21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Як выкарыстоўваем турыстычны патэнцыял?

25.08.2009 21:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Барыс ПРАКОПЧЫК

ШАНУЙ СВАЁ

На тэрыторыi Гродзеншчыны знаходзiцца больш за 60 працэнтаў усiх гiстарычных помнiкаў, што ёсць у Беларусi, а апроч iх — яшчэ памятныя мясцiны, звязаныя з Мiцкевiчам, Ажэшка i многiмi iншымi славутымi персаналiямi, цудоўныя прыродныя комплексы. Якiм жа турыстычным патэнцыялам валодаюць рэгiёны вобласцi? Па просьбе карэспандэнта «Звязды» сваiмi меркаваннямi на гэты конт падзялiлiся кiраўнiкi шэрагу сельскiх i пасялковых саветаў дэпутатаў.

Iрэна Жукоўская, старшыня Гудзевiцкага сельскага Савета дэпутатаў Мастоўскага раёна:

— Нашы Гудзевiчы — цудоўны куточак Прынёманскага краю, вёска, якую добра ведаюць не толькi на Мастоўшчыне, на Гродзеншчыне, але i ў многiх iншых рэгiёнах Беларусi i далёка за яе межамi.

Дакладна вядома, што ўжо ў 1539 годзе нашы Гудзевiчы былi вядомым населеным пунктам, пра гэта сведчыць грамата, арыгiнал якой захоўваецца ў Варшаўскiм унiверсiтэце. Назва Гудзевiчы, верагодна, паходзiць ад слова «гудас» — так называлi славян балты-яцвягi, племя, якое канчаткова асiмiлявалася ў ХIII стагоддзi.

Гэтыя i многiя iншыя факты з гiсторыi роднага краю выдатна адлюстраваны ў Гудзевiцкiм лiтаратурна-краязнаўчым музеi, дзякуючы якому наша вёска i набыла такую вядомасць.

Адчынены музей у 1968 годзе на грамадскiх пачатках пры Гудзевiцкай сярэдняй школе настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры Алесем Мiкалаевiчам Белакозам. З 1990 года музей стаў дзяржаўным. Цяпер гэта цэлы музейны комплекс, дзе захоўваецца больш за 14 тысяч разнастайных экспанатаў, пераважная большасць з якiх — арыгiналы. Штогод музей наведваюць каля пяцi тысяч экскурсантаў не толькi з Беларусi, але i з блiзкага i далёкага замежжа. Тут сабраны матэрыялы па беларускай лiтаратуры, гiсторыi, народным i лiтаратурным мастацтве, апавядаецца пра карысныя выкапнi Беларусi, асобна аформлена зала народнай медыцыны, а пра стварэнне тканай рэчы — ад сцяблiнкi льну да гатовага вырабу — можна не толькi пачуць у час экскурсii. Вы ўбачыце, як ткуцца посцiлкi, ручнiкi, сурвэткi, дываны, ды не простыя, а падвойныя. Дарэчы, у музеi сабрана багатая калекцыя падвойных дываноў, найстарэйшы з якiх датаваны 1898 годам.

Асаблiвую цiкавасць выклiкае этнаграфiчны музей-хатка ХVIII стагоддзя, дзе адноўлены iнтэр’ер жылля нашых продкаў, дзе сабраны рэчы побыту, хатняга ўжытку, разнастайныя сельскагаспадарчыя прылады, зробленыя руплiвымi сялянскiмi рукамi.

Зараз нашы Гудзевiчы — цэнтр сельскага Савета i закрытага акцыянернага таварыства «Гудзевiчы». Тут ёсць чатыры магазiны (два дзяржаўныя, калгасны i прыватны), Дом культуры, дзiцячы садок, сярэдняя школа, фiлiялы музычнай i мастацкай школ, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне сувязi, амбулаторыя i аптэка, царква (будынак 1852 года).

Найбольш вострай праблемай на дадзены момант у нас з’яўляецца адсутнасць пункта грамадскага харчавання, паколькi мы аддалены ад блiжэйляжачых гарадоў: Масты (32 км), Ваўкавыск (42 км), Гродна (55 км). З будаўнiцтвам аграгарадка гэтае пытанне павiнна быць вырашана. Няма ў нас пакуль што i гасцiнiцы, дзе маглi б спыняцца прыезджыя, якiя хочуць блiжэй пазнаёмiцца з Гудзевiчамi. Праўда, тут мы спадзяёмся на вырашэнне пытання з боку ЗАТ «Гудзевiчы». Хацелася б таксама арганiзаваць больш шырокую вытворчасць сувенiрнай прадукцыi i яе продаж, тым больш што пры музеi ёсць зала практычнага ткацтва, дзе пры наяўнасцi фiнансавання можна вырабляць саматканыя сурвэткi, ручнiкi, абрусы i iншае.

Мы гатовы да супрацоўнiцтва з усiмi зацiкаўленымi арганiзацыямi, заўсёды шчыра рады вiтаць гасцей на нашай гудзевiцкай зямлi.

Iна ПАПОВА, старшыня Мiрскага пасялковага Савета дэпутатаў Карэлiцкага раёна:

— Iмя гарадскога пасёлка Мiр, чый узрост налiчвае звыш шасцi стагоддзяў, вядома далёка за межамi Беларусi дзякуючы яго галоўнай гiстарычнай славутасцi — замку. З 2000 года Мiрскi замкава-паркавы комплекс уключаны ў Спiс культурна-гiстарычнай спадчыны ЮНЕСКО. У нашы днi ён рэстаўруецца, у адной з вежаў размешчаны музей.

Зрэшты, багацце Мiра не толькi ў гэтай сярэдневечнай жамчужыне. Увагу турыстаў, а iх штогод у нас бывае больш за 70 тысяч, заўсёды прыцягваюць храм Святой Жываначальнай Тройцы — помнiк архiтэктуры ранняга барока i рэтраспектыўна-рускага стылю (пабудаваны ў 1533—1550 гадах, па iншых звестках — у 1600 годзе), а таксама Мiкалаеўскi касцёл (канец XV або пачатак XVI стагоддзя) — найбольш старажытны помнiк касцельнага будаўнiцтва ў краi.

Побач з Мiрам знаходзяцца не менш вядомыя ў гiсторыi Нясвiж i былая сталiца Вялiкага княства Лiтоўскага Навагрудак. А ў некалькiх кiламетрах ад Мiра — вёска Мядзветка, дзе нарадзiўся герой Чылi, апостал навукi Iгнат Дамейка. Мае сваю прыцягальнасць Мiр i як былы цэнтр iудаiзму, засялення цыганоў i татар. Гэта вельмi цiкавыя аб’екты для мiжнароднага турызму, усе ўмовы ёсць i для развiцця агратурызму. Маляўнiчыя мясцiны (возера Свiцязь, рака Нёман), развiццё народных промыслаў — усё гэта адкрывае новыя перспектывы для экалагiчных i этнаграфiчных маршрутаў. Каардынатарам тут будзе створанае ў Мiры турыстычнае бюро.

Мы запрашаем да супрацоўнiцтва ўсiх, хто неабыякавы да нашай айчыннай i сусветнай спадчыны, хто адчувае сiлы i магчымасцi паўдзельнiчаць у развiццi унiкальнага комплексу «Мiр» i яго iнфраструктуры.

Са свайго боку мы разумеем, што трэба пашыраць iнфраструктуру сферы паслуг. У сувязi з гэтым праводзяцца рэстаўрацыйныя работы на гасцiнiчным комплексе, рыхтуецца да здачы ў эксплуатацыю летняе кафэ ў раёне замка, яшчэ адзiн прадпрымальнiк узяўся за клуб-кафэ. I, канешне, у нашым аграрным рэгiёне, дзе няшмат прамысловых прадпрыемстваў, павiнен развiвацца агратурызм. Адпаведную вучобу з насельнiцтвам мы ўжо правялi, i калi заканадаўчыя ўмовы па агратурызму будуць даступнымi для простых людзей, яны не застануцца ўбаку ад гэтай справы.

Таццяна АШУРОК, старшыня Гальшанскага сельскага Савета дэпутатаў Ашмянскага раёна:

— Летам па выхадных у нашых Гальшанах бывае да 25 экскурсiйных аўтобусаў, i ў кожным — у сярэднiм каля сарака чалавек. Прыязджаюць i нашы суайчыннiкi, i турысты з Польшчы, Iталii, Германii, Францыi, Канады, ЗША.

У Гальшанах сапраўды ёсць што паглядзець. У манастырскi комплекс францысканцаў уваходзiць касцёл Iаана Хрысцiцеля — храмаў такой архiтэктурнай формы ў Еўропе ўсяго тры. Частку гэтага комплексу займае фiлiял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi, дзе праходзяць вельмi цiкавыя выставы твораў беларускiх i замежных мастакоў. Раю наведаць i царкву Святога Вялiкапакутнiка Георгiя, агледзець руiны замка Сапегi з элементамi абарончых збудаванняў, пабываць ля Гарадзiшча (XII — XIV стст.), якое размешчана непадалёк ад Гальшан у напрамку вёскi Баруны. Можна азнаёмiцца i з яўрэйскiм кварталам жылых дамоў 20—30 гадоў мiнулага стагоддзя. Дамы больш-менш захавалiся, i калi iх адрэстаўраваць, то гэта будзе турыстычны аб’ект яўрэйскага этнасу.

Спадзяюся, што будзе адрэстаўраваны i яшчэ адзiн наш гiстарычны аб’ект — вадзяны млын, якi, праўда, цяпер працуе на электрычнасцi. У арганiзацыйнай стадыi — стварэнне музея старадаўнiх гадзiннiкаў, музея пчалярства, саду камянёў...

Не скажу, што турысты пакiдаюць у Гальшанах шмат грошай, але пэўную выручку маюць кафэ (адно з iх, з гасцiнiцай на восем месцаў належыць прадпрымальнiку, а другое — райспажыўтаварыству), крамы. На парадку дня — прывядзенне Гальшан у належны выгляд, у прыватнасцi, трэба на высокiм, еўрапейскiм узроўнi добраўпарадкаваць тэрыторыю замка.

Iван БОГДАН, старшыня Валеўскага сельскага Савета дэпутатаў Навагрудскага раёна:

— Галоўныя славутасцi нашых мясцiн — гэта, канешне, авеянае легендамi, праслаўленае паэтамi возера Свiцязь i ландшафтны заказнiк. Гэта непаўторныя мясцiны, звязаныя з Адамам Мiцкевiчам, з чысцюткай вадой, рэдкiмi раслiнамi, сярод якiх — лабелiя Дортмана. Рашэннем Навагрудскага райвыканкама наша Валеўская зона i возера ўключаны ў турыстычную праграму, стаiць задача выкарыстаць гэты патэнцыял. У прыватнасцi, сёлета завяршаецца рэканструкцыя пансiяната «Свiцязь». Усё там будзе зроблена па сучасных мерках, каб людзi маглi спынiцца, камфортна адпачыць, пры гэтым падлячыўшы сардэчна-сасудзiстую сiстэму, органы руху, i з добрым настроем агледзець нашы славутасцi. А сярод iх — помнiк гiсторыi i культуры XVIII стагоддзя Свята-Петрапалаўская царква, знакамiты краязнаўчы музей у Валеўскай школе... Дарэчы, Свiцязь мае навуковую каштоўнасць яшчэ i таму, што на берагах возера ў вельмi даўнiя часы пачалi сялiцца людзi. Каля вёскi Валеўка знойдзена стаянка позняга палеалiту. Выяўлены каштоўныя знаходкi таго перыяду, не выключаны яны i ў будучым.

Безумоўна, што возера i заказнiк павiнны ахоўвацца дзяржавай, спецыяльны рэжым тут ёсць i будзе. Ахова заказнiка даручана Навагрудскаму лясгасу. Ён праводзiць санiтарныя рубкi, забаронены мелiярацыйныя работы, прамысловая лоўля рыбы. Гэта правiльна. Але пытанне яшчэ i ў тым, каб знайсцi нейкага гаспадара ў асобе арандатара, якi б канкрэтна займаўся надзённымi праблемамi гэтых мясцiн i iнфраструктурай адпачынку, турызму, паколькi для лясгаса асноўнае — гэта ўсё ж гаспадарчая дзейнасць.

Або такая праблема. Ля аўтатрасы, што праходзiць побач з возерам, ужо даўно «сумуе» без работы вялiкi двухпавярховы будынак, якi некалi быў рэстаранам. Калi б яго прызналi аварыйным i прадалi зацiкаўленаму чалавеку па сiмвалiчнай цане, то пасля рэканструкцыi (мажлiва пад кемпiнг, кафэ-гасцiнiцу) ад гэтага аб’екта была б вялiкая карысць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi Гродзеншчыны знаходзiцца больш за 60 працэнтаў усiх гiстарычных помнiкаў, што ёсць у Беларусi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика