскай мясцовасцi пабудавана 54 дамы, пракладзена 18 кiламетраў водаправода, працягваецца пераспецыялiзацыя сельскай гаспадаркi. У той жа час неабходна вырашыць шэраг праблем. Так, у раёне газiфiкавана толькi 14 працэнтаў населеных пунктаў, у многiх з iх не закончана рэканструкцыя водаправодных сетак. У райцэнтры i некаторых вёсках няма асфальту. Больш паступова трэба вырашаць i праблему ўтрымання стронцыю-90 у сельгаспрадукцыi, бо ў раёне 80—90 працэнтаў вырашчанага збожжа выкарыстоўваецца толькi на фуражныя мэты. Запiсаў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дваццаць гадоў таму, калi неўтаймаваны «мiрны» атам выбухнуў на Чарнобыльскай АЭС, першымi яго ўдар прынялi Хойнiцкi, Брагiнскi i Нараўлянскi раёны. Ш |
|